Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова біскупа Антонія Дзям'янкі на закладку вуглавога каменя пад пабудову святыні і асвячэнне сцен касцёла ў Драгічыне |
Слова біскупа Пінскага Антонія Дзям'янкі пры закладцы вуглавога каменя пад пабудову святыні і асвячэнне сцен на Урачыстасць МБ Каралевы ў Драгічыне Палескім 22 жніўня 2013 Дзве акалічнасці сабралі нас тут у гэтым горадзе: адпустовае свята парафіі Маці Божай Каралевы і закладка вуглавога каменя з асвячэннем сцен касцёла, які будуецца. Дарагія парафіяне, супольнасць вашай парафіі на працягу не цэлага стагоддзя прымала на сябе высілак пабудовы ўжо другой парафіяльнай святыні. Як вядома з гістарычных крыніц і сведчання старэйшых парафіянаў, касцёл у вашым горадзе быў збудаваны ў 1928 годзе за кошт парафіянаў і стараннасцю кс. Томаша Ліпэцкага. Тады ваша парафія налічвала 1290 вернікаў. На жаль, ваенныя гады і часы пасляваеннай атэізацыі спрычыніліся да таго, што касцёл быў забраны для свецкіх спраў і дагэтуль выкарыстоўваецца як крама і дом культуры. Пасля беспаспяховых спробаў вярнуць святыню для Божага культу, сцены якой былі намолены вашымі продкамі, вы зарганізаваліся, каб вымураваць новую святыню. Са святой памяці ксяндзом Тадэвушам Стэчкоўскім вы знайшлі пляцоўку і будынак, які намаганнямі супольнасці быў прыстасаваны пад месца культу і вясной гэтага года вы распачалі будову святыні, сцены якой будуць асвечаныя сёння. Для парафіі святыня, якая будуецца, будзе бачным знакам прысутнасці Бога ў вашым горадзе для супольнасці католікаў і людзей добрай волі. Няхай яна стане таксама бачным знакам Бога для тых, хто згубіў дарогу да Яго альбо толькі ў пошуках гэтай дарогі да Бога. Святыня нагадвае аб існаванні тут парафіяльнай супольнасці. Чым з’яўляецца парафія для вернікаў? Кожная парафія з’яўляецца нашай духоўнай маці, таму што родзіць у нас новае жыццё, жыццё ў асвячаючай ласцы. Парафія — гэта як біялагічная клетка арганізма — Паўсюднага Касцёла; у ёй тое самае Божае жыццё, што і ў Паўсюдным Касцёле. У ёй адбываецца тое самае, што і ва ўсім Касцёле. Парафія святая, таму што вырастае з улоння святога Касцёла. У яе членах жыве жывы Хрыстус. Гэта Ён праз біскупа і прэсбітэра хрысціць нас, навучае, корміць, абмывае з грахоў, лучыць з Айцом і з братамі, нястомна вучыць Божым праўдам, корміць Эўхарыстыяй. Благаслаўлёны Папа Ян ХХІІІ навучаў: ёсць такая ўстанова, якая заслугоўвае вялікай пашаны — гэта парафія. Калі парафія добра арганізавана і пранікнута звышпрыродным духам, то яе прыгажосць нястомна трывае ў паасобных верніках і сем’ях. Парафія не з’яўляецца арганізацыяй паслугаў, у якой можна ўсё атрымаць, купіць альбо дастаць, але супольнасцю людзей веруючых і практыкуючых, якія — злучаныя ў той самай веры і любові Хрыста — утвараюць адзіны Хрыстовы Касцёл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла аб парафіі гаворыць так: парафія — гэта эўхарыстычная супольнасць і цэнтр літургічнага жыцця хрысціянскіх сем’яў, яна з’яўляецца асноўным месцам катэхезы дзяцей і бацькоў (ККК 2226). Св. Ян Хрызастом у V ст. навучаў: не можаш маліцца ў доме, так як у касцёле. У касцёле вялікі натоўп і прызыў да Бога ўзносіцца адным сэрцам — у гэтым ёсць штосьці большае; лучнасць думак, згоднасць душаў, повязь любові, малітва святара. Ніхто не здзіўляецца, што веруючыя людзі рашаюцца на пабудову святыні, што засноўваюць парафіі. Гэтага патрабуе сэрца. Гэта вынікае з глыбокага даверу да Езуса, які завалодаў чалавечымі сэрцамі яшчэ у часы іх маладасці, яшчэ ў бацькоўскім доме. А імкненне сэрца ніхто не можа адмяніць. Бо з розных акалічнасцяў прыгашаныя імкненні сэрца ажываюць тады, калі надыдуць спрыяльныя ўмовы. Так было заўсёды. Калі язычнікі сустракаліся ў прыгожых святынях у першыя вякі хрысціянства, то хрысціяне сустракаліся на Эўхарыстыі ў катакомбах. Так было ў іншыя часы гісторыі хрысціянства, калі нельга было афіцыйна ўдзельнічаць у набажэнствах. Тады збіраліся на малітвы патаемна. Бо сэрцу нельга забараніць, ані застрашыць кантакт з Богам праз эканамічныя цяжкасці, адміністрацыйную забарону і іншыя неспрыяльныя акалічнасці. Сёння ўдзельнічаем ў асвячэнні фундаментаў і муроў новай святыні — вашай святыні. Так рэалізуеце памкненні сэрцаў, якія звернуты да Бога і Богу гэту святыню будуеце. Будуеце для сябе, вашых дзяцей і ўнукаў. Будуеце сапраўдны Божы Дом — адзіны каталіцкі касцёл для жыхароў горада і раёна. У гэтай святыні будзе месца для кожнага: для тых, хто заблукаў; для грэшніка, для таго хто яшчэ ў няўпэўненасці; і для святых, бо гэта будзе дом Айца. А ў доме Айца ёсць месца для кожнага, нават для падарожных. Да выключнасці дому належыць тое, што ён адчынены для кожнага. Гэта толькі салоны для выбраных. Дом — для ўсіх. Парафіяльная супольнасць заахвочвае нас да жыцця ў святасці і да сведчання аб Хрысце іншым. Папа Францішак так навучае : жыць Евангеллем — значыць весці барацьбу з эгаізмам. Евангелле — гэта прабачэнне і спакой. Гэта любоў, якая паходзіць ад Бога. Уваход да Божай хвалы патрабуе штодзённай вернасці Яго волі, таксама тады, калі гэта звязана з вялікімі высілкамі і ахвярнасцю з нашага боку. Усе мы гліняныя начынні, вельмі крохкія і бедныя, але носім у сабе непамерны скарб. Мы не можам быць замкнутыя ў нашых парафіях, супольнасцях, калі столькі асоб чакае на Евангелле. Мы ўсе грэшнікі, але просім Пана, каб не быць гіпакрытамі. Тыя не ведаюць, што такое прабачэнне, радасць, любоў Бога. Гэта будзе сапраўдны дом, бо ў ім паселіцца Хрыстус, наш брат у чалавечнасці. А ў доме брата заўжды ёсць месца для братоў і сясцёр. Гэта будзе сапраўдны дом для Марыі, Маці Езуса і нашай маці. У доме маці знойдзе мейсца нават «бомж». Маці здолее распазнаць у ім рысы свайго сына. Кожны на свой спосаб павінен клапаціцца аб парафіяльнай супольнасці і аб пабудове Божага дому, аб апостальскай дзейнасці ў парафіі. Св. Тэрэса, рэліквіі якой у Год Веры прабываюць у Беларусі, малілася: Езу, учыні, каб я ніколі не была цяжарам для супольнасці. Няхай у хуткім часе гэты дом, прызначаны вамі для выключна Божых спраў, будзе збудаваны. Няхай будзе месцам спаткання з Богам кожнага чалавека, які верыць, тых, хто шчыра шукае Бога і тых, якія навярнуліся і зноў знаходзяць дарогу да любячага Міласэрнага. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.