Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад кс. Уладзіміра Гуляя на ІІ агульнабеларускай сустрэчы святароў

Святар на службе Касцёлу і грамадству ў сённяшняй рэчаіснасці

Сацыёлагі на падставе вывучэння меркаванняў грамадзян паспрабавалі вызначыць, як ацэньваецца прэстыж святара ў грамадстве, а таксама паспрабавалі выразіць гэта лічбавымі паказчыкамі і параўнаць з іншымі сацыяльнымі і прафесійнымі групамі. Аказваецца, поспех святара можа быць практычна незаўважальным, але пры гэтым аўтэнтычным. Тое, да чаго святар пакліканы, і тое, што ён выконвае, з’яўляецца не людской справай, а выключна Божай па самой сваёй прыродзе. Таму ролю святара нельга вымераць фінансавымі паказчыкамі, адміністрацыйнымі, будаўнічымі або навуковымі дасягненнямі, і нават годнасцямі і функцыямі, якія ён выконвае ў Касцёле. Адпаведнай мерай святарства, як не парадаксальна, з’яўляецца само СЛУЖЭННЕ.

Слугі на падабенства СЛУГІ

Каб зрабіць рэзюмэ святарскага служэння Хрыста на падставе Святога Пісання і адшукаць тое, што павінна стаць задачай кожнага святара, нам неабходна звярнуцца да апісання Апошняй Вячэры і затрымацца на сцэне, якая папярэднічала Пакутам Збаўцы.

У гэты ўрачысты момант Езус выконвае два вельмі істотныя акты святарскага служэння. З аднаго боку, надзяляе сваіх вучняў хлебам слова. Ён пакідае ім сваё апошняе павучэнне і завяршае яго малітвай, якая была слушна названа Архісвятарскай, таму што ў найвышэйшай ступені з’яўляецца святарскай малітвай. І тое, як Ён гэта робіць, сведчыць пра Яго вялікую чуласць і блізкасць да іх. З другога боку, Ён ламае хлеб і налівае віно, якія выражаюць ахвяру з Яго Цела і Крыві. Такім чынам, Езус вызначае два асноўныя аспекты святарства: гэта стаўленне да Божага слова і стаўленне да крыжовай ахвяры. Уступам да гэтых святарскіх актаў Езуса з’яўляецца яшчэ адзін важны Яго ўчынак. Гэта абмыванне ног апосталам – акт пакоры і любові Езуса, калі, звяртаючыся да іх, Ён сказаў: „дык вось, калі Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам” (Ян 13,14-15).

Святар не зможа плённа выконваць гэты падвойны акт святарства – надзяленне хлебам слова і хлебам Панскай Вячэры, калі спачатку не сагне перад людзьмі свае калені, накшталт свайго Настаўніка, у духу пакоры і служэння. Без гэтай папярэдняй умовы яго сакраментальная служба не прынясе плёну.

Першынство, якое прызнаецца святару, – гэта заўсёды першынство службы. Менавіта таму, што святы апостал Пётр „больш” узлюбіў, Езус тройчы паўтарыў яму: „Пасі авечак Маіх” (Ян 21,15-17). Святар не павінен клапаціцца ні пра павагу да сябе, ні пра якую-небудзь уладу, а надаваць значэнне толькі аўтарытэту, які вынікае з імкнення прысвяціць сябе людзям. Кожнаму, хто просіць у яго дапамогі, святар павінен адказаць: „Я да тваіх паслуг. Я належу табе, таму што належу Езусу”.

Святар належыць перш за ўсе тым, хто пакутуе, паколькі ўсё пасланне і ўсе служэнне Езуса Хрыста зводзіцца да Яго слоў: „Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11,28). Задача святара на ўсе часы – гэта накіроўваць у бок Збаўцы кожны від пакут – фізічных і духоўных, паколькі і тыя, і іншыя ствараюць патрэбу ў вылячэнні.

Абмываць адзін аднаму ногі Езус загадаў вучням толькі пасля таго, як абмыў ім ногі сам. І сказаў Пятру: „Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною” (Ян 13, 8). Гэта істотныя словы Езуса, і яны паказваюць, што святар не можа абмываць ногі іншым, калі сам не быў спачатку ачышчаны Езусам. Гэтае абмыванне ног Езусам вызваляе святара ад спакусы падпарадкаваць сабе тых, каму ён служыць, і зрабіць іх сваімі даўжнікамі; яно вызваляе яго ад спакусы эгаізму, ад паставы, якая прыводзіць да памяншэння Хрыста замест таго, каб прыводзіць да Яго ўзрастання. У сваю чаргу, калі ён служыць іншым, будучы сам ачышчаны Езусам, яго служба становіцца бескарыслівай і вольнай ад негатыўных жаданняў і паводзін.

Таямніца Касцёла

Праз сакрамант пасвячэння святар асаблівым чынам становіцца ўдзельнікам Хрыста Святара, Настаўніка, Галавы і Пастыра. Але не толькі. Ён становіцца ўдзельнікам Хрыста „Слугі і Аблюбенца Касцёла” (Pastore dabo vobis, 3). Што ўяўляе сабой Касцёл? Якія сілы ў ім дзейнічаюць? Ён з’яўляецца ў першую чаргу таямніцай, таму што прычынай яго зараджэння не былі псіхалагічныя або сацыяльныя фактары, збег якіх-небудзь акалічнасцяў ці гістарычная неабходнасць; ён нарадзіўся з волі Хрыста і ў выніку спаслання Святога Духа. У Касцёле, якому служыць святар, мы знаходзім спалучэнне ўсяго таго, што называецца светам і гісторыяй. Але не гэта надзяляе Касцёл жыццём. Жыццё яму дае крыж Езуса Хрыста і дзейнасць Святога Духа. Ён абвяшчае праўду святога Бога, якая вядзе людзей да збаўлення. Гэтая праўда  перавышае чалавечы розум і лічыцца “глупствам для свету”. Ён з’яўляецца цвярдыняй, якую “брамы пякельныя не перамогуць” (пар. Мц 16, 18). Яго моц трэба шукаць не ў ім самім, а ў тым, хто з’яўляецца яго Валадаром. Касцёл не можа быць акрэслены толькі з дапамогай натуральных паняццяў, гэтак жа, як нельга характарызаваць яго дзейнасць толькі натуральнымі імкненнямі. Трэба абавязкова звяртацца далей і глыбей, каб хоць часткова зразумець веліч яго таямніцы.

Касцёл – гэта перш за ўсе „congregatio fidelium”, супольнасць веры, адкрытай на Бога і на людзей. Святы Айцец Францішак у сваёй энцыкліцы “Lumen Fidei” вучыць, што ён (Касцёл) – гэта Маці нашай веры. Гэта супольнасць на службе Богу дзеля праслаўлення Яго, дзеля сведчання пра Яго і служэння Яму ў багацці Яго Трыадзінага жыцця. Ён з’яўляецца таксама супольнасцю Езуса Хрыста, свайго Аблюбенца, і адначасова тварэннем Святога Духа (creatura Spiritus Sancti). Сілай гэтага Духа ў свеце і ў гісторыі прысутнічае і прыносіць поспех справа ўваскрослага Пана. Крыж не паклаў раз і назаўжды канец місіі Езуса. Яна працягваецца і, дзякуючы гэтаму, Касцёл магчымы і неабходны. Гэты Касцёл жыве моцай уваскрасення Езуса і праз пасрэдніцтва слоў Яго навукі і сакрамэнтаў удзельнічае ў збаўчым Божым плане. Таму Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што „Хрыстус і Касцёл утвараюць усяго Хрыста (Christus totus)” (ККК, 795). Такім чынам, сапраўдная любоў да Хрыста становіцца любоўю і да Касцёла. Толькі сілаю той любові, якой палюбіў нас Хрыстус, мы можам любіць Касцёл, Яго Аблюбенца. Таму пра Касцёл належыць гаварыць як пра НЕКАГА, а не пра нешта, і замест „што такое Касцёл?”, пытацца „Кім з’яўляецца Касцёл?”. Гэта значыць, што ён з’яўляецца не сацыяльнай адзінкай, а самой рэальнасцю веры, якая мае сваю крыніцу ў Богу і ў Яго ініцыятыве, і робіць гэтую крыніцу прысутнай у свеце. Безумоўна, Касцёл мае ўсе элементы свецкага грамадства – мае пэўную структуру, установы, сваю гісторыю, права, уплывае на жыццё краіны і свету і г.д.. Аднак сутнасць Касцёла ў тым, што фундаментам яго з’яўляецца адзіны ў Тройцы Бог і Яго неадменная ініцыятыва даваць сябе чалавеку. Таму мы можам правільна зразумець Касцёл толькі з перспектывы веры. Такім чынам, Ён з’яўляецца таямніцай Божай прысутнасці ў крайняй абмежаванасці бачнага знаку. Ён з’яўляецца ласкай Хрыста, якая перамяняе нас і ўключае ў Божае жыццё. Гэта таямніца, таму што ў ім, па аналогіі з Хрыстом, вечнае сустракаецца з часовым, нябачнае з бачным, боскае з чалавечым, трансцэндэнтнае з іманентным.

Служба ў Касцёле і для Касцёла

Святар з’яўляецца слугой у такім Касцёле і для такога Касцёла. Яму даручана роля правадніка, які павінен весці давераных яму людзей да святасці. Ён падобны да Яна Хрысціцеля, які сам не быў святлом, але сведчыў пра святло (пар. Ян 1,8). Ён дазваляе, каб Бог дзейнічаў праз яго, каб карыстаўся ім для выканання сваёй волі. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК 1551) падкрэслівае, што новазапаветнае святарства мае службовы характар. “Пасада… якую Пан даручыў пастырам свайго народа, з’яўляецца сапраўдным служэннем” (пар. КК 24). Святарства поўнасцю скіравана да Хрыста і людзей. Яно цалкам залежыць ад Хрыста і Яго адзінага святарства і было ўстаноўлена для людзей і для касцёльнай супольнасці. Сакрамэнт пасвячэння перадае святую ўладу, якая з’яўляецца выключна ўладай Хрыста. Выкананне гэтай улады павінна адбывацца па прыкладу Хрыста, які з любові стаў апошнім і слугой для ўсіх (пар. Мк 10, 43-45; 1П 5,3). Дэкрэт Другога Ватыканскага Сабору пра служэнне і жыццё святароў падкрэслівае, што здзяйсненне сакраманту Эўхарыстыі займае цэнтральнае месца ў жыцці святароў і звяртае ўвагу на тое, што яна не толькі з’яўляецца галоўным абавязкам святара, але і асаблівым момантам з’яднання з Хрыстом у Яго ахвяраванні людзям і за людзей: „Таму, калі прэзбітэры яднаюцца з дзеяннем Хрыста Святара, штодня цалкам ахвяруюць сябе Богу і, кормячыся Целам Хрыста, шчыра ўдзельнічаюць у любові Таго, хто дае сябе вернікам як ежу” (Дэкрэт Presbyterorum ordinis 13). Хрыстус непарыўна злучыў з сабой святарства і Эўхарыстыю, каб Яго адзіная і дасканалая ахвяра магла праявіцца праз святарскае служэнне пасвечаных слуг. „Збаўчая ахвяра Хрыста з’яўляецца адзінай, складзенай раз і назаўсёды, аднак становіцца для нас рэчаіснасцю ва эўхарыстычнай Ахвяры Касцёла. Тое ж самае датычыць адзінага святарства Хрыста, якое становіцца рэчаіснасцю дзякуючы службоваму святарству” (ККК 1545). Святар, які падчас Імшы вымаўляе ад імя Езуса Яго словы: “Бярыце, ешце, гэта Цела маё..., бярыце і піце, гэта келіх Крыві маёй”, таксама асабіста дэкларуе адданне сябе братам і сёстрам па касцёльнай супольнасці і дае ім права на ўсё сваё жыццё, аж да смерці. Гэтае яднанне з Хрыстом Святаром і Слугой здзяйсняе Святы Дух, які сыходзіць на абраных у сакрамэнце пасвячэння. Таму святарства – гэта нешта большае, чым проста функцыя ў Касцёле: гэта новая тоеснасць, анталагічная прыналежнасць Богу, знакам якой з’яўляецца цэлібат. Катэхізіс сцвярджае: „Праз ласку Святога Духа, якая з’яўляецца ўласцівасцю сакраманту пасвячэння, пасвечаны будзе прыпадобнены да Хрыста Святара, Настаўніка і Пастыра, слугою якога з’яўляецца” (ККК 1585). Гэтае сакраментальнае ўздзеянне Святога Духа мае сталы характар. Гэта значыць, што прыпадабненне да Хрыста ў служэнні – як у сакраментальных дзеяннях, так і ва ўсім жыцці святара, магчыма выключна дзякуючы Святому Духу. Яднанне з Хрыстом і ўдзел у Яго святарстве вядзе да таго, што тыя, хто ў Містычным Целе Хрыста з’яўляюцца асаблівым чынам слугамі, называюцца не толькі слугамі Хрыста, але таксама слугамі Касцёла (ККК 1553). Яны робяць відочным Хрыста Слугу для ўсіх, каго Ён палюбіў. Інструкцыя Апостальскай Сталіцы адносна супрацоўніцтва свецкіх у іерархічным служэнні святароў адзначае незаменную ролю святароў у касцёльнай супольнасці: „Кожны партыкулярны Касцёл мае свайго кіраўніка дзякуючы Хрысту, бо, па сутнасці, гэта Ён адарыў Касцёл апостальскай паслугай, і таму ні адна супольнасць не мае права ўстанавіць яе ні сама па сабе, ні шляхам дэлегавання. [...] Калі ў супольнасці ўзнікне недахоп у святарах, яна будзе пазбаўлена сакраментальнай практыкі і функцыі Хрыста Галавы і Пастыра, якая мае ключавое значэнне для жыцця самой касцёльнай супольнасці”. Выконваючы гэтае служэнне кожны дзень, мы бачым, што яно няпростае і не вызвалена ад спакус. Я хацеў бы ўказаць на дзве з іх, актуальныя для святара ў першую чаргу. Адна з іх – гэта спакуса панавання над даверанай нам аўчарняй Хрыста, аб чым перасцерагае нас Езус. “Калі ўзнялася спрэчка паміж вучнямі, хто з іх павінен лічыцца большым, Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі і, маючыя ўладу над імі, называюцца дабрадзеямі. У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга. Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць” (Лк 22, 24-27). Хрыстус напамінае нам, што кожная ўлада – у тым ліку і тая, якая здзяйсняецца ў Касцёле і для Касцёла, павінна быць выканана ў духу служэння, як служба „amorisofficium” – бескарысліва, праз ахвяраванне сябе для дабра ўсёй аўчарні.

Другі тып спакусы накіраваны на затушоўванне святаром уласнага прыпадабнення да Хрыста Галавы і Пастыра. Гэтая спакуса, якую можна назваць спакусай „дэмакратызму”, прыводзіць у выніку да згладжвання святаром усіх адрозненняў паміж заданнямі вернікаў. Святар, які падаўся такой спакусе, лічыць, што ўжо няма розніцы паміж ім і свецкім чалавекам, і што ўсе – біскупы, святары і вернікі — у прынцыпе, роўныя між сабой і маюць аднолькавую годнасць і ўладу. Гэта вельмі небяспечная спакуса, таму што яна вядзе да адмаўлення вышэйшай улады і ласкі Хрыста і скажае прыроду самога Касцёла, які не з’яўляецца грамадска-палітычнай структурай, палітычнай партыяй або супольнасцю для рэалізацыі пэўных заданняў. Ён існуе дзякуючы збаўчай волі Бога, а тыя, хто ў ім удзельнічае, з’яўляюцца плёнам Яго ласкі.

Таму неабходна, каб святар мудра служыў Касцёлу, пры гэтым такому, які хацеў мець Пан, бо толькі такой службы чакае ад яго Бог і такога служэння чакае таксама сучасны свет.

Нялёгкі кантэкст сучаснасці


Сучасны свет поўны напружання, супярэчнасцяў і надзвычай дынамічных ідэйных пераацэнак. Хуткае развіццё навукі і тэхналогій у вельмі значным ступені ўплывае на змяненне не толькі яго вобраза ў рэальнасці, але і ў свядомасці чалавека. Калісьці ўсё здавалася трывалым і непарушным, простым і канкрэтным. Цяпер жа, у выніку навуковых адкрыццяў у розных абласцях навукі, асабліва ў вобласці дакладных, медыцынскіх і тэхнічных навук, а таксама ў даследаванні макра- і мікракосмасу і развіцця электронікі і інфарматыкі ўсё, што здавалася цэласным і ясным, падвяргаецца пастаяннай і бясконцай рэвізіі перагляду. Гэта выклікае рашучыя змены ў цывілізацыі, культуры і паўсядзённым жыцці.

Гэтыя змены ўсё хутчэйшыя і глыбейшыя, да таго ж вельмі ўсебаковыя, і яны непазбежна ставяць чалавека ў крызісную сітуацыю. Гэты крызіс у першую чаргу праяўляецца ў сумненнях наконт асноўных каштоўнасцяў і прынцыпаў і не пакідае месца для аб’ектыўнай праўды, маралі, ідэі і рэлігіі. На змену здаровай рацыянальнасці прыходзіць скептыцызм. У жыцці грамадства становіцца ўсё больш прыкметным адыход ад традыцыйных сімвалаў, крытэрыяў у этыцы і паводзінаў і зварот да плюралізму ў культуры. Павага да іншай пазіцыі, меркавання і погляду саступіла месца некрытычна прынятаму догмату, згодна з якім усе меркаванні маюць аднолькавую вагу. У выніку адной з самых распаўсюджаных праяў гэтага ў сучасным свеце стала адсутнасць веры ў тое, што існуе праўда.

Усё гэта прыводзіць да разбурэння трывалых прынцыпаў і каштоўнасцяў, якія заўсёды былі асновай сацыяльнага жыцця, а ў выніку – да поўнага падрыву аб’ектыўнай праўды. Крызіс, у якім апынулася наша эпоха, - гэта перш за ўсё “крызіс праўды”. І гэта ва ўсіх вымярэннях, нават самых прынцыповых. Лагічным следствам поўнага адыходу ад праўды з’яўляецца адмова ад фундаментальнай праўды пра існаванне Бога, адмаўленне Яго і прыняцце атэізму ў якасці праграмы. Сённяшні атэізм лічыцца сапраўднай формай эмансіпацыі і вызвалення чалавека, а вера ў Бога атаясамляецца з ізаляваннем і абмежаванасцю. „Вызвалены” атэізмам чалавек не толькі прэтэндуе на права вырашаць, што такое дабро і зло і імкнецца вызваліцца ад кожнай духоўнай залежнасці, але і патрабуе такога вызвалення для ўсяго чалавецтва.

Наш свет напоўнены разнастайнымі цяжкасцямі. У адносінах да такога свету Касцёл – і кожны католік, і асабліва каталіцкі святар, — павінны займаць пазіцыю служэння. Мы бачым, што свет наш вельмі часта блукае, адыходзіць ад Бога, мітусіцца ў прыпадках злосці, несправядлівасці і нянавісці. Аднак ён свядома ці несвядома надалей працягвае шукаць Бога, таму што сумуе па праўдзе, справядлівасці, свабодзе, міласэрнасці і святасці, якія паходзяць ад Бога.

Служэнне святара – гэта дар для Касцёла і свету


Святары жывуць і працуюць менавіта ў такім свеце. Многія з іх знаходзяць у ім адпаведнае свайму пакліканню месца, але многія не могуць справіцца, перажываючы цяжкасці і ламаюцца, з прычыны чаго ўсё часцейшымі становяцца адыходы ад святарства. На жаль, „з’явы, якія прывялі да «духоўнай пустыні» – па словах Папы Бэнэдыкта XVI – па-ранейшаму існуюць, душаць чалавецтва нашага часу і ў выніку таксама пагражаюць Касцёлу, які жыве сярод гэтага чалавецтва. Як жа не баяцца, што яны могуць быць небяспечнымі і для святароў?” Бачачы гэтыя небяспекі, Другі Ватыканскі Сабор, а затым Наступнікі Пятра постсаборнага перыяду на чале з бл. Янам Паўлам II пастаянна імкнуліся дадаваць адвагі святарам, манахам, а таксама кандыдатам у святары, умацоўваць іх у веры, нагадваць пра іх пакліканне, указваць на падставы і крыніцы іх тоеснасці і падкрэсліць неабходнасць іх служэння, пры гэтым маючы на ўвазе як асабістае, так і агульнакасцёльнае вымярэнне святарства.

Для служэння сучаснаму разгубленаму чалавецтву Касцёлу неабходны – нібы паветра – святыя, мудрыя, міласэрныя, напоўненыя любоўю да людзей, устойлівыя перад матэрыяльнымі спакусамі, вольныя ад пыхлівасці, легкадумнасці і бруду святары, якія пастаянна будуць шукаць згубленых душ і весці іх бяспечным шляхам да збаўлення.

Наша задача – гэта быць такімі святарамі. Магчыма, гэта будзе толькі тады , калі мы не будзем абмяжоўваць нашу місію да таго, каб быць толькі “дарожнымі знакамі”, якія, хоць і паказваюць правільны шлях, аднак самі па ім не ідуць. Неабходна весці давераных нам маладых людзей да Хрыста, стаўшы для іх нечым накшталт Бэтлеемскай зоркі, якая калісьці “ішла перад (мудрацамі), пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця”. Мы выканаем наша фундаментальнае заданне, калі не толькі будзем гаварыць пра Бога, але будзем пастаянна размаўляць з Ім у малітве; калі будзем кожны дзень памятаць, што нам недастаткова жыць з Евангеллем, але трэба жыць гэтым Евангеллем. Мы выканаем сваё заданне, калі будзем разумнымі святарамі, гэта значыць, такімі, якія прэзентуюць сінтэз рознабаковых ведаў і службовай кампетэнцыі са сваёй святасцю; калі мы будзем дынамічнымі знакамі трансцэндэнтнасці, жывымі аргументамі на карысць існавання Бога, які з’яўляецца Любоўю і Мудрасцю.

Наша святарскае жыццё, наша навучанне і наша служэнне павінны мець глыбокія карані ў Аб’яўленні і традыцыі Касцёла, а таксама ў здаровай рэалістычнай філасофіі і ў рэальнай, дадзенай нам hic et nunc – тут і цяпер – рэчаіснасці. Мы павінны адчуваць знакі часу. Нам нельга замыкацца, але наадварот неабходна ўваходзіць ва ўвесь кантэкст чалавечага жыцця і чалавечай творчасці, якія праяўляюцца ў навуцы, архітэктуры, музыцы, літаратуры, сродках масавай інфармацыі, псіхалогіі і іншых галінах творчасці, а таксама ўнікаць у сацыяльнае, эканамічнае і іншыя аспекты жыцця сваіх вернікаў. І, перш за ўсе, мы павінны быць пранізаны глыбокай верай, бо інакш станем блюзнерскай карыкатурай. Хрысціянская праўда, якую мы прапаведуем – гэта не толькі ідэя або тэорыя; гэта, у першую чаргу, вобраз Хрыста, які адлюстроўваецца ў жыцці таго, хто яе вызнае і прапаведуе іншым. Як сказаў Тэртуліян, Хрыстус – гэта не навуковая тэорыя, не культура, не абрад, не фальклор або звычай. Хрыстус – гэта Шлях, Праўда і Жыццё для кожнага хрысціяніна, а асабліва для святара. Святое асабістае жыццё ў духу евангельскага радыкалізму павінна быць краевугольным каменем нашага святарскага служэння. Менавіта гэта з’яўляецца заданнем на ўсе наша жыццё, аж да благаславёнай смерці.

Існуюць розныя віды святарскага служэння. Але гэта заўсёды служба Богу і Яго Касцёлу, які па сваёй прыродзе з’яўляецца місійным. Гэтае служэнне патрабуе, каб ісці да Божага Народу і пілігрымаваць з ім на працягу стагоддзяў да абяцанага Хрыстом Нябеснага Валадарства.

Гэтая пілігрымка адбываецца ў свеце, які ўвесь час дынамічна змяняецца. Таму Касцёл павінен пастаянна сябе рэфармаваць – у адпаведнасці са словамі, якія часта паўтараюцца і гучаць як лозунг: “Ecclesia semper reformanda”. На сустрэчы з духавенствам Папа Францішак выказаўся пра крэатыўнасць у пастырскай дзейнасці і зазначыў, што яна заключаецца не ў тым, каб рабіць нешта нанова, а ў тым, каб адважна шукаць іншыя шляхі для прапаведавання Евангелля. Такая крэатыўнасць нараджаецца на малітве і слуханні, падкрэсліў Святы Айцец. Такім чынам, Касцёл павінен рэфармаваць не праўды веры і не маральныя нормы, а метады і спосабы евангелізацыі. Гэтыя людзі, якія ў нашы дні пастаянна канфрантуюць з несправядлівасцю, хлуснёй, злачыннасцю, беспрацоўем, нянавісцю, хаосам і рознымі іншымі формамі зла, сумуюць па Божым Валадарстве і так часта звяртаюцца да яго думкамі ў Малітве Панскай.

Святары Хрыста абавязаны вывесці гэты блукаючы і пакутуючы народ з няволі, створанай безвыходнымі ілжывымі ідэалогіямі з іх культамі і тупіку спажывецкага, гарызантальнага бачання свету, і прывесці да нязломнай Божай надзеі на аўтэнтычнае, нязменнае шчасце, па якім сумуе кожнае чалавечае сэрца.

Ключавой тэмай евангельскага вучэння Касцёла павінна быць вестка пра надыход Божага Валадарства, пракламацыяй якога было Уваскрасенне Езуса.

Сучасныя святары павінны быць прарокамі і заклікаць людзей да навяртання сэрцаў, да пераасэнсавання свайго жыцця. Эсхаталогія, якую яны абвяшчаюць, і вертыкальнае бачанне ўсёй, а не ампутаванай са звышнатуральнага вымярэння, рэальнасці павінна пранікаць усе іх думкі, словы і справы. Святары не маюць права замыкацца ў сценах касцёльных будынкаў, у плябаніях, сакрыстыях, ціхіх кабінетах або коле блізкіх сяброў. Нам належыць удзельнічаць у перамене свету, належыць ісці да людзей і прапаведаваць ім Добрую Вестку ўсюды, дзе гэта магчыма, рыхтуючы іх да згоднай з Божым планам змены маральнага, сацыяльнага, культурнага, эканамічнага, а таксама палітычнага жыцця. Святарам нельга адмаўляцца ад дыялогу з людзьмі добрай волі, нельга адмаўляцца ад супрацоўніцтва са свецкімі людзьмі. Вялікае значэнне яны павінны надаваць стварэнню рухаў, арганізацый і каталіцкіх аб’яднанняў. Любая ідэя мае патрэбу ў людзях, якія панясуць яе ў свет. А людзі, каб ажыццявіць ідэю, маюць патрэбу ў структурах і арганізацыях. Святары павінны клапаціцца пра гэтыя структуры і арганізацыі, быць як мага часцей з іх членамі. Мы павінны вучыць кантэмпляцыйнай малітве людзей, якія ўдзельнічаюць у каталіцкіх арганізацыях, чытаць з імі Святое Пісанне, разам з імі клапаціцца пра бедных і тых, каму патрэбна дапамога. Неабходна арганізоўваць для іх рэкалекцыі, вучыць іх асновам каталіцкага сацыяльнага вучэння і клопату пра місіі. Святарам трэба рашуча клапаціцца пра тое, каб яны сустракаліся з Хрыстом падчас Імшы і прыступалі да святых сакрамэнтаў. З такіх рэальных сустрэч з Хрыстом, а не з туманных чутак пра Яго, нараджаецца вера, якая змяняе свет.

Сучасны святар павінен быць чуйны на праблемы, якія трывожаць вернікаў. Яны чакаюць ад яго духоўнай падтрымкі, указання, а часам і парады для вырашэння самых розных праблемаў, якія перажываюць у дадзены момант. У асноўным гэта экзістэнцыяльныя пытанні, такія, як беспрацоўе, аслабленне сямейных вузаў, дрэнныя звычкі, распад шлюбу, праблемы ў выхаванні дзяцей. Але нярэдка і пытанні агульнаграмадскія, сацыяльныя, тэалагічныя, гістарычныя, філасофскія і многія іншыя.

Правільнае выкананне менавіта так зразумелай святарскай місіі – гэта адзіны адэкватны адказ на секулярызм, лібералізм, постмадэрнізм, неамарксізм і іншыя ідэалогіі, якія знішчаюць хрысціянства ў сучасным свеце.

Каб гэтая місія магла быць рэалізавана, сучасны святар павінен быць добра адукаваным, дасведчаным у галіне задач, якія належыць выканаць, а ў першую чаргу падобным да Хрыста ў Яго пакоры, беднасці, чыстасці і любові да бліжняга.

Падзеі апошніх гадоў усё больш акцэнтуюць моцную патрэбу святара ў Касцёле і ў свеце. Не такога святара, які адпавядае патрабаванням свецкасці, а здольнага фарміраваць гэты свет на падставе Евангелля і традыцый Касцёла. „Касцёл адчувае вялікую патрэбу святароў. Гэта адна з надзённых патрэбаў. Езус не хацеў Касцёла без святароў. Калі іх не хапае, не хапае Езуса ў свеце, не хапае Эўхарыстыі, не хапае Божага прабачэння”. Калі б не было святароў, якія заклікаюць вернікаў для выканання іх задач у Касцёле і ў свеце, якія дапамагаюць у апостальскім выхаванні свецкіх і падтрымліваюць іх у цяжкім пакліканні, стварыўся б недахоп вельмі істотнага сведчання ў жыцці Касцёла.

Святы Грыгорый Вялікі напісаў Кнігу Пастырскіх Правіл, якая і сёння ніколькі не страціла сваёй актуальнасці. Ён піша: „Святар павінен быць чалавекам сэрца, умелым у дзейнасці, пасвечаным жыццю ў маўклівасці, гатовым да навучання, блізкім у спачуванні для кожнага, перад усімі адданым разважанню, сціплым спадарожнікам тых, хто робіць дабро і нязломным праціўнікам зла, які з-за занятасці духоўнымі справамі не памяншае клопату пра знешнія рэчы, а таксама з-за занятку вонкавымі справамі не траціць дбайнасці ў клопаце пра духоўнае жыццё”.

У сваю чаргу, Джавані Батыста Манчыні (у будучым Папа Павел VI) у пасланні да кардынала П’ера Вейё піша, што святар павінен быць святлом і соллю. З аднаго боку, павінен праз праўду вызваляць людзей, а з іншага, дзякуючы любові, гуртаваць іх у Хрыстовым адзінстве. Таму ён павінен быць тонкім умельцам, спецыялістам-прафесіяналам і віртуозным лекарам, здольным распазнаць тонкія і глыбокія духоўныя з’явы. Ён павінен быць адначасова адукаваным чалавекам, які валодае мастацтвам слова, які мае густ, такт, чуласць, вытанчанасць і сілу. І ўсе гэта належыць выконваць у прастаце праўды, у пакоры любові.

Таму святар, – як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI павінен быць некім, хто не дрэмле, хто заўсёды напагатове. Ён павінен абуджаць свет для Бога. Павінен быць непахісным у праўдзе, настойлівым у тварэнні дабра. Павінен быць праведным, бясстрашным і гатовым прыняць нават знявагі дзеля Бога, як і тыя, хто ў Дзеях Апосталаў: „радаваліся, што аказаліся годнымі цярпець дзеля імя Езуса”. Ён павінен стаяць на варце супраць напорыстых сіл зла. Гэта стаянне перад Богам у глыбіні сэрца заўсёды павінна быць прыняццем Хрыста ў Яго слове, праўдзе і любові, а таксама заступніцтвам перад Ім за людзей, як Ён заступаецца.

Дарагія браты ў святарстве! Благаслаўлёны Ян Павел II у сваім Пасланні да святароў, з якім ён звярнуўся з Вячэрніка ў Ерузалеме, заклікаў нас: „З гэтага месца, дзе Хрыстус прамовіў святыя словы і ўстанавіў Эўхарыстыю, я заклікаю вас, дарагія браты ў святарстве, да ўсе новага адкрыцця для сябе „дару” і „таямніцы”, якія мы атрымалі”.

А Святы Айцец Францішак звяртаецца да нас са словамі, поўнымі сілы і братэрскай любові: „Няхай Бог Айцец аднавіць у нас Духа святасці, з якім мы былі намашчаны, няхай адродзіць яго ў нашым сэрцы такім чынам, каб намашчэнне дасягнула ўсіх і ахапіла „перыферыі”, дзе наш верны люд яго больш за ўсе чакае і цэніць. Няхай нашы вернікі адчуваюць, што мы – вучні Пана, што мы ўзялі іх імёны і не шукаем іншай тоеснасці. Няхай праз нашы словы і справы яны змогуць атрымаць той алей радасці, прынесці які прыйшоў да нас Хрыстус, Памазанец Божы”.

Давайце прымем гэты заклік Святога Айца і пастараемся лепш зразумець, хто мы ў вачах Бога, пастараемся глыбей зразумець сэнс нашага святарскага служэння. Гэтае разуменне мае прынцыповае значэнне, бо ад яго залежыць якасць нашага святарскага служэння: „Прэцызійнасць і пэўнасць, якімі характарызуецца ваша тоеснасць, нараджаюць свядомасць таго, што вы абсалютна незаменныя ў Касцёле і ў свеце. Добры Пастыр праз вас па-ранейшаму навучае, асвячае, вядзе і любіць усе народы”.

Найсвяцейшай Панне Марыі, Маці Міласэрнасці, напярэдадні яе ўрачыстасці, яшчэ раз даручаем сваё святарства, сваё пакорлівае і поўнае любові служэнне Касцёлу і сучаснаму чалавеку.

Амэн!

Адноўлена 14.11.2013 17:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску