Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB: «Я рады быць часткай Касцёла на Магілёўшчыне»
Інтэрв'ю
26.02.2016 10:05

Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскуп вікарый Магілёўскага рэгіёну Аляксандр Яшэўскі SDB у размове з журналістам Catholic.by прыгадвае сваё пакліканне і дзеліцца развагамі пра душпастырскую працу ў Магілёўскім рэгіёне.

— Ваша Эксцэленцыя, упершыню новы каляндарны год Вы сустракалі ў якасці біскупа. Ці думалі Вы яшчэ год таму, што так будзе?

— Канешне не. Год таму я і падумаць не мог, што ў маім святарскім жыцці адбудуцца такія змены. Мне было 40 гадоў. І маючы 15 гадоў святарства, я і не думаў, што атрымаю біскупскую намінацыю ад Папы Рымскага...

Аднак гэтая падзея ў маім жыцці дапамагла мне ўсвядоміць, што не я сам выбраў Езуса, а Ён мяне. Бог першы, хто выбірае чалавека для службы, а пасля ты даеш адказ на Яго заклік. Таму для таго, хто жыве ў еднасці з Богам і слухае Яго, усё магчыма. Бог для мяне — вялікі сэнс і глыбіня, а таксама рэчаіснасць.

— Вы згадалі пра адказ на Божы заклік. Якім ён быў у Вашым выпадку? Бо часам здараецца так, што юнакі цягнуць з адказам на той заклік у душы.

— Cучасны чалавек кіруецца рацыянальным мысленнем, а гэта стварае цяжкасць пры выбары. Юнак хоча прадугадаць, што будзе пасля і што ён ад гэтага атрымае. Так ёсць зараз, так не было ў час маёй маладосці.

І гэтая рацыянальнасць — вельмі вялікая перашкода, бо ў чалавека веры павінен быць найперш давер. Калі ёсць голас, трэба ісці.

У выпадку з маім пакліканнем найперш быў давер Пану, які клікаў, а пасля мой адказ. Вялікі ўплыў на мяне аказаў і мой пробашч – кс. Генрых Куляшэвіч, салезіянін. Ён фармаваў мяне як міністранта, запальваючы жаданне служыць Богу.

Пачалося ўсё ў жніўні 1989 года, калі я з маці якраз прыехаў з вёскі, дзе ў бабулі праводзіў летнія канікулы. Мы пайшлі на святую Імшу ў касцёл (у тым годзе ён толькі адчыніўся), а там святар запрашаў дзяцей і моладзь перад пачаткам новага навучальнага года прыйсці і паспавядацца.

Пасля маёй споведзі ксёндз паклікаў мяне ў сакрыстыю, дзе ўжо быў мой аднакласнік (сёння — салезіянін кс. Уладзімір Кабак, які працуе ў Расіі ў Гатчыне), і прапанаваў мне служыць пры алтары. Так я стаў міністрантам.


Біскуп разам з бацькамі і аднакурснікам

Мне вельмі падабаўся гэты абавязак. Памятаю, як на Божае Нараджэння я упершыню спяваў псальм: літары кірылічныя, а тэкст — польскі. Я хваляваўся і, як мне здавалася, занадта доўга прастаяў на амбоне, набіраючы паветра і адвагі для спеву — людзей была процьма.

У гэты момант нарадзілася дзіўнае, але вельмі моцнае пачуццё — я заўсёды хачу тут стаяць (усміхаецца – заўв.аўт.). Таму і да сёння стаю пры амбоне, пры алтары, толькі ўжо ў іншай ролі.

Чытайце таксама:


— А ці часта даводзіцца ўжо Вам выступаць дарадчыкам для тых хлопцаў, якія разважаюць над сваім пакліканнем?

— Так, безумоўна. Найбольш я спазнаў гэта ў салезіянскім коле. У «салезіянскім ДНК», відаць, ужо закладзены гэты асаблівы клопат пра моладзь (усміхаецца — заўв. аўт.). Маладыя людзі падыходзілі параіцца, і не раз. Часам я і сам першы рабіў крок, уздымаючы гэтую тэму з міністрантамі.

Сёння ёсць у маім жыцці сабраты, якія на пачатку свайго манаскага шляху раіліся са мной, і я вельмі рады, што сёння мы ў адной супольнасці.

Тым не менш выбар заўсёды застаецца за асобай пакліканага. Святар не можа ўзяць на сябе адказнасць і зрабіць выбар за чалавека. Святар можа толькі падтрымаць, каб дапамагчы хлопцу прыняць тое рашэнне, якое ён адчувае.

Акрамя рацыянальнасці, пра якую я ўжо згадваў, ёсць і такая рэч, як недахоп чакання ў хлопцаў. Сёння моладзь хоча ўсяго адразу. А трэба ўмець чакаць. Пачакаць, пакуль пройдуць эмоцыі, каб ацаніць сваё рашэнне больш свежым вокам. Важная таксама і шчырасць, ад якой шмат залежыць у распазнанні паклікання.



— Магчыма, што са з’яўленнем біскупа, які выйшаў з салезіянскай сям’і, на Магілёўшчыне з’явіцца і новая салезіянская пляцоўка?

— У гэтым пытанні я вельмі спадзяюся на падтрымку маіх сабратоў (усміхаецца — заўв. аўт.). У абласным цэнтры шмат моладзі, таму працы для салезіян было б шмат. Запрашэнне дапамагчы ў душпастырскай працы з моладдзю на Магілёўшчыне я скіраваў і іншым манаскім супольнасцям — будзем спадзявацца на лепшае і маліцца ў гэтай інтэнцыі.

— З сярэдзіны жніўня Вы ўшчыльную працуеце з Магілёўшчынай як іерарх, адказны за гэты рэгіён. Ці ўдалося за гэты час больш спазнаць гэтую вобласць?

— Гісторыю Магілёўскага краю я ацэньваю праз яго гісторыю — калісьці Магілёўская мітраполія была адной з самых вялікіх. Я вельмі цешуся, што магу служыць у месцы, настолькі гістарычна багатым для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Вельмі гэта цаню.

Таксама для мяне вялікі гонар працаваць з людзьмі, якія вытрывалі ў часы атэізацыі і захавалі тут сваю веру.



Падчас адкрыцця Брамаў Міласэрнасці ў мінулым годзе ў касцёле было больш за паўтысячы вернікаў. Парафіяне кажуць, што столькі людзей прыходзіць толькі на Вялікдзень. Што мяне парадавала яшчэ — 95 працэнтаў прысутных прыступілі да святой Камуніі!

Супольнасць Касцёла на Магілёўшчыне невялікая, але салідарная паміж сабою і шчырая. Напрыклад, калі мы праводзілі адмысловы суботнік, то з кожнай парафіі рэгіёна прыехалі не толькі вернікі, але і іх пастыры.
Тое ж магу сказаць і пра пастырскія сустрэчы духавенства Магілёўшчыны: тут заўжды сямейная і дружная атмасфера. І я рады быць часткай гэтай сям’і.


Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у магілёўскай катэдры

Безумоўна, вернікі і душпастыры таксама прывыкаюць да таго, што сярод іх ёсць пастаянны біскуп, «наступнік апосталаў», і гэта дадае адвагі і ўпэўненасці на лепшую будучыню. Вельмі хачу, малюся і прыкладаю ўсе намаганні, каб Магілёўшчына стала месцам шматлікіх і святых святарскіх і манаскіх пакліканняў. А таксама прашу Маці Божую Бялыніцкую аб узрастанні магілёўскага народа ў веры, асабліва дзяцей і моладзі.

Прашу аб еднасці паміж вызнаўцамі іншых веравызнанняў і дзейсным супрацоўніцтве з дзяржаўнай уладай для дабра нашых людзей. Маці Божая Бялыніцкая, заступіся за наш Магілёўскі рэгіён.

Гутарыў Ілья Лапато, фота аўтара і з прыватнага архіва біскупа
Магілёў-Мінск


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.