Мінск, Чырвоны касцёл, 14 снежня 2013 г.
Ваша Эксцэленцыя, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, браты і сёстры, удзельнікі прысвечанага сужэнству і сям’і сімпозіума “Не пакіну цябе ажно да смерці”.
Сардэчна вітаю ўсіх вас і дзякую за тое, што прынялі наша запрашэнне прыняць удзел у гэтым форуме. Выказваю ўдзячнасць яго арганізатарам, найперш Радзе па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і парафіі Святых Сымона і Алены ў Мінску, якая гасцінна яго прымае.
Каталіцкі Касцёл цяпер перажывае Адвэнт – час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння. Хрыстус прыйшоў у гэты свет у сям’і, таксама як прыходзіць кожны іншы чалавек. Больш за тое, у першую нядзелю пасля Божага Нараджэння ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Святой Сям’і. Таму сённяшні сімпозіум з’яўляецца таксама актуальным з рэлігійнага пункту гледжання, бо яго тэма цесна звязана са святамі, якія набліжаюцца.
Усе мы з трывогай глядзім на сітуацыю сям’і як у свеце, так і ў Беларусі, якая пагаршаецца. Сям’я, як Богам створаны інстытут, адзіны і непарыўны саюз мужчыны і жанчыны, прызначана для іх сумеснага жыцця, узаемадапамогі, нараджэння і выхавання дзяцей, перажывае не бачны дасюль крызіс, які выражаецца ў адыходзе ад яе традыцыйнай мадэлі, росце колькасці разводаў і абортаў, маладзетнасці, распаўсюджанні практыкі штучнага апладнення, алкагольнай і наркатычнай залежнасці, малой зацікаўленасці бацькоў у рэлігійным выхаванні дзяцей і г.д.
Усё гэта ўказвае на тое, што інстытут сям’і з’яўляецца моцна хворым. Рак секулярных тэндэнцый сучаснага глабалізаванага свету нішчыць яго.
У такой сітуацыі Касцёл не з’яўляецца староннім назіральнікам і не глядзіць на праблемы сям’і з балкона, як кажа Папа Францішак, але актыўна ўключаецца ў барацьбу за здаровую сям’ю, бо менавіта яна з’яўляецца асноўнай клеткай кожнага грамадства, паказальнікам становішча яго жыцця і маральнага здароўя. Здаровая і шчаслівая сям’я – гэта здаровае і шчаслівае грамадства.
У гэтых змаганнях Каталіцкі Касцёл у Беларусі супрацоўнічае з іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, погляды якой на праблему сям’і і захавання Божага дару жыцця падобныя да нашых. Мы сумесна баронім хрысціянскія прынцыпы, якіх павінна прытрымлівацца сям’я і на якіх яна павінна развівацца. Касцёл таксама падтрымлівае накіраваныя на аздараўленне інстытуту сям’і і пераадоленне дэмаграфічнага крызісу ініцыятывы дзяржавы. І трэба сказаць, што ў апошнія часы мы дасягнулі пэўных вынікаў, хаця перад намі яшчэ далёкі шлях, каб належным чынам выправіць сітуацыю і каб сям’я на самой справе адыгрывала найважнейшую ролю ў грамадстве. Неабходна ўчыніць усё магчымае, каб праблемы сям’і сталі прыярытэтнымі для ўсіх нас – Касцёла і грамадства. Ад таго, якой будзе сям’я, залежыць наша будучыня, бо сям’я з’яўляецца найбольш эфектыўным антыбіётыкам на паталогіі сучаснасці.
Адносна перспектывы сям’і благаслаўлёны Ян Павел II выкарыстаў аналогію з Другім Ватыканскім Саборам. Галоўным заданнем Сабору было адказаць на пытанне: “Ecclesia, quid dicis de teipsa?” – “Касцёл, што кажаш пра самога сябе?” Сабор даў свой адказ у Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце, а менавіта, што Касцёл павінен быць “Gaudium et spes” – “Радасцю і надзеяй” для сучаснага свету. Таксама і Ян Павел II у 1994 г., завяршаючы Год сям’і, задаў пытанне: “Familia, qiud dicis de teipsa?” – “Сям’я, што ты кажаш пра сябе?”, і адказаў на яго: што сям’я павінна быць “Gaudium et spes” – “Радасцю і надзеяй” свету.
Няхай жа сімпозіум, які распачынаецца, садзейнічае таму, каб беларуская сем’я стала радасцю і надзеяй нашага грамадства, а таксама сведкам Евангелля ў сучасным секулярным свеце.
З гэтымі пажаданнямі абвяшчаю прысвечаны сям’і сімпозіум адкрытым і жадаю Божага благаслаўлення і поспехаў у яго працы.
Дзякую за ўвагу.
|