Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот на Нядзелю Добрага Пастыра духоўнага айца Гродзенскай духоўнай семінарыі кс. Валерыя Быкоўскага |
У сённяшнюю Нядзелю Добрага Пастыра Езус зноў звяртаецца да нас словамі: «Я прыйшоў дзеля таго, каб авечкі мелі жыццё і мелі яго ў дастатку...». Гэтая сапраўдная любоў Езуса заахвочвае нас адказаць на Яго заклік. Езус хоча быць адзінай «брамай» нашага жыцця. Ён хоча кожны дзень адкрываць для нас шлях да выратавання, звяртаючыся да нас па імені. Перасцерагае нас, калі мы ступаем на шлях, якія не вядзе да Яго. У чацвёртую Велікодную нядзелю, якая называецца Нядзеляй Добрага Пастыра, Касцёл традыцыйна заахвочвае нас маліцца ў інтэнцыі пакліканняў і ў інтэнцыі асобаў пакліканых. «Зробім нашыя сэрцы “ўрадлівай глебай” для ўспрыняцця Божага слова і жыцця паводле гэтага слова з прынясеннем плёну», – напісаў Папа Францішак у сваім пасланні на гэты, ужо 51 Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, які сёлета праходзіць пад дэвізам «Пакліканне – сведчанне праўды». Кожнае пакліканне з’яўляецца адказам на голас Езуса, які кліча да асабістага служэння і вернасці сваім прынятым абавязкам. Гэта паслуга на карысць Богу і іншым людзям. Гэта дар падзякі за атрыманую місію ў свеце, а таксама заданне, праз якое, цесна супрацоўнічаючы з Богам, мы можам упрыгожыць свет, паказваючы дасканаласць Творцы, Які Яго стварыў. Пакліканне да святарства, як адзначыў св. Ян Павел II, -- гэта дар і таямніца. Дар, таму што ніхто не можа прэтэндаваць на права быць святаром, бо гэта Божая ласка. Гэта цудоўны дар Божай любові і клопату пра чалавека. Гэта плён цеснага супрацоўніцтва пакліканага з Божай ласкай. Ксёндз Марэк Дзявецкі на канферэнцыі для семінарыстаў на Нацыянальным кангрэсе пакліканняў на Яснай Гары 20 мая 2000 года сказаў: «Пакліканне з’яўляецца таямніцай сустрэчы двух вольнасцяў: вольнасці Бога, які кліча, і вольнасці чалавека, які адказвае на гэтае пакліканне. Часта сам пакліканы не ў стане растлумачыць нават самому сабе, як гэта здарылася, што ён выявіў і рэалізаваў пакліканне да святарства». Спазнанне гэтай таямніцы ў жыцці пакліканага будзе адбывацца праз усё жыццё ў цесным супрацоўніцтве з Тым, Які мае яе істотнае значэнне. Такім чынам, кожнае пакліканне да святарства з'яўляецца адказам, пабудаваным на фундаменце веры, якая ўзвышае сэрца пакліканага. Гэта пастаянны заклік Езуса ісці за Ім. Езус, заклікаючы апосталаў, не абмяжоўваў іх свабоду выбара, а праз цуды і місію распаўсюджвання Добрай Навіны дазваляў ім прыняць самастойнае рашэнне ў сваім жыцці. Гэта было зроблена ў іх сэрцах на аснове сведчання Езуса, кульмінацыяй чаго была Яго смерць на Крыжы і Змёртвыхпаўстанне. Сведчанне любові Езуса зрабіла апосталаў сведкамі Езуса і святарамі Бога ў першасным значэнні. Святароў ці тых, якія сталі прадстаўнікамі Бога на зямлі, Яго знакамі, пасрэднікамі паміж Богам і людзьмі, тымі, якія прыносяць у ахвяру саміх сябе, даючы сведчанне Богу, Яго любові і сваёй прысутнасцю злучаючы неба і зямлю. Пакліканне да святарства па сваёй прыродзе паказвае на ўзвышаны харызмат служэння Богу і чалавеку. Аднак кожны з нас першапачаткова быў пакліканы Богам да святасці: «Будзьце святымі, бо Я з’яўляюся Святым», -- гаворыць Пан. Выключаючы пакліканне да святасці, кожнае пакліканне можа стаць звычайным выкананнем прафесійных абавязкаў. Вось чаму так важна ў жыцці кожнага пакліканага штодзённа пераглядаць усё ў святле Слова Божага і эўхарыстычнага жыцця, ці насамрэч паклікаў мяне Бог, а я Яму адказваю? У сённяшнім свеце, вельмі часта напоўненым несапраўднымі каштоўнасцямі, Хрыстос патрабуе Сведкаў Праўды, аб чым згадваў Папа Францішак у сваім пасланні з нагоды Сусветнага дня малітвы аб пакліканнях. У гэтым шматгранным свеце кожны пакліканы павінен стаць Сведкам Праўды. Так, як гэта рабілі нашы вялікія святыя – біскуп Станіслаў з Кракава ці Ян Павел II. Таму сёння, у Нядзелю Добрага Пастыра, мы асабліва просім вас, дарагія браты і сёстры, далучыцца да справы пакліканняў да святарскага служэння ў Хрыстовым Касцёле. Ваша штодзённая малітва за біскупаў, святароў і семінарыстаў нашай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне будзе пастаянна ўмацоўваць нас у распаўсюджанні Праўды , якой з’яўляецца Хрыстос. Вас, паважаная моладзь і міністранты, заахвочваем да больш глыбокага разважання над адказам Богу на голас Яго паклікання. Гэта адбываецца ў цесным супрацоўніцтве з Хрыстом падчас разважанняў Божага Слова, малітвы і сакрамэнтальнага жыцця. Мы павінны горача маліцца, каб кожны з нас, калі ў сваім сэрцы пачуе голас Бога, змог знайсці дастаткова мужнасці і любові, нягледзячы на пачуццё нікчэмнасці і страху, і адказаць як малады Самуэль: «Я тут, Пане, Ты клікаў мяне». Мы павінны таксама маліцца аб тым, каб, калі Божы заклік у сэрцы пачуе нехта з нашай сям'і, нам удалося засцерагчы яго ад перашкод, каб мы самі не заглушылі яго нашым супраціўленнем, страхам і няўпэўненасцю. Дзякуем Вам, паважанае старэйшае пакаленне, за прыклад вашай веры і сведчанне любові да Касцёла. Дзякуючы вашым малітвам і ахвярам можа існаваць наша семінарыя, якая рыхтуе новых святароў для службы Богу і людзям у Хрыстовым Касцёле. Давайце будзем Сведкамі Праўды разам! кс. Валеры Быкоўскі, духоўны айцец Гродзенскай Вышэйшай семінарыі Гродна, 11 мая 2014 года |
Адноўлена 11.05.2014 02:27 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.