Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Слова да хворых і ўрачоў
Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі
і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава
з нагоды 50-годдзя яго заснавання
26 жніўня 2010 г., п. Лясны

Вярнуць надзею нават насуперак надзеі

 

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, пацыенты і ўрачы!

1.    Слова рак усё яшчэ з’яўляецца словам, якое адбірае надзею. Аднак хворы можа знайсці яе ў адносінах з урачамі і акаляючым яго асяроддзем. Надзея знаходзіцца ў межах выпрабавання і з’яўляецца адказам на яго. Бог ніколі не пакідае чалавека без надзеі. Таму надзея з’яўляецца разам са спакусай роспачы, з’яўляецца нават у безвыходнай сітуацыі. Надзея — гэта цнота, праз якую мы прагнем і чакаем ад Бога вечнага жыцця, умацоўваючы наш давер абяцаннямі Хрыста і атрымліваючы дапамогу праз ласку Духа Святога дзеля таго, каб заслужыць яго і вытрываць да канца зямнога жыцця.

Хворы на рак знаходзіцца ў крайняй сітуацыі і так яе адчувае. У яго з’яўляецца пагроза цярпення і, можа, нават няўхільнасць лёсу адносна будучыні. Гэта як быццам стыгмат хваробы, якая забівае эмацыянальна і сацыяльна, адбіраючы ў хворага будучыню. І хоць чалавек XXI стагоддзя добра ведае, што рак — гэта не заразная хвароба, аднак у адносінах з хворымі часта паводзіць сябе так, нібы гэта нясе небяспеку яго здароўю. Таму хвораму на рак вельмі часта спадарожнічае самота, страх і безнадзейнасць.

2.    На жаль, анкалагічным хваробам спадарожнічае таксама страшная міфалогія. Мы часта чуем, што рак бюракратыі з’ядае здаровае цела грамадства. Рак амаральнасці забівае грамадскую этычнасць. Рак нянавісці нішчыць адносіны паміж людзьмі і часам нават паміж цэлымі народамі. Рак СНІДу штогод забірае мільёны чалавечых жыццяў. Рак сужэнскай нявернасці руйнуе сем’і і г.д. Такая лінгвістычная штодзённасць нашага часу ў свядомасці анкалагічна хворых вядзе да бяздоння страху і страты надзеі.

У той жа час хворы патрабуе надзеі, якую яму трэба вярнуць нават насуперак надзеі, як навучае св. апостал Павел. Гэтую надзею вяртае і ўмацоўвае вера ў Бога, які стварыў нас і праз розныя досведы вядзе да мэты нашага зямнога жыцця — Валадарства Нябеснага. Гэтую надзею вяртае ўвага ўрача і блізкіх, іх асабістыя адносіны да хворага. Сапраўды, надзея нараджаецца з любові да хворага. Таму ўрач, блізкія, грамадства і Касцёл павінны быць вельмі ўважлівымі ў адносінах да хворага.

3.    Урач павінен памятаць, што пацыент прыходзіць да яго найперш з просьбай аб дапамозе. Блізкія — што хворы чакае ад іх разумення, падтрымкі і любові. Грамадства — што хворы належыць да яго супольнасці і яно будзе такім, якім будуць яго члены. Касцёл — што яго заданнем  найперш з’яўляецца несці маральную падтрымку, весці да паяднання з Богам, вучыць хрысціянскаму сэнсу цярпення, вучыць бачыць у ім Божую волю. Ва ўсіх гэтых сферах дзейнасці трэба ўшаноўваць свабоду хворага і яго чалавечую годнасць.

Хворы, са свайго боку, павінен з абсалютным даверам адносіцца да ўрача, бачыць у ім прыладу Божага дзеяння і, просячы свайго Стварыцеля аб дапамозе, згаджацца з Яго воляй. Добры прыклад пакінуў усім нам Збаўца Езус Хрыстус. Ён на дрэве крыжа прасіў свайго Нябеснага Айца аддаліць ад Яго келіх цярпення, аднак пры гэтым казаў: няхай будзе воля Твая.

4.    У сітуацыі, у якой знаходзіцца хворы на рак, вельмі важным з’яўляецца прыняцце ім этычных каштоўнасцяў, каб, абапіраючыся на іх, перажываць цяжкасці хваробы. Важным з’яўляецца таксама давер Богу. Падмурак заўсёды трэба шукаць у веры, у даверы да бязмежна міласэрнага Бога і Яго айцоўскай любові.

Вера ў гэтай сітуацыі павінна быць нязломнай, нягледзячы на ўсе цяжкасці хваробы. Са штодзённага жыцця мы добра ведаем, што нават вельмі моцна веруючы адчувае страх, неспакой і роспач. Ёсць дні, калі мы бязмежна давяраем Божаму Провіду і людзям. Аднак прыходзяць дні выпрабаванняў, страху і цярпення, бо, напрыклад, з’яўляецца новы, не спрыяючы нам, дыягназ. Тады праблема веры ў Бога і давер да ўрача паказваюць: ці будзе чалавек лічыць сябе годным Божай ласкі, ці паверыць, што ўрач зробіць для яго ўсё магчымае, ці, наадварот, адчуе сябе перакрэсленым. Будзе думаць, што Бог недзе далёка, а ўрач — абыякавы да яго цярпенняў ці, можа, толькі паказвае зацікаўленасць. Адсюль вельмі кароткі шлях да роспачы ці дэпрэсіі, што з’яўляецца выбарам нявер’я і адсутнасці даверу да Бога, урача і блізкіх.

Таму вельмі важным з маральнага і псіхалагічнага пункту гледжання з’яўляецца спроба хворага супрацьпаставіць сябе хваробе. Менавіта з гэтага нараджаецца новая надзея. Трэба ясна сказаць сабе: гэта будзе каштаваць мне вялікіх высілкаў, аднак я паспрабую.

5.    Дарагія пацыенты і лекары анкалагічнага цэнтра!

Езус Хрыстус прайшоў праз сваё жыццё, робячы людзям дабро, суцяшаючы іх і вылечваючы розныя хваробы. Наследуючы свайго заснавальніка, Касцёл стараецца дапамагчы хворым, асабліва тым, хто знаходзіцца ў цяжкай, можа, нават безнадзейнай сітуацыі. Трэба памятаць, што хрысціянства — гэта рэлігія надзеі. Сваім уваскрасеннем Езус не адмяніў цярпення і смерці, але даў надзею на вечнае жыццё.

Касцёл праз сваю малітву, дабрачыннасць і апеку над хворымі нясе ім новую надзею. Таму не бойцеся даверыць сябе, свае цярпенні і працу Богу! Не бойцеся пераступіць у Ім і разам з Ім парог надзеі! Не бойцеся! У сваіх цярпеннях і працы адчыніце дзверы Хрысту, і ў Ім знойдзеце новую надзею.

За 50 гадоў існавання цэнтра анкалогіі ў гэтым напрамку было шмат зроблена. Многія людзі атрымалі кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, да многіх вярнулася страчаная надзея. За ўсё гэта дзякуюць вам людзі і дзякуе Касцёл. Няхай на гэтым шляху і далей благаславіць вас усемагутны Бог.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску