Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова кардынала Жана-Луі Тарана на сустрэчы з моладдзю ў Будславе |
5 ліпеня 2013 г.
Дарагія юнакі і дзяўчаты, я вельмі рады вітаць вас напрыканцы вашай пілігрымкі, і вось чаму: - таму што вы — будучыня гэтай вялікай краіны; - таму што вы не баіцеся паказваць, што вы — католікі; - таму што вы, нягледзячы на стомленасць, адважна ідзеце наперад; - таму што я прыехаў сюды, каб сказаць вам, як моцна вас любіць папа Францішак, і каб перадаць вам ад яго падарунак: ягонае благаслаўленне! У сераду раніцай мы разам з ім цэлебравалі Імшу, і пасля гэтай Эўхарыстыі я нагадаў Папу, што некалькі дзён правяду з вамі ад ягонага імя. «Благаславі іх», — сказаў мне Папа. Такім чынам, ён ведае пра вас і пра свята, якое мы разам з вамі адзначаем: знаходжанне ў Будславе прынамсі на працягу ўжо чатырохсот гадоў цудатворнай іконы Маці Божай. Колькі ж разоў вы бачылі гэтую святую выяву: Маці, Дзіцятка, усмешка, вялікая лагода. На працягу стагоддзяў вашыя продкі ў веры прыходзілі сюды, каб атрымаць суцяшэнне ў жыцёвых нягодах, адвагу для веры ў будучыню, нягледзячы на пакутлівыя складанасці гістарычнага шляху гэтай вялікай краіны. Моц для таго, каб заўсёды быць сапраўднымі хрысціянамі, у любых акалічнасцях. Безумоўна, Марыя — Маці Божая, але яна належыць таксама і да нашага чалавечага роду. Яна не нейкая багіня! Яна ведае нашыя цяжкасці. Яна таксама спазнала клопаты, што перажывае кожная маці. Але яна заўсёды мае адвагу і дае нам прыклад лагоднай веры ў Езуса Хрыста. Менавіта лагода найбольш кранае мяне ў гэтай іконе. І гэтая лагода паходзіць ад Яе блізкасці з Езусам. «Яна захоўвала ўсе гэтыя ўспаміны і словы Езуса ў сваім сэрцы», — адзначае ў сваім Евангеллі святы Лука, які добра Яе ведаў. Яна была Жанчынаю малітвы, а таму змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні, малыя і вялікія. Менавіта праз малітву можна навучыцца глядзець без прадузятасці, бачыць свет, які навокал нас, у пазітыўным святле, адмовіцца ад зла і выбіраць дабро! Я задаю сабе пытанне, ці не магла б вашая пілігрымка стаць для вас школаю малітвы, а яе плёнам — уменне маліцца? Маліцца: што гэта значыць? Гэта значыць думаць пра Бога з любоўю. Каб дапамагчы вам у гэтым, я дам вам адзін просты рэцэпт. Мой рэцэпт называецца «5 хвілін для Бога». Пакіньце на працягу вашага дня 5 хвілін для Бога, з Евангеллем у руках. У цішыні, без радыё, без тэлевізара паразмаўляйце з Богам, кажыце Яму «Ты», чытайце па некалькі сказаў з Евангелля і вы ўбачыце: праз пэўны час вам спатрэбіцца больш за 5 хвілін. У вас узнікне пытанне: «Што Езус гэтым сваім словам хоча мне сёння сказаць?» Калі мы ўтвараем Касцёл, які моліцца, калі мы з’яўляемся паслядоўнымі хрысціянамі, якія сваім ладам жыцця задаюць людзям пытанне, тады мы можам спрыяць перамене свету, пачынаючы з Беларусі. Так, мы, хрысціяне, робім наш унёсак у шчасце ўсіх людзей (таму што Бог стварыў нас для шчасця), кожны раз, калі дзеля Езуса - імкнемся цаніць якасці людзей, якія побач з намі, а не глядзець на іх як на канкурэнтаў; - прабачаем, дзякуем, служым іншым; - становімся побач з «малымі», чые імёны не запісаныя ў нашых нататніках; - асуджаем несправядлівасць, падман, карупцыю. Як вы, напэўна, заўважылі, здзейсніць пілігрымку гэта значыць выйсці ад сябе, са свайго дома, адысці ад сваіх звычак каб разам адчуць, дасведчыць Бога, атрымаць вопыт жыцця ў Касцёле, які з’яўляецца «сям’ёю». Завяршаючы гэтую пілігрымку, мы дзякуем Пану Богу праз Марыю за гэты час радасці і братэрства! Папросім Марыю, каб сваім прыкладам Яна дапамагала нам любіць Бога больш за ўсё, а таксама служыць нашым бліжнім — тым, каго мы сабе не выбіралі. Як Марыя, будзем вучыцца маліцца ў цішыні. Як Марыя, будем любіць праўду і сціпласць. Цяпер вы разумееце, чаму пілігрымка ніколі не сканчваецца: яна ідзе на новыя шляхі, дазваляе распачаць рабіць штосьці новае. Памятайце, што хрысціянамі не нараджаюцца — хрысціянамі становяцца, а таму кожны дзень мы павінны зноў і зноў станавіцца хрысцінамі, поўнымі даверу і салідарнымі, каб нашая вера перадавалася іншым. Дарагая моладзь, Касцёл на гэтай зямлі вызваліўся ад пераследу коштам вялізных пакутаў і незлічоных ахвяраў; дзякуючы тым людзям, якія сталі сапраўднымі мучанікамі за веру. Менавіта вы сёння збіраеце плён гэтага скарбу святасці. Не паддавайцеся спакусе лёгкага жыцця, паколькі ўжо больш няма пераследу. Надышоў час вашага сведчання — сведчання маладых хрысціянаў Беларусі. Больш чым калі-небудзь Касцёл павінен быць жывым і дынамічным. Заставацца на месцы значыць стаць ні гарачымі, ні халоднымі, значыць быць абыякавымі. Быць пілігрымам, наадварот, значыць узрастаць у веры — не толькі не даць ёй знікнуць, але ўвесь час яе паглыбляць, не саромячыся яе прапаноўваць іншым. Такім чынам, сустрэча з Хрыстом павінна натхняць вас на актыўную і адказную дзейнасць, скіраваную на будаўніцтва Касцёла і на тое, каб усім людзям паказаць прыгажосць Евангелля. А вы, дарагія пастыры, паклапаціцеся не толькі пра тое, каб весці маладое пакаленне да сталай веры, але далучайце яе да касцёльных структураў. Няхай маладыя будуць дзеючымі асобамі, а не карыстальнікамі. Касцёл — гэта не «аўтасервіс»! Падзяляйце з моладдзю адказнасць за евангелізацыю. І цяпер я кажу вам: ідзіце зноў туды, дзе вы жывеце, і сваімі паводзінамі абвяшчайце Езуса Міласэрнага, Адкупіцеля чалавека. Калі ж вам будзе здавацца, што вас не разумеюць, без ваганняў звяртайцеся да Марыі, якая заўсёды будзе побач у найбольш важныя моманты вашага існавання: цяпер і ў хвіліну нашай смерці. Добрай дарогі! |
Адноўлена 07.07.2013 18:01 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.