Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першая канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD на рэкалекцыях для прыхільнікаў духоўнасці Кармэлю

Тэрэзіянская малітва

Без малітвы няма хрысціянства. Тым больш, без малітвы няма Кармэлю. Таму і пачынаем менавіта з гэтага пытання. Для таго, каб прадставіць гэтую тэму, неабходна звярнуцца да навукі св. Тэрэзы ад Езуса, якую называюць настаўніцай малітвы.

Малітва — гэта спосаб існавання, гэта суадносіны прыязнасці. Хрыстус назваў сябе Сябрам. Для св. Тэрэзы быць чалавекам малітвы азначае тое ж, што быць сябрам Хрыста. Ва ўсёй традыцыі Касцёла св. Тэрэза з Авільё — Тэрэза ад Езуса — з’яўляецца неаспрэчным аўтарытэтам у галіне малітвы. Будучы доктарам Касцёла, рэфарматарам Кармэлю, яна вучыць, што малітва — гэта суадносіны прыязнасці з Хрыстом.

Яна так акрэслівае малітву: «Унутраная малітва, на маю думку, гэта нішто іншае, як сяброўскія адносіны ў адзіноце з Тым, пра якога ведаем, што нас любіць» (Кніга Жыцця 8,5).

Дэфініцыя гэтая выразна паказвае, што прыязнасць з’яўляецца формай малітоўнага кантакту з Богам. У духоўнай школе Кармэлю менавіта такое разуменне і ёсць асноўным. Хрыстус — Сябар чалавека, які прапануе Любоў. Аблюбенец — Хрыстус ідзе на сустрэчу з аблюбенцам — чалавекам. Так Езус прадстаўлены ў Евангеллі. «Прадставіўся» вучням як сябар. І тут адначасова бачым, чаго патрабуе малітва. Калі мы яе разумееем як прыязнасць, то значыць, што і патрабаванні мае яна такія ж, як і суадносіны паміж сябрамі. Значыць, той галоўнай умовай будзе падпарадкаванне ўсяго нашага жыцця суадносінам з Хрыстом. Такім чынам, мы бачым, што малітва і наша жыццё, як хрысціян, павінны ісці побач. Спрабуючы коратка прадставіць умовы прыязнасці, неабходна сказаць, што імі з’яўляюцца: узаемнае прыпадабненне, частыя стасункі паміж сабой, узаемнае пазнанне, патрэба любові і аднолькавай волі.

Элементы медытацыі

Для св. Тэрэзы малітва — нішто іншае, як прыязныя суадносіны чалавека з Богам, у якіх гэтыя дзве асобы знаходзяць адна адну. У дадзеным пункце хочам прадставіць асобныя элементы медытацыі, якія падае св. Тэрэза. Яны павінны адлюстраваць поўны працэс медытацыі. Медытацыя пачынаецца з разважання, якое пераходзіць у размову з Богам. Дыялог, у сваю чаргу, адбываецца ў атмасферы любові і спрыяе яе ўзаемаабмену. Любоў узнаўляецца пры кожнай сустрэчы чалавека з Богам. Медытацыя і ёсць гэтай сустрэчай. Практыкаванне яе патрабуе рэгулярна адведзенага часу. А рэгулярныя сустрэчы чалавека з Богам вядуць да прыязнасці. Такім чынам, усе элементы медытацыі паказваюць нам сутнасць малітвы паводле святой: разважанне, размова, узаемаабмен любоўю, сустрэча і прыязнасць.

Разважанне

Медытацыя як асабістая рэфлексія над дарам Божым альбо над выбранай таямніцай збаўлення змяшчае ў сабе двайное заданне, адносна розуму і любові. Гэтыя два элементы ўзаемапранікаюць, таму што немагчыма любіць, не думаючы пра таго, каго любім. Значыць, каб Бога любіць, трэба пра Яго думаць.

Звяртаючы ўвагу на гэтае пытанне, мы хочам паказаць разважанне як элемент медытацыі. Звычайна ўнутраную малітву пачынаем з разважання. Святая Тэрэза называе дзейнасць розуму словам «discurrir», у перакладзе: разважанне, праца розуму, высновы.

Разважанне з’яўляецца асновай медытацыі. Яго функцыя заключаецца ў дакладным пазнанні праўдаў веры, а таксама ў паглыбленні ў іх сутнасць з мэтай атрымання практычных высноваў.

Святая з Авільё падкрэслівае заданні розуму ў медытацыі, які, на яе думку, выконвае службовую функцыю ў адносінах да волі, таму што для натхнення волі душа патрабуе розуму.

Роля разважанняў заключаецца ў пабуджэнні волі да актаў любові Бога, а таксама ў распальванні і падтрымцы любові. Розум павінен даследаваць прычыны і ўводзіць у разважаную таямніцу . Чалавек веры прымае праўду Божую і праз розум намагаецца больш дакладна і глыбей пазнаць яе, задумацца над ёй і ўнікнуць ў яе сутнасць.

Святая раіць, каб розум суправаджваў медытацыю не толькі спачатку. Ён павінен падтрымліваць яе няспынна. Такім чынам, пачніце малітву з разважання, кім ёсць Той, да якога будзем звяртацца, а падчас малітвы думайце і памятайце, кім ёсць Той, з кім размаўляеце . Першапачаткова разважанне пераважна мае дыскурсіўны характар (г.зн. звычайнай размовы), і толькі ў ходзе малітвы спрошчваецца.

Святая бачыць у разважанні бяспечную дарогу ў прыстань светласці: розум, які ўмее прывязацца да свайго прадмета, зазнае на разважанні сапраўдны супакой .

Адначасова сама, у якасці прыкладу, дае шмат канкрэтных тэм да разважання, перш за ўсё: жыццё і таямніцы Хрыста; уласнае жыццё, пазнанае ў Божай праўдзе, а таксама вобразы прыроды — ваду, кветкі, поле, якія нагадваюць Стварыцеля. 

Адзін з айцоў камедулаў мужчынскага кантэмпляцыйнага ордэну калісьці казаў семінарыстам, якія прыехалі наведаць іх кляштар у Кракаве на Бялянах: не разважайце пра цяжкія тэмы з кніг, але падумайце аб прыгажосці гэтага свету, аб прыродзе: аб цудоўна узыходзячым сонцы, нагадваючым прыходзячага Хрыста; аб прыгажосці дрэў, апранутых у прыгожае лісце і кветкі — знак Стварэння; разважайце аб блакітным небе, якое распавядае нам пра жыццё вечнае; аб зменлівым надвор’і: аб незвычайнасці дажджу — сімвале Божай ласкі, аб раптоўнаці навальніцы, нагадваючай аб велічы і магутнасці Божай, аб белізне снегу, якая заклікае нас клапаціцца пра чыстасць душы. 

Размова

У тэрэзіянскай медытацыі ўвага засяроджваецца на прыязнасці з Хрыстом. Значыць, медытацыя — гэта ўзаемаабмен, слуханне і размова . Акрамя разважання і прабывання ў блізкасці з Хрыстом, прысутным у душы, чалавек павінен размаўляць з Ім і прадстаўляць Яму свае просьбы .

Гэта павінна прыняць характар сапраўднага дыялогу. Размова з Богам падчас медытацыі павінна нагадваць размову з людзьмі. Умееце ж размаўляць з людзьмі, тады чаму можа не хапіць слоў да размовы з Богам? 

Адносіны да Бога ў медытацыі павінны захаваць абсалютную свабоду, праўду свайго жыцця, жаданне, раскаянне, заступніцтва за іншых, бязмежную любоў. Гэты дыялог павінен быць такі, як паміж сябрамі, у атмасферы ўзаемнага абмену любоўю . Дыялог з Панам вызначаецца простымі і непасрэднымі словамі. Калі гледзячы на вашага Аблюбенца..., пачуеце патрэбу звярнуцца да Яго, то гаварыце; але не шукайце прыгожых і вытанчаных слоў, а выключна простых і проста з сэрца, бо Ён толькі такія цэніць .

У іншым месцы святая, ставячы патрабаванні да ўзаемных размоў паміж сёстрамі, кажа, каб яны былі далёкія ад усялякіх «ласкавых» і «пяшчотных» слоў. Хутчэй раіць, каб словы гэтага тыпу захаваць для размовы з Панам . Такім чынам, бачым, наколькі для Тэрэзы важна, каб дыялог меў рысы непасрэднага кантакту: размаўляйце з Ім як з Айцом, як з братам, як з Панам .

Кожная размова ёсць узаемаабменам. Неабходна не толькі гаварыць, але і слухаць. Асабліва тады, калі рэч ідзе пра словы Бога, якімі Ён звяртаецца да чалавека. Паводле парад з «Дарогі дасканаласці», той, хто моліцца, павінен з прагнасцю і любоўю слухаць, як звяртаюцца да нас боскія вусны Яго.  

Айцец Габрыель ад св. Марыі Магдалены лічыць дыялог з Богам галоўнай часткай медытацыі, які павінен вызначацца спантаннасцю і выражаць любоў чалавека да Бога, выходзячага насустрач молячамуся і падтрымліваючага яго сваёй ласкай .

Тэрэза, акрэсліваючы медытацыю, спасылаецца на фундаментальныя праўды хрысціянскага жыцця. Бог у трох Асобах жыве ў чалавечай душы, дае сваё жыццё і заклікае да прабывання з сабою.

Чалавек праз асаблівыя дары, якія атрымоўвае ад Бога, узвышаецца ў сваіх разважаннях і волі да ўнутранай камунікацыі з найвышэйшай Праўдай і бязмежнай Любоўю. А значыць, малітва і ёсць дыялог з Богам , да якога Ён нас запрашае праз сваё аб’яўленне.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску