Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Эпоха барока, «лебядзіная шыя» і вера, што «важная, як сонца». Інтэрв'ю з лютністкай Анастасіяй Клюйко
Інтэрв'ю
22.11.2015 06:51

Пра лютністку Анастасію Клюйко, пра тое, ці можна заўважыць у лютні нямецкага ўзору сілуэт лебядзінай шыі, і тое, адкуль бярэцца натхненне быць побач з музыкай і ў музыцы, распавядзе наш матэрыял, падрыхтаваны з нагоды ўспаміну св. Цэцыліі, што прыпадае на 22 лістапада.

У кожнай лютні свая непаўторная разетка, між іншым... А ў кожнай лютністкі свой шлях...

Вам часта даводзілася чуць лютню? «Гітару, магчыма, так, а вось лютню...» — падумаеце вы і прыгадаеце, як выглядае гэты музычны інструмент эпохі барока, магчыма, паспрабуеце прыгадаць, як ён гучыць. Але ці кожны можа сказаць, што слухаў лютню?

А Анастасія Клюйко, якую можна часта пачуць у мінскай архікатэдры падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, што па традыцыі ўжо шмат гадоў праводзіцца па панядзелках, не проста добра ведае, што такое лютня, але і засвоіла і выконвае на ёй творы барочнага мастацтва.

Пра сучасную лютністку


Анастасія, што можна лічыць пачаткам Вашых «адносін з музыкай»?

— У дзяцінстве, калі мне было гады тры, бацькі звадзілі мяне на канцэрт. Гэта быў канцэрт арганнай музыкі ў касцёле св. Роха. І гэты момант вельмі моцна мяне ўразіў.

Раскажыце пра сваю вучобу ў школе і далей.

— Пасля заканчэння школы я паступіла ў музычнае вучылішча па класу гітары, потым — у педагагічны ўніверсітэт. Зараз я працую педагогам па гітары ў адной з музычных школ горада Мінска.

У паэтаў ёсць пэўныя перыяды крызісу ў творчасці, а ў музыкаў яны таксама ёсць? Ці можаце сказаць, што прайшлі ўжо некалькі этапаў?

— Як і ў кожнага чалавека, які звязаны з творчасцю, такія моманты былі, канешне, і будзе яшчэ не адзін. Я лічу, што гэта нармальна, калі чалавеку пачынае штосьці не падабацца ў яго творчасці і ён змяняецца. Змены — гэта добра, а калі б іх не было, нельга было б гаварыць пра развіццё.

«Вера для мяне... важная, як сонца»


Анастасія, Вас часта можна пачуць у панядзелак увечары падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў мінскай архікатэдры. Што значыць вера ў Вашым жыцці? Пра пачатак адносін з музыкай мы ўжо ведаем, а якім чынам складваюцца адносіны з Богам? Што ёсць вера для Вас?

— Так, я граю па панядзелках, з-за маёй працы, на жаль, не кожны раз атрымліваецца, але мяне можна пачуць і на гітары, і на лютні. Граю там я не адна, а з цудоўнымі музыкамі, так што я не толькі малюся на адарацыі, але і атрымліваю задавальненне ад грання з імі.

Вера для мяне... Не магу нават дакладна сфармуляваць. Па-мойму, гэта тое, без чаго ўвогуле аніякая жывая істота не пражыве, і гэта важна, як вада, як ежа, як сонца...

— Музыка і вера, натхненне і вера... Святы Ян Павел ІІ казаў, што «натхненне дае Бог», а што дае натхненне Вам?

— Я вельмі люблю св. Яна Паўла ІІ і гэтае яго выказванне. Так, сапраўды, Бог дае нам не толькі натхненне, але таксама ўменне хадзіць, размаўляць,размаўляць, дыхаць, кахаць і любіць — усё гэта праява Яго любові да нас. Бог мяне любіць. Я шчаслівая — вось мая галоўная крыніца натхнення. Толькі калі ты добры, ты зможаш падзяліцца сваёй дабрынёй з іншымі, толькі калі ты любіш — можаш падзяліцца любоўю, калі шчаслівы — дзелішся шчасцем.

Мне падабаецца жыць маім жыццём


— Анастасія, жыццё музыканта патрабуе шмат высілкаў і цярпення; што дапамагае вытрымаць усё і дасягнуць вынікаў?

— Мне падабаецца займацца гадзінамі на інструменце, падабаецца выступаць, падабаецца жыць маім жыццём, таму асаблівых высілкаў я не прыкладаю. Жыву і атрымліваю задавальненне.

Якімі яшчэ зацікаўленасцямі поўніцца Ваша жыццё?

— Акрамя працы з дзецьмі ў школе і канцэртнай дзейнасці, езджу конна, на ровары, займаюся бегам і г.д. Адно з правіл, якіх я прытрымліваюся па жыцці: «У здаровым целе — здаровы дух».

Лебядзіная шыя

Анастасія, зараз разам з іншымі музыкамі Вы ладзіце канцэрты, падчас якіх граеце на лютнях. Распавядзіце, калі ласка, пра гэты інструмент.

— Ёсць некалькі відаў лютняў. Можна класіфікаваць лютні, напрыклад, па часавых прамежках, калі яны былі распаўсюджаны: рэнесансавая і барочная. Я граю на барочнай лютні. Мая лютня мае 13 хароў (хор — падвоеная струна) і грыф незвычайнай формы. Дарэчы, з-за формы грыфа яна і атрымала сваю назву — "лебядзіная шыя". Мая лютня была распаўсюджана ў Германіі. А ў дзяўчыны, якая грае са мною на канцэртах, іншы від лютні. Ён таксама барочны, але быў распаўсюджаны ў Францыі, мае 11 хароў і іншую форму.


— Калі б раптам захоплены гэтым інструментам музыка пажадаў яго асвоіць, то дзе яго можна знайсці?

— Напрыклад, нам лютні майстраваў беларускі майстра (і гэта адзіны чалавек у Беларусі, які займаецца стварэннем лютняў). Гэта Юрый Андрэевіч Дубнавіцкі, які жыве ў Пінску.

— І хто б дапамог навучыць граць, ці трэба мець нейкую падрыхтоўку?

— На лютнях у нас граць, на жаль, не вучаць. Ёсць міжнародныя школы, майстар-класы і г.д., дзе лютністы з сусветнай вядомасцю дзеляцца сваім вопытам.

— Калі і дзе плануюцца Вашыя наступныя канцэрты?

— 29 лістапада будзе канцэрт у Гродне, а 4 снежня — у Пінску.



Разам з Анастасіяй Клюйко выступаюць яшчэ два музыкі: Ірына Савіцкая (французская барочная лютня) і Арына Лештакова (мандаліна). Так што магчымасць пачуць і ўбачыць лютню, на якой пакуль што не вучаць граць у звычайнай музычнай школе, у нас ёсць.

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.