Трэцяя канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD на рэкалекцыях для прыхільнікаў духоўнасці Кармэлю |
Тэрэзіянская малітва Умовы малітвы (любоў, ахвяра, пакора, дэтэрмінацыя) Прыязнасць з Богам не можа быць абмежавана часам, штодзённа прысвечаным на разважанне, таму патрабаванні малітвы павінны тычыцца поўнага настрою чалавека і ахопліваць усё яго жыццё. Шматлікія практыкі аказваюцца неэфектыўнымі, калі адсутнічае ў іх дух веры, любові і пакоры і калі не аб’ядноўваюцца яны ўнутранай свабодай. З ліста святога Апостала Паўла да Карынцянаў: «Таму, браты мае найдаражэйшыя, будзьце стойкія і нязломныя, аддана займайцеся справай Божай, памятаючы, што праца ваша не застанецца дарэмнай у Пану» (1 Kар 15, 58).1. Любоў Любоў — гэта галоўная евангелічная цнота. Уся хрысціянская дасканаласць абапіраецца на любоў (1 Kor 13) . На ёй Тэрэза ад Езуса будуе сваю Дарогу дасканаласці. Сапраўдная дасканаласць знаходзіць апору ў любові да Бога і бліжніх. Чым лепш выканаем гэтыя дзве запаведзі, тым больш будзем дасканалымі. Такім чынам, паўната духоўнага жыцця заключаецца ў інтэнсіўнай практыцы любові да Бога і бліжняга. Спачатку разгледзім любоў да Бога, а пасля — любоў да бліжняга. Любоў да Бога Фундаментам малітвы, паводле св. Тэрэзы ад Езуса, ёсць аўтэнтычнае сяброўства з Богам. Бог для яе — сапраўдны сябар, але без любові няма прыязнасці. Сапраўдная любоў да Бога, як умова малітвы, не зводзіцца да ўцех і пяшчот..., але да таго, каб мы служылі Богу справядліва, мужным сэрцам і з пакорай.У іншым месцы святая скажа, што душа, якая вылучаецца любоўю, прагне ва ўсім падабацца Богу, не хоча Яго знявагі і намагаецца пашыраць Яго хвалу. Любоў, з якой чалавек адносіцца да Бога, узаемна адплачваецца Божай любоўю. Зведаць такую любоў можна на малітве, пра што мы гаварылі раней. Святая скажа, што сапраўдная любоў праяўляецца неадкладна. Любоў узмацняецца праз практыкаванне, г.зн. праз акты волі, пры дапамозе якіх аказваем Богу нашу дабразычлівасць, радуемся Яго прысутнасці і прагнем Яго хвалы. Усе практыкі духоўнага жыцця, у тым малітва з практыкаваннем цнотаў любові, сведчачы аб выкананні волі Божай, заклікаюць чалавека да святасці. Найбольш адпаведны спосаб узрастання ў гэтай цноце — выконваць усё праз любоў, каб падабацца Богу. Малітва — справа любові Бога да чалавека і чалавека да Бога. А калі яна ёсць справай любові, то можа ахапіць усё жыццё чалавека: саму малітву і малітоўны настрой на працягу дня. Малітва, як справа любові, патрабуе свабоды і правільна зразуметай спантаннасці. Любоў да бліжняга Пра любоў да бліжняга мы шмат гаварылі на адным з дзён засяроджання, цяпер паўторым толькі тое, што адносіцца да малітвы. Калі хтосьці рэгулярна разважае, то яго любоў да бліжніх павінна развівацца ўвесь час. Малітва ж без любові будзе несапраўднай. Практыку любові да бліжняга развіваем праз унутраныя акты (пашану, добразычлівасць, прагненне дабра, прабачэнне), знешні выраз словамі і ўчынкамі, успрыманне сітуацыі іншых і дзяленне з ім пачуццямі і настроямі духа, чуласць у кантактах, жаданне дапамагаць, служыць, цярпліва адносіцца да другога чалавека, дараваць крыўды, знявагі (гэта часта гераічная ступень любові). Найбольшым патрабаваннем любові ёсць апастольства — хто шчыра любіць Бога, прагне, каб усе Яго ведалі, любілі і служылі Яму. А ў нашым выпадку гэта павінна быць апостальства малітвы. Любоў да бліжняга характарызуецца таксама малітвай за іншых, што азначае ахвяраванне такога месца, дзе можна выслухаць іншага чалавека — што яму баліць і што яму трэба; сэрца павінна стаць тым месцам, дзе Бог выслухае малітву за маіх бліжніх — дзе акружыць іх сваёй любоўю. 2. Ахвяра Жыццё малітвы, аднак жа, мае свае патрабаванні. Святая Тэрэза вучыць нас: выгаднае жыццё не можа ісці ў пары з малітвай. Гэта і сапраўды так. Для таго, каб маліцца, каб весці рэлігійнае жыццё, неабходна шмат патрабаваць ад самога сябе. Але кожнае адрачэнне, патрабаванне трэба ўспрымаць як патрабаванне любові, якая, нягледзячы на сваю прыгажосць і дзівоснасць, вельмі патрабавальная. А ўсё прыгожае адначасова нялёгкае. Адзін з аўтараў піша: «Далейшая падрыхтоўка прадбачыць таксама працу над сабою — патрабаванні праз усё жыццё. Святая Тэрэза ад Езуса як падрыхтоўку да малітвы прапануе практыку трох цнотаў: пакуты, пакоры і ўзаемнай любові» (O. D. Wider OCD). Святая Тэрэза заахвочвае нас да малітвы і спаўнення яе патрабаванняў: «Вялікі скарб схаваны ў ёй [малітве]; таму не здзіўляйцеся, што ўсё тое, што нам сёння здаецца, шмат каштуе...» (D 12,2). Нашы намаганні павінны палягаць выключна на «адносінах да Бога». Часта душа, якая не можа працаваць розумам на малітве, думае, што не размаўляе з Богам. Божая ласка патрабуе ад нас толькі шчырага жадання думаць пра Бога і любіць Яго. «Нельга размаўляць адначасова і з Богам, і са светам...» (D 24, 5). Пачынаючы практыку малітвы, можа, нам і цяжка маліцца, змагацца з сабою, але неабходна, перш за ўсё, унутрана пераадолець сябе і няспынна спрабаваць. Святая настаўніца малітвы заахвочвае нас: «…яшчэ адкладваем з унутранай пакутай, якая мае столькі заслуг і прыносіць столькі асалоды і супакою? Асягнуць яе можна — як ужо ўзгадвала — праз няспешнае авалодванне воляй і жаданнямі, хоць бы малымі справамі, пакуль дух поўнасцю не авалодае целам...» (D 12,1). Ахвяра звязана таксама з адарванасцю ад таго зямнога, якое нас няволіць: трэба знайсці сваю малую «святую зямлю», якая дазволіць перажыць неабходную штодзённую адарванасць, пакінуць па-за ёю ўражанні і прэтэнзіі. |