Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад кс. Яна Занеўскага на сустрэчы катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі для падвядзення вынікаў катэхетычнага года

Гродна, Катэхетычная зала пры Біскупскай курыі, 27 мая 2013 г.

«Катэхеты – нястомныя прапаведнікі асноўных праўд веры з пункту гледжання новай евангелізацыі»


1. Гродзенская дыяцэзія

13 красавіка 1991г. Святы Айцец благаслаўлёны Ян Павел II заснаваў Гродзенскую дыяцэзію. Папа ў Буле “Qui Operam” адзначае: “На вечную памяць перадаём гэтую справу, каб у Саюзе Савецкіх Рэспублік быў адноўлены каталіцкі Касцёл для духоўнай карысці супольнасці католікоў лацінскага абраду, што пражываюць у Гродзенскай акрузе ў Рэспубліцы Беларусь, як частцы Федэрацыйнай дўзяржавы і выдаём Апостальскі Ліст… Нашай Апостальскай моцай і ўладай вырашаем і засноўваем Гродзенскую Лацінскую дыяцэзію, акрэсленую свецкімі межамі акругі, называемай вобласцю.  Вобласць, а правільней, дыяцэзія, будзе ўваходзіць у склад Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з біскупскай сталіцай у Гродне”.

Плошча тэрыторыі дэяцэзіі ў км2 25 000
Насельніцтва    1 060 000
Колькасць католікаў    каля 400 000
Колькасць парафій    191
Дыяцэзіяльныя святары    151
Законныя святары ў дыяцэзіі    59
Семінарысты    36
Члены мужскіх манаскіх супольнасцяў    60
Члены жаночых манаскіх супольнасцяў    143
(Статыстыка за 2012 г.)  

2. Першы біскуп Гродзенскай дыяцэзіі

Адначасова з Булай аб заснаванні Гродзенскай дыяцэзіі 13 красавіка 1991 г. Святы Айцец благаслаўлёны Ян Павел II падпісаў таксама Булу аб выбранні і абвяшчэнні “ўлюбёнага сына Аляксандра Кашкевіча з духавенства Віленскай архідыяцэзіі, пробашча парафіі Святога Духа ў Вільні, Біскупам Гродзенскім Лацінскім”.

 

Катэдрай дыяцэзіяльнага біскупа і “маці касцёлаў” дыяцэзіі, дзе навучае і выконвае сваю паслугу біскуп, стаў касцёл св. Францішка Ксаверыя, які знаходзіцца ў сталіцы дыяцэзіі. Катэдральны касцёл, былы касцёл езуітаў (з 1773 г. касцёл належыць дыяцэзіяльным ксяндзам) якраз перад заснаваннем Гродзенскай дыяцэзіі 17 сакавіка 1991 г., быў узведзены ў ранг малой базылікі. Кансэкрацыя біскупа Аляксандра Кашкевіча адбылася 23 мая 1991 г. Біскуп Аляксандр Кашкевіч выконвае абавязкі гродзенскага ардынарыя да сённяшняга дня. 23 мая 2013 г. біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў 22-ю гадавіну біскупскай сакры.

3. Біскупскія абавязкі

Біскуп Гродзенскі разам з біскупскім пакліканнем і кансэкрацыяй прыняў новыя заданні. У скарочанай форме (9 пытанняў) яны змешчаны ў літургіі біскупскай кансэкрацыі і гучаць так:
•    Ці хочаш з ласкаю Духа Святога выконваць аж да смерці уладу, даручаную нам Апосталамі, якую атрымаеш праз ускладанне нашых рук?
•    Ці хочаш верна і нястомна абвяшчаць Евангелле Хрыста?
•    Ці хочаш захаваць чысты і непарушны скарб веры, які, згодна з Апостальскай традыцыяй, заўсёды і ўсюды ахоўваецца ў Касцёле?
•    Ці хочаш будаваць Цела Хрыста, гэта значыць Ягоны Касцёл, і прабываць у яго еднасці з калегіумам біскупаў, пад уладаю наступніка святога апостала Пятра?
•    Ці хочаш па-сапраўднаму быць паслухмяным наступніку святога Пятра?
•    Ці хочаш, як любячы айцец разам з усімі нашымі супрацоўнікамі, святарамі і дыяканамі, клапаціцца аб святым людзе Божым і скіроўваць яго на дарогу збаўлення?
•    Ці хочаш дзеля Імя Панскага быць даступным і міласэрным для ўбогіх, падарожных і ўсіх працуючых?
•    Ці хочаш, як добры пастыр, шукаць авечак, якія заблудзіліся, і адносіць іх у аўчарню Панскую?
•    Ці хочаш нястомна прасіць Усемагутнага Бога за святы люд і бездакорна выконваць уладу Найвышэйшага Святара?

Словы, раней прыведзеныя, несумненна, пакінулі глыбокі след ў сэрцы нашага біскупа Аляксандра Кашкевіча, асабліва “Ці хочаш верна і нястомна абвяшчаць Евангелле Хрыста?”.
Пасля кансэкрацыйнай малітвы рытуал прадугледжвае перадачу кансэкраванаму кнігі Евангелля. Гэты момант указвае на тое, што біскуп павінен прыняць і абвяшчаць Добрую Навіну. Ён з’яўляецца знакам прысутнасці ў Касцёле Езуса Настаўніка. Яго навучанне складае сутнасць біскупскага паклікання: ён павінен быць настаўнікам.
Быць слугою Слова — вось заданне біскупа. Менавіта, як настаўнік, сядзіць ён на катэдры, каб навучаць, абвяшчаць і тлумачыць Божае слова.
Наш час паставіў перад біскупамі, якія навучаюць, новыя патрабаванні, але таксама даў ім новыя цудоўныя сродкі, з дапамогаю якіх яны могуць абвяшчаць Евангелле.
Для пашырэння хрысціянскага вучэння біскуп Аляксандр Кашкевіч выкарыстоўвае усе даступныя сёння сродкі: прапаведаванне і катэхетычнае навучанне, якія заўсёды займаюць першае месца. У Гродзенскай дыяцэзіі мы маем у распараджэнні хрысціянскага вучэння наступнае:

1.    Сродкі масавай інфармацыі (СМІ)
•    Каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі http://www.grodnensis.by
•    Газета Гродзенскай дыяцэзіі “Слова жыцця”
•    Тэлебачанне “Сімвал веры”
•    Радыё “Голас Евангелля” каталіцкая праграмма на Першым канале Беларускага радыё
•    Друкаванае слова ў гродзенскім дыяцэзіяльным выдавецтве
•    Дыяцэзіяльная кнігарня
2.    Навучальныя ўстановы (Навука і асвета)
•    Вышэйшая Духоўная Семінарыя
•    Аддзел каталіцкага навучання і выхавання
•    Катэхетычны інстытут
3. Фармацыйныя курсы
•    Фармацыйнае спатканне Святароў
•    Фармацыйнае спатканне Сясцёр законных
•    Фармацыйнае спатканне Катэхетаў
4. Душпастырствы
•    Душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў
•    Душпастырства службы аховы здароўя
•    Душпастырства семьяў
•    Душпастырства глуханемых у Гродне
•    Душпастырства моладзі “OPEN”
5. Санктуарыі
•    Дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сям'яў у Тракелях
•    Санктуарый Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) у Гродне
•    Санктуарый Езуса Фрасаблівага ў Росі
•    Санктуарый Маці Божай Яснагорскай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы
•    Санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі
•    Санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шчучыне
•    Санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах
6. Пілігрымкі
•    Дыяцэзіяльная пілігрымка да санктуарыя Каралевы нашых сям'яў у Тракелях
•    Пілігрымка да санктуарыя Маці Божай Яснагорскай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы
•    Пілігрымка да санктуарыя Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах
•    Пілігрымка да санктуарыя Езуса Фрасаблівага ў Росі
7. Дыяцэзіяльныя Дні
•    Дыяцэзіяльны Дзень Маці ў Капцёўцы і Барунах
•    Дыяцэзіяльны Дзень Бацькі ў Капцёўцы і Барунах
•    Дыяцэзіяльны Дзень Моладзі (кожны год новая парафія)
•    Дыяцэзіяльны Дзень Дзіцяці ў Гродне – Паўднёвы
8. Парафіяда дзяцей і моладзі ў Гродне
9. Тэлевізійны цэнтр ў Гродне
10. Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас у Гродне
11. Каталіцкая сямейная кансультацыя ў Гродне
12. Біскупскі суд у Гродне

Перыяд апошніх 22-х гадоў для Гродзенскай дыяцэзіі характарызаваўся стабілізацыяй дзейнасці душпастырскіх структур. Да станоўчых душпастырскіх дасягненняў трэба аднесці рэалізацыю шэрага ініцыятыў Касцёла, мэтай якіх было абуджэнне і развіццё рэлігійнага жыцця сярод дзяцей, моладзі і дарослых. Рэалізацыя душпастырскіх праграм, пастаянная катэхізацыя, сустрэчы, фармацыйныя курсы, рэкалекцыі і рэлігійныя з’езды з’яўляюцца доказам жыццёвасці веры, якая праходзіць трансфармацыю з традыцыйных элементаў да свядомага яе перажывання.

У абвяшчэнні Божага слова біскупам дапамагаюць святары і дыяканы, катэхеты і настаўнікі, выкладчыкі тэалогіі, а таксама, усё большая колькасць адукаваных і верных Евангеллю свецкіх звычайных людзей.
    
4. Катэхетычны інстытут у Гродне

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч дбае, каб не толькі для дзяцей і моладзі, але таксама, і для дарослых, старанна і рупліва вялася катэхізацыя, каб з дапамогай належнага навучання ажыўляць сярод людзей веру і рабіць яе свядомай і дзейснай; каб гэтае навучанне адбывалася ў парадку і метадам дапасаваным да яго тэматыкі, разумовых і іншых здольнасцяў, да ўзросту і ўмоў жыцця аўдыторыі; каб грунтавалася на Святым Пісанні, на Традыцыі, Літургіі, навучанні Настаўніцкага Інстытута і жыцці Касцёла.
Больш за тое, біскуп Аляксандр Кашкевіч стараецца, каб катэхеты былі належна падрыхтаваныя да свайго абавязку, мелі глыбокія веды ў вучэнні Касцёла, а таксама ў тэорыі і практыцы законаў псіхалогіі і педагагічных дысцыплін. Таму ў Гродзенскай дыяцэзіі быў створаны Катэхетычны інстытут.
Як паведаміў дырэктар Катэхетычнага інстытута а. др. Андрэй Шчупал CSsR, сёння ў інстытуце вучацца больш за 70 студэнтаў, якія, магчыма, не ўсе будуць працаваць катэхетамі, але будуць у сваіх сем’ях сведкамі веры.
Хачу шчыра падзякаваць дырэктару Катэхетычнага інстытута а. доктару Андрэю Шчупалу CSsR за ахвярную, бескарысную і нястомную працу ў падрыхтоўцы катэхетаў для Гродзенскай дыяцэзіі. Хачу сказаць, што гэтае  заданне  не з лёгкіх! Дзякую таксама за клопат пра рэлігійнае жыццё саміх катэхетаў, таму рэгулярна арганізоўваюцца дні духоўнага аднаўлення, рэкалекцыі і іншыя моманты духоўнай фармацыі выкладчыкаў рэлігіі

5. Правядзенне катэхізацыі

"Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім; таму што такім належыць Царства Божае" (Мк 10,14).
Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч кожны год у Пастырскім лісце на пачатак новага катэхетычнага года звяртаецца з заклікам не толькі да бацькоў, дзяцей, моладзі але і да катэхетаў: “Напрыканцы звяртаюся да вас - святары, дыяканы, сёстры законныя, свецкія катэхеты і катэхеткі. Навучанне і выхаванне ў веры належыць да найважнейшых задач Касцёла, вызначаных Езусам Хрыстом. Хрыстос пасылае вас да кожнага чалавека: "Ідзіце на ўвесь свет і навучайце ўсе народы, хрысціце іх у імя Айца і Сына і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё тое, што я вам наказаў. А Я з вамі праз усе дні ажно да канца свету". (Мц 28, 19-20). У імя гэтага запавета Хрыста наказваю і прашу вас, каб у кожнай парафіі нашай дыяцэзіі праводзілася сістэматычная катэхізацыя дзяцей і моладзі ажно да часу заканчэння імі навучання ў сярэдняй школе. Да Першай святой Камуніі можна дапускаць толькі тых дзяцей, якія сістэматычна - прынамсі два гады - удзельнічалі ў катэхетычных падрыхтоўчых занятках і рэгулярна ў кожную нядзелю ўдзельнічалі ў св. Імшы. Недапушчальнымі з'яўляюцца практыкі так званых экспрэс-канікулярных Першых святых Камуній, г.зн. без папярэдняй двухгадовай катэхезы. Адносна абавязку навучання дзяцей і моладзі:той, хто атрымаў ад мяне кананічную місію навучання, не можа адчуваць сябе вызваленым і апраўданым аніякімі знешнімі перашкодамі. Дарагія святары! Арганізуйце сістэматычныя катэхетычныя заняткі ў катэхетычных класах. Даязджайце да найдалейшых катэхетычных пунктаў. Усім дзецям паказвайце любоў Хрыста і прыгажосць хрысціянскага жыцця”.
Таму трэба выказаць вялікую ўдзячнасць нашым святарам, катэхетам, сёстрам законным і асобам свецкім якія ахвярна і нястомна працуюць у нашай Гродзенскай дыяцэзіі. Дзякуючы такім асобам, Божае Слова можа пачуць большая колькасць веруючых і людзей добрай волі. Іх служэнне ў катэхізацыі пачынаецца ад найменшых дзетак, якія толькі пачынаюць пазнаваць Пана Бога, Яго запаведзі і веру Касцёла, і да тых людзей, якія ў сталым узросце пазналі Хрыста і Яго Добрую Навіну.

Катэхетам даводзіцца працаваць:
•    з групамі падрыхтоўкі дзяцей да Першай святой Камуніі, дзеці, якія не адчуваюць бар’ераў.
•    з падлеткамі, якія заўсёды поўныя то слёз, то радасці, то пяшчоты, то грубіянства, то празмернай весялосці, то нясмеласці; яны гатовыя падпарадкоўвацца і бунтаваць, яны залежныя і самастойныя... Увесь час вагаюцца.
•     юнакамі і дзяўчатамі, якія знаходзяцца пад негатыўным уздзеяннем тэлебачання, інтэрнэту ды іншых “разбуральных з’яваў” сучаснага жыцця.
•    з вучнямі старэйшых класаў, якія стаяць перад выбарам жыццёвага шляху і яго сэнсу.
•    з працоўнай і студэнцкай моладдзю, якая здольна слухаць
•    з хворымі і іншымі групамі вернікаў.
Катэхеты да кожнага знаходзяць свой падыход, адпаведныя словы, каб данесці да чалавека Божае слова. Такім чынам, катэхеты з’яўляюцца ў парафіях, як быццам, працягам рук і вуснаў Хрыста ў справе пашырэння Божага Валадарства сярод вернікаў, даручаных ім святаром.

6. Катэхета прапаведнікам асноўных праўд веры ў Год веры

Каталіцкі Касцёл перажывае Год веры. Апостальскі ліст Бэнэдыкта XVI «Porta fidei» («Брама веры»), апублікаваны 17 кастрычніка 2011 г., стаў абвяшчэннем Года веры ў паўсюдным Каталіцкім Касцёле. Распачаўся ён 11 кастрычніка 2012 г. і завершыцца 24 кастрычніка 2013 г. Бэнэдыкт XVI адзначае, што пачатак Года веры супадзе з адкрыццём агульнай асамблеі Сіноду Біскупаў, прысвечанай тэме «Новая евангелізацыя для перадавання хрысціянскай веры». Таксама пачатак Года веры супадзе з 50-годдзем адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору і з 20–годдзем абвяшчэння Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.
Нам нельга марнаваць часу ў такой важнай справе як катэхізацыя. Благаслаўлёны Папа Ян Павел II часта падкрэсліваў, што менавіта катэхізацыя з’яўляецца адным з самых галоўных заданняў Касцёла ў наш час. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, таксама, звяртае вельмі вялікую ўвагу на праблему перадачы веры. Словы Хрыста да Апосталаў — ідзіце і навучайце ўсе народы — датычаць таксама ўсіх хрысціянаў, асабліва катэхетаў.
Катэхеты – нястомныя прапаведнікі асноўных праўд веры, асабліва ў Год веры.
Як катэхізаваць? Напэўна, не адзін з нас сёння задае сабе гэтае фундаментальнае пытанне. Свет шукае новых метадаў катэхізацыі, бо здаецца, што выклікі сучаснасці перамагаюць змаганні Касцёла. Благаслаўлёны папа Ян Павел II у Апостальскай Адгартацыі аб катэхізацыі гаворыць аб тым, што заўсёды трэба звяртаць увагу на абставіны, у якіх яна праводзіцца. Не ўсюды існуюць аднолькавыя ўмовы і не ўсюды людзі жывуць у аднолькавым рэлігійным клімаце.
“Вера, як навучае святы апостал Павел, нараджаецца са слухання (пар. Рым 10, 17). Але, каб хтосьці мог паверыць, найперш трэба абвяшчаць. Таму новая евангелізацыя арганічна ўпісваецца ў праграму адраджэння і ўмацавання веры. Каталіцкі Касцёл у Беларусі жадае ісці ў нагу з часам і адказваць на яго выклікі. Менавіта таму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вырашыла, што новая евангелізацыя, як уводзіны ў Год веры, будзе пастырскай праграмай 2012/2013г.” - адзначае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у Пастырскім пасланні на 2012 г. Пасланне мае назву «Новая евангелізацыя як уводзіны ў Год веры».
    
7. Заданне катэхетаў

Па словах папы Францішка, усе мы, хрысціяне, якія атрымалі веру і мы, «павінны яе перадаваць», «абвяшчаць яе сваім жыццём і словам». «Калі хтосьці сапраўды ведае Езуса Хрыста і верыць у Яго, зведвае Яго прысутнасць у жыцці і моц Яго ўваскрасення, ён не можа ўстрымацца ад перадачы іншым гэтага досведу. А калі сустракае непаразуменне або супярэчанне — ён паводзіць сябе так, як Езус падчас сваёй мукі: адказвае з любоўю і моцай праўды», — прамовіў папа Францішак падчас малітвы «Regina Cаeli» 14 красавіка 2013 г.

«Вера — дар, які пачынаецца ад спаткання з Езусам, сапраўднай Асобай, а не якойсьці распыленай субстанцыяй», — падкрэсліў Святы Айцец Францішак у гаміліі падчас Імшы ў Доме св. Марты 18 красавіка 2013г.

Пантыфік звярнуў увагу, што Бог — гэта канкрэтная Асоба, і вера ў Яго нараджаецца з сустрэчы, якая становіцца досведам. Папа нагадаў словы з Евангелля паводле Яна «хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае», і дадаў, што яны з’яўляюцца нагодай для разважання. Па словах Святога Айца, многія кажуць, што вераць у Бога, — але ў якога Бога? «Мы верым у Бога, які ёсць Айцом, Сынам, Духам Святым. Верым у Боскія Асобы, а калі размаўляем з Богам, то размаўляем з Асобамі: Айцом, Сынам, Духам», — патлумачыў Папа.
Заданне катэхетаў у тым, каб умацоўваць Божы дар веры. Менавіта ў парафіях канцэнтруецца рэлігійнае жыццё вернікаў: катэхізацыя, сакрамэнты, нядзельная cвятая Імша… Часам, асабліва ў вясковых парафіях, людзі ведаюць адзін аднаго асабіста, звязаныя паміж сабою сваяцкімі, суседскімі альбо працоўнымі сувязямі. Сваёю вераю, надзеяю і любоўю могуць ахопліваць і пераўтвараць усё сваё жыццё так, каб быць разам з тым і хрысціянскаю супольнасцю.
“Ужо прайшлі тыя часы праследавання касцёла на Беларусі, калі былі закрыты касцёлы і калі не хапала святароў. Не было катэхетычных класаў пры парафіях. Калі да Першай святой Камуніі рыхтаваліся на працягу некалькіх месяцаў, а часам тыдняў, ды яшчэ і таемна.  Калі ўсе веды пра Бога і Евангелле заканчваліся прыняццем Першай Камуніі», -  адзначае галоўны рэдактар газеты Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця» кс. Павел Салабуда.
Па словах галоўнага рэдактара, «сёння ў нас ёсць Катэхетычны інстытут, ёсць адукаваныя катэхеты, катэхетычныя классы пры парафіях, добрыя ўмовы для рэлігійнага выхоўвання дзяцей, таму ўсё залежыць ад нас саміх».

Каб катэхеза была эфектыўнай, яна, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, павінна грунтавацца на Святым Пісанні, традыцыі, літургіі і вучэнні Касцёла, а таксама, як падкрэслівае благаслаўлёны Папа Ян Павел II, у Апостальскай Адгартацыі аб катэхізацыі. У наш час катэхеза павінна быць сістэматычнай і мець сувязь з жыццём, сакрамэнтамі і касцёльнай супольнасцю. Яна патрэбна, каб весці да сталасці ў веры і хрысціянскага сведчання ў свеце.

«Паводле вучэння Амброзія і Аўгустына, катэхезу нельга аддзяляць ад сведчання жыцця. Той, хто выхоўвае ў веры, не можа пайсці на рызыку паводзіць сябе як клоун, які «прафесійна» іграе пэўную ролю. Ён, хутчэй, павінен быць — як умілаваны вучань, які схіліў сваю галаву на сэрца Настаўніка і там навучыўся спосабу думаць, гаварыць і дзейнічаць. Сапраўдны вучань, у рэшце рэшт, гэта той, хто абвяшчае Евангелле найбольш дакладна і дзейсна», - сказаў папа Бэнэдыкт XVI падчас катэхезы 24 кастрычніка 2007 г.

Усе духоўныя асобы, — перасцерагае менавіта Dei Verbum у н. 25, — асабліва святары Хрыстовыя і іншыя, хто ў якасці дыяканаў або катэхетаў адпаведна свайму заданню прысвячаюць сябе служэнню слова, пастаянна займацца святым чытаннем і грунтоўным вывучэннем Пісання, каб ніводзін з іх не стаў — і далей ідзе цытата з Аўгустына — „марным абвяшчальнікам слова Божага звонку, не прыслухоўваючыся да яго ў сваім уласным сэрцы“.
Катэхеты і катэхеткі цесна супрацоўнічаюць з пробашчамі парафій і іншымі святарамі абмяркоўваючы з імі неабходнасць разгледжання некаторых тэм, каб падкрэсліць іх падчас нядзельных казанняў, альбо абмяркаваць на парафіяльных і дыяцэзіяльных спатканнях.
Святары, катэхеты і катэхеткі, пасланыя Касцёлам, няхай няспынна дбаюць пра шчырасць у навучанні рэлігіі і пра ўзрастанне веры ў сваіх выхаванцаў, памятаючы словы св. Паўла, які пісаў да свайго вучня Цімафея: «Так робячы, і сябе збавіш, і тых, каторыя слухаюць цябе» (1 Цім 4, 16).

8. Праблемы катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі    

На маю думку, дзеці - павінны пазнаваць Хрыста! Моладзь - павінна ведаць Хрыста! Дарослыя - павінны жыць Хрыстом! У гэтым дзецям, моладзі і дарослым менавіта дапамагаюць катэхеты.
Большую ўвагу трэба звярнуць на навучанне і выхаванне дзяцей і моладзі. Выхаванне магчыма толькі пры актыўным удзеле бацькоў. Бацькі, якія даюць дзіцяці жыццё, абавязаны выхоўваць яго ў веры і любові.
Але паўстае праблема, якім чынам катэхізаваць дзяцей, калі іх бацькі самі не ведаюць асноўных праўд веры і не вельмі спяшаюцца, каб іх пазнаць і жыць паводле іх. Сёння нялёгка, а нават вельмі цяжка, убачыць калі бацькі сваім дзецям даюць добры прыклад у рэлігійным выхаванні.
Таму катэхізацыяй неабходна ахапіць не толькі дзяцей, моладзь але і дарослых, якія падчас праслядавання веры не мелі такой магчымасці. Дзе ёсць такая магчымасць, можна арганізаваць паралельныя класы для дарослых, каб займацца з імі падчас катэхізацыі іх дзяцей.
Падчас ХХ Дыяцэзіяльных Дзён Моладзі ў Ваўкавыску (10-12 мая 2013 г.) Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці даў эксклюзіўнае інтэрв’ю для партала grodnensis.by., падкрэсліваючы, што трэба шукаць новых спосабаў евангелізацыі: “Людзі змяняюцца і моладзь змяняецца, таму трэба шукаць новыя спосабы, як можна стаць цікавым для людзей. Бо тое, што было неабходна 30 гадоў таму, сёння ўжо неактуальна. …бацькі гэтай моладзі часта не чулі пра Бога. Бабулі чулі, а бацькі гэтага не мелі. І таму трэба выходзіць з касцёла і шукаць моладзь там, дзе яна ёсць, каб звярнуць яе ўвагу на тое, што вера – гэта нешта такое, што і іх датычыцца. І вы вельмі шчаслівыя ў Беларусі, таму што ваша моладзь яшчэ гатовая і здольная слухаць”.
Па словах Апостальскага Нунцыя, “ёсць мала тых, хто прапаведуе, але ёсць шмат тых, хто чакае гэтага. І такім чынам, калі ёсць мала прапаведнікаў, але ёсць шмат святароў, гэта азначае, што ёсць шмат святароў, якія не прапаведуюць. Альбо гэта можа значыць тое, што яны звяртаюцца да іншай часткі грамадскасці, мабыць, да людзей старэйшых, якія ўжо ў Касцёле”.

“Напэўна, святары ніколі не прыходзілі ў лёгкія часы. Кожная эпоха і час маюць свае асаблівасці і складанасці. Увогуле, дайсці да чалавечага сэрца і перамяніць яго – місія нялёгкая. А сёння, калі мы шмат кажам пра новую евангелізацыю, маладым святарам давядзецца шмат клапаціцца пра тое, каб знайсці словы, формы, учынкі, якія б даносілі Божае слова і праўду да людзей у адпаведнасці з патрабаваннямі сённяшняй эпохі. Свет вельмі пільна ўглядаецца ў сённяшняга святара: ці не аджылі ўжо свой век тыя ісціны і каштоўнасці, якія ён прамаўляе? І сучаснаму маладому святару трэба аддаць усяго сябе, каб даказаць вялікую надзённасць і патрэбу чалавецтва ў навуцы Хрыста", – падкрэсліў біскуп Гродзенскі ў гаміліі падчас святарскіх пасвячэнняў у Гродне 26 мая 2012 г.

“Трэба памятаць, што катэхеза — гэта абавязак усіх: біскупаў, святароў, манаскіх супольнасцяў, свецкіх катэхетаў, парафій, сем’яў, і г.д. Разам, аб’яднаўшы нашыя сілы, мы можам спадзявацца на нейкі вынік. Трэба зрабіць усё магчымае, каб нашыя планы, праца і намаганні не былі падобнымі да “ перестройки конца 80-х годов прошлого столетия», якую параўноўвалі з тайгою, калі наверсе ўсё шуміць, а ўнізе — ціха”, – падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у гаміліі на распачацце новага навучальнага і катэхетычнага года 30 жніўня 2008 г.
        
9. Катэхетычныя візітатары і дыяцэзіяльны дэлегат па справах катэхізацыі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Папа благаслаўлёны Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі “Catechesi Тradendae” заклікае біскупаў клапаціцца аб катэхізацыі ў мясцовым касцёле і каб ажыццяўлялі, у прыватнасці, шляхам выбару "вопытных і годных даверу супрацоўнікаў" (CT 63). Сярод іх -. дэканальныя катэхетычныя візітатары.
Таму 5 лютага 2013 г. у Гродзенскай курыі адбылася сустрэча па прызначэнні новых катэхетычных візітатараў. Пасля біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч уручыў дэкрэты і візітацыйныя матэрыялы новапрызначаным катэхетычным візітатарам.
    
Дэканальныя катэхетычныя візітатары:

  1.    Кс. Павел Шанчук - Гродна-Усход
    2.     Кс. Ян Занеўскі - Гродна-Захад
    3.     А. Юрый Саковіч - Дзятлава, Навагрудак
    4.     Кс. Францішак Галдысь – Іўе
    5.     А. Ян Асіповіч – Ліда
    6.     Кс. Юры Ігнатовіч – Масты
    7.     А. Казімір Мараўскі – Астравец
    8.     Кс. Казімір Мурава – Ашмяны
    9.     Кс. Ігар Анісімаў – Слонім
    10.    Кс. Зянон Рамейка – Шчучын
    11.     Кс. Аляксандр Шэмет – Сапоцкіна
    12.     Кс. Антоні Казлоўскі – Смаргонь
    13.     Кс. Павел Беланос – Бераставіца
    14.     Кс. Андрэй Вітэк – Радунь
    15.    Кс. Алег Дуль – Ваўкавыск

Катэхетычныя візітатары абавязаны забяспечыць рэалізацыю катэхетычнай праграмы і прыйсці на дапамогу катэхетам у іх працы, а таксама праводзіць сістэматычную катэхетычную візітацыю ў кожнай парафіі з мэтай пазнаць, як праводзіцца катэхізацыя, даць па магчымасці неабходную дапамогу, вырашыць існуючыя праблемы і перадаць візітацыйны пратакол у Аддзел каталіцкага навучання і выхавання пры Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі.
Упершыню пасля 22 год існавання  Гродзенскай дыяцэзіі, катэхетычныя візітатары здзейснілі катэхетычную візітацыю усіх парафій прызначанага дэканату. Мэтай катэхетычнай візітаціі быў аналіз стану рэлігійнай адукацыі ў парафіях кожнага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі. Вядома, што ў кожнай парафіі нашай дыяцэзіі праводзілася ў дадзеным катэхетычным годзе сістэматычная катэхза дзяцей, моладзі і дарослых.
Заняткі па рэлігіі праходзяць пераважна пры каталіцкай парафіі. Святары–пробашчы клапоцяцца пра тое, каб пры кожным касцёле, каплічцы была магчымасць катэхізацыі. Трэба падкрэсліць, што кожная парафія мае:
•    Катэхетычныя класы пры парафіі
•    Катэхетычную праграму

•    Катэхетычны план
•    Катэхетычны Дзённік
•    Кананічную Місію для свецкіх катэхетаў
•    Падручнікі для вучняў і сшыткі

11 сакавіка 2013 г. быў прызначаны Дыяцэзіяльным дэлегатам па справах катэхізацыі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (ККББ) кс. Ян Занеўскі, пробашч парафіі Квасоўка дэканату Гродна-Захад. Мэтай Катэхетычнай Секцыі, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі з кожнай дыяцэзіі, з’яўляецца падрыхтоўка падручнікаў як для настаўнікаў рэлігіі, так і для вучняў і іншых дапаможных матэрыялаў на беларускай мове. За гады дзейнасці Катэхетычнай Секцыі была падрыхтавана і зацверджана праграма па рэлігійнаму навучанню, пачынаючы ад дзіцячага садка і аж да 11-га класа.
Хачу шчыра падзякаваць майму папярэдніку ксяндзу каноніку Андрэю Стопыра, дэкану Навагрудкаму, за праведзеную працу у выданні падручнікаў для вучняў з 1 па 11 клас пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (ККББ). У гэтых падручніках прадугледжаны тэмы, адпаведныя ўзросту вучняў, якія дазваляюць сістыматычнай навуцы па рэлігіі і адпаведнаму ўзрастанню ў веры.
8 мая 2013 г. у гродзенскай дыяцэзіі згодна з пастановай біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, уводзіцца абавязковы экзамен перад прыняццем сакраманту канфірмацыі. Экзамен будуць прымаць спецыяльна прызначаныя для гэтага святары-візітатары. Мэтай увядзення экзамену з'яўляецца паглыбленне ў кандыдатаў свядомасці і важнасці сакраманта, які яны выразілі жаданне прыняць праз больш глыбокае вывучэнне праўдаў хрысціянскай веры.  

10. Новая евангелізацыя  

“Тэрмін “новая евангелізацыя” ніякім чынам не нагадвае пра новае Евангелле, якое па сваёй сутнасці застаецца нязменным. Тут гаворка ідзе пра новыя формы яго абвяшчэння, дзякуючы якім тое ж самае Евангелле будзе абвяшчацца з новым энтузіязмам, новай і зразумелай сучаснаму чалавеку мовай ва ўмовах сучаснай секулярнай культуры, а таксама новай метадалогіяй, здольнай у зменлівым свеце перадаць яго нязменны сэнс”.

“Я упэўнены, што ў катэхізацыю трэба ўключаць народныя формы пабожнасці. Гэта вельмі актуальна ў Беларусі. Менавіта дзякуючы народнай пабожнасці, у часы пераследу вера захавалася і была перададзена новым пакаленням. Вельмі добрай дапамогай можа быць старая і трохі прызабытая ў нашыя часы методыка навучання на памяць. Нельга пярэчыць і таму, што трэба найперш разумець катэхезу. Аднак завучаныя на памяць праўды веры, сакрамэнты, Божыя і касцёльныя запаведзі, малітвы і г.д., з’яўляюцца вельмі карыснымі ў вызнаванні веры, яе практыкаванні і абароне. Словам, трэба аб’яднаць старое і новае», – падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, у гаміліі на распачацце новага навучальнага і катэхетычнага года 30 жніўня 2008 г.
І я таксама засяроджваю сваю ўвагу і ўвагу катэхетычных візітатараў, катэхетаў і катэхетак на словах нашага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага: “Вельмі добрай дапамогай можа быць старая, і трохі прызабытая ў нашыя часы методыка навучання на памяць”.

13 красавіка 1991 г. Апостальскай Сталіцай біскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны арцыбіскупам, Апостальскім Адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі з сядзібаю ў Маскве.
Арцыбіскуп пасля майго святарскага пасвячэння (19 мая 1991г.) забраў мяне ў Маскву.  Я быў першым канцлерам Маскоўскай курыі (1991-1994 г.).
У Маскву я паехаў адразу на другі дзень пасля прыміцыйнай святой Імшы, так як неабходна было падрыхтаваць інгрес арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў касцёле святога Людовіка ў Маскве. Першы раз ехаў разам з арцыбіскупам цягніком Гродна-Масква і быў вельмі ўражаны. У дарозе арцыбіскуп дастаў скарочаны Катэхізіс у пытаннях і адказах на рускай мове і стаў яго чытаць. Я, малады святар, быў здзіўлены, і не мог не запытаць, чаму ён чытае катэхізм, ён жа Біскуп, ён і так усё ведае. Арцыбіскуп патлумачыў свае паводзіны так: “Ведаеш, Джон, (так мяне называў aрцыбіскуп) мы едзем у Маскву, там болей за 8 мільёнаў жыхароў і адзін, афіцыйна адкрыты, касцёл святога Людовіка. Заўтра мне трэба будзе ў касцёле абвяшчаць веруючым Евангелле – на рускай мове! Таму я і чытаю катэхізм на рускай мове, каб пазнаць, менавіта рускую тэрміналогію!”
Вось такое сведчанне для мяне, першага канцлера і сакратара, пакінуў сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які сваю місію ў Маскве распачаў з Катэхізацыі ў цягніку па шляху Гродна-Масква, і як вынік гэтага, ужо 13 мая 1996 г. быў выдадзены Катэхізм на рускай мове ( “Русское издание “Катехизиса Каталической Церкви» посвящённый 50-й годовшине священства Его Святейшества папы Иоанна Павла II).

11. Распрацоўка новых падручнікаў
 
На жаль, у Беларусі школа дае толькі веды, а місію выхавання ў нашай краіне здзяйсняе Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква.

    Паважаныя катэхеты і катэхеткі!
    Пытаюся у кожнага з вас:

1.    ці патрэбная нам сёння новая катэхетычная праграма для Гродзенскай дыяцэзіі?

Даведка: у 1999 г. аддзелам каталіцкага навучання і выхавання пры Гродзенскай дыяцэзіяльнай Курыі была выдадзена катэхетычная праграма навучання вучняў з 1 па 11 клас. Катэхетычная праграма паводле „NAUKA BOŻA”, ks. Wincenty Zaleski T.S.
Даведка: Катэхетычная праграма, Студыйны варыянт, Катэхетычная     секцыя пры ККББ 2011 г.
Даведка: Канспекты дапаможных матэрыялаў для катэхезаў, Студыйны варыянт, Катэхетычная секцыя пры ККББ 2011 г.

2.    ці патрэбныя нам сёння новыя падручнікі па катэхезе?

Даведка - Катэхетычная секцыя пры ККББ-Баранавічы:
•    Дапаможнік па катэхезе для дзяцей перад Першай святой Камуніяй, “Бог любіць мяне”, Мінск, Выдавецтва “Про Хрыста”, 2004г.
•    Дапаможнік па катэхезе для дзяцей перад Першай святой Камуніяй, “Езус сярод нас”, Мінск, Выдавецтва “Про Хрыста”, 2004г.
Даведка - Катэхетычная секцыя пры ККББ-Мінск:
•    Дапаможнік па катэхезе, “Гісторыя Збаўлення”, 5 клас катэхетычнага навучання, Мінск, Выдавецтва “Про Хрыста”, 2010г.
•    Дапаможнік па катэхезе, “Сакрамэнты – крыніца новага жыцця”, 8 клас катэхетычнага навучання, Мінск, Выдавецтва “Про Хрыста”, 2010г.
•    Дапаможнік па катэхезе, “Узмоцненыя Духам Святым”, 9 клас катэхетычнага навучання, Мінск, Выдавецтва “Про Хрыста”, 2010г.
•    Дапаможнік па катэхезе, “Быць вучнем Хрыста”, 10 клас катэхетычнага навучання, Мінск, Выдавецтва “Про Хрыста”, 2010г.
Даведка – Гродзенская Рыма-Каталіцкая дыяцэзія-Гродна
•    Катэхеза для шасцігадовых, “Езус мяне любіць”, Гродна 2001г., Гродзенская Рыма-Каталіцкая дыяцэзія.
•    Катэхеза для сямігадовых, “Езус-мой Бог і Пан”, Гродна 2001г., Гродзенская Рыма-Каталіцкая дыяцэзія.
•    Катэхеза перад І святой Камуніяй (ч.І), “Прагну быць з Езусам”, Гродзенская дыяцэзія Рыма-каталіцкая Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, Гродна 2012г..
•    Катэхеза перад І святой Камуніяй (ч.ІІ), “Езу, прыйдзі да мяне”, Гродзенская дыяцэзія Рыма-каталіцкая Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, Гродна 2010г..

Калі вы лічыце, што нам для Гродзенскай дыяцэзіі патрэбныя  катэхетычная праграма і падручнікі - тады неабходна:
1.    атрымаць благаслаўленне на працу ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
2.    падрыхтаваць катэхетам і катэхеткам нашай Гродзенскай дыяцэзіі і прывясці на наступную сустрэчу катэхетаў, якая напэўна адбудзецца на адкрыццё новага катэхетычнага года 2013/2014 г. наступнае:
a)    Катэхетычную праграму якая ў парафіі зацверджана ксяндзом - пробашчам (спіс тэматаў па класах ці па групах).
b)    Катэхетычны план (расклад катэхетычных заняткаў), які ў парафіі зацверджаны ксяндзом – пробашчам.
3.    заснаваць “Дыяцэзіяльную Катэхетычную секцыю” у склад якой уваходзілі б катэхеты -“ад Бога”, якія хочуць супрацоўнічаць з Аддзелам каталіцкага навучання і выхавання пры біскупскай Курыі, а таксама  ў справе падрыхтоўкі падручнікаў для вучняў і іншых дапаможных матэрыялаў.
4.    адкрыць старонку для катэхэтаў “Catechesis.grodnensis.by” на каталіцкім партале grodnensis.by, на якой публікаваліся б распрацаваныя тэмы катэхез і была б магчымасць пакінуць каментарыі і крытыку для зацікаўленых асоб.

Перад намі, катэхетамі, заданне не з лёгкіх. Я заклікаю вас: “Давайце разам будзем працаваць  над падрыхтоўкай новых падручнікаў і дапаможных матэрыялаў”.
Благаслаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты вельмі часта любіла паўтараць сваім сёстрам: “Тое, што я магу зрабіць, тое - вы не можаце зрабіць. Тое, што вы можаце зрабіць, тое - я не магу зрабіць. Але калі будзем рабіць гэта разам, то будзе вялікая і благаслаўлёная справа”.

Дзякую ўсім за ўвагу!




Адноўлена 29.05.2013 14:27
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску