Вусная малітва
Уступ
Чым з’яўляецца вусная малітва?
Перад тым, як адказаць на гэтае пытанне, варта зазірнуць у Біблію, каб знайсці прадпасылкі, якія нас вядуць да адказу на дадзенае пытанне.
Бог, праз сваё слова, прамаўляў і прамаўляе да чалавека. Яго словы напаміну, паклікання, запрашэння заўсёды былі знакам збаўлення. Выбраны ізраэльскі народ гэтым Божым словам пастаянна падтрымліваўся і карміўся. Неаднаразова гэтае Божае слова абвяшчалася праз саміх жа людзей, патрыярхаў і прарокаў. Напрыканцы вякоў гэтае слова прамовіў сам Бог Айцец праз свайго Сына Езуса Хрыста.
І, як Бог прамаўляе да чалавека, карыстаючыся словам, так і нашая малітва, выражаная ў думках або ўслых, набірае адпаведную форму і становіцца сродкам камунікацыі з Богам.
1) Разуменне вуснай малітвы
Вусная малітва - гэта такі від малітвы, які выражаецца ў знешняй форме пры дапамозе слова. Розніца, якая існуе паміж вуснай малітвай і малітвай-разважаннем, заключаецца галоўным чынам у знешняй слоўнай форме, бо як адзін, так і другі від малітвы важны сам па сабе, бо ў ім цалкам удзельнічае чалавек, які моліцца.
Менавіта такой малітве вучыць Езус сваіх апосталаў і вучняў:
“Калі Ён маліўся ў пэўным месцы і калі перастаў, адзін з вучняў Ягоных сказаў Яму: Пане, навучы нас маліцца, як і Ян навучыў сваіх вучняў. Ён сказаў ім: Калі моліцеся, кажыце: Ойча, няхай свяціцца імя Тваё…” (Łk 11,1-2)
2) Структура вуснай малітвы
Самым галоўным у практыкаванні вуснай малітвы з’яўляецца:
- інтэнцыя праслаўлення Бога - прыняцце пачуццяў, якія выражаюць словы малітвы.
Напрыклад, калі мы прамаўляем якуюсьці малітву, якую ведаем на памяць, то неабавязкова звяртаць увагу на значэнне кожнага паасобнага слова. Хопіць толькі ў нашай малітоўнай практыцы кіравацца інтэнцыяй праслаўлення і любові да Бога. Бо, ведаючы словы малітвы, якую мы прамаўляем на памяць, мы выражаем згоду на змест малітвы, якую прамаўляем. Што датычыць увагі, якую звяртаем на словы малітвы, то яна патрэбная нам дзеля таго, каб з яе дапамогай наш кантакт з Богам быў больш глыбокі і свядомы.
Душа чалавека, які моліцца, праз разуменне выказаных словаў глыбей перажывае тое, што выражаюць словы малітвы. Напрыклад, калі кажам “Вітай, Марыя”, то засяроджваем нашую ўвагу на прывітанні Найсвяцейшай Панны Марыі, углядаемся ў Яе малітоўную паставу, у Яе ролю ў нашым жыцці, а таксама звяртаемся да Яе з просьбай аб заступніцтве і апецы для нас.
Такім чынам у нашым практыкаванні вуснай малітвы неабходнымі з’яўляюцца як інтэнцыя праслаўлення Бога, так і ўвага і засяроджанне, што ў сваю чаргу дазваляе лепш зразумець і перажыць выказаныя на малітве словы.
У вуснай малітве Езус нас перасцерагае ад небяспекі фарысейства. Гэта калі нашыя словы малітвы не супадаюць са стылем нашага жыцця. Памятаеце прыпавесць Езуса пра фарысея і мытніка. У ёй Езус нас перасцерагае ад такой фальшывай малітвы (пар. Лк 18, 9-14).
3) Віды вуснай малітвы
A) Падзел з пункту гледжання формы
a. індывідуальная малітва
Гэта малітва, у якой чалавек становіцца сам-насам перад Богам і моліцца пры дапамозе словаў. Такой малітвай з’яўляецца: Ружанец, Брэвіярый, літаніі, псальмы і г.д.
Індывідуальная малітва можа быць рэалізавана розным чынам:
- пры дапамозе моўных формулаў
Гэта добрая нагода, асабліва для людзей, якім складана маліцца ўласнымі словамі. Ёсць такія формулы, якія зацверджаны Касцёлам, і, карыстаючыся імі, мы можам такім чынам звяртацца да Бога. Аднак у гэтым выпадку існуе небяспека аўтаматычнага прачытання такіх малітваў без увагі на змест. Тады можа атрымацца замест глыбокай шчырай малітвы толькі нудная знешняя практыка. У практыкаванні такіх малітваў вельмі важная павольнасць і невялікая паўза, каб засяродзіцца над тым, што прамаўляем. Так напрыклад можам учыніць, калі прамаўляем Ружанец.
- спантанная малітва
Гэта від найбольш шчырай малітвы, якая выплывае з сэрца молячайся асобы. Гэтая малітва ў нейкім сэнсе падстрайваецца пад наш настрой, перажыванні і думкі. Калі дзіця размаўляе са сваім бацькам, то не патрабуе ніякіх формул, шаблонаў, узораў і г.д., проста кажа тое, што адчувае.
- малітва, звязаная з сітуацыяй
Гэта асобны від спантаннай малітвы. Сучасны чалавек вельмі заняты рознымі справамі. А ў яго жыцці ўсё адбываецца як бы ў прыспешаным тэмпе. Цяжка сабе ўявіць сёння такі ціхі спакойны вечар або дзень. І такая малітва дазваляе чалавеку лепш перажываць розныя жыццёвыя штодзённыя сітуацыі, у якіх ён шматразова ўзносіць сваё сэрца да Бога.
Мы пастаянна перажываем самыя розныя жыццёвыя сітуацыі. Напрыклад: ідзём у касцёл, на месца працы, выконваем шматлікія заданні, падчас якіх можам маліцца. Я мяркую, няцяжка на пачатку працы зрабіць знак крыжа і памаліцца, напрыклад, малітваю “Ойча наш”. А ідучы ў касцёл, можам праславіць Бога іншымі малітвамі, просьбамі, падзякамі і г.д.
Калі дзесьці вандруем, таксама ёсць час на малітву, час, калі можам наблізіць сваё сэрца і розум да Бога. Калі мы ў падобных жыццёвых сітуацыях знойдзем час на малітву, гэта без сумніву прынясе нам шмат дабра і навучыць нас пастаянна маліцца.
Аднымі з такіх малітваў, звязаных з сітуацыяй, з’яўляюцца кароткія малітоўныя заклікі. Гэта не з’яўляецца непасрэдна размовай, скіраванай да Бога. Іх можна акрэсліць як кароткі выраз, думка, акт любові, кароткі заклік, звернуты да Пана Бога.
Кожная акалічнасць, кожная жыццёвая падзея для веруючага чалавека можа стаць адпаведнай нагодай, каб узнесці сваё сэрца да Бога ў акце праслаўлення ці падзякі. Акты веры, праслаўлення ці даверу Богу - нібы крылы, якія нас узносяць у неба, ствараюць моцную непарыўную сувязь з Богам. Чым больш гэтых малітоўных актаў, тым больш трывала і інтэнсіўна мы накіроўваем свой духоўны погляд на Бога.
b. супольная малітва
Вельмі важная форма малітвы ў хрысціянскім жыцці. Рэалізуецца найчасцей праз цэлебрацыю Эўхарыстыі, у якой усе як адна сям’я ўзносяць свае падзякі да Бога. Аб літургічнай малітве мы паразмаўляем у наступнай канферэнцыі.
B) Падзел з пункту гледжання зместу
a. малітва падзякі
У гэтай малітве мы выражаем нашу ўдзячнасць Богу. Сёння хачу асаблівую ўвагу звярнуць на гэты тып малітвы, каб нашыя адносіны з Богам мелі характар бескарыснасці і мы шчыра праслаўлялі Бога. Такая малітва нараджае ў нашым сэрцы паставу даверу і ўдзячнасці. Св. Павел кажа: “Заўсёды радуйцеся, безупынна маліцеся! У кожнай сітуацыі дзякуйце, бо такая Божая воля адносна вас у Езусе Хрысце” (пар. 1 Тэс 5, 16-18).
Нам належыць дзякаваць Богу за ўсё.
b. малітва просьбы
Хрыстус кажа: “Прасіце і атрымаеце, шукайце і знойдзіце, стукайце і адчыняць вам”. Веруючы хрысціянін заўсёды звяртаўся да Бога з просьбай. Прасіць належыць аб патрэбных для нас Божых ласках. А таксама прасіць у патрэбах іншых людзей. Выпрошваць Божыя ласкі для бліжніх. Гэты тып малітвы актуальны таксама калі молімся за памерлых, выпрошваючы для іх у Бога вечнае жыццё.
3) Вусная малітва ў тэрэзіянскай педагогіцы
У навучанні св. Тэрэзы вусная малітва, якую зрэшты яна сама часта практыкавала, выражаецца пры дапамозе словаў. Тэрэза кажа: “Калі прамаўляем “Ойча наш” ці “Вітай, Марыя”, ці іншую падобную малітву, карыстаемся практыкай вуснай малітвы. (Пар. D 25,3).
Таксама наша святая адносна вуснай малітвы і малітвы разважання кажа наступнае: “Што датычыць мяне, то я, колькі разоў кажу аб малітве, заўсёды злучаю гэтыя два віды малітвы: вусную і разважанне”. Праз гэта Тэрэза жадае, каб розум і сэрца ў малітве былі разам, каб менавіта яны спадарожнічалі таму, што вымаўляюць вусны падчас малітвы.
Першай умовай вуснай малітвы ёсць усведамленне вымаўленых словаў. Сама Тэрэза на ўласным прыкладзе паказвае, як гэта належыць рабіць: “Калі прамаўляю “Ойча наш”, любоў патрабуе, на маю думку, каб я выдатна разумела, кім для мяне з’яўляецца гэты Айцец” (D 24, 2).
Святая ставіць моцны націск на якаснае адгаворванне вусных малітваў. І адной з галоўных перашкодаў на такой малітве будзе празмерная хуткасць малітвы, або таксама вялікая колькасць такога роду малітваў. Паводле яе, больш значыць адно слова, прамоўленае з малітвы “Ойча наш”, калі яно прамоўлена ад сэрца (D 31, 13). Малітва чалавека, які словы малітвы прамаўляе без належнага ўсведамлення, хоць бы і доўгі час так маліўся, не ўспрымаецца Тэрэзай як малітва (пар. TW I 1,7).
У класіфікацыі малітвы, паводле св. Тэрэзы, вусная малітва належыць да першага з сямі пакояў яе ўнутранага замку. Такая форма малітвы лічыцца малітвай для пачынаючых. Але ў духоўным жыцці гэтая форма малітвы заўсёды патрэбная, асабліва калі яна адпаведна разумеецца і практыкуецца веруючым чалавекам. Праз вусную малітву распачынаецца шлях да малітвы сузірання, якая з’яўляецца не толькі плёнам дзейнасці молячагася чалавека, але перадусім плёнам асаблівай Божай ласкі.
Пытанні па тэме:
1. Якую малітву можна назваць вуснай малітвай? 2. Пералічы віды вуснай малітвы. 3. На што звяртае ўвагу св. Тэрэза, калі кажа аб практыкаванні вуснай малітвы? 4. Да якога пакою залічвае св. Тэрэза вусную малітву? 5. Што нам трэба рабіць падчас малітвы: дзякаваць ці прасіць? 6. Чаму св. Тэрэза вусную малітву называе малітвай для “пачынаючых”?
Гэтае пытанне не адносіцца да тэмы, якую я тлумачыў 7. Што кажа св. Тэрэза з Лізьё пра вусную малітву?
|