Латышскі біскуп Віктарс Стулпінс: у часы ганенняў касцёл дзейнічаў для тых, хто сам адважваўся ў яго прыйсці |
Інтэрв'ю |
14.09.2016 09:31 |
Пра сучасны Касцёл у Латвіі, пра «ціхі» душпастырскі падыход у часы ганенняў, а таксама пра тое, чаму Латвію і Эстонію называюць Зямлёй Марыі, чытайце ў інтэрв’ю з біскупам Ліепайскай дыяцэзіі ў Латвіі Віктарсам Стулпінсам. — Ваша Эксцэленцыя, як выглядае Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Латвіі? Колькі ў краіне дыяцэзій і вернікаў, колькі прэзбітэраў і біскупаў? — Усяго ў Латвіі чатыры дыяцэзіі, а біскупаў разам з эмерытамі (рэд. — біскупамі на пенсіі) — сем. Касцёльныя структуры Латвіі — гэта Рыжская мітраполія, у якую ўваходзяць Рыжская архідыяцэзія, Елгаўская дыяцэзія, Ліепайская дыяцэзія і Рэзэкнэнска-Аглонская дыяцэзія. Усяго ў Латвіі служыць прыкладна 150 святароў. У маёй, Ліепайскай дыяцэзіі, — 14 святароў. — Наколькі веруючымі можна назваць латышоў? Якая колькасць з іх вызнае каталіцтва і колькі з іх можна назваць рэлігійна-практыкуючымі? — Католікаў у Латвіі каля 300 тысяч. Працэнт практыкуючых вагаецца ў залежнасці ад тэрыторыі. На ўсходзе Латвіі, бліжэй да Беларусі, там, дзе раней былі польскія Інфлянты, вернікі больш актыўныя. Там рэгулярна наведваюць касцёл каля 20% католікаў. На захадзе Латвіі (у Ліепайскай дыяцэзіі) гэтая лічба не перавышае 3-5%. — У Рызе знаходзіцца тая адзіная семінарыя, у якой у савецкі час вялася легальная падрыхтоўка будучых святароў. З яе сцен выйшлі многія святары, якія служылі ў часы адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў былых савецкіх рэспубліках. Ці можна сказаць, што яны прытрымліваліся аднолькавага «стылю» душпастрыства, і калі так, то ў чым гэта праяўлялася? — Сітуацыя ў Савецкім Саюзе сама сфармавала душпастырскі падыход, які быў вельмі «ціхім». Людзі самі прыходзілі да святара. За зачыненымі дзвярыма ксяндзы благаслаўлялі сужэнскія саюзы, хрысцілі дзяцей, спавядалі... Касцёл дзейнічаў, але дзейнічаў для тых, хто сам адважваўся прыйсці. Усё адбывалася ў таямніцы і калі была такая магчымасць. Ужо падчас вучобы ў семінарыі будучыя святары былі вымушаны прызвычайвацца да гэтых рэалій. Напрыклад, прыходзячы здаваць экзамен, яны называлі спецыяльны пароль, каб быць дапушчаным да іспытаў. — Ці ў такой сітуацыі святары не страчвалі давер да свецкіх асобаў? — Не хацеў бы так казаць. Магчыма, нейкія выпадкі [недаверу] і былі, але ў пераважнай большасці, калі людзі прыходзілі да святара, то ён ведаў іх або тых, хто іх суправаджаў.
— Якая сітуацыя з пакліканнямі да святарства ў Латвіі сёння? — Так, як і пераважна ва ўсім Касцёле — нямногія хочуць быць святарамі. Прыкладна ў 2008–2010 гадах, калі Латвія перажывала эканамічную нестабільнасць, колькасць семінарыстаў заўважна павялічылася. Аднак большасць з іх святарамі не сталі. — На Вашу думку, у чым прычыны крызісу пакліканняў? — Я думаю, крызіс пакліканняў звязаны з тым, што юнакам жыццё святара здаецца нецікавым. Можа, іх больш прыцягваюць даброты гэтага свету. Да таго ж — скандалы вакол Касцёла. Магчыма, яны думаюць: «Навошта нам быць там, дзе гэтыя скандалы». — Латвія — адна з краін Прыбалтыкі. Наколькі цесны кантакт і ўзаемасупрацоўніцтва Касцёла ў Латвіі з Касцёлам у Літве і Эстоніі? — Супрацоўніцтва рэалізуецца праз узаемныя сустрэчы біскупаў Прыбалтыкі два разы на год. На гэтыя сустрэчы запрашаюцца таксама святары з суседніх краін. Падчас апошняга візіту ad limina латышскія і эстонскія біскупы разам накіраваліся ў Ватыкан. У 2015 годзе мы разам святкавалі 800-годзе абвяшчэння Латвіі і Эстоніі «Зямлёй Марыі». Тады адбылося аднаўленне аддання гэтай тэрыторыі пад апеку Дзевы Марыі.
— Як звычайна праходзіць Ваша нядзеля? — Калі няма візітацыі, то з 8.30 раніцы я спавядаю ў катэдры. Потым цэлебрую Імшу а 11-й гадзіне. Пасля абеду еду на Імшу ў парафію, якая знаходзіцца ў 15 км ад Ліепаі.
— Ці ў такой маленькай дыяцэзіі няма біскупскай курыі? — Як гэта няма? Нас двое ў курыі — я і мой сакратар (смяецца). Многія функцыі, якія звычайна выконвае курыя, у нашай дыяцэзіі бярэ на сябе Святарская рада. — Касцёлы ў Беларусі і Латвіі звязаны асобай біскупа Баляслава Слосканса, які быў апостальскім адміністратарам Мінскай і Магілёўскай дыяцэзій, удзельнічаў у Другім Ватыканскім Саборы і пазней быў Апостальскім візітатарам для католікаў замежжа. Што яшчэ Ваша Эксцэленцыя ведае пра Беларусь? — Яднае нашы мясцовыя Касцёлы не толькі біскуп Слосканс, але і арцыбіскуп Эдвард Барон фон дэр Роп, які пачаў перабудоўваць касцёл святога Юзафа ў Ліепаі, сённяшнюю катэдру, і быў тут пробашчам. У 1917 годзе ён быў прызначаны біскупам Магілёўскай архідыяцэзіі. Пра Беларусь я чуў таксама ад семінарыстаў, з якімі вучыўся ў Рыжскай семінарыі. Цяпер яны служаць у Беларусі: кс. Пётр Пятрага, кс. Ян Рэйшэль, кс. Леон Ладыш і іншыя. Памятаю аповеды пра Францішка Грынкевіча, які служыў у Будславе. — Дзякую за размову, Ваша Эксцэленцыя!
|