Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на пытанні ў рамках онлайн-канферэнцыі
Інтэрв'ю
24.12.2015 09:36

23 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на пытанні ў рамках онлайн-канферэнцыі на сайце Бэлтэлерадыёкампаніі.

— Ці ёсць у Вас любімы святы альбо святая, і ці здараліся такія выпадкі, што Вы вельмі яскрава адчувалі яго/яе заступніцтва і апеку? (Наталія (Мінск))

— Я маю вельмі вялікае набажэнства да Маці Божай Марыі. Так выйшла, что я, калі быў інжынерам, прыняў рашэнне пайсці ў семінарыю менавіта ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай. Таксама мая родная парафія, дзе я нарадзіўся, у Адэльску, — гэта парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, потым я працаваў пробашчам у гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай і пробашчам у парафіі святога Францішка Ксаверыя, сёння гэта катэдральны касцёл, і там ёсць цудатворны абраз Маці Божай Кангрэгацкай. Вельмі часта так было, што я звяртаўся да Марыі.
 
Таксама вельмі часта я маліўся да святога Антонія, ведаем, што ён таксама апякун згубленых рэчаў. Калі што шукаеш-шукаеш, ды не можаш знайсці, памаліся да яго. Ні разу не было, каб штосьці не знайшоў. Але я гэта пераводжу і ў плоскасць духоўнасці, страчанай веры, трэба маліцца да святога Антонія.

І, вядома, мой апякун — святы Тадэвуш, святы, які дапамагае ў цяжкіх справах, бо для хрысціяніна нельга казаць «немагчымых» — цяжкіх справаў. Напэўна, да ўсіх святых я звяртаюся, але гэтыя мне найбольш блізкія да сэрца.  

— Навошта патрэбны касцёльны суд, і ці ёсць ён у Мінску? (Наталія (Мінск))

— Касцёл — гэта боска-чалавечы арганізм. У ім ёсць розныя арганізацыі, камісіі, ёсць і касцёльны суд. Ён найбольш займаецца ануляцыяй сужэнства, прызнання сужэнства несапраўдным. У касцёле сёння няма разводу, але ёсць выпадкі, калі ад самага пачатку сужэнства было несапраўдным. Суд разглядае гэтую справу, патрэбны сведкі, і ёсць выпадкі, калі абвяшчаецца, што тое першае сужэнства было несапраўднае, людзі разыходзяцца, і можна зноў узяць шлюб, атрымаць касцёльнае благаслаўленне. Гэта вялікая дапамога, сёння сям'я ў крызісе, мы бачым, што часта звяртаюцца з такімі пытаннямі. Сёлета ў кастрычніку адбываўся ў Ватыкане Сінод Біскупаў, прысвечаны сям'і. Адбылося спрашчэнне гэтага суду, было дзве інстанцыі: у Мінску першая, у Гродне - другая, ці наадварот, залежыць ад колькасці дыяцэзій. Але сёння адна, другая толькі на выпадкі, калі бок не пагаджаецца з рашэннем першай інстанцыі. У Мінску такі суд ёсць, ён знаходзіцца ў курыі.

Вядучая: — Але прычыны павінны быць вельмі важкія?

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: — Так, вядома. Напрыклад, хтосьці псіхічна хворы быў, і другая палова не ведала пра гэта. Ці хтосьці з прычыны хваробы не можа мець дзяцей, і другая палова таксама пра гэта не ведала. Шэраг такіх прыкладаў. Найперш трэба ў такім выпадку звярнуцца да свайго пробашча. Не трэба адразу бегчы ў суд. Пробашч скончыў семінарыю, ён вывучаў кананічнае права, можа, ён не мае дактарату, ліцэнцыяту па кананічным праве, але ён гэта ведае і можа сказаць, ёсць тут якаясьці перспектыва ці не. Проста так суд не развядзе. На жаль, зараз вельмі часта кажуць, што суд не можа развесці. Суд не разводзіць, у нас няма разводу, ён толькі можа прызнаць, што першае сужэнства было несапраўднае ад самага пачатку.

— Слава Ісусу Хрысту! Чаму так часта мяняюцца ксяндзы ў касцёлах? Год-два, і яны з'язджаюць. На мой погляд, гэта не вельмі добра. Я прывыкла да адных, яны мне як родныя сталі. (Ганна)


— Ёсць шмат розных прычын, чаму мяняюцца святары. Некаторых, асабліва маладых святароў, біскуп пасылае вучыцца за мяжу, бо мы не маем каталіцкіх універсітэтаў. Я трымаюся такой практыкі: калі чалавек папрацаваў два гады і я бачу, што ён добры, сумленны, добра працуе і можа з лёгкасцю кантактаваць з іншымі людзьмі, бо ён паезде ў Польшчу, Італію, ЗША, дзе будзе прэзентаваць наш Касцёл, нашу краіну, нашу культуру, такіх добрасумленных святароў мы і пасылаем на вучобу. Другая прычына — калі самі святары просяць. Трэба пямятаць, што кожны святар дзейнічае ад імя Езуса Хрыса і нясе Божую ласку, якая патрэбна для збаўлення.

— Мне вельмі падабаецца, калі ў нашай архікатэдры праходзіць малітва, на якой прысутнічаюць усе хрысціянскія канфесіі. Гэта вельмі добра. Якія зараз адносіны з Праваслаўнай Царквой? Можа, ёсць якія-небудзь сумесныя праекты? (Вераніка)

— Сапраўды, у катэдры кожны год праводзіцца малітва аб адзінстве хрысціян. Яна праводзіцца ў суботу Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціян, які адбываецца ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня. У гэтым годзе гэта будзе 23 студзеня. Я запрашаю розныя хрысціянскія канфесіі, яны прыходзяць, мы ўсе разам молімся. Усе ўдзячныя, таму што мы можам разам сабрацца, можам паразмаўляць у той дзень. Прыходзяць вернікі не толькі Каталіцкага Касцёла, але і іншых веравызнанняў. Яны таксама задаволеныя тым, што бачаць нас разам. Напэўна, для нашай краіны такое быццё разам, асабліва Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, — гэта вялікі дар, наша вялікае багацце, якое мы павінны захаваць.

Ян Павел ІІ любіў казаць, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі. Што ён меў на ўвазе, кажучы слова «лёгкія»? Ён меў на ўвазе ўсходняе і заходняе хрысціянства. У нас два лёгкія. І яны павінны працаваць, як гэта адбываецца ў здаровым арганізме. Я заўсёды кажу людзям: «Прыедзьце да нас у Мінск, прыйдзіце да нашай катэдры, і з іншага боку ўбачыце праваслаўную». Мы на адной вуліцы, мы жывем побач і дапамагаем адзін аднаму. Мы ходзім на набажэнствы, мы разам молімся.

Напрыклад, Святлана Алексіевіч атрымала ўзнагароду Нобеля. Я быў у Рыме ў той час, на Сінодзе. Я папрасіў слова і сказаў: «Толькі што даведаўся, што прадстаўніца Беларусі атрымала Нобеля». Сінод сустрэў гэта апладысментамі, якая радасць была! Я таксама яе павіншаваў.

У нас ёсць шмат праектаў у галіне дабрачыннасці. Мы ведаем, што наркаманія, алкагалізм сёння вялікая праблема, і спрабуем супрацьстаяць ёй разам. Таксама мы прымаем удзел у сумесных канферэнцыях, напрыклад, прысвечаных сям'і. Нават калі іх арганізуе Праваслаўная Царква, запрашаюць нас. Ёсць праваслаўныя спецыялісты, іх погляд, а ёсць погляд Каталіцкага Касцёла. І разам можна шукаць, якім чынам мы гэта ўсё можам адаптаваць у нашых абставінах. Ведаеце, што ў некаторых абартарыях у Мінску, Магілёве і іншых гарадах сёння ёсць кансультацыйныя пункты, дзе па чарзе прысутнічаюць каталіцкі ці праваслаўны святар і размаўляюць з тымі жанчынамі, якія прыходзяць у гэтую клініку. І мы шмат ужо ўратавалі ненароджаных дзяцей. Гэта таксама ёсць добрае супрацоўніцтва, і дай Бог, каб яно развівалася. Я спадзяюся, што так будзе, бо ў гэтым усе зацікаўлены. Напэўна, Беларусь можа быць прыкладам не толькі міжхрысціянскіх, але і міжрэлігійных адносін, бо добрыя адносіны ў нас і з мусульманамі, і з габрэямі.

— Слава Ісусу Хрысту! Ведаю, што Вас пасвячаў у біскупы Ян Павел II. Раскажыце, як гэта было? Ці ёсць якія-небудзь правілы пры пасвячэнні ў Ватыкане? (Мікалай)

— Я зусім не ведаў, што мяне будзе пасвячаць Ян Павел II. Яшчэ былі такія часы. Мяне прызначыў Папа біскупам, потым я атрымаў з Дзяржаўнага Сакратарыята тэлеграму, што Папа хоча, каб я прыехаў у Рым. Я прыехаў, потым была сустрэча з ім, ён цікавіўся, як рэлігійнае жыццё ў Беларусі, колькі касцёлаў, святароў. Папа і спытаў, калі будзе пасвячэнне. А для гэтага трэба было ехаць у Літву, там трэба было дамаўляцца. Так яно, напэўна, і адбылося б. А ён кажа, што будзе пасвячаць трох Нунцыяў, ты будзеш чацвёрты. Я сам ужо прымаў удзел у многіх біскупскіх пасвячэннях і сам пасвячаў многіх у біскупы. Вядома, у нас усё прасцей адбываецца. У Ватыкане ўсё вельмі складана. Там нават абутак павінен быць толькі на скураной карычневай падэшве. І толькі такі. І быў вымушаны купіць там такі, ён у Рыме прадаецца ў кожным магазіне. Гэта не вялікая праблема. Там яшчэ павінен быць пры кожным, каго пасвячаюць у біскупы, дыякан. А дзе я яго вазьму? У Беларусі няма ніводнага. І як ён туды прыедзе?.. А тут такая цырымонія, ён абавязкова павінен быць. Тады возьмем з семінарыі. Ёсць шмат такіх пунктаў. Былі дзве рэпетыцыі. Гэта ўсё вельмі прыгожа, але вялікая праца стаіць перад гэтым. У нас прасцей.

— Калі ласка, распавядзіце пра самы цікавы падарунак, які Вам даводзілася дарыць або атрымліваць на Новы год ці святы Божага Нараджэння. (БЕЛТА (Мінск))

— Ведаеце, найлепшы падарунак — гэта малітва, усмешка, у нашы часы гэта ўсмешка дзяцей. Я цяпер праводжу шмат сустрэч. З дзецьмі ўжо было некалькі сустрэч, будзе яшчэ. І вось калі бачыш гэтае дзіця, групу дзяцей, якія прыходзіць на катэхізацыю, яны прыносяць цэлую паштоўку вялікую, кожны там штосьці напісаў, і звычайна малююць біскупа, як ён для іх выглядае. Ужо можна цэлую кніжку з гэтых партрэтаў выдаваць (смяецца).

Размова не ідзе аб матэрыяльных рэчах — толькі аб духоўных. Тое, што зробяць дзеці — гэта для мяне самы дарагі падарунак.

— Хвала Хрысту! Чытала «Цветочки Иоанна Павла II», таксама ведаю, што Вы любіце добры гумар і жарты. Але ў Касцёле быў час, калі смех быў грахом. Скажыце, чаму так было, і калі смех і жарты перасталі быць под забаронай? (Алёна (Магілёў))

— Яны ніколі не былі пад забаронай. Касцёл успрымае сёння культуру, якой мы жывём. Мы з радасцю ходзім на канцэрты комікаў, цікавімся гумарыстычнымі праграмамі. У кожным жарце ёсць частка праўды. А калі жарт разглядаць з пункту погляду маральнага, то можна зрабіць добрую выснову, бо людзі могуць не памятаць гаміліі, а жарт будуць памятаць. Вось Вам прыклад. У адным з заапаркаў памерла малпа, паўстала пытане, хто будзе замест яе смяшыць людзей. Вырашылі апрануць скуру малпы на чалавека, хай патрэніруецца і будзе смяшыць дзяцей. Ніхто не заўважыў, што гэта несапраўдная малпа, і чалавек пачаў выконваць гэтую ролю. Аднойчы чалавек скокнуў так высока, што пераскочыў у суседні вальер, дзе спаў леў. Леў абудзіўся, убачыў малпу і пачаў рычаць і ісць на малпу. А малпа крычыць чалавечым голасам: «Не падыходзь, бо я баюся». А леў адказвае ёй таксама чалавечым голасам: «Не крычы так моцна, бо і мяне, і цябе з працы выганяць». Якая тут мараль: і леў, і малпа былі штучныя. Так і з чалавекам: які ён, якое яго хрысціянства — сапраўднае ці штучнае? Можа, ён у касцёле добра моліцца, а па-за касцёлам як язычнік павоздіць сабе? Можа, ён жыве горш, чым няверуючы чалавек? У мяне ёсць шмат кніг пра жарты, і людзі таксама прыносяць мне такія кнігі, і я з задавальненнем іх чытаю.

Поўны тэкст — на www.tvr.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.