Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ці варта хрысціяніну баяцца сурокаў і праклёнаў? Адказвае святар
Інтэрв'ю
22.10.2016 10:07

Даволі часта ад розных людзей можна пачуць выразы кшталту «яго (яе) выраклі, праклялі, навялі што-небудзь дрэннае» і г. д. Здаецца, якое значэнне можа мець тое, што хтосьці на цябе не так паглядзеў, сказаў дрэнныя словы «не ў тую хвіліну»? Ці трэба хрысціяніну баяцца ўсіх гэтых рэчаў і ці існуюць яны ўвогуле? Пра гэта — у размове з кс. Аляксандрам Фаміных, святаром, які моліцца за людзей аб вызваленні ад уплыву зла. 

— Ксёндз Аляксандр, ці існуе паняцце сурокаў і праклёнаў з пункту гледжання хрысціянства?

— Існуе. У Кнізе Другазаконня напісана: «Калі ўвойдзеш у зямлю, якую дасць табе Бог твой, не навучыся рабіць брыдоты, якую чыніць народ гэты. Не павінны знаходзіцца ў цябе тыя, хто праводзіць сына або дачку сваю праз агонь — ні вяшчун, ні варажбіт, ні чарнакніжнік, ні чарадзей…» (пар. Дрг 18, 9-12).

З самага пачатку, калі з’явіўся грэх, людзі захацелі мець нейкую ўладу над іншым чалавекам і з дапамогай магіі імкнуліся дасягнуць гэтай улады. Таму ўсе, хто «праклінае» — гэта слугі д’ябла.

— А ці варта хрысціяніну баяцца сурокаў і праклёнаў?

— Не, я часта чую ад людзей: «мяне зачаравалі, праклялі, штосьці мне падсыпалі...» Са злом нельга ўваходзіць у кантакт і ў той жа час не трэба яго баяцца.

Зноў жа, вернемся да Бібліі. Як дзейнічае д’ябал? Ён дзейнічае праз страх і падман. У Першым пасланні св. Апостала Пятра (1П 5, 8-9 ) чытаем: «Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці. Моцныя ў веры, станьце супраць яго, ведаючы, што такія ж цярпенні зведваюць і вашыя браты, што ў свеце».

Што робіць стары леў, які ўжо моцна раўці не можа? Ён проста рыкае, каб жывёла спужалася, выскачыла і зламала сабе нагу. Тое самае робіць і злы. Ён рассявае ў чалавеку страх. І праз гэты страх чалавек можа патрапіць у яго лапы.

Д’ябал дзейнічае праз негатыўную веру, праз тое, што чалавек не верыць у Бога і Яго абарону.

А Бог сапраўды абароніць, калі чалавек жыве па Божых законах, моліцца, чытае Святое Пісанне, рэгулярна спавядаецца, прымае святую Камунію, адным словам — не дае ніякага шансу злому.

Калі ж чалавек грашыць, то д’ябал у гэтую «шчыліну» будзе біць. Ён ведае чалавека і яго слабасці лепш, чым сам чалавек.

— Значыць, калі ты верыш у тое, што Бог цябе абароніць, і жывеш сакрамэнтамі, то нічога табе не нашкодзіць. Так?

— Так. Бывае, канешне, што гэта Божая воля. Ёсць прыклады некаторых святых. Святога Айца Піо д’ябал нават збіваў, і святую Тэрэзу Авільскую таксама. 

Патрэбна, каб была вера ў Бога, але варта таксама ведаць, што і зло існуе. Д’ябал неразумны, але вельмі хітры. Неразумны, таму што адмовіўся ад Збаўлення, а хітры, таму што можа ўлезці ў кожную «духоўную шчыліну». І зноў жа, ён дзейнічае праз падман і страх. Калі чалавек пачынае баяцца, то можа прапасці, а калі жыве Божым жыццём, то не.

— Мы можам сказаць, што калі зараз хрысціянін моліцца, прыступае да сакрамэнтаў, але яго мінулае або мінулае яго продкаў было «не вельмі чыстым», то на гэтага хрысціяніна зло можа ўсё роўна дзейнічаць?

— Канешне. Пра гэта нават экзарцысты кажуць. Гэтае зло трымае чалавека. Калі дзіця ўжо пасля хросту павялі да бабулі-шаптухі, народных лекараў і г. д., то зло будзе дзейнічаць. Таму і патрэбныя малітвы вызвалення, а ў некаторых выпадках – нават экзарцызм.

Я першы раз пра гэта пачуў, калі мы былі ў Рыме. Адзін святар, які быў на рэкалекцыях для экзарцыстаў, распавядаў пра адсячэнне сувязі з продкамі.

У 1997 годзе мы жылі ў Польшчы (я тады вучыўся на багаслоўскім факультэце), і да нас на малітоўныя сустрэчы хадзіла адна жанчына. У яе былі дзве дачкі. У старэйшай з іх была пухліна. Лекары казалі, што гэта смяротна і шансаў няма.

Яна прыйшла да нас і папрасіла кс. Ірэнэуша адслужыць Імшу аб адсячэнні сувязі з продкамі. На наступны дзень раніцай мы пачулі, што хтосьці вельмі моцна пастукаў нам у акно. Прыйшла тая жанчына і сказала, што пухліна ў яе дачкі знікла.

— Ёсць меркаванне, што малітва аб аздараўленні роду непатрэбная, таму што грахі продкаў змываюцца падчас хросту.

— Канешне, першародны грэх і ўсе грахі змываюцца, але наступствы грахоў — не. Пра гэта кажа Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Праз пакаленні перадаюцца не самі грахі, а іх наступствы.

Вельмі часта здараецца, што яшчэ ў дзяцінстве людзей прысвячаюць злому духу, нават ва ўлонні маці. Каталіцкі экзарцыст а. Габрыэль Аморт казаў, што такое «прысвячэнне» распаўсюджана асабліва на Усходзе, дзе ёсць розныя вуду і г. д. Зла не трэба баяцца, яго трэба проста асцерагацца. Жыць трэба па-Божаму.

Людзі звяртаюцца невядома да чаго, таму што не вераць у Бога, у Яго любоў і ў тое, што Ён чалавеку жадае дабра. Ва ўсім, нават калі чалавека спасцігае зло (гэта ў нашым разуменні зло), Бог чалавеку жадае дабра.

— Што б Вы параілі чалавеку, які б запытаўся: «Мяне выраклі, што мне рабіць?»?

— Дапаможа Бог. Трэба прыйсці ў царкву або касцёл, памаліцца і папрасіць святара аб малітве. Ёсць такая малітва аб вызваленні. Кожны святар яе можа чытаць. Экзарцыста ж можа прызначыць толькі біскуп.

Зрабіць экзарцызм можна нават у доме. Святар можа памаліцца і там. Але, паўтараю, чалавек сам павінен жыць па-Божаму і нічога не баяцца.

А паходы да бабуль, варажбітак і г.д. яшчэ больш пагаршаюць сітуацыю. Гэта вялікі падман д’ябла. Людзі духоўна праз усё гэта трапляюць у новую пастку і потым маюць яшчэ большыя праблемы, а з гэтымі праблемамі зноў ідуць не да Бога, а да розных шаптух.

— Магчыма, варта чалавека папярэдзіць…

— Так, пра гэта пастаянна казаў Езус. Святы Павел пісаў, што мы павінны сведчыць. Заклікаў Папа Павел VI. Святы Ян Павел ІІ, а потым Папа Бэнэдыкт XVI пастаянна казалі аб новай евангелізацыі, а сёння кажа Папа Францішак.

Мы, хрысціяне, павінны сведчыць, што Бог жывы, што Ён мацней за ўсялякае зло. Таксама павінны перасцерагаць людзей, каб яны не звязваліся са злом.

Вельмі важна сведчыць, што можна жыць па-іншаму: без чырвоных нітак, паходаў «да бабуль»... Жыць у свабодзе і радасці. А гэтую свабоду і радасць дае Бог.

Канешне, чалавек сам выбірае, мы не можам яго прымусіць. І сведчанне сапраўды дзейнічае. Мне адна жанчына распавяла: «Я прыйшла ў Касцёл, таму што пачула, як адна пратэстантка сказала: “Бог цябе любіць”». Гэта было ў аўтобусе. Яна выскачыла з аўтобуса і збегла, а тая пратэстантка крыкнула ўслед: «Бог цябе любіць і так». Зараз гэтая жанчына пастаянна ходзіць у касцёл, прымае Камунію і спавядаецца.

Папа Ян Павел ІІ напісаў у сваёй энцыкліцы «Redemptoris Missio»: «Касцёл расце, калі евангелізуе». Без евангелізацыі, без місій і сведчання нічога не будзе.

І калі мы бачым, што чалавек займаецца чымсьці акультным, то павінны сказаць яму праўду. Не чытаць маралі, але папярэдзіць і сказаць, што Бог любіць кожнага і ўжо чалавека выратаваў.

Размаўляла Марына Валасар,
фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.