Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Увайсці ў справы і разам шукаць рэалізацыі свайго добрага сэрца: новы дырэктар Нацыянальнага «Карытас»
Інтэрв'ю
05.11.2015 14:58

У адпаведнасці з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, пасяджэнне якой праходзіла 27-28 кастрычніка ў Пінску, ксёндз Віталій Дабраловіч быў прызначаны дырэктарам Нацыянальнага Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас».

Сaritas.by паразмаўляў са сваім новым дырэктарам.

— Ксёндз Віталій, супрацоўнікі Нацыянальнага «Карытас» вітаюць Вас на новай пасадзе, і ,як належыць, адразу хацелася б з Вамі крыху бліжэй пазнаеміцца. Распавядзіце, калі ласка, пра сябе.

— Нарадзіўся 36 гадоў таму, у маленькай вёсцы Ляпешкі Гродзенскай вобласці, у звычайнай працоўнай сям’і, вучыўся, школу скончыў, потым атрымліваў адукацыю ў вучылішчы, працаваў кіроўцам, затым скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, працаваў вікарыем у парафіі Спаслання Духа Святога г. Бярозаўка, з 2006 года займаў пасаду дырэктара ў «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі, з 1 лістапада з’яўляюся дырэктарам Нацыянальнага «Карытас».

— Як Вы ўспрынялі навіну аб сваім прызначэнні на новую пасаду? Была яна нечаканай?

— Нельга казаць, што гэта нечакана. Бо перш чым даць якую-небудзь намінацыю, біскуп заўсёды пытаецца тваёй згоды, таму я ведаў, што з’яўляюся адным з кандыдатаў, але гэта яшчэ не азначала, што я павінен сюды прыйсці, бо апошнюю кропку ў прыняцці рашэння адносна гэтага пытання ставіць Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Маю згоду запыталіся, і я адказаў, што, калі ёсць такая патрэба, то вядома (згодны). Кожнаму з нас цяжка змяняць адно месца на іншае, асабліва калі працуеш доўга і ўкладаеш шмат свайго сэрца. Але таксама, калі табе давяраюць людзі, то гэта важна, не ў адносінах да мяне, але ў адносінах да Каталіцкага Касцёла. Калі гаворка ідзе пра дабрачынныя арганізацыі, то для тых людзей, якія звяртаюцца да нас за дапамогай. Таму казаць аб нечаканасці — напэўна, не, а наконт таго, падрыхтаваны я ці не — пакажа час.

— Ксёндз Віталій, падчас Вашага служэння ў «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі праводзілася шырокая дзейнасць, рэалізоўвалася вялікая колькасць праектаў. Распавядзіце ,калі ласка, як Вашы падначаленыя ў гродзенскім «Карытас» успрынялі гэтую навіну?

— Лепей запытацца ў саміх супрацоўнікаў, я магу адказаць, што хтосьці задаволены, хтосьці не, але гэта будзе толькі мой адказ. Беручы пад увагу, што кадры, сабраныя ў гродзенскім «Карытас», — калектыў, які вельмі добра арганізаваны. Гэта прафесійны калектыў, які накіраваны на такі стыль працы, дзе адзін аднаму заўсёды павінен дапамагаць. Павінен вучыцца таму, што гэта не толькі месца працы, але месца, дзе ствараецца сям’я — сям’я «Карытас». І калі хтосьці адыходзіць з гэтай сям’і, якія пачуцці будуць у іншых? Вядома, яны будуць перажываць, будуць хвалявацца, будуць думаць аб тым, хто прыйдзе на гэтае месца і ці атрымаецца з новым дырэктарам мець тыя ж самыя адносіны.


— Якія будуць асноўныя мэты Вашай працы на пасадзе дырэктара Нацыянальнага «Карытас»?

— Павінен перш за ўсё прыняць тое, што ёсць на сёняшні дзень, ва ўсім разабрацца і ўвайсці ў гэтыя справы. Трэба і псіхалагічна прывесці сябе ў парадак, бо гэта пэўныя змены і таксама вялікая адказнасць, якую я ўзяў на сябе. Потым, калі ўжо ўвайду ў тое, чым павінен штодня займацца, буду гаварыць аб тых планах і бачыць тыя магчымасці, якія можна ў будучыні рэалізаваць. Але, вядома, самае важнае тое, што мой папярэднік, ксёндз Віктар, ужо стварыў нейкі накірунак, пэўныя планы. Маю надзею, што мне ўдасца працягваць тую справу, якую пачаў ксёндз Віктар. І гэта маё першапачатковае заданне — працягваць тое, што ўжо пачата.

— Што б Вы хацелі пажадаць супрацоўнікам і валанцёрам Нацыянальнага Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас»?

— Першае і найважнейшае — веры! Мы арганізацыя людзей веруючых, і, калі кіруемся ў пэўнай справе, то кіруемся Божым благаслаўленнем. Таму першае — веры, а чалавек, які верыць, — гэта чалавек, які напоўнены Любоўю, чалавек, які напоўнены Міласэрнасцю да тых, каму дапамагае. Што тычыцца супрацоўнікаў, вядома, гэта прафесійныя людзі, якія ведаюць сваю справу, а яшчэ гэта людзі добрага сэрца, якія прыйшлі ў «Карытас», каб рабіць штосьці на карысць людзям патрабуючым. Валанцёр — гэта ўвогуле чалавек, які не прыйдзе сюды, як кажуць, «патусавацца»; гэта чалавек, які шукае рэалізацыі свайго добрага сэрца. Бо, аддаючы, гэтае сэрца стане яшчэ больш багатым!

Паводле Caritas.by

(АлГ), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.