Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Канферэнцыя кс. Віктара Гайдукевіча ““Карытас” – учора, сёння і заўтра”

“Пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе”
(1 Кар 8,1)

Эксцэленцыі,
Глыбокапаважаныя біскуп Аляксандр і біскуп Юзаф
паважаныя святары і сёстры законныя,
паважаныя супрацоўнікі дабрачыннай арганізацыі “Карытас”
у Беларусі, прадстаўнікі свецкай улады,
дарагія госці юбілею 20-годдзя з дня заснавання
“Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі з Беларусі і з-за мяжы!

Калі мяне калегі з “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі запыталі, ці не магу я выступіць з дакладам падчас святкавання сённяшняга юбілею, то я, не задумваючыся і не здаючы сабе ў пэўным сэнсе справы, адразу адказаў так. Але калі я распачаў непасрэдную падрыхтоўку да канферэнцыі, то з кожным момантам усё больш і больш заўважаў, што дадзеная тэматыка - з аднаго боку відавочная, а з другога вельмі складаная і настолькі шырокая, што шмат усяго, здавалася, трэба апрацаваць, каб ахапіць прынамсці істотныя яе элементы.

Пасля доўгага разважання я вырашыў сканцэнтравацца падчас сённяшняга выступлення на наступным фокусе, які некаторым можа на першы погляд здавацца неістотным для нашай рэчаіснасці: а менавіта што чыніць працу дабрачыннай арганізацыі “Карытас” каталіцкай і ці важна наогул у дабрачыннай дзейнасці звяртаць на гэта ўвагу.

Аднак да гэтай тэматыкі перайду толькі пасля кароткага агляду развіцця “Карытас” на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў. Спадзяюся, что вы са мною згодзіцеся, калі скажу, што працэс станаўлення дабрачыннай арганізацыі “Карытас” у Беларусі не павінен лічыцца скончаным. На пройдзеным шляху, з перспектывы сённяшняга дня, бачым, што былі розныя фазы: ад эфарычнага пачатку праз інтэнсіўны рост і распаўсюджванне “Карытас” у Беларусі,  праз, і гэта трэба прызнаць, фазаў пэўнага застою і “штучнага” задавалення аж да сённяшняга. Такія моманты прысутнічаюць у развіцці кожнай арганізацыі, і “Карытас” не з’яўляецца выключэннем. Аднак прыходзяць моманты, калі трэба задумацца аб першаснай місіі арганізацыі, калі трэба “вярнуцца да крыніцы”, каб не сысці са шляху сваёй сапраўднай місіі і не страціць свядомасці свайго прызначэння; прыходзіць момант, калі трэба зрабіць праверку сваёй дзейнасці для паляпшэння якасці прадстаўляемай дапамогі і, нарэшце, каб у сучасным свеце, які хутка змяняецца, мы маглi не толькі адэкватна рэагаваць на патрэбы сучаснага чалавека, але таксама як каталіцкая дабрачынная арганізацыя маглі ісці ў нагу з часам.

Вось і сёння – гэта час, калі “Карытас” у Беларусі, а дакладней яе дзейнасць у параўнаннi з яе першапачатковай формай, набыла зусiм iншы, больш маштабны характар i вось ужо на працягу больш чым 20 год паспяхова развіваецца ў нашай краіне; дазволю сабе сёння задаць правакуючае пытанне: ці есць “Карытас” у сваёй працы ў пэўным сэнсе каталіцкай, ці засталася яна той рэлігійнай місіяй, дзейнасць якой заснавана на навуцы Хрыста і дзе працуюць людзі, напоўненыя Божым Духам і гатовыя бачыць у кожным патрабуючым самога Хрыста?

Пастаўленныя пытанні могуць выклікаць у некаторых з вас роздум, але калі мы прыгледзімся да развіцця “Карытас” у Еўропе, у нашых суседніх краінах, то павінны будзем сцвердзіць, што пытанне вельмі актуальнае, не толькі для іх, але можа хутчэй, чым мы думаем, набраць сваю актуальнасць і для нас. У многіх краінах Еўропы “Карытас” стала велізарнай фірмай, дзе працуюць прафесіяналы, прапануючы пэўны асартымэнт сацыяльных паслуг. Адбыўся пэўны пераход адказнасці за дабрачыннасць ад супольнасці вернікаў Касцёла да адной касцёльнай арганізацыі “Карытас”, якая ў сваю чаргу страціла сувязь з гэтай супольнасцю.

Так, напэўна, нельга дапамагаць эфектыўна патрабуючым, не маючы належнай прафесійнай падрыхтоўкі, не маючы забяспечанага заробку, як таксама і нельга працаваць у арганізацыі Каталіцкага Касцёла, не прымаючы яе прынцыпы. Аднак сітуацыі, якія мы перажываем у дабрачыннай дзейнасці – гэта знакі часу. Жаданнем нашых западных партнёраў, напрыклад, каб мы развівалі фандрэйзінг у Беларусі, каб стараліся ў дабрачыннай дзейнасці супрацоўнічаць з лакальнымі арганізацыямі. Маючы на ўвазе шматлікія ініцыятывы “Карытас” у Беларусі ў гэтым напрамку, канстатую факт, што плады нашых намаганняў невялікія. І гэта не таму, што “Карытас” мала робіць. Не! Гэта нашая спецыфічная сітуацыя, якую мы маем у нашай краіне і якая ставіць для “Карытас” вельмі шмат знакаў запытання. Дзякуй Богу, што якраз у апошні час з боку дзяржавы прымаюцца адпаведныя змены на ўзроўні заканадаўства ў адносiнах да рэлігійных арганізацый. Яскравым прыкладам гэтага можа быць і новая рэдакцыя закону аб сацыяльным заказе, дзе нароўні з іншымі рэлігійныя арганізацыі могуць удзельнічаць у ім і атрымліваць у аказанні сацыяльных паслуг фінанасавую дзяржаўную дапамогу.

Таксама і ініцыятыва Рэспубліканскага сацыяльнага форуму, які праводзіцца з удзелам Міністэрства працы і сацыяльнай аховы, на якім не толькі ідуць дыскусіі на вельмі актуальныя для дабрачыннай дзейнасці ў Беларусі і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі тэмы, але таксама сумесна распрацоўваюцца прапановы для прыняцця новых законаў у сферы дабрачыннай дзейнасці. Рух у гэтым напрамку ёсць – і гэта з аднаго боку вельмі добра, але з другога, і мы свядомыя гэтага, да канкрэтных вынікаў і распрацаваных механізмаў для практыкі яшчэ далёкая дарога, якую мы, як “Карытас”, гатовыя ісці.

На сённяшні ж дзень надалей застаецца шмат знакаў запытання, невырашаных спраў і неадказаных пытанняў у сектары дабрачыннасці ў Беларусі, асабліва ў заканадаўстве, і гэта нягледзячы на тое, што наша эканоміка і ўсе камерцыйныя структуры імкнуцца да статусу еўрапейскіх. Усе яны інтэнсіўна працуюць над канцэптамі карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці ў сваіх арганізацыях, накіраваных на падтрымку такога моднага сёння слова, як “імідж” арганізацыі, але яны не маюць дастатковай юрыдычнай базы для реалізацыі сваёй дабрачыннай дзейнасці.

“Імідж” – важнае слова і для “Карытас”, бо гэта тое, што прыцягвае, а можа, і аддаляе ад дзейнасці арганізацыі.  Для “Карытас” яно таксама мае важнае значэнне. Якраз добры імідж “Карытас” у Беларусі, як арганізацыі сумленнай і адкрытай, дае нам магчымасць прыцягнуць як больш партнёраў, так і большую колькасць патрабуючых.

Сучасны свет, які хутка змяняецца, змушае нас да таго, каб мы пастаянна  актуалізавалі форму i характар нашай дзейнасцi. Яшчэ 20 год таму мы выключна разважалі, як дапамагчы патрабуючым, сёння мы дадаткова актыўна разважаем таксама і аб тым, як зрабіць нашую дзейнасць папулярнай, як змяніць ментальнасць сучаснага беларуса, як абудзіць у людзях жаданне, каб, нягледзячы на недахоп часу і фінансаў, яны мелі адкрытае сэрца для патрабуючага чалавека.

Часта мы заўважаем лепшыя магчымасці ў рэалізацыі дабрачыннасці і спонсарскай дапамогі для недзяржаўных аргнізацый, якія не носяць характар рэлігійных, сутыкаемся ўсё часцей і часцей з канкурэнцыяй у аказанні сацыяльных паслуг – усё гэта мае ў сабе для нас спакусу пакінуць дзесьці збоку рэлігійны аспект нашай дабрачыннай дзейнасці. Аднак такі крок, з перспектывы “Карытас”, можна прыраўняць да будавання дома на пяску альбо адрачэння ад сваей сутнасці. Таму сёння пытанне аб адметнай рысе каталіцкай дабрачыннасці - чым мы адрозніваемся ад іншых у дабрачыннай дзейнасці і аказанні сацыяльных паслуг і што чыніць дабрачынную дзейнасць каталіцкай? - становіцца вельмі актуальным і патрабуе адказу.

Калі паспрабуем шукаць адметную рысу ў прыведзенай цытаце з першага Паслання апостала Паўла да Карынцянаў, які кажа, што пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе, – то можна прыйсці да выніку, што пазнанне прафесійных ведаў ў кантэксце дабрачыннай дзейнасці вядзе да пагардлівасці і што толькі любоў можа быць той адметнай рысай, што адрознівае нас ад іншых. Але я мяркую, што прафесійныя веды і стаўленне з любоўю да чалавека не павінны выключаць адзін аднаго, але наадварот, як тыя два бакі аднаго і таго жа медаля, павінны стаяць цесна звязаныя адно з адным.

На пачатку некалькі думак аб актульнасці логікі мыслення св. апостала Паўла, затым трэба будзе адказаць на пытанне, ці павiнны мы, чынячы дабрачынную дзейнасць, браць пад увагу тое, што дзейнасць наша заснавана на навуцы Хрыста? Што важней пры гэтым - “Карытас” як рэлiгiйная мiсiя, якая прапаведуе сацыяльнае служэнне Касцёла -  ці “Карытас” як  дабрачынная арганізацыя, аказваючая сацыяльныя паслугі патрабуючым? Гледзячы на сітуацыю на Захадзе, дзе словы аб тым, што “Карытас” - гэта рэлігійная арганізацыя, нават не ўспамінаюцца, – назіраем таксама і тое, што некаторыя выдалілі знак крыжа з лагатыпа арганізацыі. Вось сітуацыі, якія могуць стаць для нас у вельмі хуткім часе актуальнымі, і добра ўжо цяпер прыняць адпаведныя меры і карэктуры ў развіцці “Карытас” у Беларусі.  

Вельмі важнай у кантэксце разважанняў аб “Карытас” з’яўляецца энцыкліка Святога Айца Бэнэдыкта XVI “Deus Caritas Est“. З дапамогай яго разважанняў паспрабуем вылучыць некаторыя істотныя элементы каталіцкай дабрачыннай дзейнасці і зрабіць лагічныя высновы для працы “Карытас” у Беларусі.

Сёння для сітуацыі “Карытас” у Беларусі і для логікі мыслення ў плюралістычным свеце ёсць добры прыклад Апостала народаў св. Паўла. Яна здаецца актуальнай як ніколі дагэтуль. Прадставім сабе поле дзейнасці св. апостала Паўла: гэта рэгіён Міжземнага мора, які не толькі быў вузлом розных гандлёвых шляхоў, але быў таксама месцам сутыкнення розных светапоглядаў і культур, дзе гэта прадстаўлялася і дыскутавалася. Такая рэчаіснасць для Апостала народаў не ўяўляла ніякага клопату – яму быў добра вядомы плюралістычны свет дадзенага рэгіёну. Горад Карынт на той час лічыўся з аднаго боку горадам граху і распусты, але з іншага - месцам, дзе перапляталіся і ўваходзілі ў кантакт розныя рэлігіі, культуры, жыццёвыя канцэпцыі юдэйскага і грэчаскага светапогляду. Св. апостал Павел, хрысціянін са сваёй юдэйскай сацыялізацыяй, кантактуе язычніцкі свет з думкай хрысціянства. Ён быў добра падрыхтаваны і ўмеў хрысціянскі светапогляд аддзяляць ад іншых, умеў аргументаваць і ўваходзіць у дыскусыю, лагічна прадстаўляючы іншым сваё разуменне. Можа, якраз таму ён з’яўляецца тым чалавекам, які можа нам даць добрыя імпульсы для таго, каб знайсці адметныя рысы хрысціянскага caritas.

На пачатку трэба сцвердзіць, што шуканне адметнай рысы хрысціянства, таго самага важнага і істотнага, было заўсёды актуальным. Гэтае істотна важнае мы ніколі не знойдзем толькі ў працэсе яго захавання,  калі будзем толькі перадаваць атрыманае, як шкатулку, якую не можам адкрыць. Св. апостал Павел з’яўляецца вельмі добрым прыкладам так званай трансфармацыі. Гэта не што іншае, як тое, што мы сёння называем інкультурацыяй хрысціянства. Гэта значыць, што мы пастаянна павінны весці барацьбу за тое, што для нас з’яўляецца сапраўды важным і істотным, каб з аднаго боку не страціць свайго і адначасова ўмець весці дыялог з іншымі светапоглядам.

Адказ святога Паўла на нашае пытанне ясны: ён не жадае прафесійныя веды і хрысціянскі падыход (настаўленне) параўноўваць альбо ставіць адзін супраць аднаго так, каб адно выключала другое. Ён жадае пранікнуць па-новаму ў тое, што ўжо ёсць. Пры гэтым для яго важнай з’яўляецца наступная пастава: не абразанне, не рытуалы самі па сабе важныя, але вера ў Езуса Хрыста. Не прадпісанні, якія датычаць ежы, з’яўляюцца дарогай да збаўлення, але тое, што з чалавека выходзіць, яго пастава. Патрэбнай і важнай у гэтым кантэксце з’яўляецца не самавыхваляючае, усе ў сабе маючае пазнанне, як гэта прабавалі прадстаўляць філосафы часоў св. апостала Паўла, але пастава, поўная любові, як адказ чалавека на бязмежную любоў Бога да яго.

Падводзячы вынікі, трэба запытацца: ці можа існаваць дабрачыннасць без прафесійных ведаў і любові да бліжняга? Ці не пастава, поўная любові, з’яўляецца той адметнай рысай хрысціянства, а тым самым і хрысціянскага caritas?

Разважаючы аб адметнай рысе каталіцкай дабрачыннай дзейнасці, мы заўважаем, што слова “каталіцкае” можа хутка накiраваць наша мысленне ў пэўным напрамку. Гэта спакушае нас да таго, каб служэнне на карысць чалавека мы разглядалі ў канфесійным профілі Каталіцкага Касцёла, асабліва ў рамках дабрачыннай каталіцкай арганізацыі “Карытас”. У нашым кантэксце ёсць і іншы варыянт разумення слова „каталіцкі“, а менавіта калі мы гэтае слова будзем разумець у яго першапачатковым значэннi: як усё і ўсіх ахопліваючае служэнне, якое ахоплівае ўсіх людзей з іх жыццёвымі сітуацыямі, трагедыямі і абмежаваннямі.

Але ці можна ўзяць паняцце міласэрнага служэння як адзіны элемент каталіцкага “Карытас”?

У гэтым месцы трэба зрабіць адрозненне, якое мы заўважаем і перажываем у дабрачыннай дзейнасці ў Беларусі. Трэба адрозніваць з аднаго боку дабрачынную дзейнасць хрысціянскага характару і з другога дабрачынную дзейнасць хрысціянскіх арганізацый. Што гэта значыць?

Дабрачынную дзейнасць хрысціянскага характара можа выконваць і той, хто не працуе ў касцёльных структурах, таму што гэта істотны элемент быцця хрысціянінам - усюды і ў кожную хвіліну жыць хрысціянскай духоўнасцю і не для таго, каб, як мы часта чуем, рэкрутаваць новых католікаў, але каб у кожным чалавеку распазнаць самога Хрыста. Caritas – як міласэрная любоў і служэнне чалавеку - з’яўляецца адной з істотных форм хрысціянства. Не хто іншы, як Папа Бэнэдыкт XVI, у сваёй энцыліцы „Deus Caritas Еst“  пісаў, што міласэрная любоў - гэта самааданы і альтруістычны акт кожнага хрысціяніна. Таму кожны хрысціянін на кожным месцы і ў кожную хвіліну павінен выконваць хрысціянскае служэнне дапамогі бліжняму. Адсюль вынікае, што дабрачынная дзейнасць хрысціянскага характару можа адбывацца і па-за касцёльнымі структурамі і што касцёльныя структуры для гэтага не з’яўляюцца conditio sine qua non.

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у першай сваёй энцыкліцы “Deus Caritas est” 25.12.2005 г. прадставіў свае разважанні на тэму дабрачыннай дзейнасці Касцёла, вельмі дакладна апрацоўваючы сферу яго прафесійнага служэння. Глыбіня яго разважанняў у энцыкліцы пераўзыходзіць некаторыя меркаванні, якія б ахвотна з сацыяльнага служэння ўчынілі форму евангелізацыі.

У сваёй энцыклікі Святы Айцец апісвае паняцце любові ў стварэнні і гісторыі збаўлення. Тэрмін “любоў” мае шмат розных значэнняў. З грэчаскай мовы разам з паняццем “philia” (сяброўская любоў) мы маем такія паняцці, як Еros i Аgape. Еros мае на ўвазе любоў чалавека, якая нараджаецца не ў думках і волі чалавека, але якая пэўным чынам навязваецца яму. Аgape мае на ўвазе любоў, якая ахвяруецца. У хрысціянскім значэнню “любоў” – гэта непарыўная еднасць гэтых двух: Еros i Аgape. (Deus caritas est, 3)

Святы Айцец называе таксама некаторыя асаблівасці, якія характарызуюць спецыфічны профіль дабрачыннай дзейнасці Касцёла, каб яна надалей яснела сваім бляскам і не растварылася ў звычайнай арганізацыі дапамогі, становячыся адной з яе форм. (Deus caritas est, 3)

Па прыкладу добрага Самараніна, уласцівая пастава хрысціяніна праяўляецца ў спантанным адказе на тое, што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць: галодныя павінны быць насычанымі, голыя апранутыя, хворых трэба лячыць з надзеяй на выздараўленне, вязняў трэба наведваць і г.д. Але гэты спантанны адказ, гэтая дапамога павінна базавацца на прафесійных ведах, каб дапамога сапраўды была дзейснай. Прафесійная кампетэнцыя супрацоўнікаў з’яўляецца першасным і асноўным патрабаваннем, але толькі яе недастаткова. Бо справа датычыць людзей, а чалавек заўсёды патрабуе нечага большага, чым тэхнічна правільнай апекі. Яны патрабуюць чалавечнасці, патрабуюць сардэчнай увагі. Таму ў гэтым кантэксце апрача прафесійнай падрыхтоўкі вельмі важная “фармацыя сэрца”, каб такія людзі прысвяцілi сябе іншаму так, каб ён пазнаў багацце іх чалавечнасці: трэба весці іх да такога спаткання з Хрыстом, якое б абуджала ў іх любоў і адчыняла іх сэрцы на іншых, так, каб міласэрная любоў да бліжняга не была вынікам наказу, але вынікам іх веры, якая дзейнічае праз любоў. Бо няма большай матывацыі да добрага выканання сваіх функцый, чым моцнае жаданне дапамагаць бліжняму, наш унутранны голас Бога, заснаваны на любові  да бліжняга. Любоў з’яўляецца бескарыслівай, яна не здзяйсняецца для дасягнення іншых мэтаў. (Deus caritas est, 31).

Паводле разважанняў Святога Айца Бэнэдыкта, можна вызначыць наступныя важныя для практычнай дзейнасці “Карытас” тэзісы:

  •      Важна, каб каталіцкая дабрачынная дзейнасць надалей яснела сваім бляскам і не растварылася ў звычайнай арганізацыі дапамогі, становячыся адной з яе форм.
  •      Супрацоўнікі “Карытас” напоўнены Божай любоўю, якая матывуе іх да дзейнасці
  •      Супрацоўнікі “Карытас” прамянеюць Божай любоўю. Яны не выконваюць толькі павіннасць, але ахвяруюць саміх сябе патрабуючым.
  •      Супрацоўнікі “Карытас” адорваюць патрабуючых чалавечнасцю і “сэрцам”
  •      Супрацоўнікі “Карытас” адчуваюць глыбокую сувязь з Касцёлам і разумеюць сябе як Яго частка
  •      Супрацоўнікі “Карытас” шукаюць супрацоўніцтва з іншымі, каб больш эфектыўна дапамагаць патрабуючым
  •      Супрацоўнікі “Карытас” рэагуюць на канкрэтныя патрэбы чалавека ў яго жыццёвай сітуацыі
  •      Супрацоўнікі “Карытас” працуюць кампетэнтна
  •      Супрацоўнікі “Карытас” звяртаюцца да патрабуючага, бачачы ў ім самога Хрыста
  •      Супрацоўнікі “Карытас” свядомыя таго, што ўсе людзі, і яны таксама, патрабуюць дапамогі
  •      Супрацоўнікі “Карытас” працуюць бескарысліва. Адзіны іх намер – дапамагчы чалавеку і даць яму надзею.


Разважаючы і пераносячы прыведзеныя вышэй тэзісы на працу дабрачыннай арганізацыі “Карытас” у Беларусі, можна ўбачыць шмат таго, што ўжо прысутнічае, але некаторыя тэзісы павінны даць нам імпульсы да разважання і змусіць, у свеце энцыклікі Святога Айца Бэнэдыкта XVI, да прыняцця адпаведных рашэнняў і далейшай працы.

Сектар: профіль “Карытас”


Словы Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI, каб “Карытас” яснела сваім бляскам, застаюцца заўсёды актуальнымі ў нашай рэчаіснасці, якую б дзейсную працу мы не выконвалі ў “Карытас”. Мы павінны пільнаваць тую форму працы, proprium нашай дабрачыннай дзейнасці, якая ўласціва толькі “Карытас”. У Беларусі гэты профіль будзе толькі тады бачным, калі мы ў нашай працы і ў плюралістычным свеце, які змяняецца, будзем здольныя адчытаць знакі часу і адпаведна адрэагаваць на іх у рамках місіі “Карытас”, калі не будзем затрымлівацца на звычайных формах дапамогі, калі будзем мець мужнасць быць адкрытымi на выклiкі часу i не баяцца спрабаваць новыя формы дзейнасцi, захоўваючы адначасова тую адметную рысу хрысціянскага caritas.

Гэта не значыць, што мы павінны адысці ад усяго, што мы на працягу 20 год рабілі. Не, але затрымлівацца на гэтым і не шукаць іншых формаў дапамогі патрабуючым было б фатальным у сённяшніх варунках. Сёння мы перажываем “змену ментальнасці” ў дабрачыннай дзейнасці “Карытас”, і гэта змушае нас да змены ў першую чаргу нашага мыслення, мыслення не толькі тых, хто працуе ў “Карытас”, але таксама святароў і вернікаў. Адыходу ад ментальнасці, накіраванай выключна на фінансавыя зыскі “а што я буду мець ад Карытас”, да пачуцця супольнай адказнасці і выканання абавязку нашага быцця хрысціянінам “як я магу супрацоўнічаць з Карытас на карысць патрабуючых”, ад пэўнай ментальнасці выгоды “…мы заўседы так рабілі і было добра…” да адкрытасці на святло Духа Святога для пошуку новых і эфектыўных формаў  дапамогі.

Гэта магло б прывесці да актуалізацыі спецыфічна касцёльных палёў дзейнасці: адным з такіх класічных палёў застаецца дабрачынная дзейнасць такіх лакальных супольнасцяў вернікаў, як парафіі. Менавіта гэта дало б магчымасць не адысці ад нашых хрысціянскіх каштоўнасцяў і захаваць сваю сутнасць як рэлігійнай дабрачыннай арганізацыі.

Сектар: прафесійныя веды


Гледзячы на прафесійныя веды супрацоўнікаў “Карытас” у Беларусі, трэба сцвердзіць факт, што ў гэтым напрамку трэба яшчэ развівацца. На сённяшні дзень ужо ёсць шмат кампетэнтных супрацоўнікаў, але іх колькасць павінна быць большай. Гэтым не хачу пакрыўдзіць супрацоўнікаў, усіх тых людзей добрай волі, валанцёраў, якія ахвяруюць свой час і сілы, каб дапамагаць патрабуючым, але пастаўленым у энцыкліцы “Deus caritas est” вымаганням прафесійнасці супрацоўнікаў, “Карытас” павінна яшчэ дапрацаваць. Напэўна, для “Карытас” важным застаецца, каб не затрымлівацца на дасягнутым. Толькі такім чынам мы зможам забяспечыць якасць прапанаванай дапамогі і будзем у стане рэагаваць на праблемы згодна з найноўшымі пазнаннямі. Для гэтага будзе патрэбным, каб мы ў “Карытас” забяспечылі пастаянны працэс навучання і фармацыі для супрацоўнікаў, прапанавалі розныя шматлікія курсы па павышэнні кваліфікацыі і ў штодзённасці стараліся рэгулярна праводзіць праверку эфектыўнасці нашай дзейнасці, каб такім чынам увесь час весці яе да дасканаласці.

Сектар: асабістая пастава супрацоўніка


Як прафесійныя веды, так і духоўнае вымярэнне чалавека – гэта пэўны працэс навучання на ўсё жыцце. Гэты так важны для працы “Карытас” сектар, маю ўражанне, становіцца усё менш і менш актуальным і ў пэўным сэнсе свядомым, а нават, як можна пачуць, перашкаджае ў працы “Карытас”. Менавіта тут мы сустракаемся з дылемай, шукаючы адпаведны кваліфікаваны персанал і працуючы з супрацоўнікамі. Паўстае пытанне: што важней - кампетэнцыя чалавека ці яго духоўнае вымярэнне?  На жаль, мы часта глядзім толькі на прафесійны бок і дзесьці несвядома, а часам, і свядома закрываем вочы на духоўнае вымярэнне чалавека. Не хачу гэта выставіць як праблему, але ў такіх сітуацыях “Карытас” павінен заставацца на лініі тых патрабаванняў, якія ставіць перад намі энцыкліка “Deus Сaritas Еst” і рамкі Канферэнцыі Біскупаў Беларусі, а гэта значыць - беручы кампетэнтных спецыялістаў – фармаваць іх “сэрцы”, а беручы веруючых – прадстаўляць ім курсы для атрымання неабходнай кваліфікацыі.  Добрым падсумаваннем і настаўленнем могуць быць для нас словы Святога Айца Бэнэдыкта XVI: “Надышоў момант, каб пацвердзіць важнасць малітвы ў параўнанні з празмернай актыўнасцю і небяспечнай секулярызацыяй многіх хрысціян, якія заняты дабрачыннай дзейнасцю. Безумоўна, хрысціянін, які моліцца, не хоча змяняць Божых планаў ці папраўляць тое, што прадугледзіў Бог. Ён прагне нечага большага, спаткання з Айцом Езуса Хрыста, просячы, каб Ён прысутнічаў разам з суцяшэннем Духа ў ім і ў яго працы. Цесная лучнасць з Асабовым Богам і прысвячэнне сябе Яго волі захоўвае чалавека ад дэградацыі, вызваляе з няволі фанатычных і тэрарыстычных дактрын.” (Deus caritas est, 37)

Сувязь з Касцёлам


Важным аспектам у працы “Карытас” з’яўляецца сувязь з Касцёлам, як арганізацыі, так і паасобных  супрацоўнікаў. Для арганізацыі гэтая сувязь павінна ўзнікаць з усведамлення таго, якое месца займае “дабрачыннасць” у Касцёле – нароўнi з прапаведваннем Слова Божага і ўдзяленнем святых сакрамэнтаў - гэта адзін з трох істотных элементаў Касцёла. Гэта значыць, што “Карытас” – гэта не ініцыятыва толькі паасобных людзей, але супольная адказнасць усіх вернікаў. Для супрацоўніка гэтая сувязь павінна ўзнікаць не толькі на аснове працоўнай умовы, але выходзіць з неабходнасці вызнавання сваёй веры, як магчымай формы яе выражэння. Гэта павінны быць асобы, да якіх, перш за ўсё, дакранулася любоў Хрыста і сэрцы якіх Хрыстус здабыў сваёй любоўю, абуджаючы ў іх любоў да бліжняга. Крытэрыем, які натхняе іх дзейнасць, павінен быць выраз з Другога паслання да Карынцянаў: “Любоў Хрыста ахапіла нас” (2 Кар 5, 14).

У сённяшнім плюралістычным свеце мы знаходзімся ў падобнай сітуацыі, як і св. апостал Павел: у выніку глабалізацыі мы змушаныя да таго, каб крытычна разглядаць шматлікія іншыя канцэпцыі і светапогляды. Для плённага дыялогу патрэбна выканаць, паводле маёй думкі, адзін варунак: за св. Апосталам народаў трэба добра ведаць і разумець сваё - гэта значыць не толькі добра ведаць сутнасць “Карытас”, але і сутнасць усяго Касцёла, каб у зменлівых варунках працы мы не страцілі нашай сапраўднай мэты: весці чалавека да Бога.

Такім чынам, гледзячы на “Карытас”, можна выпрацаваць яшчэ адно важнае заданне для яе: паколькі “Карытас” з натуры сваёй дзейнасці знаходзіцца ў кантакце з вялікай колькасцю людзей, якія з’яўляюцца дзецьмі свайго часу,  яна становіцца ўдзельніцай шматлікіх людскіх сітуацый, звязаных са смуткам і радасцю, болем і суцяшэннем, страхам і надзеяй, рэальнасцю і пажаданнем. І калі словы ўступу да пастаральнай Канстытуцыі пра Касцёл ў сучасным свеце “Gaudium et  Spes” не страцілі сваёй важнасці - Радасць і надзея, смутак і трывога людзей гэтага часу, асабліва бедных і ўсіх прыгнечаных, з’яўляецца таксама радасцю і надзеяй, смуткам і трывогай Хрыстовых вучняў…- то Карытас у пэўным сэнсе з’яўляецца голасам гэтых рэальна жывучых людзей. І, прыслухоўваючыся да яе голасу, які ў Беларусі, магу смела сказаць, гучыць досыць моцна, “Карытас” можа стаць добрай прыладай у руках Касцёла, каб адэкватна і хутка рэагаваць на патрэбы людзей сённяшняга часу, ведучы іх да Бога!

Заключэнне


Завяршаючы сваё выступленне, хацеў бы скласці найлепшыя пажаданні “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды юбілею 20-годдзя. Маю падзяку ў першаю чаргу кірую ардынарыю Гродзенскай дыяцэзіі біскупу Аляксандру Кашкевічу, які заўсёды клапаціўся пра развіццё “Карытас” у сваёй дыяцэзіі і можа сёння задаволены глядзець на добра арганізаваны “Карытас” і радавацца яго руплівай працы. Дзякуем Вам, Эксцэленцыя, за давер, за падтрымку і за сапраўды бацькоўскі клопат!

Сённяшні юбілей – гэта юбілей не толькі тых, хто сёння працуе і кіруе “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі. Гэта юбілей таксама і тых, хто на працягу гэтых 20 год кіраваў і працаваў у “Карытас” і такім чынам таксама ўнёс свой уклад у развіцце “Карытас”. Усім вам няхай Бог аддудзячыць за вашу ахвярную працу.

Асабліваю падзяку, напэўна, заслугоўвае і цяперашні калектыў супрацоўнікаў на чале з дырэктарам кс. Віталіем Дабраловічам. Менавіта яны на працягу апошніх гадоў прычыніліся да таго, што “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі - адзін з наймацнейшых і добра арганізаваных “Карытас” у Беларусі. Усяго найлепшага вам у выкананні такой важнай місіі “Карытас” – дапамозе патрабуючым.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску