Выступленне Мітрапаліта Кандрусевіча на адкрыцці II Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Caritas Belarus», прысвечанай служэнню валанцёраў |
Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ё. Раў (IBB) 25 студзеня 2012 г. Мінск, 24–26 студзеня 2011 г. Уступнае слова падчас адкрыцця сімпозіума. Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. Ад усяго сэрца вітаю ўсіх, хто прыбыў на гэты форум з Беларусі і з-за мяжы. Вітаю прадстаўнікоў «Карытас Еўропа» і «Карытас» краін старога кантыненту — удзельнікаў ужо II Міжнароднай сустрэчы партнёраў «Caritas Belarus», прысвечанай служэнню валанцёраў. Дзякую дырэктару «Нацыянальнага Карытас» кс. Віктару Гайдукевічу SDB і яго супрацоўнікам за арганізацыю сімпозіума, а таксама кіраўніцтву Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ё. Раў (IBB) у асобе Віктара Балакірава за магчымасць правядзення сустрэчы ў гэтым цэнтры. 2. Першая падобная сустрэча партнёраў «Caritas Belarus» адбылася чатыры гады таму, у 2008 годзе. У той цяжкі перыяд, калі вырашаўся лёс «Карытас» Беларусі, яна дала магчымасць нашым гасцям лепей пазнаёміцца з дабрачыннай дзейнасцю Каталіцкага Касцёла, выявіць недахопы і акрэсліць шляхі іх вырашэння. Шчыра дзякую ўсім, хто тады прыняў удзел у той сустрэчы і дапамог у далейшым развіцці «Карытас» у Беларусі. 3. Сёння дабрачынная дзейнасць Каталіцкага Касцёла значна — і ў лепшы бок — адрозніваецца ад той, якая была наладжана ў 2008 г. Яе праграмы сталі больш актуальнымі. Развіліся кантакты з замежнымі і нацыянальнымі спонсарамі. Пачаў развівацца fund rising. Падрыхтоўка кадраў і іх падбор далі свае вынікі. «Карытас» Беларусі цвёрда прытрымліваецца прынцыпу каталіцкай арганізацыі, мэтай якой з’яўляецца як дапамога патрабуючым, так і евангелізацыя, і мы спадзяёмся, што каталіцкая дабрачыннасць будзе іграць важную ролю ў пастырскай праграме новай евангелізацыі. Мы цешымся з гэтага, хоць добра ведаем, што яшчэ трэба многа зрабіць і ўдасканальвацца. Дасканаласць не мае межаў, бо дасканалы толькі Бог. 4. Лагічна, што на сучасным этапе свайго развіцця «Карытас» Беларусі пачынае звяртаць усё большую ўвагу на фармацыю і служэнне валанцёраў, якое вельмі моцна развіта ў свеце. Мінулы 2011 год у Еўропе адзначаўся як Год валанцёрства, які моцна ўпісаўся ў еўрапейскую культуру і стаў яе паўсюдна прызнаным элементам. Дастаткова толькі сказаць, што 30% дарослых еўрапейцаў служаць як дабравольцы ў розных галінах грамадскага жыцця. Можна сцвердзіць, што без іх еўрапейскае грамадства не мела б перспектывы, а Божая любоў не абвяшчалася б, бо каталіцкае валанцёрства з’яўляецца ўнікальнай нагодай праз дабрачыннасць абвяшчаць Божую любоў. Яго карані знаходзяцца ў хрысціянскім клопаце пра абарону і шанаванне годнасці чалавечай асобы, якая створана па вобразу і на падабенства Божае. Папа Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы еўрапейскіх валанцёраў у Ватыкане 11 лістапада 2011 г., сказаў, што ў наш час, пазначаны крызісам і няпэўнасцю, служэнне валанцёраў з’яўляецца крыніцай надзеі, бо паказвае, што існуе дабро, якое ўзрастае сярод нас. Таксама ўмацоўваецца вера, калі мы бачым дабро, якое чыніцца ў імя Хрыста. 5. Праблема валанцёрства ў Беларусі з’яўляецца вельмі актуальнай. І гэтаму нямала прычын. Найперш, падчас ганенняў на Касцёл ніхто не мог нават марыць аб дабрачыннай дзейнасці. У выніку гэтага не было ні фармацыі да валанцёрства, ні яго практыкі, ні традыцыі. Прайшло дваццаць гадоў, пакуль мы атрымалі свабоду веравызнання, што дало магчымасць дзейнічаць і дабрачынным арганізацыям. Аднак увесь гэты час быў звязаны з сацыяльна-палітычнымі і фінансавымі цяжкасцямі. Фінансавы крызіс не абышоў і Беларусь, што асабліва адчуваецца ў наш час. Гэтая асаблівасць змушае чалавека шукаць іншыя крыніцы заробку, што не пакідае часу на ўдзел у дабрачыннасці, хоць многія людзі з патрэбы сэрца хацелі б больш ёй займацца. Нашы вернікі разумеюць, што дабрачыннасць абапіраецца на досведзе Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць (пар. Мц 20, 28). Нягледзячы на эканамічныя цяжкасці сучаснасці, мы з аптымізмам глядзім у будучыню і хочам мець падрыхтаваных спецыялістаў у галіне дабрачыннасці, у тым ліку і валанцёраў. Спадзяюся, што гэты форум стане часам аналізу сітуацыі ў справе дабрачыннасці ў Беларусі, выявіць найбольш важныя праблемы, дапаможа знайсці шляхі іх вырашэння, а таксама стане школай фармацыі. Для ўсіх вас заклікаю Божае благаслаўленне і жадаю поспехаў у працы. Дзякую за ўвагу. |
Адноўлена 26.01.2012 09:42 |