26 ліпеня 2013 г.
Быць місіянерамі новай евангелізацыі
Вашы Эксцэленцыі, браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, дарагая моладзь!
1. Сардэчна вітаю вас, прыбыўшых з усіх дыяцэзій Беларусі на чарговую, ужо VI, Малітоўную сустрэчу моладзі ў гасцінным Івянцы ў францішканаў. Гэтая сустрэча адначасова з’яўляецца III Агульнабеларускай сустрэчай юнакоў і дзяўчат і прысвечана XXVIII Сусветнаму дню моладзі, які адбываецца ў гэтыя дні ў сталіцы Бразіліі Рыа-дэ-Жанэйра. Падчас івянецкай сустрэчы мы будзем духоўна яднацца з сабранай у гэтай лацінаамерыканскай краіне моладдзю з усяго свету, у тым ліку і з Беларусі, а таксама з папам Францішкам, які ўзначальвае гэты сусветны форум.
2. Дэвіз нашай сустрэчы такі ж, як і ў Рыа-дэЖанэйра: «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19). Ён быў абраны папам Бэнэдыктам XVI як адказ на выклік нашага часу, якім з’яўляецца новая евангелізацыя для перадачы веры, якая знаходзіцца ў вялікім крызісе. Вера нараджаецца ад слухання, – як навучае святы апостал Павел (пар. Рым 10, 17), і таму заданне абвяшчэння Евангелля ў наш час з’яўляецца вельмі актуальным і своечасовым.
Менавіта таму вельмі сімвалічна, што як Сусветны дзень моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра, так і наша Малітоўная сустрэча ў Івянцы праходзяць у Год веры. Сімвалічна і тое, што бразільскі сусветны форум моладзі з’яўляецца форумам двух Папаў – Бэнэдыкта XVI, які яго абвясціў, і Францішка, які яго ўзначальвае. Сімвалічна таксама, што на лагатыпе Сусветнага дня моладзі знаходзіцца велічная фігура Хрыста, якая ўзносіцца над сталіцай Бразіліі і чые працягнутыя рукі з’яўляюцца знакам прыняцця ўсіх, хто да Яго прыходзіць, – як падкрэслівае папа Бэнэдыкт XVI у Пасланні на гэты сусветны форум моладзі (пар. ПXXVIIIСДзМ, уступ). Івянецкая малітоўная сустрэча арганічна ўліваецца ў гэтую падзею.
3. Заданне новага абвяшчэння Евангелля з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла ў наш час, і ад эфектыўнасці яго вырашэння будуць залежаць лёсы хрысціянства. У межах Сусветнага дня моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра папа Францішак цэлебраваў святую Імшу ў славутым марыйным санктуарыі ў Апарэсідзе. У сваёй гаміліі ён нагадаў пра цяжкасці, якія перажывае сучасны чалавек, асабліва моладзь. Яна часта зачаравана шматлікімі ідаламі, якія занялі месца Бога і, здаецца, даюць надзею. Гэта грошы, поспех, улада, задавальненне, што з’яўляецца вынікам пачуцця адзіноты і духоўнай пустаты (пар. / 2/home/vatican/ news/holy-father/118719-papa-aparesida.html).
Час паказвае, што сучаснае хрысціянства выглядае стомленым. Яно страціла свой дынамізм, не з’яўляецца прывабным для сучаснага чалавека і яго не захапляе. У той жа час Евангелле, на самой справе, заўсёды маладое, а слова Божае – дзейснае і актуальнае, і нават вастрэйшае, чым двусечны меч (пар. Гбр 4, 12). Таму выключна актуальнай з’яўляецца праблема данясення яго да сучаснага чалавека. Для гэтага патрэбны новыя метады і спосабы яго абвяшчэння. Патрэбны таксама новыя і адпаведна падрыхтаваныя асобы, якія маглі б эфектыўна і з улікам выклікаў нашага часу абвяшчаць Божае слова.
4. Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, які праходзіў у Ватыкане ў кастрычніку 2012 г., падкрэсліў вострую неабходнасць выкарыстання вялікага патэнцыялу і энтузіязму моладзі. Свет і Касцёл на сучасным этапе свайго развіцця патрабуюць новых, маладых, поўных духоўнага запалу евангелізатараў. Імі павінны стаць маладыя, якіх Касцёл хоча бачыць як місіянераў новай евангелізацыі, каб праз велікадушны дар саміх сябе несці праўду Евангелля ў сучасны свет, які часта жыве так, як быццам Бога зусім няма.
У такіх абставінах Касцёл заклікае моладзь уключыцца ў яго новую місійную акцыю і адказаць пануючай у свеце глабалізацыі абыякавасці адносна веры іншых людзей глабальным абвяшчэннем Евангелля, каб паказаць Хрыста як бясцэнны дар чалавецтву і весці яго да спаткання з Ім. З гэтага спаткання нараджаецца вера, святло якой здольна асвятліць цемру сучаснага свету, каб даць чалавецтву новую надзею.
Вам, маладым, якія атрымалі гэтае святло ў сакрамэнце хросту, неабходна яго ўмацоўваць і праз сваё хрысціянскае сведчанне несці іншым, асабліва сваім аднагодкам, каб праз веру ўсе маглі дасягнуць збаўлення. Для гэтага заўсёды неабходна памятаць аб словах святога апостала Паўла: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля!» (пар. 1 Кар 9, 16).
5. Каб належным чынам і дзейсна абвяшчаць Божае слова, неабходна самім быць вучнямі Хрыста, няспынна Яго слухаць і несці Яго вучэнне іншым, праз што таксама ўмацоўваецца і наша вера (пар. ПXXVIIIСДзМ, 2). Для выканання задання новага абвяшчэння Евангелля нельга сядзець на месцы і быць пасіўнымі. Неабходна ісці да людзей. Рух – гэта жыццё, як кажа прыказка. Таму хрысціянства не можа быць падобным да парэшткаў некалі магутных мамантаў ці дыназаўраў. Яно не можа быць музейным экспанатам, а павінна быць дынамічным, каб змяняць свет. Да гэтага заахвочвае сам Збаўца, які нагадаў апосталам, а праз іх нам, ісці і навучаць усе народы, бо хто паверыць, той будзе збаўлены (пар. Мк 16, 15-16).
Евангелізацыя вядзе да сустрэчы з Хрыстом. Той, хто Яго спаткаў, павінен дзяліцца з іншымі прыгажосцю і радасцю гэтага спаткання. Спраўцам евангелізацыі ёсць Святы Дух, які ажыўляе місію Касцёла, пабуджае нас, каб мы «выйшлі» з сябе саміх і ішлі да іншых, каб іх евангелізаваць і весці да сустрэчы з Богам (пар. ПXXVIIIСДзМ, 3).
6. Дарагая моладзь! Колькі людзей, асабліва маладых, у сучасным свеце страцілі сэнс жыцця, бо яны жывуць без веры. А калі няма святла веры, то ўсё ў жыцці становіцца няясным, чалавек не можа адрозніць дабра ад зла, не можа адрозніць дарогі, якая вядзе да мэты, ад дарогі, на якой ён блукае без накірунку, – кажа папа Францішак (пар. LF 3). Вам неабходна дапамагчы няверуючым і заблукаўшым знайсці святло веры праз сумленны дыялог з імі, з мэтай прывесці іх да пазнання Божай праўды і веры, брамы якой шырока адчынены для ўсіх (пар. PF 1).
7. Сярод многіх шляхоў плённага вядзення гэтага дыялогу асаблівае месца займаюць медыя, у першую чаргу інтэрнэт, які неабходна выкарыстоўваць належным чынам, клапоцячыся аб яго этычным і місійным вымярэнні, каб уводзіць у сучасную секулярную культуру хрысціянскія каштоўнасці, на якіх неабходна будаваць наша жыццё. Сучаснае пакаленне моладзі – медыйнае, выхаванае на сродках масавай камунікацыі. Менавіта таму мас-медыя павінны стаць новым, эфектыўным інструментам новай евангелізацыі (пар. ПXXVIIIСДзМ, 4).
Другім вельмі важным яго элементам павінна стаць належнае выкарыстанне пілігрымак, падарожжаў і сучаснага феномену міграцыі, каб у новых абставінах быць сведкамі веры (пар. ПXXVIIIСДзМ, 4). Такім чынам моладзь павінна стаць носьбітамі святла веры, – як заахвочвае папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы «Lumen fidei» – «Святло веры» (пар. LF 37).
8. Каб ажыццявіць гэтую праграму, неабходна самім быць моцнымі верай. Гэта азначае, неабходна карміцца хлебам Божага слова і Эўхарыстыяй, удзельнічаць у іншых сакрамэнтах, асабліва ў сакрамэнце пакаяння, а таксама прымаць удзел у дабрачыннай дзейнасці, каб на заклік Хрыста «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19), адказаць: «Вось я, пашлі мяне» (Іс 6, 8). Неабходна дазволіць Богу дзейнічаць, бо Ён можа здзівіць нас нават у вельмі складаных умовах нашага жыцця і цяжкасцях (пар. /2/home/vatican/news/holy-father/118719-papa-aparesida. html). Бог ужо вельмі моцна здзівіў нас, калі пасля трох пакаленняў атэізму і ганенняў на веру мы атрымалі свабоду веравызнання. Дык чаму ж Ён не можа нас здзівіць у справе адраджэння веры? Бог дзейнічае праз людзей, і таму моладзь павінна стаць спецыяльным носьбітам Бога.
Таксама неабходна браць прыклад са святых. Нашай малітоўнай сустрэчы спадарожнічае святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, рэліквіі якой пілігрымуюць па Беларусі і заўтра прыбудуць у Івянец. Малым шляхам да святасці яна прапанавала свету прыладу, як стаць святым. Дзякуючы гэтаму шляху Малая Тэрэза стала вялікай у Божым Валадарстве. Святая Тэрэза з Лізьё таксама з’яўляецца апякункай місій. Таму заклікаю вас скіраваць свой духоўны позірк на яе і дазволіць ёй паказаць дарогу да святасці і стаць місіянерамі нашага часу.
9. Дарагія юнакі і дзяўчаты! Вы сабраліся тут, у Івянцы, з вераю, што Езус хоча вас аднавіць духоўна, каб ваша вера ўмацоўвалася, каб вы адкрылі ў сабе новы місійны патэнцыял і маглі адважна несці святло веры ў сучасны свет з мэтай фармаваць сваё заўтра на прынцыпах Евангелля. Няхай у гэтай місіі вам спадарожнічае радасць прысутнасці ў вас Бога і Яго любові, каб перадаць яе іншым (пар. /2/home/vatican/news/holy-father/118719-papa-aparesida. html).
З гэтымі пажаданнямі давяраю ўсіх вас апецы Марыі – зорцы новай евангелізацыі – і аб'яўляю VI Малітоўную сустрэчу моладзі ў Івянцы адкрытай.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Францішак. Энцыкліка «Lumen fidei» (LF). 2. Бэнэдыкт XVI. Апостальскае Пасланне на Год веры «Porta fidei» (PF). 3. Бэнэдыкт XVI. Пасланне на XXVIII Сусветны дзень моладзі (ПXXVIIIСДзМ).
|