Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канферэнцыя а. Пятра Фраштэнгі OCD “Фарміраванне духоўнага жыцця”

21 снежня 2013 г.

Умілаваныя ў Хрысце Пану!

На сённяшнім разважанні я хацеў бы распавесці пра развіццё духоўнага жыцця чалавека і пра патрэбу клопату пра яго.

Кожны з нас няспынна адчувае, што з’яўляецца цялесна-духоўнай істотай. Няспыннае адчуванне Бога дае нам поўны вобраз самога сябе.

Наш шлях жыццёвага паклікання асаблівым чынам патрабуе пастаяннага фарміравання нашага духу.

Калі прасочым развіццё чалавека, то заўважым, што з малой клеткі развіваецца цэлы арганізм, увесь чалавек. Паступова з такой малой частачкі развіваецца новы чалавек. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, бачым, што яшчэ ва ўлонні маці, ужо пасля некалькіх тыдняў жыцця заўважаюцца канкрэтныя чалавечыя органы. Відаць маленькую галоўку, ручкі, тулава і ножкі. І паступова, пакрысе развіваецца чалавек. Расце, павялічваецца ягоная істота, і пазней нараджаецца чалавек. Папулярна кажам: “Прыйшоў на свет новы чалавек, дзіця, немаўлятка”. Канешне, пасля нараджэння і на працягу першых гадоў свайго жыцця ён патрабуе вялікай, чуллівай і няспыннай апекі. Гэта, аднак, далей адбываецца паступова, але штораз больш развіваецца новая асоба. Пасля некалькіх гадоў у ім развіваюцца ў пэўнай ступені ўсе органы пачуццяў. Дзіця з’яўляецца малым, але цалкам сфарміраваным чалавекам.

Гледзячы на гэты вельмі скарочаны вобраз развіцця чалавечага жыцця, ягонага цела і арганізму, усведамляем, што разам з гэтым узрастаннем чалавека з пункту гледжання ягоных органаў развіваецца таксама чалавечая душа. Разам з узрастаннем цела узрастае чалавечы дух. Дух таксама з дня ў дзень становіцца штораз мацнейшым, штораз больш уплывае на чалавечае цела, на ўсяго чалавека.

Але таксама нараджаецца пытанне: чым з’яўляецца духоўнае жыццё чалавека? Адкуль ведаем, што яно ёсць і павінна развівацца, а таксама патрабуе нашага асаблівага клопату?

Духоўнае жыццё вынікае з вельмі простага факту, з факту існавання душы. Як чалавек мае цялесны пачатак, з якога складаецца знешне, таксама мае ў сабе і духоўны пачатак. Усё гэта вымярэнне чалавека: яго прагненні, адчуванні, мысленне, інтэлект, праўда, прыгажосць, дабро, вера, надзея і любоў. Усё гэта заключаецца ў гэтым духоўным пачатку чалавека. Духоўнае жыццё – гэта проста нашая духоўная сувязь з Богам, які прыходзіць у свет і селіцца ў нас.

Паглядзіце: як цела патрабуе клопату, таксама і душа патрабуе нашых старанняў.

Зазірнем яшчэ ў Святое Пісанне, дзе, асабліва ў Новым Запавеце, знаходзім вельмі прыгожыя павучанні адносна ўнутранага жыцця чалавека.

Так, сам Пан Езус кажа: “Што ж з таго, калі б чалавек здабыў увесь свет, а душы сваёй прынёс шкоду…” Таму наколькі ж вялікай каштоўнасцю з’яўляецца духоўнае жыццё, яго шляхетнасць і прыгажосць.

У іншым месцы чытаем: “Адказваючы, сказаў яму Езус: Калі Мяне хто любіць, будзе захоўваць Маю навуку, а Айцец Мой палюбіць яго, і прыйдзем да яго, і будзем прабываць у ім” (Ян 14, 23).

Езус кажа, што будзе прабываць у нас, кажа, ужываючы множны лік: “будзем”, што азначае, што ўся Святая Тройца прабывае ў чалавечай душы. Таму духоўнае жыццё мае сувязь з Духам Святым.

Але навошта гэтае духоўнае жыццё развіваць?


Мы павінны клапаціцца пра нашае духоўнае жыццё, каб быць духоўнымі людзьмі, бо “пачуццёвы чалавек не разумее таго, што паходзіць з Божага Духа. Яму гэта здаецца глупствам і не можа гэтага пазнаць, бо толькі духам гэта можна разважыць. А духоўны чалавек разважае ўсё, але сам нікім не судзіцца” (1 Кар 2, 14-15). Будзьма асобамі вялікага духу, які пранікае ўсё і дазваляе глядзець на асяроддзе вачыма душы.

У Пасланні да Эфесцаў чытаем: “Трэба духоўна аднаўляцца ў вашым мысленні і апрануцца ў новага чалавека, створанага паводле Бога, у справядлівасці і праўдзівай святасці” (Эф 4, 23-24).

Падобна як кожная расліна, кожная кветка патрабуе няспыннага клопату. Яна павінна мець ваду, сонечныя прамяні, адпаведныя ўгнаенні. Па прыкладзе расліны павінны даглядацца і нашыя душы. Але ж кветку трэба падразаць, хоць гэта можа быць і балюча для расліны, але неабходна. І так, падобна раслінам, нашыя душы трэба падразаць. І праз розныя жыццёвыя сітуацыі Пан Бог праз прафілактычныя аперацыі чыніць чалавечае нутро больш шляхетным.

І чарговае пытанне: як жа гэтае духоўнае жыццё развіваць?

Духоўная фармацыя чалавека патрабуе выкарыстання пэўных сродкаў, якімі з’яўляюцца:

  • найперш сакрамэнты, а асабліва найсвяцейшая Эўхарыстычная Ахвяра і сакрамэнт паяднання – спаткання з міласэрным Айцом. У сакрамэнтах стараемся ўдзельнічаць свядома, пабожна і дзейсна;
  • далей, Божае слова, якое фарміруе нас паводле Божага плану і чыніць нас людзьмі з духоўным гледжаннем на жыццё;
  • малітва, г.зн. размова з нашым Панам, а таксама ўсялякага роду пабожныя практыкі, такія, як набажэнствы, духоўнае чытанне, практыкаванне цнотаў.


Трэба нам адкрыцца на Божае дзеянне, якое нас фарміруе, клапоціцца пра нас, пашырае і аднаўляе.

“Не падманвайце адно аднаго, бы вы скінулі з сябе старога чалавека з ягонымі ўчынкамі, а апрануліся ў новага, які ўсцяж аднаўляецца дзеля глыбейшага пазнання Бога, паводле вобразу Таго, які яго стварыў” (Кал 3, 9-10), – нагадвае нам св. Павел.

Святыя Кармэлю таксама праслаўляюць прыгажосць душы чалавека, узбагачанай прысутнасцю Бога, Абранніка Душы. Святы Ян ад Крыжа напіша ў “Духоўнай Песні”: “О, душа, найпрыгажэйшая сярод усіх стварэнняў…ты сама ёсць Ягоным (Абранніка) прыстанкам і месцам таямнічым, дзе Ён укрываецца” (страфа 1, п.7). А св. Тэрэза ад Езуса ўжо ў пачатку “Унутранага замку” сказала: “Дарэмна шукаю і нічога не знаходжу, да чаго можна было б параўнаць праўдзівую прыгажосць і велізарную змяшчальнасць чалавечай душы”.

Аднак жа з’явай, якая выступае вялікай перашкодай у духоўным жыцці, з’яўляецца грэх. Грэх нішчыць душу, аслабляе нашыя духоўныя сілы і прагненні.

Адзін святар, калі хацеў паказаць, якім вялікім злом для душы з’яўляецца грэх і які дрэнны яго ўплыў, падышоў да вазы з ружамі і сваёй далонню цалкам струшчыў кветку адной з іх. Пасля адкрыцця сціснутага кулака пасыпаліся з яго толькі рэшткі, якія засталіся ад гэтай найпрыгажэйшай кветкі. Гэты прыклад, можа, занадта сімвалічны, паказвае нам вельмі шмат, чым з’яўляецца грэх і якую вялікую вартасць мае чалавечая душа. Стараймася ўнікаць граху, абвесцім барацьбу з грахом. Будзем старацца развіваць нашае духоўнае жыццё, каб да канца выканаць сваё духоўнае пакліканне і так, як Марыя, развіваць у сабе тое, што добрае, шляхетнае і прыгожае.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску