Андрусь Кім: Мы агучваем па-беларуску тыя фільмы, якія дапамагаюць задумацца пра самае важнае |
Інтэрв'ю |
12.03.2016 09:57 |
Андрусь Кім разам са сваімі сябрамі-аднадумцамі з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам праекта па агучцы добрых хрысціянскіх фільмаў на
беларускую мову. Нядаўна адбылася прэзентацыя беларускамоўнай версіі
фільма пра святога Яна Паўла ІІ, паўторны паказ якой будзе 13 сакавіка ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены. Пра гэты праект і яго ініцыятара, вядомага сярод
моладзі і не толькі, чытайце ў інтэрв’ю. Пакуль Андрусь рыхтуе да запісу студыю, куды павінен неўзабаве прыйсці акцёр Павел Харланчук, пытаюся ў яго пра з'яўленне ідэі рабіць беларускамоўную агучку розных добрых фільмаў. — Паколькі я люблю кіно і працаваў у кіно, то ў мяне аднойчы ўзнікла пытанне, чаму ў Беларусі ў кінатэатрах паказваюць кепскія фільмы і іх пракат вядзецца толькі на рускай мове. У пэўны момант я звярнуў увагу адразу на дзве праблемы і зразумеў, што з гэтым трэба нешта рабіць. Наша задача — не будаваць ідэальны свет, але палепшыць яго там, дзе гэта магчыма. У хуткім часе я знайшоў сяброў, якія таксама ў гэтым былі зацікаўлены, з’ездзіў у Маскву да сваіх калег і навучыўся, як рабіць агучку, пасля чаго мы з Паўлам Харланчуком і пачалі гэтую справу. Аднадумцы акцёры і перакладчыкі пачалі сваю працу ў 2010 годзе. Першы фільм з агучкай па-беларуску называўся «Цудоўная ласка». Гэты фільм быў пра вядомага брытанскага палітыка Вільема Вілберфорса, які пакаяўся і прыйшоў да Бога, і прысвяціў сваё жыццё змаганню за адмену рабства. Зусім нядаўна ў лік агучаных па-беларуску фільмаў трапіў фільм пра гістарычную асобу хрысціянскага свету — Караля Вайтылу, Папу Рымскага. — Чаму гэты фільм быў абраны для агучкі? — Пры перакладзе і выбарцы фільмаў мы не падзяляем іх па канфесійнай прыналежнасці. Калі б, напрыклад, быў добры праваслаўны фільм, то агучылі б і яго. Для нас важна тое, што гэта будзе фільм, які распавядзе пра пэўныя каштоўнасці кожнаму чалавеку, асабліва хрысціяніну.
Ян Павел ІІ важны для ўсяго хрысціянскага свету. Я думаю, што ў ХХ стагоддзі ёсць дзве такія асобы, якія моцна паўплывалі на хрысціянства. Вось, адна з іх — Ян Павел ІІ, а другая — Білі Грэм. Ян Павел ІІ, канешне, быў бліжэй да беларусаў, звяртаўся да беларусаў на іхн роднай мове. Фільм «Караль, які стаўся Папам» вельмі ўражвае і паказвае, як Касцёл мусіць ставіцца да выклікаў часу і рэагаваць на іх, паказвае, якая павінна быць пазіцыя і роля Касцёла ў грамадстве. І гэтае пытанне застаецца вельмі важным і на сённяшні дзень. Яшчэ фільм паказвае, што рабіць тады, калі адбываецца зло. Як рэагаваць не толькі канкрэтнаму чалавеку, але што рабіць усёй супольнасці. Ці маем мы права маўчаць, калі людзей катуюць-збіваюць? Што рабіць, калі пераследуюць за хрысціянскую веру? І гэта проста класны фільм, таму мы яго і агучылі. І я сам з вялікай павагаю, думаю, як і ўсе хрысціяне Беларусі, стаўлюся да асобы Яна Паўла ІІ. Я крыху здзіўлены, што велізарная беларускамоўная каталіцкая супольнасць Беларусі яшчэ не агучыла на беларускую мову гэты фільм, аднак для мяне было пачэсна гэта зрабіць”. — На сёння кінапрагляды праекту “Кінаконг” адбываюцца па нядзелях, па адрасе Фабрыцыуса, 4, уваход на іх вольны. Часамі ў зале збіраецца каля двухсот гледачоў, але гэтае мерапрыемства носіць яшчэ больш прыватны характар, хоць ужо і досыць папулярнае сярод моладзі, не толькі хрысціянскай. Аднак ці ёсць імкненне і магчымасць, што фільмы ў беларускамоўнай агучцы можна будзе глядзець у розных кінатэатрах Беларусі? — Зараз вядуцца перамовы з кінатэатрам «Перамога» пра тое, каб пачаць паказваць фільмы па-беларуску там. Думаю, што мы да гэтага прыйдзем. Якраз фільм «Караль» мы б вельмі хацелі паказаць вялікай аўдыторыі. Мы ў сваю чаргу гатовы прадаставіць для масавага прагляду некалькі добрых хрысціянскіх фільмаў і ўжо працуем над ліцэнзіямі да іх. Магчыма, у гэтай справе мог бы паспрыяць і Каталіцкі Касцёл. — Якія гэта будуць фільмы? — Напрыклад, «Вогнетрывалы». Гэты фільм быў у не вельмі добрай рускамоўнай агучцы, але мы зрабілі па-беларуску. Гэта цудоўны фільм пра стасункі мужа і жонкі і пра тое, як зберагчы сям’ю. Таксама я б вельмі хацеў, каб прайшоў у кінатэатрах фільм ад тых самых аўтараў, што і вышэйзгаданы, — «Мужныя». Гэта кінастужка пра адказнасць бацькі. Фільм «Лютар», які нас вельмі настойліва прасіў агучыць па-беларуску адзін ксёндз. — Паказ фільмаў будзе планавацца толькі ў Мінску ці і ў рэгіёнах? — Калі гэта пойдзе, то зможа ахінуць і абласныя, і рэгіянальныя гарады. У Беларусі большасць кінатэатраў – дзяржаўныя, а ў дачыненні да рэгіёнаў – то ўсе. Таму не маю нічога супраць, каб зрабіць гэта цэнтралізавана. Пачнём рабіць гэта ў Мінску, а потым – пры магчымасці далей. У сувязі з гэтым Андрэй адзначыў, што тут усё залежыць ад ініцыятыў і працы ініцыятараў непасрэдна на рэгіёнах: — Мы заўсёды кажам, што можам прыехаць у любы горад і дапамагчы арганізаваць прагляд, але існуе пытанне з тымі людзьмі, якія потым зоймуцца гэтым самі і будуць працягваць ладзіць прагляды.
Я сам асабіста не змагу штораз прыязджаць у Пружаны ці Гродна. Трэба, каб былі людзі, якія самі захочуць працягваць. Напрыклад, у нас з’явіўся «Кінаклуб» у Брэсце, плануецца, што будуць рэгулярныя паказы ў Віцебску. Але гэта можа быць любы горад. І кожны, хто пажадае, можа звярнуцца, і мы дапаможам пачаць. Увага: Калі ў вас з’явілася ідэя і імкненне ладзіць такія прагляды ў сваёй мясцовасці, то можна звяртацца да Андрэя Кіма, знайсці суполку ў сацыяльных сетках і далучыцца да гэтай справы. Андрусь і яго вера — Я пакаяўся і прыйшоў у царкву ў дзяцінстве, калі мне было 7 гадоў. Бог вельмі шмат рабіў у маім жыцці, ацаляў ад розных хваробаў. Калі казаць пра тых, у каго ёсць пэўныя благаслаўленні ад Бога, то гэта і пра мяне… Але, як многія людзі, я ў дзяцінстве ішоў за Панам, служыў Яму, а калі стаў больш дарослым, стаў студэнтам, то пачаў адыходзіць Мне здаецца, што гэта праблема многіх хрысціян. Паводле статыстык у нас вялікая колькасць хрысціян, але толькі адзінкі вераць у Жывога Бога. Многія людзі жывуць так званым “цёплым” жыццём. Яны могуць сказаць, што хрысціяне, але пры гэтым хрысціянамі не з’яўляцца, не жывуць хрысціянскім жыццём і гэтым ганьбяць Бога. Я быў адным з такіх. Я казаў, што я хрысціянін, але пры гэтым у царкву не хадзіў, Біблію не чытаў, рэгулярна не маліўся, што і адбівалася адпаведна на маім жыцці. Гэта значыць, я жыў, як “добры няверуючы” чалавек. Але ў маім жыцці Бог зрабіў цуд — я трапіў у турму, што вельмі моцна на мяне паўплывала, стала для мяне сур’ёзным благаслаўленнем, бо якраз тады ў мяне з’явіўся час, каб падумаць, куды я іду, навошта жыву. І зараз, калі я размаўляю з моладдзю, то ў першую чаргу кажу, каб падумалі, навошта яны жывуць. Большасць людзей ніколі не задумваецца пра сэнс свайго існавання, а калі некаторыя нават і задумваюцца, то адганяюць гэтыя думкі. Калі я нядаўна выступаў у школе, то бачыў па вачах дзяцей, 16-17-гадовых, што, магчыма, яны задумаліся над гэтым пытаннем упершыню. А гэта вельмі важна. Гэта адзінае, што важна ў гэтым свеце. Для мяне якраз у турме быў час, каб падумаць пра гэта, я навярнуўся тады і вельмі ўдзячны Богу за той час. Час, з якога і пачынаецца мой асэнсаваны свядомы шлях да Бога, які я не магу назваць простым.
Андрусь Кім ахрысціўся ў 2010 годзе. — І зараз я адчуваю сябе такім блудным сынам, які вярнуўся. І гэта вельмі добрае адчуванне, вельмі правільнае. І я разумею, што гэты шлях, які пачаўся ў 1993 годзе, да цяперашняга моманту яшчэ не скончыўся, — дадае Андрусь. — Часта здараецца, што Вас з праектам запрашаюць для выступу ў школы? — Не, не часта. У гэты раз на дзень роднай мовы – 21 лютага – нас запрасілі ў гімназію №6, каб распавесці пра родную мову і тое, чаму я раблю агучку фільмаў па-беларуску. Мне хацелася шмат што распавесці вучням. Мне кажуць, што я маю талент настаўніка, але мне здаецца, што, каб у нашай краіне быць настаўнікам, трэба быць у пэўным сэнсе манахам, пазбаўляючыся многіх рэчаў. Пра сустрэчы і размовы з людзьмі Летам кожны вечар нядзелі Андрусь выходзіць разам з сябрамі на вуліцы Мінска, каб евангелізаваць, спяваць хрысціянскія спевы і чытаць Божае слова. У гэтыя летнія вечары Андрусь размаўляе з мінакамі, размаўляе пра Бога: — А калі ты размаўляеш пра Бога, то ў любым выпадку ты размаўляеш пра сэнс жыцця. Таму што тое, што ёсць у хрысціян і чаго няма ў гэтага свету, акрамя праведнасці, супакою ў сэрцы, — гэта адказ на пытанне: які сэнс твайго жыцця? І гэты свет робіць усё, каб людзі пра гэта не думалі, бо, калі яны пачынаюць пра гэта думаць, то гэта становіцца небяспечным. Зараз у людзей ёсць айфоны, смартфоны, тэлевізар і радыё, якія робяць усё, каб людзі толькі не думалі пра сэнс жыцця. Самае цікавае, што і большасць фільмаў таксама працуе на гэта. Тыя фільмы, што паказваюць у кінатэатрах, у большасці накіраваны на тое, каб быць эмацыйнай “гумкай”. Фільмы зроблены так, каб чалавек прыйшоў, магчыма, паплакаў, атрымаў выбух адрэналіну, калі гэта баявік, і выйшаў такім, якім і ўвайшоў – пустым. Мы ж імкнемся агучваць і паказваць тыя фільмы, якія робяць нешта добрае з чалавекам, даюць яму ежу для роздуму, магчымасць падумаць пра сэнс жыцця. На гэтых словах Андруся ў студыю ўваходзіць Павел Харланчук, каб пачаць чарговы запіс. Запіс чарговага фільма, які зычу пабачыць ужо і па-беларуску кожнаму, хто любіць задумвацца над сэнсам свайго жыцця. Задумвацца над сэнсам свайго жыцця на роднай мове. Аксана Ючкавіч |