Мінск, Чырвоны касцёл, 15 лістапада 2013 г.
Як добра і як прыемна жыць і служыць Богу і людзям разам з братамі (пар. Пс 132 (131), 1)
Вашы Эксцэленцыі, дарагія святары!
1. Сардэчна вітаю ўсіх вас, Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча, Пінскага біскупа Антонія Дзям’янку і дапаможнага біскупа Казіміра Велікасельца, Апостальскага адміністратара Віцебскай дыяцэзіі кс. прэлата Францішка Кісяля, Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека і прыбыўшых з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны на другую ўсебеларускую сустрэчу святароў.
Як памятаем, першая падобная сустрэча на тэму “Вернасць Хрыста – вернасць святара” адбылася 4 жніўня 2009 г. з нагоды Года святара. Другая агульнабеларуская сустрэча святароў прысвечана завяршэнню Года веры. Яе тэма “Святло веры – вернасць святара” сваё натхненне атрымала з першай энцыклікі Папы Францішка “Lumen fidei” – „Святло веры”.
Галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцца з’яўляецца новая евангелізацыя з мэтай адраджэння веры, якая знаходзіцца ў вялікім крызісе, бо ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бог зусім не існуе. У той жа час, як падкрэслівае Папа Фрацішак, сучаснаму чалавеку патрэбна святло веры, каб ён не заблудзіўся і ведаў, як адрозніць дабро ад зла (пар. LF 3).
2. Сінод Біскупаў на тэму “Новая евангелізацыя для перадачы веры”, які адбыўся ў мінулым годзе, падкрэсліў, што святар з’яўляецца першай і галоўнай дзеючай асобай працэсу новай евангелізацыі. Для выконвання гэтай самай важнай і вельмі актуальнай місіі мы павінны быць адпаведна падрыхтаваны.
Нам неабходна чытаць знакі часу і адказваць на яго выклікі. Яны адносяцца не толькі да агульных сучасных тэндэнцый секулярызму і маральнага рэлятывізму, праблемы адраджэння веры, заснавання новых супольнасцяў і будавання касцёлаў, фармацыі маладых святароў, арганізацыі агульнага і спецыялізаванага пастырства, адносін з грамадствам, светам навукі і культуры, дабрачыннасці, каталіцкіх медыя і г.д., але таксама да дзейнасці і жыцця святароў, іх удзелу ў жыцці грамадства, адносін паміж сабой і са свецкімі вернікамі і інш.
3. Мы вучым і заклікаем іншых да адзінства. Але, у той жа час, ці самі можам служыць іншым добрым прыкладам? Нам неабходна памятаць аб старой лацінскай прыказцы: “Divide et impere” – “Раздзяляй і валадар”. Д’ябал не спіць і імкнецца да аслаблення і нават разбурэння Касцёла, выкарыстоўваючы таксама існуючыя ў Касцёле нязгоды ці падзелы. Таму нам перад выклікамі сучаснасці неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на еднасць як паміж духоўнымі асобамі, так і паміж імі і вернікамі, што ў наш час з’яўляецца немалой праблемай.
Усё гэта не азначае, што не можа быць розных меркаванняў на тую ці іншую праблему. Яны павінны быць, бо ў спрэчцы нараджаецца праўда. Аднак на першым месцы павінна быць еднасць, як залог поспеху, стабільнасці і плённай дзенасці. У сучасным свеце ёсць шмат сілаў, якіх імкнуцца падзяліць Касцёл, ведаючы, што тады ён будзе слабы і не будзе здольны выканаць даручаную яму функцыю быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення.
4. У сваім служэнні мы таксама павінны памятаць аб тым, што святарства не з’яўляецца нашай уласнасцю, але ўласнасцю Хрыста. Святарскія функцыі, якія мы выконваем, - гэта не нашы асабістыя функцыі, але Хрыста. Менавіта таму Касцёл называе святара “Alter Christus” – “Другі Хрыстус”.
Мы павінны памятаць таксама аб тым, што пакліканы служыць, а не валадарыць. Служыць усім, без выключэння, людзям, каб весці іх да Бога. Езус прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць (пар. Мц 20, 28). І ў нашым святарскім служэнні мы павінны браць прыклад з Яго. Не быць толькі цэлебруючымі сакрамэнты аўтаматамі, але сапраўднымі слугамі.
Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што святар павінен быць спецыялістам ад спаткання чалавека з Богам (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2006/may/documents/hf_ben-xvi_spe_20060525_poland-clergy_it.html), бо з гэтага спаткання нараджаецца вера, без якой няма збаўлення (пар. Ян 3, 36). А Папа Францішак падкрэслівае, што святар павінен ведаць пах людзей да якіх пасланы (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/ documents/papa-francesco_20130328_messa-crismale_it.html). Гэта азначае, што ён павінен жыць праблемамі людзей, каб яго пастырства было мілым Богу і людзям, а таксама плённым.
На асобную праблему служэння святара ў сучасным секулярызаванымм свеце звяртае ўвагу Папа Францішак, калі кажа, што Касцёл ў сваёй дзейнасці не можа абмяжоўвацца сценамі малітоўных дамоў і павінен ісці да людзей (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/speeches/2013/july/ documents/papa-francesco_20130725_gmg-argentini-rio_it.html). Мы добра памятаем часы ганенняў, калі было мала дзейнічаючых касцёлаў і святароў і калі закон забараняў праводзіць акцыі па-за мурамі святыні. Тады гаварылася, што дзейнасць Касцёла была абмежавана сакрыстыяй. Сёння іншыя ўмовы, і мы павінны іх выкарыстаць належным чынам, асабліва звяртаючы ўвагу на новыя выклікі часу.
Ужо мінулі часы, калі людзі шукалі святара. Сёння нам, святарам, трэба іх шукаць. Таму ў сваёй дзейнасці нам неабходна выкарыстоўваць усе магчымасці, каб данесці Добрую Навіну іншым. Хрыста неабходна несці людзям. Нельга замыкаць Яго ў сценах касцёлаў і капліц. Ён павінен з іх выйсці, каб сваёю ласкай духоўна адраджаць людзей. Таму ў нашай пастырскай дзейнасці неабходна шырэй выкарыстоўваць новыя арэапагі сучаснасці, такія, як свет навукі, культуры, медыя, спорту і г.д. Гэта і будзе наш адказ на заклік Папы, бо ў наш час неабходна не толькі хрысціць навернутых, але і навяртаць ахрышчаных.
Усе мы служым тым самым людзям і працуем на карысць таго ж самага Касцёла, і таму ўсе слугі алтара аднадушна павінны ўключацца ў рэалізацыю агульнабеларускіх і агульнадыяцэзіяльных душпастырскіх праектаў, а не засяроджвацца толькі на лакальных, ігнаруючы агульныя, бо інакш мы будзем падобныя да лебедзя, рака і шчупака з басні Івана Крылова і наш душпастырскі воз застанецца на месцы.
5. Для ажыццяўлення справы збаўлення чалавека Езус патрабуе святароў. Без іх выслужанае ім праз пасхальную таямніцу збаўленне засталося б нявыкарыстаным.
Ва ўсіх сферах нашай пастырскай дзейнасці і нашага святарскага служэння мы павінны заставацца святарамі, каб задаволіць чаканні вернікаў згодна з духам Евангелля і вучэннем Касцёла, бо гэта іх права. Нам неабходна быць з людзмі, ехаць разам з імі тым самым цягніком іх жыцця, каб духоўна дапамагаць у іх пілігрымцы ў зямным жыцці і да нябеснай айчыны.
6. Для паспяховага выканання гэтых і іншых пастырскіх заданняў неабходна наша сталая чалавечая, духоўная, інтэлектуальная і пастырская фармацыя. Калі ў дзяржаве існуюць курсы павышэння кваліфікацыі розных спецыялістаў, то чаму мы нярэдка думаем, што з завяршэннем семінарыі наша фармацыя таксама завяршылася?
Без яе, асабліва без малітвы, мы станем падобнымі да сухога дрэва, якое не дае плёну. Мы будзем перажываць крызісы, калі не будзем пастаянна злучаны з нашай крыніцай – Першасвятаром Езусам Хрыстом.
7. Выказваю надзею, што сённяшняя сустрэча дапаможа нам нанова адкрыць таямніцу, тоеснасць і веліч нашага святарскага паклікання і служэння, ад якога залежыць будучыня Касцёла ў Беларусі. Што яна будзе спрыяць пераадоленню крызісаў у выконванні гэтага служэння і пошуку адзінства, каб мы сапраўды былі адным беларускім прэзбітэрыем, як залог поспеху нашага Касцёла. Што стане добрай нагодай падзяліцца сваімі поглядамі на жыццё і праблемы Касцёла ў Беларусі з мэтай іх вырашэння. Паспрыяе праз прызму вучэння Касцёла ацаніць не заўсёды здаровае і нязгоднае са святарскім пакліканнем захапленне не звязаным са святарскай паслугай актывізмам, на карысць духоўнага служэння людзям. Дапаможа падзяліцца пастырскімі досведамі і будзе спрыяць выпрацоўцы адзінага пастырскага плану для Касцёла ў Беларусі.
Няхай заступніцтвам Марыі – Маці святароў – Езус Хрыстус, які паклікаў нас да святарства, благаславіць гэты дзень супольнай малітвы, разважанняў над дарам святарства, сучаснымі праблемамі Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне і пошукаў шляхоў іх вырашэння. Няхай ён стане новым адлікам часу ў яго сучаснай гісторыі, каб нам было добра і прыемна жыць і разам служыць нашаму народу (пар. Пс 132 (131), 1) на хвалу Богу і для збаўлення людзей.
Дзякую за ўвагу.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Францішак. Энцыкліка “Lumen fidei” (LF). 2. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2006/may/documents/hf_ben-xvi_spe_20060525_poland-clergy_it.html. 3. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/ documents/papa-francesco_20130328_messa-crismale_it.html. 4. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/speeches/2013/july/ documents/papa-francesco_20130725_gmg-argentini-rio_it.html.
|