Веды і малітва: будучы галоўны рэдактар распавядае пра прыярытэты «Радыё Марыя» ў Беларусі |
Інтэрв'ю |
27.11.2015 12:04 |
Упершыню аб жаданні стварыць у Беларусi каталiцкае радые, а менавiта «Радыё Марыя», паведамiў Мiтрапалiт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевiч 15 снежня 2011 года на прэсканферэнцыi ў Мінску. Мы паразмаўлялі з ксяндзом Аляксандрам Тарасевічам пра бягучы стан і планы развіцця інтэрнэт-праекта «Радыё Марыя» ў Беларусі. Ідэя наспела і ў Беларусі Самае першае «Радыё Марыя» было заснавана ў 1983 годдзе як парафіяльная радыёстанцыя Аркеласко д'Эрба (Arcellasco d'Erba) правінцыі Кома. Мэтай радыё было інфармаванне вернiкаў і дапамога ім у малітве. У 1998 годзе італьянская асацыяцыя «Радыё Марыя» заснавала міжнародную асацыяцыю «Сусветная сям'я "Радыё Марыя"». Зараз радыё вяшчае ў 75 краінах свету, а хутка загучыць і ў Беларусі. — Першапачаткова мне прапанавалі толькі паўдзельнічаць у арганізацыі праекта, — распавядае ксёндз Аляксандр Тарасевіч. — З-за таго, што на мне застаюцца тыя абавязкі, якія былі дагэтуль, гэта была досыць рызыкоўная справа, бо патрабавала шмат дадатковай працы, а асабліва паездак у Мінск. Святар, які не першы месяц працуе над арганізацыяй і юрыдычнай рэгістрацыяй новага каталіцкага інфармацыйнага сродку, з'яўляецца пробашчам парафіі Святых Пятра і Паўла ў Капылі. Аднак часовая справа можа зрабіцца пастаяннай, бо ксёндз Аляксандр Тарасевіч узначаліць рэдакцыйную палітыку «Радыё Марыя» ў Беларусі. — Я прыйшоў да высновы, што варта ўзяцца за гэта, бо ідэя існавання каталіцкага радыё вельмі добрая і наспела ў Беларусі, — кажа святар. — Структура сусветнага «Радыё Марыя» такая, што святар выконвае ролю галоўнага рэдактара. Ён і вызначае змест праграм, і пільнуе, наколькі яны адпавядаюць вучэнню Касцёла. Таму праца мяне чакае і творчая, і надзвычай адказная.
Усё залежыць ад актыўнасці свецкіх людзей Традыцыйна «Радыё Марыя» з'яўляецца справай свецкіх вернікаў, якія засноўваюць і падтрымліваюць радыёстанцыю. Святара запрашаюць працаваць рэдактарам для кантролю над зместам перадач, а ўсе астатнія функцыі выконваюць свецкія людзі. — Юрыдычна «Радыё Марыя» ў Беларусі ствараецца як грамадская арганізацыя. Яе заснавальнікамі будуць мясцовыя вернікі, — кажа ксёндз Аляксандр Тарасевіч. Галоўнае кіраўніцтва радыёстанцыі павінна быць каталіцкім, вядучым кожнай праграмы таксама мусіць быць католік. Разам са святаром адказнасць за РМ будзе несці свецкі кіраўнік, які будзе адказваць за фінансавы кантроль і тэхнічнае забяспечэнне працы. — Найцяжэйшым можа стаць тое, як знайсці дастаткова падрыхтаваных і здольных валанцёраў, якія будуць ствараць і весці перадачы. Акрамя іх, нам патрэбна шмат людзей для іншай разнастайнай працы: абслугоўваць эфір у студыі, напаўняць і абнаўляць інтэрнэт-сайт і забяспечваць прысутнасць і актыўнасць РМ у сацсетках, праводзіць выяздныя трансляцыі святой Імшы, выкарыстоўваючы мабільнае вяшчальнае абсталяванне, распаўсюджваць інфармацыю пра наша радыё і арганізоўваць зваротную сувязь. Каб усё гэта рабіць, спатрэбіцца некалькі дзясяткаў чалавек, улічваючы, што гэта будуць валанцёры, якія не могуць гэтым займацца кожны дзень. І хоць вітаюцца людзі з рознымі ведамі і талентамі, валоданне беларускай мовай будзе ці не адзіным патрабаваннем да каталіцкіх валанцёраў-вядучых. — «Радыё Марыя» ставіць націск на праграмы прамога эфіру, таму на рускай ці польскай, напрыклад, змогуць гаварыць госці эфіраў. Але ўсе вядучыя будуць гаварыць па-беларуску, — кажа ксёндз Аляксандр Тарасевіч. Што ўжо зроблена? «Радыё Марыя» юрыдычна не будзе лічыцца ані рэлігійнай, ані дабрачыннай арганізацыяй, але пры гэтым будзе існаваць за ахвяраванні. — Вяшчанне ў нас будзе пакуль толькі ў інтэрнэце. Да яго пачатку засталося вырашыць толькі тэхнічныя пытанні, але, на жаль, іх не так і мала, — распавядае святар. Зараз арганізатары «Радыё Марыя» ў Беларусі ўжо год займаюцца справай рэгістрацыі, і гэтая справа хутка будзе скончана, сказаў ксёндз Аляксандр Тарасевіч. — Цяпер мы знаходзімся ў завяршальнай стадыі рэгістрацыі, спадзяемся. Усё можа канчаткова вырашыцца на працягу месяца. А наконт памяшкання — нас гатовы прыняць «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Тэхнічнае абсталяванне, якое павінна адпавядаць пэўным адзіным стандартам для ўсіх станцый «Радыё Марыя», беларуская інтэрнэт-рэдакцыя возьме ў «матчынай» арганізацыі ў арэнду. Астатняе, што будзе набывацца за ахвяраванні, будзе належаць беларускаму «Радыё Марыя».
Што мы пачуем? Будучая рэдакцыя думае пра праграмы і аўдыторыю ўжо зараз. Але кіраўнікі беларускага «Радыё Марыя» схіляюцца да традыцыйнай для сусветнага «Радыё Марыя» сеткі вяшчання. — Праграмы мы пачалі распрацоўваць досыць нядаўна. Малітвы і святыя Імшы будуць займаць каля траціны часу. Бачыцца патрэбнай катэхеза для дзяцей, бо бацькі часта ставяцца да катэхетычнай падрыхтоўкі нашчадкаў несур'ёзна, як да чагосьці неабавязковага, таму нерэгулярна водзяць іх на заняткі. Плюс — дзеці хварэюць. Але ўзнікае тэхнічнае пытанне — трэба рэгулярна рабіць запіс катэхез з удзелам дзяцей, бо калі катэхезу для дзяцей будзе весці «гаворачая галава» — гэта хутка надакучыць, — кажа ксёндз Аляксандр Тарасевіч. Таксама ў планах перадачы, якія паляпшаюць рэлігійныя веды дарослых — у сферы літургіі, этыкі, Катэхізіса. — Часам у інтэрнэце халівары (зацятыя спрэчкі, часам з лаянкай) пачынаюцца проста з няведання самых простых рэчаў з Катэхізіса. Не выключана, што патрэбнымі будуць праграмы ў рэчышчы нават фундаментальнай тэалогіі, бо вялікая колькасць людзей не разумеюць — навошта менавіта ім трэба мець дачыненне да такіх рэчаў, як адносіны з Богам, практыкаванне рэлігіі, як абавязковай формы гэтых адносінаў, патрэба праяўляць свае рэлігійныя перакананні (сведчыць) у міжасабовых адносінах з людзьмі. А на гэтыя пытанні ёсць адказы, якія нават многіх здзівяць. Для такіх праграм патрэбны дасведчаныя спецыялісты, якіх «Радыё Марыя» будзе запрашаць. — І галоўнае, што тычыцца пытання праграмы наогул, — яна не 10 Божых запаведзяў, яна можа і будзе змяняцца. Цяжка сказаць нават, з якой праграмай мы пачнем, бо для некаторых нашых планаў можам не знайсці выканаўцаў ці тэхнічнага рашэння (напр. вышэй узгаданая дзіцячая катэхеза), альбо ў апошні момант можа з’явіцца геніяльны праект: выканаўцы і ідэя. Ну і канешне, з цягам часу сама аўдыторыя будзе сур’ёзна ўплываць на праграму. Верагодна, асноўнай аўдыторыяй радыё стануць асобы сталага веку і бацькі з дзецьмі. — Пытанне аўдыторыі для нас досыць складанае, бо вяшчанне будзе праз інтэрнэт, а слухаюць радыё накшталт нашага звычайна людзі, якія практычна не карыстаюцца інтэрнэтам, асобы пажылога ўзросту. Моладзь, якая падаецца самай простай для дасягнення ў якасці нашых слухачоў — спецыфічная аўдыторыя, і мы, канешне, будзем нешта рабіць для яе, але яе густы разнастайныя і да таго ж часта змяняюцца. Таму выйсце бачыцца наступным: рабіць «Радыё Марыя» такім, якім яно ёсць у большасці краін яго вяшчання — радыё для ўсёй сям’і, і нават неабавязкова каталіцкай. Але сама спецыфіка вяшчання — 30 працэнтаў часу прызначаны на Імшу і малітвы – арыентуе на нас асобаў сталага веку, і таму мы будзем дапамагаць такім людзям з вырашэннем спецыфічных для іх стану праблем (і тэхнічных, і арганізацыйных, і фінансавых), якія сур’ёзна перашкаджаюць ім слухаць РМ. Большасць веруючых мае пачатковы ўзровень веры, таму і ім, як і пажылым людзям, будзе цікава паслухаць Імшу ці сабрацца сям'ёй на Ружанец, не выходзячы з дому. Наша размова з ксяндзом Аляксандрам доўжылася амаль паўтары гадзіны. Дзякуем і жадаем беларускаму «Радыё Марыя» поспехаў і Божай ласкі! Аляксандр Гелагаеў |