Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Лекцыя біскупа Антонія Дзям’янкі на пачатак новага года для слухачоў «Школы сямейнага жыцця Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі»

19 кастрычніка 2013 г., Ляскоўка

Дарагія студэнты і выкладчыкі, я цешуся, што магу на пачатку новага навучальнага года спаткацца з вамі, дзякую за запрашэнне кіраўніцтва курсаў і хачу падзяліцца з вамі некаторымі меркаваннямі адносна вашай ролі як дарадчыкаў сямейнага жыцця ў грамадстве і Касцёле. Цікавы артыкул Таццяны Кухаронак  

ІДЭАЛ ЖАНЧЫНЫ I МУЖЧЫНЫ Ў СВЕТАПОГЛЯДЗЕ БЕЛАРУСАЎ: ТРАДЫЦЫІ I СУЧАСНАСЦЬ

Яна, аналізуючы звычаі нашых продкаў, піша, што ў традыцыйным беларускім грамадстве вялікая ўвага надавалася фарміраванню правільнага светапогляду, які вызначаў адносіны чалавека да наваколля, да іншых людзей, яго ўласнае месца ў свеце, сістэму перакананняў і ідэалаў, што абумоўлівалі яго жыццёвую пазіцыю і паводзіны ў розных сферах жыцця.

Ідэал дасканалага чалавека ў беларусаў з'яўляўся своеасаблівым узорам выхавання, універсальным феноменам, у якім адлюстравалася агульная задача ўсяго працэсу фарміравання асобы. Народная філасофія выпрацавала ўяўленні аб ідэале, які бачыўся ў спалучэнні шматлікіх дадатных якасцей, — рабіць дабро, жыць у міры, згодзе з суседзямі, дапамагаць слабому, захоўваць вернасць у сяброўстве і каханні, не губляць чалавечай годнасці ва ўсіх выпадках жыцця, быць справядлівым, сумленным, гасцінным, праўдзівым, сціплым, прыстойным, добразычлівым. Галоўнымі рысамі ідэальнага чалавека, акрамя гэтага, з'яўляліся любоў да Радзімы, да прыроды, працавітасць, гаспадарлівасць. Учынкі і дзейнасць людзей абмяжоўваліся пэўнымі забаронамі, якія садзейнічалі захаванню і развіццю чалавечага грамадства і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем. У людзей, незалежна ад адукацыі і сацыяльнага становішча, былі аднолькавыя паняцці граху і сораму. Усе формы народнай педагогікі будаваліся на ас- новатворным пастулаце, які для ўсяго чалавецтва лічыцца «залатым правілам маральнасці», і ў беларускага народа гучыць так: «Усё, што сабе не міла, другому не зыч»1. 3 гэтых светапоглядных уяўленняў паходзіць адзін з галоўных прынцыпаў народнай педагогікі — прынцып мэтанакіраванасці. Народ ведаў, якіх нашчадкаў ён хоча выхаваць і як гэтага дасягнуць.

У мінулым у беларусаў існавала надзвычай збалансаваная стройная сістэма сацыялізацыі дзяцей і моладзі, асноўнае месца ў якой займала дыферынцыраванае стаўленне да выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак. Фарміраванне палавой ідэнтычнасці індывіда, гендэрных стэрэатыпаў з'яўлялася перадумовай паспяховага засваення ім адэкватнай гендэрнай ролі — мужчынскай або жаночай. У выніку складанага перапляцення абрадавых дзеянняў забяспечвалася сацыяльная, гендэрная ідэнтыфікацыя дзіцяці, далучэнне яго да жыццёвых каштоўнасцей сям'і, роду, вясковай грамады, засваенне ім традыцыйнай культуры, носьбітам і спажыўцом якой яму належала быць.

Найбольш адказным перыядам у працэсе сацыялізацыі лічылася ранняе дзяцінства, і нават час, калі дзіця знаходзілася ва ўлонні маці і калі фарміраваліся шматлікія дэтэрмінанты паводзін дарослага чалавека.

У традыцыйным грамадстве, традыцыйнай культуры беларусаў дзіця разглядалася як неад'емная частка прыроды і сусвету. Яго зачацце, нараджэнне, развіццё і выхаванне падпарадкоўвалася агульным касмічным законам узаемасувязі ўсяго жывога на зямлі. Веданне гэтых законаў нашымі продкамі абумовіла з'яўленне правілаў паводзін мужа і жонкі ў момант зачацця дзіцяці і паводзін жанчыны ў перыяд цяжарнасці. Пачаткам рытуальнай сацыялізацыі можна лічыць традыцыйную рэгламентацыю зачацця будучага дзіцяці, што, паводле ўяўленняў беларусаў, мела асабліва важнае значэнне для фарміравання паўнавартаснага статусу чалавека ў будучым.

Забароны адносна зачацця выцякалі з уяўленняў нашых продкаў аб існаванні «гэтага свету», дзе жыў сам чалавек і дзейнічала пэўная сістэма сацыяльных адносін і маральных каштоўнасцей, жыццё працякала пры будзённым («жывым») часе, і «таго свету», дзе знаходзіліся загадкавыя звышнатуральныя сілы, якія ўрываліся ў гэты свет на святы, калі панаваў святочны («мёртвы») час. Так, паводле традыцыйных уяўленняў беларусаў, нельга было зачынаць дзіця ў вялікія каляндарныя і рэлігійныя святы, у нядзелю, а таксама напярэдадні іх і ў ноч са свята на будзённы дзень, каб яно не нарадзілася непаўнавартасным, што не дазволіць яму ў будучым выконваць сацыяльна-гендэрныя ролі. Часовае аб'яднанне падчас святаў «гэтага» і «таго» свету, калі стваралася ўмоўная сітуацыя абсалютнай перавернутасці ўсяго звыклага ўкладу жыцця, абумоўлівала непаўнавартаснаць зачатага ў гэты перыяд дзіцяці, немагчымасць правільнай рэалізацыі жыццёвай праграмы.

Яшчэ адна група прыкмет была звязана з назіраннямі за абліччам, самаадчуваннем і паводзінамі цяжарнай жанчыны. Агульнабеларускі характар насілі наступныя пераканні: калі ў цяжарнай твар чысты, ярка-чырвоныя шчокі, выпуклы жывот — народзіцца хлопчык, калі ж твар у плямах, хваравіты, жывот пляскаты — дзяўчынка2.

Вельмі важным быў сам момант нараджэння дзіцяці, з'яўлення на свет, калі, паводле народнага меркавання, вызначаўся ўвесь далейшы лёс чалавека, на які, акрамя звышнатуральных сіл, маглі паўплываць рытуальныя дзеянні, славесныя формулы, прадметы-сімвалы. У першыя хвіліны жыцця праграмавалася будучая паспяховая дзейнасць мужчыны з усімі складовымі часткамі мужчынскага статусу — работнік, гаспадар, абаронца, бацька, і жанчыны — работніца, гаспадыня, жонка, маці. Паўсюль на Беларусі пупавіну хлопчыку пераразалі на нажы, сякеры, малатку, дубовай кары, кніжцы, а дзяўчынцы — на грэбені, верацяне, нітках, кручках, нажніцах. Згаданыя рытуальныя дзеянні ўстанаўлівалі сімвалічную сувязь са сферамі, у якіх павінна была праходзіць гаспадарчая, сямейная і грамадская дзейнасць мужчыны і жанчыны, вызначалі дыферэнцыяцыю працы ў залежнасці ад полу дзіцяці.

Такім чынам, дзякуючы рытуалам першага этапу сацыялізацыі, фарміравалася палавая ідэнтычнасць індывіда, што было важнейшай умовай паспяховага засваення і далейшага выканання ім адэкватнай мужчынскай або жаночай ролі, усведамлення свайго месца ва ўстойлівай сістэме грамадскіх і сакральных сувязей.

У беларусаў панаваў культ працы, да якой дзяцей далучалі з малых год, прычым дзяўчынак навучалі жаночым відам працы, а хлопчыкаў — мужчынскім. Да канца падлеткавага перыяду, які заканчваўся ў 16—17 гадоў, хлопцы павінны былі ўмець самастойна баранаваць, араць, касіць, малаціць, дзяўчаты ў гэтым узросце таксама павінны былі ўмець выконваць усе адпаведныя іх полу віды хатняй і грамадскай працы. Акрамя таго, у падлеткавым узросце завяршаўся працэс перадачы этнічнай культуры ад пакалення да пакалення. К моманту дасягнення паўналецця моладзь ведала ўсе традыцыйныя звычаі, абрады, адпаведную ім фальклорную спадчыну сваёй мясцовасці і ўсведамляла сваё месца і ролю ў іх выкананні.

Стварэнне сям'і было адной з самых значных падзей у грамадскім жыцці абшчыны, і ёй надавалася выключна важнае значэнне. Моц сямейна-шлюбнага саюзу падтрымлівалася і вельмі адмоўнымі адносінамі грамадства да нявенчанага шлюбу, да пазашлюбных сувязей і разводаў.

У народзе разумелі, што сапраўдная сям'я, якая з поспехам будзе выхоўваць дзяцей, не можа быць пабудавана без кахання. Этычны кодэкс народа, увесь тагачасны лад жыцця прывучалі, заклікалі маладых хлопцаў і дзяўчат быць у каханні вернымі, добрымі сэрцам, чулымі, спагадлівымі, адданымі, пяшчотнымі.

Створаны ў вуснай народнай творчасці дзявочы, жаночы вобраз у вышэйшай ступені самаахвярны, дзеля кахання яна гатова перанесці любыя цяжкасці, выпрабаванні, перацярпець нават крыўду, каб толькі быць побач з каханым чалавекам, бачыць і чуць яго кожны дзень, быць яму карыснай. Не менш прывабна ў беларускіх народных песнях намаляваны і вобраз закаханага хлопца. Гэтыя ідэальныя вобразы жанчыны і мужчыны разглядаліся як канкрэтная мэта выхавання і служылі ў беларускай народнай педагогіцы праграмай фарміравання асобы.

У рэальным жыцці, рэальным каханні, можа, з-за сціпласці і сарамлівасці хлопцаў і дзяўчат і не гучалі такія высокапаэтычныя словы, як у песнях, але яны жылі ў сэрцы і душы. У мінулым стагоддзі ў беларускай вёсцы прызнанне ў каханні часта здзяйснялася ў алегарычнай форме, асабліва ў час традыцыйных каляндарных свят. Так, на Вербніцу хлопец імкнуўся злёгку сцебануць галінкай вярбы дзяўчыну, якая яму падабалася. На Вялікдзень дзяўчаты дарылі сваім любым хлопцам фарбаваныя чырвоныя яйкі, а тыя ўзамен — звязак абаранкаў, што ўспрымалася сельскім калектывам як прызнанне ў каханні. На Купалле хлопцы імкнуліся злавіць вянок той дзяўчыны, якая падабалася, і разарваць яго, каб яна выйшла замуж менавіта за гэтага хлопца.

Трэба адзначыць, што сялянская абшчына ўскосна кантралявала і накіроўвала паводзіны моладзі. Знаходжанне хлопцаў і дзяўчат у маладзёжным калектыве магло доўжыцца ад 1 да 5 год, і гэта ўспрымалася грамадскай думкай як норма. Па сканчэнні гэтага пяцігадовага тэрміну на маладых людзей, што не ўступілі ў шлюб, пачыналі глядзець, як на сацыяльна амаральных. Таму на Масленіцу, калі заканчваўся чарговы перыяд вяселляў, сустракаліся шматлікія звычaі і абрады, якія сведчылі аб зацікаўленасці абшчыны ў стварэнні сям'і.

Паняцці кахання, шчасця былі непарыўна звязаны з сям'ёй, дзецьмі. У сямейным жыцці беларускіх сялян вышэй за ўсё цаніліся вернасць, адданасць, згода паміж мужам і жонкай. Бяздзетныя лічыліся няшчаснымі людзьмі. I, наадварот, дзеці былі ўвасабленнем шчасця, з імі звязваліся надзеі на бессмяротнасць, прадаўжэнне роду, дзеці — гэта дагледжаная старасць, апрацаваная зямля, вясёлы смех унукаў у дзедаўскай хаце.

Традыцыйныя ўяўленні беларусаў аб ідэальным чалавеку дапамагалі ім выхоўваць у кожным падрастаючым чалавеку высокамаральную асобу, што было фундаментам і стрыжнем для фарміравання іншых дадатных якасцей. На нашу думку, актуальныя сёння ў нашым адукацыйна-выхаваўчым працэсе гуманізацыя, дэмакратызацыя, духоўнасць немагчымы без асэнсавання традыцыйнага светапогляду, народнай педагогікі беларусаў, што прапаведуюць сумленнасць, велікадушнасць і дабрыню як норму ўзаемаадносін людзей, каханне, вернасць, адцанасць, самаахвярнасць, хараство, паэзію ва ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны.

Большасць сучасных аналітыкаў і практыкаў сацыяльна-культурнай сферы перакананы, што актуалізацыя традыцыйных маральнаэтычных, мастацка - эстэтычных каштоўнасцей ёсць адзін з прадуктыўных шляхоў вырашэння існуючых праблем у выхаванні сучаснага пакалення беларусаў.


Аналізуючы тэкст, можам рабіць высновы, што выхаванне новага чалавека ў грамадстве ў мінулым мела таксама і элементы хрысціянскага падмурку. На жаль, у сучасным свеце часта бачым узоры выхавання маладога чалавека, далёкія ад хрысціянскіх.  Нядаўна прачытаў артыкул аб тым, што ў грамадстве знікае пачуццё сораму, а таксама тым, што на амаральныя чыны ў грамадстве, зробленыя ў публічных месцах, неахвотна прысутныя даюць заўвагі. Выконваюць ролю гледачоў і баяцца заняць пазіцыю выхаваўцы. Распаўсюджваюцца т.зв. грамадзянскія шлюбы – без абавязкаў, без прысягі вернасці перад Богам і грамадскай супольнасцю. Алкагалізм, наркаманія збіраюць багатае жніво сярод маладых людзей. Непавага да жыцця чалавека ад зачацця да натуральнай смерці таксама існуе ў грамадствах. Таму паразважаем аб выхаванні чалавека.

Чалавек — істота разумная і павінна пастаянна ўсебакова развівацца. Нічога, што чалавечае, яму не павінна быць чужым. І нішто ў яго развіцці не павінна быць заблакіравана. Дзіця пасля нараджэння вельмі слаба падрыхтавана да самастойнага жыцця і ў першыя тыдні і месяцы бездапаможнае, пакінута на апеку бацькоў альбо апекуноў. Напачатку акружэнне пазнае толькі з дапамогай вуснаў, бо толькі з такім уменнем прыходзіць у гэты свет. Гэта дзіўна, што кароль стварэння такім чынам распачынае свой жыццёвы паход. Але ад малых год у спрыяльных выхаваўчых умовах ён праяўляе свае спецыфічныя патрэбы, якія можа развіць толькі чалавек, і ён можа чэрпаць з іх поўнае задавальненне.

У якім накірунку павінна адбывацца поўнае развіццё чалавека — над гэтым задумваюцца філосафы і тэолагі. Дарослы чалавек не можа  задаволіцца толькі хлебам, але і духоўнымі вартасцямі, як заўважае Езус (Мц 4, 4). Актыўны ўдзел у грамадскім, рэлігійным і сямейным жыцці з’яўляецца прыкметай сталасці.  Для сталай асобы жыццё — гэта штосьці большае, чым  здабыццё спажывы, напою, пачуццё бяспекі і кантакт з асобай супрацьлеглага полу, гэта штосьці большае, чым задавальненне інстынктаў. Так доўга, пакуль чалавек не здабудзе зацікаўленасць светам, які знаходзіцца па-за ім, аднак які з’яўляецца часткай яго, так доўга яго жыццё будзе падобным больш да жывёльнага жыцця, чым да чалавечага. Творчае пазнаванне свету, удзел у эстэтычных і маральных перажываннях і любоў нават да непрыяцеляў — гэта прыкметы поўнай чалавечнасці, вобраз чаго знаходзім у Езусе Хрысце.

Чалавек — істота не толькі біялагічная, але і духоўная. Гэтую часцінку, якая нас адрознівае ад жывёльнага і расліннага свету,мы атрымалі як дар ад Бога, які паклікаў нас да існаванння.. Усе людзі створаны на падабенства Богу. У кожным чалавеку ёсць не толькі матэрыяльная частка, але і духоўная, і яна павінна пастаянна развівацца. Калі людзі аб гэтым забываюцца, тады лёгка прыходзіць стан бессэнсоўнасці жыцця, і ў розных перыядах жыцця.

Чалавек сталы здольны любіць, быць прыязным для іншых. Ён здольны сябраваць з іншымі, таму важнай прыкметай з’яўляецца ўменне, здольнасць жыцця ў супольнасці, у якой жыве чалавек, і заўважаць яе праблемы. А гэта спалучана з выхадам з уласнага эгаізму і пыхі.

Прыкметай сталасці з’яўляецца сардэчны кантакт з акружэннем. Пастаяннае незадавальненне, крытыка, зайздрасць і цынізм маюць негатыўны ўплыў на акружэнне. Быць сардэчным — гэта значыць быць растаропным, прадбачлівым, думаючым, развіваць сябе для таго, каб быць вартасным для іншых. Неабходна так жыць, каб акружаючыя цябе людзі таксама мелі магчымасць развіцця. Сталы чалавек здольны ўтрымоўваць кантакт з многімі людзьмі. Ён пазбягае кантактаў павярхоўных і валітыўных (уладчых). Ён глядзіць на ўсё пад прызмай таго, што добрае, а не што з’яўляецца злым. Аб развіцці можна гаварыць тады, калі чалавек зацікаўлены дапамогай іншым. Здольны многае з сябе даваць і ахвярна ахвяроўваць свой час і сілы для бліжніх. Гэта вартасць заахвочваючая і ўзбагачаючая не толькі адоранага, але ў вялікай меры таксама таго, хто даў той дар.

Быць сталым духоўна і псіхічна - гэта ўдзел у важных галінах чалавечай дзейнасці. Неабходна быць актыўным удзельнікам таго, што адбываецца навокал, а не толькі пасіўным наглядальнікам. Нельга патрабаваць, каб чалавек браў актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах чалавечага жыцця, але ўдзел у жыццёва важных магчымы. Цяжка было б гаварыць аб сталасці чалавека, калі б ён не ўдзельнічаў  у такіх справах, як сямейнае жыццё, навука, прафесійныя абавязкі, грамадскае жыццё, эстэтычныя пачуцці, пошук праўды, выпрацоўка суіснавання, рэлігійнае жыццё. Жыццё дарослага чалавека можа быць вельмі багатым і павінна датычыць многіх каштоўнасцяў і набываць розныя адценні.

Сталасць псіхічная і духоўная заснавана на аб’ектыўнай ацэнцы самога сябе, блізкіх і акружаючай рэчаіснасці. Сталы чалавек імкнецца рэальна ацэньваць усё, што адбываецца навокал яго. Ён прызнаецца ў сваіх недасканаласцях і ведае аб сваіх цнотах. Недаразвіццё праяўляецца ў недаацэнцы альбо пераацэньванні сябе. З гэтага вынікаюць розныя складанасці, асабліва ў адносінах з іншымі. Чалавек сталы мае добры, праніклівы погляд на сябе, адпаведна ацэньвае, кім ёсць і да чаго імкнеццца, таму бачыць сябе аб’ектыўна. Ён умее пасмяяцца са сваіх слабасцяў і цешыцца са сваіх здольнасцяў. Гэта чалавек з гумарам, і разумее, што не павінен стаць на першым месцы ў грамадстве. Прафесію ён любіць і прыносіць плёны не толькі матэрыяльныя, але таксама псіхічныя і духоўныя.

Прыкладам узыходу на духоўную вышыню можа быць развітае рэлігійнае жыццё. Ёсць людзі, якія ганарацца, што з рэлігійным жыццём яны не маюць нічога агульнага. І гэта - так лічаць - для іх гонар, бо не выпрацавалі ў сябе такой неабходнасці альбо яе заглушылі ў сваім сумленні. Гэта для чалавека плюс ці мінус? Адказ відавочны. Рэлігійнае жыццё — гэта вялікае багацце духоўнае, у якім чалавек можа ўдзельнічаць.

На жаль, з’яўляецца спакуса таго, каб інтэнсіўнасць рэлігійнага жыцця зменшыць альбо поўнасцю згубіць. Прычынай можа быць адсутнасць часу на глыбокую медытацыю, свецкі ўплыў мас-медыя, вельмі інтэнсіўная прафесійная дзейнасць і многае іншае.

Акрамя цяжкасцяў, неабходна развіваць веру, бо яна з’яўляецца вялікім духоўным скарбам і дадае сілы для мужнага трывання ў штодзённых цяжкасцях жыцця.

Сталая вера ў Бога дае чалавеку матывацыю да перамены асобы, радасць і падтрымку ў кожную хвіліну жыцця і дзейнасці. Вызваляе новыя творчыя сілы, каб заўсёды шукаць пазітыўнай развязкі ў канфліктах і супрацівах лёсу, якія спатыкаюцца на шляху.  Дзякуючы Божай дапамозе веруючыя людзі здольныя прабачыць адзін аднаму розныя памылкі  і вытрымаць розныя крызісныя сітуацыі.

Спатыкаем людзей, якія занізілі чалавечыя магчымасці, вынікаючыя з чалавечай натуры, канцэнтруючыся толькі на спажывальніцтве чыста цялесных і вельмі тым расчараваныя. Многія, жывучы на ўзроўні заспакаення толькі ўласных жыццёвых патрэб, сталі перад жыццёвай пустатой і бессэнсоўнасцю далейшага жыцця. Многія ў такой сітуацыі нават хацелі ўчыніць самазабойства альбо сталі пацыентамі псіхбальніцы. Узровень цялеснага жыцця і спажывальніцтва  аказаўся занадта нізкім  для чалавечых магчымасцяў.

Псіхалогія, характарызуючы асаблівасці чалавека сталага, пералічвае многія важныя паводзіны, якія неабходна мець на ўвазе, калі ствараем выхаваўчыя праграмы для дзяцей і моладзі. Сталы чалавек мае скрышталізаваныя мэты і ўпарадкаванае эмацыянальнае жыццё, г.з. прапарцыянальна рэагуе на выклікі, якія вынікаюць з інстынктаў. У цяжкіх сітуацыях справіцца з неспакоем, празмерным пачуццём страху. Здолее вырашыць справу з пачуццём віны, здольны ўчыніць крок да выпраўлення і зрабіць змену датыхчасовых паводзін. Яго характарызуюць свабодныя адносіны да іншых людзей. Ён можа справіцца з пачуццём нянавісці. Ён добразычлівы і прыязна адносіцца да іншых людзей.

Касцёл давярае выхаванне дзяцей сям’і, а не якімсьці спецыялізаваным установам. Другі Ватыканскі Сабор павучае, што бацькі, паколькі далі жыццё дзецям, абавязаны іх выхаваць. Таму ўладамі і рознымі аўтарытэтамі бацькі павінны быць прызнаны першымі  і галоўнымі выхаваўцамі. Ніхто не мае права пазбавіць іх гэтага абавязку альбо ізаляваць іх ад дзяцей. Мэта хрысціянскага выхавання - гэта не толькі давесці да поўнага асабовага развіцця, але і да паслядоўнага іх уводу ў Таямніцы Збаўлення.

Калі ў працэсе выхавання маладога чалавека абмінаецца роля бацькоў, то робіцца вялікая крыўда чалавеку і супольнасці. Найдаражэйшы скарб сям’і — гэта не грошы, улада, спажывальніцтва, але добра выхаванае дзіця. Кепскія плёны выхавання дзіцяці адчуе найперш сям’я, потым грамадства, але і Касцёл. Таму нельга прымаць ідэі і падпарадкоўвацца фальшывым, не да канца абдуманых лозунгам адносна выхавання дзяцей, якія крытыкуюць правераную мадэль выхавання, якую падае Касцёл. А ў працы па выхаванні новага пакалення Касцёл бачыць моцнае супрацоўніцтва сям’і, школы  і парафіі.

У грамадстве і ў Касцеле павінен быць выпрацаваны адзін напрамак для выхавання дзяцей, моладзі і дарослых людзей.  Усе павінны клапаціцца аб выхаванні адказнага чалавека і грамадска прыстасаванага, які здолее любіць Бога, людзей і ўвесь створаны свет, здольны стварыць каштоўнасці і суіснаваць мірна з іншымі людзьмі. У кожным грамадстве розныя  выхаваўчыя ўстановы    могуць мець разнастайныя праграмы і метады, але адну асноўную мэту, якой з’яўляецца фармацыя адказнага характару ў дзяцей і моладзі.

Дагэтуль не ўвянчалася поспехам выхаванне, даверанае толькі спецыялістам. Былі спробы ў старажытнасці, але і ў сістэмах ХХ стагоддзя даверыць выхаванне маладога пакалення  адукаваным і падрыхтаваным педагогам, псіхолагам, дыдактыкам, лічылі, што такое выхаванне будзе лепшым, чым у сям’і, дзе бацькі звычайна не маюць такой адукацыі. Выхаваўчыя сістэмы, вынікаючыя з партыйных меркаванняў, не далі вынікаў. Выхаванне без бацькоў часта робіць дзяцей  бяздушнымі, непрыязнымі і агрэсіўнымі.

Іншая сістэма настаўляла непрыязна дзяцей да бацькоў, не давала шансаў доўгага прабывання бацькоў з дзецьмі, арганізоўваючы дадатковыя працы для бацькоў. Паводле такой дактрыны, трэба выхаваць чалавека будучыні, без веры ў Пана Бога, які верыць толькі ў камуністычныя ідэі. І перашкодай была таму хрысціянская сямейная традыцыя, якая выхоўвала дзяцей зусім у іншым духу. Таму створаны былі сістэмы выхавання ад дзіцячых садкоў, школы і ВНУ з мэтай як мага большай ізаляцыі падрастаючага пакалення ад сямейнай хрысціянскай традыцыі.

Сёння неабходна мець людзей з ініцыятывай таго, каб развівалі нармальнае жыццё сямейнае і грамадскае. Пад уплывам памылковай выхаваўчай ідэалогіі ў людзей наступілі змены асабовыя, якія ў хуткім часе цяжка выправіць. Людзі, так выхаваныя, не здольныя рэалізаваць сябе ў жыцці. Былі пазначаны пэўным знакам, які не дазваляе ім цешыцца жыццём. Некаторыя страцілі сэнс жыцця і дзейнасці, хоць маюць цяпер вялікія магчымасці развіцця. Перакананне аб тым, што здаровае і паўнацэннае дзіця можна выхаваць па-за сям’ёй, аказалася памылковым і прынесла вялікія страты як паасобным людзям, так і грамадствам.

І сёння ліберальныя лозунгі  таксама недаацэнваюць вартасць сям’і.  Мацярынства і бацькоўства недааценваюць грамадствы. Знак роўнасці ставіцца паміж прафесійнай дзейнасцю і выхаваннем дзіцяці. Лічыцца, што выхаваннне — гэта прыватная справа бацькоў. Нярэдка абмяжоўваюцца час і сродкі, якія павінны дапамагаць сям’і ў выхаванні дзяцей. І робіцца акцэнт, каб жанчына забывалася аб мацярынстве як аб найважнейшым заданні свайго жыцця. Часта падкрэсліваецца, што яна павінна паказаць сябе найперш як спецыялістка ў пэўнай прафесійнай дзейнасці, бо памылкова лічаць, што жыццё нельга абмежаваць толькі да нараджэння і выхавання дзяцей, да вядзення хатняй гаспадаркі. Ніхто не заніжае прафесійных здольнасцяў жанчыны і яе ўдзелу ў грамадскіх абавязках, але яе найважнейшым і шляхетным заданнем, якое павінны ўсе прызнаць, з’яўляецца яе мацярынства, а для бацькоў - бацькоўства.

Адноўлена 19.10.2013 13:38
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску