Інстытут філасофіі Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь, Мінск, 27–28 мая 2014 г.
Роля рэлігіі ў працэсе адукацыі
Глыбокапаважаны прэзідыум, удзельнікі канферэнцыі!
1. Найперш хацеў бы падзякаваць за запрашэнне прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла прыняць удзел у канферэнцыі на тэму адносін рэлігіі і адукацыі ў свецкіх грамадствах.
Тэма вельмі важная і актуальная. У часы ганенняў на Касцёл цяжка было гаварыць аб сістэматычнай катэхізацыі і евангелізацыі, бо не было дастаткова дзейнічаючых касцёлаў і святароў, не было рэлігійнай літаратуры, а дзецям забаранялася хадзіць у касцёл. Катэхізацыяй у тыя цяжкія часы займаліся бацькі і дзяды. Яны вучылі маладое пакаленне так, як умелі і як маглі. Найбольш важным у гэтым працэсе было іх сведчанне малітвы і маральнага жыцця, за што мы ім вельмі ўдзячныя.
Дзякуй Богу, тыя часы мінулі і сёння можна вучыць рэлігіі ў нядзельных школах пры касцёлах. Друкуецца шмат рэлігійнай і катэхетычнай літаратуры, таксама рыхтуюцца свецкія катэхеты, што з’яўляецца вялікай дапамогай у катэхізацыі. Аднак у сувязі з паступаючай лаіцызацыяй і секулярызацыяй праблема рэлігійнай адукацыі застаецца. Падобнае бачна і ў іншых краінах. Гэта знак нашага часу і таму з’яўляецца выклікам для Касцёла, на які неабходна шукаць адказу.
2. Іншым знакам часу і адначасова выклікам з’яўляецца праблема, як пагадзіць паміж сабой адукацыю і рэлігію ў свецкім грамадстве. Дзякуй Богу, ужо мінулі часы, калі рэлігію называлі опіумам для народу і сцвярджалі, што рэлігія і навука несумяшчальныя і супярэчаць адна адной. Сучасны чалавек найчасцей сваю надзею пакладае ў дасягненнях навукі і тэхналогіі. Аднак у той жа час ён бачыць, што яны не могуць вырашыць усіх праблем, асабліва звязаных з самім чалавекам, яго разуменнем, сэнсам жыцця, цярпення, смерці, страты надзеі і г.д. Тым ці іншым чынам чалавек пачынае шукаць чагосьці звышпрыроднага. Адказ на такія і падобныя пытанні можа даць толькі рэлігія. Чалавек па сваёй прыродзе рэлігійны, і таму рэлігійны кампанент павінен прысутнічаць у фармацыі чалавека, бо яго адсутнасць вядзе да духоўнай і маральнай дэградацыі.
У сусветнай практыцы існуе шмат спосабаў рэлігійнай адукацыі. У некаторых краінах існуюць канфесійныя школы, якія арганізуе Касцёл. У іншых – у свецкіх школах праводзяцца ўрокі рэлігіі, якія найчасцей маюць рэлігіязнаўчы характар. У гэтым выпадку ў многіх краінах падрыхтоўка да сакрамэнтаў праводзіцца ў парафіях. Існуе і прынятая ў Беларусі мадэль, калі рэлігійная адукацыя і падрыхтоўка да сакрамэнтаў адбываецца пры касцёлах ва ўзгаданых вышэй так званых нядзельных школах.
Важна даць магчымасць дзецям і моладзі атрымаць рэлігійную адукацыю, каб маладое пакаленне магло развівацца гарманічна.
3. Творца чалавека – Бог – паклаў у яго душу маральны закон. Аднак дэфармаваная першародным грахом чалавечая прырода схільная да граху. Таму яму патрэбна адпаведная рэлігійная фармацыя, нейкі механізм, каб супрацьстаяць злу. Такім механізмам з’яўляецца маральнасць і культура. І калі такія механізмы не дастаткова развітыя, чалавек чыніць зло. Аб чым можа сведчыць, напрыклад, экалагічны крызіс, бо калі чалавек дзейнічае паводле драпежэных прынцыпаў, то пасля сябе пакідае пустату і знішчэнне. Інфармацыйная рэвалюцыя, якая адбываецца зараз, вядзе да падзення добрых звычаяў і амаральнага забруджвання культурнай прасторы, што прыводзіць да культурна-антрапалагічнага крызісу.
Культура і чалавечы розум – гэта магутныя абаронныя механізмы, аднак і яны патрабуюць падтрымкі і стымуляцыі, перадусім праз адпаведным чынам арганізаваную сістэму адукацыі. Ад гэтага будзе залежаць не толькі прафесійная падрыхтоўка маладога чалавека, але і яго маральна-псіхалагічная і духоўная культура. Адсюль выводзіцца пастулат, што сістэма адукацыі павінна прадугледжваць узбагачэнне духоўнага жыцця навучэнцаў.
Дэкларацыя пра хрысціянскае выхаванне Другога Ватыканскага Сабору вучыць, што “дзеці і маладыя людзі маюць права на тое, каб іх падтрымлівалі ў правільнай ацэнцы маральных каштоўнасцяў і заахвочвалі да іх прыняцця, а таксама да таго, каб лепш пазнаваць і любіць Бога. Таму Сабор настойліва просіць усіх, хто кіруе народамі або выхаваннем, клапаціцца, каб моладзь ніколі не была пазбаўлена гэтага святога права. Ён заклікае дзяцей Касцёла аддана працаваць ва ўсіх сферах выхавання, асабліва для таго, каб належныя даброты выхавання і адукацыі маглі хутчэй дасягнуць усіх людзей ва ўсім свеце” (GE 1).
Сярод тых, хто адказны за выхаванне моладзі, а гэта сям’я, грамадства, школа, медыя і г.д., асаблівае месца належыць рэлігійным арганізацыям. Узгаданы вышэй Сабор кажа, што “ўрэшце, абавязак навучання асаблівым чынам належыць Касцёлу. І не толькі таму, што яго, як і чалавечую супольнасць, трэба лічыць здольным даць выхаванне, але найперш таму, што ён павінен паказваць шлях збаўлення ўсім людзям, перадаваць вернікам Хрыстовае жыццё і стала дапамагаць ім у дасягненні паўнаты гэтага жыцця. Маці-Касцёл абавязаны даць сваім дзецям такое выхаванне, дзякуючы якому ўсё іх жыццё змагло б напоўніцца Хрыстовым духам. У той жа час ён дапамагае ўсім народам дасягнуць поўнай дасканаласці чалавечай асобы дзеля дабра самога зямнога грамадства і для будавання больш гуманнага свету” (GE 3).
4. Адным са спосабаў духоўнага ўзбагачэння выхавання моладзі з’яўляецца ўключэнне рэлігійнага выхавання ў свецкую школу. Менавіта школа, згодна са сваёй місіяй, развівае інтэлектуальныя магчымасці навучэнцаў, выпрацоўвае здольнасць да правільнага суджэння, знаёміць з культурнай спадчынай папярэдніх пакаленняў, выхоўвае пачуццё каштоўнасцяў, рыхтуе да прафесійнага жыцця, стварае сярод выхаванцаў, якія маюць розны характар і паходжанне, сяброўскія адносіны і падтрымлівае дух узаемаразумення. Акрамя таго, яна з’яўляецца нібы цэнтрам, у дзейнасці і развіцці якога павінны адначасова браць удзел сем’і, настаўнікі, розныя аб’яднанні, якія развіваюць культурнае, грамадзянскае, рэлігійнае і грамадскае жыццё, а таксама ўся чалавечая супольнасць (пар. GE 5).
Менавіта таму “Касцёл, усведамляючы свой вельмі важны абавязак старанна клапаціцца пра маральнае і рэлігійнае выхаванне ўсіх сваіх дзяцей, з асаблівай любоўю і дапамогай павінен спадарожнічаць тым шматлікім дзецям, якія атрымліваюць адукацыю ў некаталіцкіх школах” (GE 7).
Падобным ёсць і вучэнне Праваслаўнай Царквы. Так, у Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы запісана, што “з праваслаўнага пункту гледжання пажадана, каб уся сістэма адукацыі была збудавана на хрысціянскіх каштоўнасцях. Тым не менш Царква, зыходзячы са шматстагоддзявай традыцыі, шануе свецкую школу і гатова будаваць свае ўзаемаадносіны з ёй зыходзячы з прынцыпаў чалавечай свабоды. Царква лічыць карысным і неабходным правядзенне урокаў хрысціянскага веравучэння ў свецкіх школах па жаданні дзяцей або іх бацькоў, а таксама ў вышэйшых навучальных установах” (ОСЦУРПЦ XIV.3).
З вышэйсказанага вынікае, што адукацыя павінна служыць як інтэлектуальнай ці прафесійнай фармацыі, так і маральнай з мэтай умацавання этычных нормаў падрастаючага пакалення і ўгрунтавання духоўных і культурных каштоўнасцяў. Для гэтага асаблівая ўвага павінна быць пакладзена на духоўную этыку і фармаванне згодна з ёй адпаведнага светапогляду.
У эпоху разнастайных крызісаў і працэсаў глабалізацыі тэалагічна-рэлігійныя веды з’яўляюцца эфектыўным інструментам фармавання ўсяго грамадства. Узбагачэнне адукацыйнай сістэмы рэлігійным навучаннем дасць навучэнцам новы інтэлектуальна-духоўны багаж, дзякуючы якому яны будуць потым будаваць сваё меркаванне на тэму рэлігіі і маральнасці.
5. Кажучы пра ролю рэлігіі і адукацыі ў свецкім грамадстве, неабходна звярнуць увагу на тое, што ў сучасным свеце адчуваецца вялікая актыўнасць нетрадыцыйных і нават дэструктыўных рэлігійных рухаў, якія ў першую чаргу імкнуцца ўплываць на моладзь.
Засяроджваючыся на прычынах іх растучай папулярнасці, неабходна прызнаць, што гэта як віна традыцыйных веравызнанняў і іх недастатковай актыўнасці, так і тое, што сучасны чалавек, шукаючы сваёй тоеснасці, сэнсу і мэты існавання, імкнецца да самарэалізацыі, хоча змены свайго статусу. Ён таксама шукае такой групы, якая вызначыць яго паводзіны, пакажа яму новыя духоўныя напрамкі. У новых рэлігійных рухах маладых людзей вабіць заклік да самарэалізацыі, збаўлення сваёй душы цяпер і зараз, а не ў будучым жыцці. У сваім арсенале новыя рэлігійныя рухі маюць цэлую сістэму псіхалагічных метадаў, дзякуючы якім вабяць новых членаў праз выкліканне эйфарычнага пачуцця шчасця.
Таму ўвядзенне рэлігіі ў сістэму адукацыі спрыяла б адпаведнай падрыхтоўцы маладога пакалення, каб яно магло спакойна і без духоўных траўмаў знаходзіцца ў гушчы розных ідэй і рэлігійных рухаў.
6. З вышэйсказанага можна зрабіць выснову, што для духоўнага рэнесансу сучаснага свету важна звярнуць большую ўвагу на гуманістычнае выхаванне і ролю ў ім рэлігіі, філасофіі, тэалогіі і антрапалогіі, каб падрыхтаваць людзей, здольных задаваць пытанні аб сэнсе існавання і адначасова шукаць на іх адказ. Такое стаўленне цікавіць моладзь і натхніць шукаць духоўнай фармацыі.
У кантэксце насычэння адукацыі гуманістычным зместам таксама ўзрастае роля духоўнага фактару ў асобе настаўніка. Таму, нагадваючы аб ролі рэлігіі ў працэсе адукацыі, вельмі важнай з’яўляецца і адпаведная духоўная падрыхтоўка настаўнікаў.
З пункту ж гледжання вырашэння звязаных з духоўнасцю сучаснага чалавека праблем галоўным з’яўляецца не толькі ўзровень адукацыі і культуры, але таксама іх напрамак, а менавіта ці прысутнічае ў ім духоўны элемент. Усё гэта мае важнае значэнне для перамогі супярэчнасцяў, якія выступаюць у працэсах глабалізацыі на ўзроўні духоўнага жыцця сучаснага чалавека.
Лацінская прыказка кажа: “Sit finis libri, sed non finis querendi” – “Няхай будзе канец кнігі, але не даследаванняў”.
Упэўнены, што канферэнцыя па вельмі актуальнай тэме “Рэлігія і адукацыя ў свецкіх грамадствах: вопыт, праблемы, перспектывы”, якая пачынаецца сёння, стане яшчэ адным даследчым крокам у сферы прысутнасці рэлігійнага кампаненту ў свецкай сістэме адукацыі. Заўтра гэты форум завершыцца. Аднак, спадзяюся, з яго завяршэннем не завершацца даследаванні ў гэтай галіне з мэтай удасканалення сістэмы адукацыі.
Дзякую за ўвагу.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: 1. Дэкларацыя пра хрысціянскае выхаванне “Gravissimum educationis” // Дакументы Другога Ватыканскага Сабору. Мінск “Про Хрысто” 2008 (GE). 2. Основы Социальной Концепции Русской Православной Церкви // Общественные общероссийские чтения Основ социальной концепции Русской Православной Церкви. Информационный бюллетень № 1, Москва 2001 (ОСКРПЦ).
|