Смаргонь, 24 мая 2014 г.
Адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і смаргонскай парафіі Св. Міхала Арханёла
Вашы Эксцэленцыі, паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, браты і сёстры!
1. Нагадваючы аб адраджэнні Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, найперш неабходна ўспомніць пра ганенні на веру ў часы ваяўнічага атэізму. Пасля рэвалюцыі 1917 г. Каталіцкі Касцёл і іншыя веравызнанні ў былым Савецкім Саюзе, у тым ліку і ў Беларусі, жорстка пераследаваліся. У выніку чаго Касцёл на Усходняй Беларусі ўжо напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя застаўся без сваіх структур і духоўных кіраўнікоў.
Працэс ганенняў працягнуўся пасля Другой сусветнай вайны, калі змяніліся межы Беларусі. У заходняй частцы нашай краіны з кожным днём памяншалася колькасць святароў. Некаторыя з іх выехалі за мяжу, многія загінулі мучаніцкай смерцю або павінны былі прайсці праз лагеры і ссылкі. Нямала вернікаў таксама выехала ў іншыя краіны, асабліва ў Польшчу. Святыні і кляштары зачыняліся, руйнаваліся або ператвараліся ў фабрыкі, заводы, клубы, кінатэатры. Здавалася, што хутка Касцёл перастане існаваць.
2. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: як у такой складанай сітуацыі ажыццяўлялася кіраўніцтва Касцёлам, бо ліквідаваліся парафіі, святароў станавілася ўсё менш, а вернікі засталіся? Як вядома, сучасная тэрыторыя Беларусі ў царскія часы, у міжваенны перыяд і пасля Другой сусветнай вайны аж да 1991 г. належала да розных дыяцэзій – Магілёўскай архідыяцэзіі, Мінскай, Пінскай дыяцэзій і Віленскай архідыяцэзіі.
Дапаможны біскуп Магілёўскай архідыяцэзіі Ян Цепляк у 1914 г. быў абраны яе капітульным вікарыем і кіраваў ёю аж да 1917 г. У 1917-1919 гг. архідыяцэзіяй кіраваў, вярнуўшыся з выгнання, арцыбіскуп Эдвард Ропп. Калі ў 1919 г. ён быў арыштаваны, архідыяцэзію ізноў узначаліў біскуп Ян Цепляк, які атрымаў годнасць арцыбіскупа. Ён некалькі разоў арыштоўваўся савецкімі ўладамі і ў 1923 г. на славутым Маскоўскім працэсе сярод 15 каталіцкіх святароў, якіх абвінавацілі ў контртэрарыстычнай дзейнасці, быў асуджаны на кару смерці. Дзякуючы пратэстам міжнароднай супольнасці кара смерці была заменена на 10 гадоў вязніцы. Аднак потым у 1924 г. ён быў вызвалены з сумна вядомай вязніцы Бутырка ў Маскве і высланы ў Польшчу, адкуль пераехаў у Рым у распараджэнне Папы. У 1925 г. быў прызначаны першым Віленскім арцыбіскупам Мітрапалітам, аднак не змог пачаць выконваць свае абавязкі, бо памёр у Злучаных Штатах Амерыкі, дзе знаходзіўся па запрашэнні амерыканскага епіскапату. Пахаваны ў Віленскай архікатэдры. Яго беатыфікацыйны працэс распачаўся ў 1952 г.1
У 1926 г. у касцёле св. Людвіка ў Маскве біскуп Мішэль Дэрбіні, езуіт, тайна удзяліў біскупскае пасвячэнне францускаму аўгустыянцу а. Пію Эжэну Невё, які стаў Апостальскім адміністратарам Масквы і ў гэтай якасці духоўна апекаваўся католікамі Расіі. У яго юрысдыцыі знаходзіліся і тры іншыя біскупы, якім таксама тайна ўдзяліў пасвячэнне біскуп Мішэль Дэрбіні: Антоні Малецкі, які працаваў у Ленінградзе, Балеслаў Слосканс, які працаваў у Беларусі, і Аляксандр Фрызон, які працаваў на поўдні Расіі і потым быў расстраляны (пар. http://www.ronl.ru/referaty/religiya/431755/).
У 1935 г. біскуп Невё ў Ленінградзе тайна ўдзяліў біскупскае пасвячэнне святару Жану Амудру, які, аднак, вельмі хутка быў высланы ўладамі з краіны. Біскуп Пій Эжэн Невё ў 1936 г. выехаў у Францыю на лячэнне, але ўжо не змог вярнуцца з-за забароны атэістычнай улады. Ён памёр у Парыжы ў 1946 г.2
У 1917 г. кс. Зыгмунт Лазінскі быў прызначаны ардынарыем адроджанай Мінскай дыяцэзіі. Аднак ужо ў 1920 г. ён быў арыштаваны і 11 месяцаў правёў у Бутырскай вязніцы ў Маскве, пасля чаго павінен быў пакінуць СССР і выехаць на тэрыторыю сучаснай заходняй Беларусі, дзе ў 1925 г. быў прызначаны першым ардынарыем новазаснаванай Пінскай дыяцэзіі. Памёр у стане святасці ў 1932 г.3 Вядзецца працэс яго беатыфікацыі.
Тайна пасвячаны ў 1926 г. біскуп Балеслаў Слосканс быў прызначаны Апостальскім адміністратарам у Магілёве і з 1927 г. таксама ў Мінску. У 1927 г. ён быў арыштаваны, абвінавачаны ў шпіянажы і асуджаны на 3 гады ссылкі на Салавецкіх астравах. У 1930 г. вярнуўся ў Магілёў, але потым у тым жа годзе ізноў арыштаваны і высланы на 3 гады ва Усходнюю Сібір. У 1933 г. высланы з СССР у Латвію. Падчас Другой cусветнай вайны быў арыштаваны гестапа і вывезены ў Германію. Пасля вайны жыў у Бельгіі, дзе ў стане святасці памёр у 1981 г. З 1952 г. з’яўляўся Апостальскім візітатарам для расійскіх і беларускіх католікаў у Заходняй Еўропе. У 1993 г. яго парэшткі былі перанесены ў аглонскую базыліку Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Латвія). З 2000 г. вядзецца працэс яго беатыфікацыі4.
Пасля Другой сусветнай вайны касцёльную ўладу ў Заходняй Беларусі выконвалі генеральныя вікарыі, якіх прызначылі біскупы дыяцэзій, да якіх належалі паасобныя часткі Касцёла на тэрыторыі Беларусі. Важным было і тое, што гэтыя генеральныя вікарыі маглі самі перадаваць уладу сваім пераемнікам. Усё гэта азначае, што нават пры адсутнасці біскупаў касцёльная ўлада ўсё ж такі захавалася на ўзроўні генеральных вікарыяў5. Такім чынам, і ў часы пераследу Касцёл заставаўся маральна злучаным з Апостальскі Пасадам, хаця пры гэтым не было фізічных кантактаў.
З часам колькасць генеральных вікарыяў змянялася, так што ў 1989 г. іх было 3 – мансіньёр Міхал Арановіч на Гродзенскую вобласць, мансіньёр Станіслаў Кучынскі на Мінскую і Віцебскую вобласць, ксёндз Казімір Свёнтэк на Брэсцкую вобласць. У такой складанай сітуацыі сёння цяжка сказаць, каму належала юрысдыкцыя ў Магілёўскай і Гомельскай абласцях, дзе афіцыйна не было каталіцкіх парафій, аднак вернікі былі.
Вядома таксама і тое, што Рыжскі біскуп меў юрысдыкцыю на ўвесь Савецкі Саюз, акрамя Масквы. Юрысдыкцыю ў Маскве меў Віленскі біскуп. Менавіта Рыжскі біскуп прызначыў некалькіх маладых святароў, якія атрымалі святарскую фармацыю ў Рыжскай духоўнай семінарыі, на парафіі ў Беларусі, але непасрэдную ўладу над імі мелі вышэйузгаданыя генеральныя вікарыі і сваёй уладай іх прызначалі ў іншыя месцы, калі была такая патрэба. Вядома, што ў тыя часы на ўсе такія прызначэнні неабходна было мець дазвол Упаўнаважанага па справах рэлігій.
3. У выніку ганенняў на Касцёл колькасць адчыненых святыняў і святароў памяншалася. Так, у 1965 г. на тэрыторыі Беларусі было 129 дзеючых касцёлаў і служылі 84 святары6. У 1988 г. колькасць дзеючых касцёлаў зменшылася да 105, а колькасць святароў да 627.
Хаця гэтыя статыстычныя даныя прадстаўляюць вобраз Касцёла падчас ганенняў, трэба дадаць, што, нягледзячы на розныя забароны, на тэрыторыі Беларусі ўсё ж такі дзейнічалі святары, якія не мелі афіцыйнага дазволу ад уладаў. Сярод іх было некалькі мясцовых, некаторыя час ад часу прыязджалі з Літвы або з Латвіі.
4. Трэба таксама адзначыць дэтэрмінаванасць вернікаў, якія баранілі свае касцёлы. Калі прыбыўшыя з Масквы прадстаўнікі ўлады хацелі зачыніць фарны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, які сёння з’яўляецца катэдрай, то прыйшоўшы ў святыню, убачылі на падлозе крыж з чалавечых целаў. Людзі, лежачы крыжом на падлозе, баранілі касцёл. Прадстаўнікі ўлады махнулі рукой і выйшлі.
Вернікі 28 гадоў самі ўтрымлівалі гэты шэдэўр сакральнай архітэктуры, рамантавалі яго, плацілі падаткі, у нядзелі і святы самі праводзілі набажэнствы. Святару дазвалялася наведваць касцёл толькі некалькі разоў у год. Калі вернікі прасілі даць дазвол на пастаяннага святара, тагачасны Упаўнаважаны па справах рэлігій па Гродзенскай вобласці адказаў, што хутчэй на яго далоні вырастуць валасы, чым там будзе святар.
Гісторыя, аднак, паказала, што Бог умее пісаць проста на пакручастых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кропку над “і”. У 1988 г. я быў прызначаны першым пасля 28 гадоў пробашчам гэтай парафіі. У 1989 г. меў там біскупскі інгрэс. А сёння гэты касцёл з’яўляецца катэдрай Гродзенскай дыяцэзіі.
Пастаянны, пасля 28 гадоў, святар у гродзенскай фары – гэта адзін з вынікаў адраджэння Касцёла ў Беларусі, якое пачалося 25 гадоў таму падчас Гарбачоўскай перабудовы. Гэта таксама сімвал таго, што Касцёл, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, перажыў і пачаў адраджацца.
5. Сацыяльна-палітычныя змены, якія адбываліся ў былым Савецкім Саюзе напрыканцы 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, спрыялі адраджэнню Касцёла і асабліва вяртанню раней канфіскаваных святыняў. Неабходна было дабівацца свайго, весці нялёгкія перамовы з тагачаснымі ўладамі, але было бачна асаблівае Божае благаслаўленне. У тыя часы біскупскае служэнне ў Беларусі я выконваў толькі паўтара года. Аднак за гэты час Каталіцкаму Касцёлу ўдалося вярнуць 97 раней канфіскаваных сакральных будынкаў.
Карыстаючыся гэтай нагодай, хачу выказаць падзяку і ўладам тых часоў, якія зразумелі неабходнасць духоўнага адраджэння ў працэсе агульнага адраджэння народа. Вельмі ўдзячны вернікам, якія мужна дабіваліся свайго. Ніколі не забудуся, як вернікі неслі кругласутачную варту каля касцёла святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) у Мінску, штодзённа маліліся на ружанцы і нават праводзілі галадоўку. Памятаю, як па дарозе з Гродна ў Магілёў я заехаў да Упаўнаважанага па справах рэлігій у Мінску, каб паразмаўляць пра вяртанне гэтага касцёла. Тады быў перыяд Божага Нараджэння. Вернікі падышлі да Дому ўраду, і праз вокны было чуваць, як яны спяваюць: “Bóg się rodzi, moc truchleje” – “Бог нараджаецца і моц трухлее”. Словы гэтай песні гучаць у маіх вушах па сённяшні дзень, бо гэта былі словы даверу Богу, што Ён можа ўчыніць цуд. І такі цуд стаўся.
У другую велікодную нядзелю 1990 г. я цэлебраваў святую Імшу ў падворку Чырвонага касцёла. Прыйшла думка прайсці эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла ў інтэнцыі яго вяртання. І мы прайшлі. Людзі здзіўлена паглядалі на нас, а мы маліліся. І што сталася? У наступны чацвер тэлефануе мне Упаўнаважаны па справах рэлігій і кажа, што можам маліцца ў касцёле.
Гэта не што іншае, як цуд Божай міласэрнасці. Яшчэ да ўстанаўлення святым Янам Паўлам II гэтага свята, якое адзначаецца ў другую велікодную нядзелю, мы зведалі яго дзеянне.
Адным словам, гаворачы коратка, напрыканцы верасня 1990 г. у Беларусі ўжо было 214 адчыненых касцёлаў і прыбыло з дапамогай 30 святароў з Польшчы8. У 1990 г. мне ўдалося заснаваць Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. За перыяд 1989-1991 гадоў было выдадзена 50 тысяч асобнікаў Парадку святой Імшы і 90 тысяч - Кароткага катэхізісу на беларускай мове.
6. 13 красавіка 1991 г. пачаўся новы этап адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У той цёплы і сонечны фацімскі дзень святы Ян Павел II заснаваў Мінска-Магілёўскую мітраполію, у якую ўвайшлі Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Гродзенская і Пінская дыяцэзіі. Мансіньёр Казімір Свёнтэк быў прызначаны першым Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Мітрапалітам і адначасова Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі, ксёндз Аляксандр Кашкевіч – першым ардынарыем новастворанай Гродзенскай дыяцэзіі. У 1999 г. з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была выдзелена тэрыторыя Віцебскай вобласці і заснавана аднайменная дыяцэзія. Яе першым біскупам стаў ксёндз Уладзіслаў Блін.
Вельмі важным для Касцёла ў Беларусі, які адраджаўся, было прызначэнне ў 1994 г. арцыбіскупа Казіміра Свёнтка кардыналам, што стала належнай ацэнкай яго як жывога мучаніка атэістычнага рэжыму, а таксама Касцёла ў Беларусі, які перажыў сваю Галготу і паспяхова адраджаўся.
У 1992 г. былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскім Пасадам, што стала новым імпульсам як для развіцця працэсу адраджэння Касцёла, так і яго адносін з грамадствам і дзяржавай.
З часам ва ўсіх дыяцэзіях былі ўстаноўлены неабходныя для нармальнай дзейнасці структуры.
У 1999 г. Апостальскі Пасад заснаваў Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, якая сёння складаецца з 7 біскупаў.
У 2001 г. пасля 62 гадовага перапынку, выкліканага ганеннямі на Касцёл, кардынал Казімір Свёнтэк адрадзіў Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску.
7. На сённяшні дзень у Беларусі існуе каля 500 парафій і служыць каля 500 святароў, з якіх каля 370 з’яўляюцца грамадзянамі нашай краіны. У параўнанні з часамі пераследу – гэта вялікі прагрэс. Аднак святароў і кансэкраваных асобаў усё яшчэ вельмі не хапае, і таму перад Касцёлам у Беларусі стаіць вялікая задача ў галіне пастырства пакліканняў і фармацыі новых слуг алтара.
Касцёл, які адраджаецца, вялікую ўвагу звяртае на катэхізацыю і новую евангелізацыю. Вучыць праўдам веры неабходна не толькі дзяцей ці моладзь, але і дарослых, якія ў свой час не мелі такой магчымасці. З мэтай падрыхтоўкі адпаведных кадраў у сталіцы існуе “Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля”, у Баранавічах – Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага, а ў Гродне – Катэхетычны інстытут.
Вялікая ўвага прысвячаецца пастырству сям’і і моладзі. У “Школах сямейнага жыцця” ў Мінску і Гродне вядзецца падрыхтоўка сямейных кансультантаў для працы ў парафіях. Рэгулярна ва ўсіх дыяцэзіях адбываюцца Дні моладзі, а ў год Сусветнага дня моладзі адбываецца агульнабеларуская моладзевая сустрэча.
Паспяхова развіваецца выдавецкая дзейнасць. Сёння ў Беларусі існуе выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі “Pro Christo”, якое выдае кнігі культурнага, гістарычнага, тэалагічнага і малітоўнага характару на беларускай і рускай мовах. На беларускай мове яно выдае часопісы: гістарычна-культурна-рэлігійны “Наша вера”, агульнарэлігійны “Ave Maria”, для дзяцей “Малы Рыцар Беззаганнай” і інфармацыйны бюлетэнь “Каталіцкія навіны”, а таксама часопіс на рускай мове “Любите друг друга”.
Выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі выдае рэлігійныя кнігі на беларускай і рускай мовах, а таксама на беларускай і польскай мовах газету “Слова жыцця”.
Віцебская дыяцэзія выдае газету “Віцебскі каталіцкі веснік”.
Парафія Божай Маці Фацімскай у Баранавічах у Пінскай дыяцэзіі на беларускай і рускай мовах выдае часопіс “Дыялог”.
Каталіцкі Касцёл у Беларусі можа ганарыцца і сваім сайтам catholic.by, які аператыўна прадстаўляе інфармацыю аб жыцці і дзейнасці Касцёла ў Беларусі і ў свеце, а таксама Апостальскага Пасаду.
Нагадваючы пра прысутнасць Каталіцкага Касцёла ў медыя, неабходна падкрэсліць, што, нягледзячы на тое, што ў нас няма свайго тэлебачання, аднак толькі на цэнтральным тэлебачанні Касцёл мае 3 гадзіны і 40 хвілін кожны месяц, што з’яўляецца вельмі вялікай дапамогай у евангелізацыі. Кожную нядзелю з мінскай архікатэдры адбываецца трансляцыя святой Імшы на першай праграме Беларускага радыё.
Пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі існуе свая кінастудыя, якая знаходзіцца ў Гродне. У ёй сабраны вельмі багатыя архіўныя матэрыялы аб адраджэнні і развіцці Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
Асаблівае месца ў жыцці і дзейнасці Каталіцкага Касцёла займае дабрачыннасць. Заснаваны і развіваюцца Нацыянальны і дыяцэзіяльныя “Карытас”, вядзецца праца ў напрамку развіцця парафіяльных.
Стараннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі перакладзены і выдадзены на беларускай мове ўсе літургічныя кнігі, неабходныя для цэлебрацыі сакрамэнтаў і Літургіі гадзінаў. Выдадзены таксама шматлікія дакументы Каталіцкага Касцёла, Кампендый Катэхізіса і Святое Евангелле. Ідзе праца над перакладам Святога Пісання, асабліва Новага Запавету.
Феноменам жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі неабходна назваць пілігрымкі да санктуарыяў у Беларусі і за мяжу. Тысячы маладых людзей штогод пешшу накіроўваюцца да марыйных санктуарыяў у Будславе (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), Тракелях і Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія), Лагішыне (Пінская дыяцэзія), Браславе (Віцебская дыяцэзія), а таксама да санктуарыя Езуса Журботнага ў Росі (Гродзенская дыяцэзія).
7. У працэсе адраджэння Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне вельмі актыўны ўдзел бярэ салезіянская супольнасць. Калі ў 1989 г. ваш пакорны слуга быў прызначаны біскупам, Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, тады ксёндз Юзаф Занеўскі, пробашч парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Жупранах, мне сказаў, што салезіяне могуць узяць у пастырскую апеку каля 10 парафій. Гэта быў сапраўдны падарунак з неба.
Адной з іх з’яўляецца парафія Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні.
Гісторыя смаргонскага касцёла вельмі цікавая. Помнік архітэктуры XVI стагоддзя ў стылі ранняга рэнесансу ў Беларусі быў пабудаваны як кальвінскі збор.
Па сваім архітэктурным стылі святыня адпавядае патрабаванням кальвінскага набажэнства. Яна ўяўляе сабой васьміграннік. З захаду да яе прымыкае двух’ярусная вежа: ніжні ярус – гэта ўваход у храм, верхні – званіца. З поўначы прыбудаваны невялічкі прыдзел, з поўдня – круглая вежа з вокнамі-байніцамі і вінтавой лесвіцай, якая вядзе на хоры і званіцу. Таўшчына сцен храма ад аднаго да чатырох метраў. Дзякуючы ўмураваным ў сцены пустым пасудзінам у храме вельмі добрая акустыка.
У 1621 г. святыня была перададзена католікам і стала касцёлам Святой Тройцы. У 1863 г. пасля паражэння паўстання супраць царызму была перададзена Праваслаўнай Царкве і да 1918 г. была Міхайлаўскай царквой, пакуль нанова не была перададзена Каталіцкаму Касцёлу.
Пасля Другой сусветнай вайны святыня была канфіскавана і прыстасавана пад склад. Аж да 70-х гадоў ХХ стагоддзя знаходзілася ў запушчаным стане. Потым дзяржаўныя ўлады прынялі рашэнне аб яе рэстаўрацыі, пасля якой у ёй месцілася выставачная зала9.
У выніку сацыяльна-палітычных зменаў канца 80-х і пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя сакральныя будынкі пачалі перадаваць парафіяльным супольнасцям. Па вядомых прычынах на касцёл у Смаргоні прэтэндавалі як католікі, так і праваслаўныя. У выніку перамоў было дасягнута паразуменне, што касцёл перадаецца каталіцкай парафіі, але католікі дапамагаюць праваслаўным будаваць новую царкву. Так і сталася, і з 1990 г. часу ў Смаргоні дзейнічае касцёл св. Міхала Арханёла.
Добра памятаю тую радасць натоўпаў вернікаў, калі я цэлебраваў першую святую Імшу на плошчы перад касцёлам з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі. Тады мы разам святкавалі дзень перамогі Хрыста над злым духам, бо смаргонская святыня ізноў сталася месцам спаткання чалавека з Богам.
8. Сёння смаргонская парафія вядома не толькі ў горадзе, але і ва ўсёй Беларусі. Вядома перадусім таму, што тут вельмі актыўна працуюць салезіяне. Пры парафіі дзейнічае моладзевы цэнтр, дзе адбываецца як духоўная, так і чалавечая фармацыя маладых людзей. Пры центры таксама дзейнічае салезіянскі араторый, дзе ў духу св. Яна Боско адбываецца фармацыя сучаснай моладзі. Трэба адзначыць, што смаргонская моладзь прымае актыўны ўдзел у розных касцёльных мерапрыемствах не толькі на дыяцэзіяльным, але і міждыяцэзіяльным узроўнях.
Багата смаргонская парафія і на пакліканні, як да дыяцэзіяльнага, так і манаскага духавенства, што вельмі важна для гарманічнага развіцця Касцёла.
9. У мінулыя часы Смаргонь была знакамітая тым, што ў ёй існавала заснаваная Радзівіламі ў XVII стагоддзі славутая мядзвежая акадэмія, у якой мядзведзяў вучылі выступаць у цырку10.
Цяпер гэты горад вядомы з-за дзейнасці салезіянаў. З-за іх, калі так можна выказацца, духоўнай акадэміі, якая асаблівым чынам клапоціцца пра духоўнае выхаванне моладзі, каб яна была здольнай захаваць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, бараніць веру і яе сведчыць у сучасным цырку секулярызму і бязвер’я.
Сёння, калі адзначаецца 25-годдзе прысутнасці салезіянаў у Смаргоні, хацелася б падзякаваць Богу за адраджэнне Касцёла ў Беларусі і смаргонскай парафіі, а таксама салезіянам за іх ахвярнае служэнне, і пажадаць Божага благаслаўлення на будучыню. Няхай дэвіз вашага заснавальніка св. Яна Боско “Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце” смела вядзе вас у новае заўтра на хвалу Бога і для збаўлення людзей.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. A. Hlebowicz, Kościół w niewoli, Warszawa 1991 (KWN). 2. Ярмусик Э.С., Католический Костёл в Беларуси в 1945 – 1990 годах. Гродно 2006 (ККвБ). 3. J. Glemp, Tysiąclecie wiary świętego Włodzimierza, Poznań 1991 (TWŚwW). 4. http://ru.wikipedia.org/wiki/Цепляк,_Ян. 5. http://ru.wikipedia.org/wiki /Невё,_Пий_Эжен. 6. http://pl.wikipedia.org/wiki/Zygmunt_Łoziński. 7. http://ru.wikipedia.org/wiki/Слосканс,-Болеслав. 8. http://ru.wikipedia.org/wiki/Сморгонская_медвежья_академия. 9. http://ru.wikipedia.org/wiki/Костёл_святого_Михаила_Архангела (Сморгонь). Спасылкі:
- пар. http://ru.wikipedia.org/wiki/Цепляк,_Ян.
- пар. http://ru.wikipedia.org/wiki /Невё,_Пий_Эжен.
- пар. http://pl.wikipedia.org/wiki/Zygmunt_Łoziński.
- пар. http://ru.wikipedia.org/wiki/Слосканс,-Болеслав.
- пар. KWN, c. 9-10.
- пар. ККвБ, с. 522.
- пар. TWŚwW, c. 31.
- KWN, c. 45-46.
- пар. http://ru.wikipedia.org/wiki/Сморгонская_медвежья_академия.
- пар. http://ru.wikipedia.org/wiki/Костёл_святого_Михаила_Архангела (Сморгонь)
|