Даклад кс. Юрыя Санько «Тэалагічнае абгрунтаванне ўдзелу Касцёла ў вырашэнні экалагічных праблем — «захаванне Божага стварэння» |
Семінар для святароў «Экалагічныя пытанні сучаснасці» Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр ім. Й. Рау, 14 лістапада 2013 г.
План 1. Уступ Рэчаіснасць, якая змяняецца сёння кожную хвіліну, дзякуючы духоўнаму і інтэлектуальнаму развіццю, не спыняецца нас захапляць. Жывём у цудоўны час разнастайных інфармацыйных патокаў, інфармацыю ў сваю чаргу спрабуем прыняць, асэнсаваць і пераказаць далей. Аднак, не зважаючы на вялікія адкрыцці, сённяшні чалавек становіцца больш неспакойны і заклапочаны. Здавалася, што шматлікія тэхнічныя адкрыцці павінны аблегчыць камунікацыю паміж людзьмі, але адбываецца наадварот. У апошнія два дзесяцігоддзі свет стаў сведкам глыбокага экалагічнага крызісу, найбольш яркімі сведчаннямі якога з’яўляюцца змены клімату, страта біялагічнай разнастайнасці і забруджванне натуральных прыродных рэсурсаў, а таксама ўсё больш пашыраецца разрыў паміж беднымі і багатымі, звязаны з адсутнасцю на сусветным узроўні прадуманай палітыкі ў дачыненні да аховы навакольнага асяроддзя. Існуе рэальная небяспека таго, што дух спажывальніцтва, які ляжыць у аснове глабальнай эканомікі, прывядзе да больш хуткага спусташэння прыродных рэсурсаў. Нягледзячы на гэты факт, працягваецца інтэнсіўнае развіццё сусветнай эканамічнай сістэмы і інтэнсіўнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, мы не можам сказаць, што наш свет арыентаваны на чалавека. Які ўклад можа ўнесці Касцёл у разуменне сучасных праблем, звязаных з глабальным экалагічным крызісам? Мы жывём у сучасным свеце, свеце навукі і тэхналогіі, у якім ўсё чалавечае жыццё ад нараджэння да смерці падвяргаецца пастаяннай тэхналагізацыі. Несумненна, што пытанні, якія адносяцца непасрэдна да прыроды, павінны аналізавацца з пункту гледжання крытэрыяў сучасных навуковых ведаў. Аднак неабходна таксама падкрэсліць, што пытанні экалогіі павінны мецьі тэалагічную рэфлексію. «І благаславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзіцеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі» (Быц 1, 28). «І ўзяў Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб апрацоўваў яго і даглядаў яго» (Быц 2,15). Сувязь чалавека са светам з’яўляецца асноўным элементам яго тоеснасці. Гэтыя адносіны узнікаюць як плён глыбокай сувязі чалавека з Богам. Бог захацеў, каб чалавек стаў Яго суразмоўцам. Бо толькі ў дыялогу з Богам чалавек адкрывае праўду пра сябе, з якой чэрпае натхненне і нормы для планавання будучыні свету — саду, які Бог даручыў яму апрацоўваць і даглядаць (пар. Быц 2,15). Нават грэх не адмяняе гэтага задання, хоць і абцяжарвае высокародную справу працы болем і цярпеннем (пар. Быц 3,17-19). Стварэнне заўсёды з’яўляецца ў малітве Ізраэля аб’ектам ушанавання: «Незлічоныя, Пане, Твае справы! Усё Ты мудра стварыў» (Пс 104, 24). Збаўленне ўсведамляецца як новае стварэнне, якое верне гармонію і здольнасць росту, пашкоджаную грахом: «Я ствараю новае неба і новую зямлю» (Іс 65,17), — кажа Пан. — «Тады пустыня ператворыцца ў сад, … і справядлівасць будзе жыць у садзе. Мой народ будзе жыць у мірных паселішчах» (Іс 32,15-18),(КСВК 452). Канчаткова збаўленне, ахвяраванае Богам усяму чалавецтву праз свайго Сына, не ажыццяўляецца па-за гэтым светам. У сваім публічным служэнні Езус выкарыстоўвае прыродныя элементы. Ён не толькі мудра інтэрпрэтуе прыроду ў прыкладах, якія любіць прыводзіць, і ў сваіх прыпавесцях, але таксама пануе над ёй (пар. эпізод утаймавання буры ў Мц 14,22-23; Мк 6, 45-52; Ян 6,16-21). Пан ставіць прыроду на служэнне свайму плану збаўлення. Ён просіць сваіх вучняў глядзець на прадметы, на поры года і на людзей з даверлівасцю дзяцей, якія ведаюць, што іх ніколі не пакіне клапатлівы Айцец (пар. Лк 11,11-13). Вучань Хрыста не становіцца рабом рэчаў. Ён павінен умець імі карыстацца і размяркоўваць іх па-братэрску (пар. Лк 16,9-13),(КСВК 453). Уваходжанне Езуса Хрыста ў гісторыю свету дасягае сваёй кульмінацыі ў пасхальнай падзеі, калі сама прырода ўдзельнічае ў драме адкінутага Сына Божага і ў перамозе Уваскрасення (пар. Мц. 27,45.51;28,2), (КСВК 454). Не толькі ўнутраны свет чалавека атрымлівае аздараўленне, але і ўсё яго цела напаўняе збавенная сіла Хрыста. Усё стварэнне ўдзельнічае ў абнаўленні, якое паходзіць з Пасхі Пана, хаця яшчэ стогне ў пакутах нараджэння (пар. Рым 8,19-23), чакаючы з’яўлення «новага неба і новай зямлі» (Ап 21,1), якія з’яўляюцца дарам апошніх часоў, сведчаннем здзейсненага збаўлення (КСВК 455). 3. Навучанне Касцёла. а) Навакольнае асяроддзе — калектыўнае дабро. Ахова навакольнага асяроддзя — гэта заклік да чалавецтва. Гэта агульны і ўніверсальны абавязак паважаць калектыўнае дабро, прызначанае для ўсіх. Гэта ўсведамленне таго, што нельга беспакарана выкарыстоўваць розныя віды жывых істот або неадушаўлённых прадметаў — расліны, прыродныя элементы — самавольна, толькі дзеля ўласных эканамічных патрэб, гэтаму навучае ў сваёй энцыкліцы “Sollicitudoreisocialis” Папа Ян Павел ІІ. Гэтая адказнасць павінна набіраць большае значэнне, паколькі сённяшні экалагічны крызіс мае глабальны характар, таму і супрацьстаяць яму трэба глабальна (КСВК 466). Адказнасць за навакольнае асяроддзе, агульнае багацце чалавечага роду, ахоплівае не толькі патрабаванні сённяшняга часу, але і будучага (КСВК 467). б) Выкарыстанне біятэхналогій. На працягу апошніх гадоў больш моцна загучала пытанне наконт выкарыстання новых біятэхналогій у сельскай гаспадарцы, заатэхніцы, медыцыне і ахове навакольнага асяроддзя. Новыя магчымасці, якія даюць сучасныя біялагічныя і біягенетычныя метады, абуджаюць, з аднаго боку, надзею і энтузіязм, а з другога — неспакой і варожасць(КСВК 472). Сучасныя біятэхналогіі аказваюць вялікі ўплыў на грамадскае, эканамічнае і палітычнае жыццё на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўні. Гэтыя тэхналогіі неабходна ацэньваць паводле этычных крытэрыяў, якія заўсёды павінны кіраваць дзеяннямі і адносінамі паміж людзьмі ў сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сферы. Асабліва трэба ўлічваць крытэрыі справядлівасці і салідарнасці (КСВК 474). в) Новы стыль жыцця. Перад абліччам стварэння чалавек павінен напаўняцца духам удзячнасці і пашаны. Свет сапраўды скіроўвае нас да таямніцы Бога, які яго стварыў і падтрымлівае. Калі адносіны з Богам адсоўваюцца на больш далёкі план, то свет пазбаўляецца свайго глыбокага значэння і бяднее. Свет паўстае перад чалавекам, як сведчанне аб Богу, як прастора, у якой раскрываецца Яго сіла стварэння, провіду і вызвалення (КСВК 487). 4. Касцёл у Беларусі — рэчаіснасць. У жыцці нашай краіны 90-ыя гг. мінулага стагоддзя сталі адметнымі, гэта час вялікіх зменаў і станаўлення самастойнай дзяржавы і грамадства. Прыняцце закону аб свабодзе веравызнання павінна было дапоўніць тэхнічнае развіццё духоўным адраджэннем. Каталіцкі Касцёл, які, здавалася, мог свабодна і без страху заявіць аб сваёй прысутнасці ў грамадстве, перажываў інфармацыйны крызіс, было цяжка прадставіць сваю пазіцыю і неабходнасць адраджэння. Аднак Касцёл — гэта жывы арганізм, які нястомна развіваецца і ўдасканальваецца, паколькі складаецца з людзей. Таму важна, каб грамадства ведала, чым жыве Касцёл, яго стаўленне да сучасных пагрозаў. Kасцёл адраджаўся інтэнсіўна. Рэстаўраваліся і будаваліся святыні, ствараліся адміністрацыйныя структуры, адчыняліся духоўныя навучальныя ўстановы, пачала весціся сацыяльная і дабрачынная дзейнасць. Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі — гэта самастойная структура і моцная адзінка нашага грамадства, з вялікай гісторыяй і празрыстай сучаснасцю. Сёння ў нашай краіне людзі, не зважаючы на іх рэлігійную прыналежнасць, чакаюць аўтарытэтнага слова і канкрэтнай пазіцыі, стаўлення да розных сітуацый, якія ўзнікаюць у грамадскім жыцці нашай краіны. Таму наша заданне сёння — не толькі казаць аб ахове навакольнага асяроддзя і важнасці экалагічных пытанняў, але і прыкласці намаганні, каб нашыя святыні сталі прыкладам таго, як можна на практыцы рэалізаваць шматлікія экалагічныя праекты. Дзякуй за ўвагу! Літаратура: 1. Дакументы Другога Ватыканскага Сабору. — Мінск: Про Хрысто, 2008. — 648 с. |
Адноўлена 14.11.2013 13:55 |