Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэферат біскупа Аляксандра Кашкевіча на сімпозіуме, прысвечаным 25-годдзю прысутнасці салезіянаў у Смаргоні

24 мая 2014 г., Смаргонь

Моладзь у жыцці Касцёла ў Беларусі

Эксцэленцыі, шматпаважаныя арцыбіскупы і біскупы,
Вялебныя святары, законныя сёстры,
Шаноўныя госці, прамоўцы, арганізатары і ўдзельнікі сімпозіума!

У першую чаргу я хацеў бы скіраваць словы ўдзячнасці ў адрас арганізатараў сімпозіума за запрашэнне і за магчымасць прамовіць дадзены рэферат. Мне была прапанавана наступная тэма: “Моладзь у жыцці Касцёла ў Беларусі”.

Кантэкст нашай сустрэчы і абмежаванасць у часе не дазволяць абшырна і сістэматычна разглядзець такое складанае і шматузроўневае пытанне. Таму ў сваім рэфераце я абмяжуюся прадстаўленнем агульнага нарысу сітуацыі моладзі ў Беларусі, а таксама галоўных выклікаў, з якімі сустракаецца Каталіцкі Касцёл у душпастырскай дзейнасці адносна гэтай групы вернікаў.

Мае разважанні будуць дзяліцца на дзве часткі. У першай, больш апісальнай і аналітычнай, я паспрабую прадставіць сітуацыю моладзі ў Беларусі на гістарычным, грамадскім і культурным фоне. У другой частцы рэферата я сфармулюю некаторыя пастулаты, што датычацца душпастырскай дзейнасці Касцёла адносна моладзі, асабліва ў выхаваўчым аспекце.

I. Каб зразумець усю складанасць сучаснай сітуацыі моладзі, трэба, перш за ўсё, звярнуць увагу на гістарычны, грамадскі і культурны кантэкст, у якім фарміруецца пастава сённяшняй моладзі, яе светапогляд, сістэма каштоўнасцяў, жыццёвыя выбары, рашэнні і гэтак далей.

1.1) Як вядома, найбольшы ўплыў на выхаванне, якое мы разумеем як усебаковае фарміраванне асобы маладога чалавека, аказвае яго сям’я. Родны дом з’яўляецца першай школай жыцця, а бацькі (і ў меншай ступені іншыя члены сям’і) – першымі выхавацелямі.

Таму давайце запытаемся ў сябе: кім з’яўляюцца бацькі сённяшняй моладзі?

Моцна спрашчаючы, можна сказаць, што бацькі сучасных маладых людзей – гэта пакаленне сямідзясятых-васьмідзясятых гадоў, выхаванае на схіле існавання Савецкага Саюза.

У жыцці Каталіцкага Касцёла гэта быў дастаткова спецыфічны перыяд. Ён не характарызаваўся, што праўда, вострым пераследам Касцёла з боку дзяржавы, аднак Каталіцкі Касцёл надалей заставаўся вельмі абмежаваным у магчымасцях правядзення душпастырства, у тым ліку і ў сферы рэлігійнага выхавання.

З-за вельмі рэдкай сеткі парафій і занадта малой колькасці душпастыраў Касцёл не мог ахінуць усіх вернікаў душпастырскай апекай на належным узроўні і ў поўнай ступені. Адчувальны недахоп святароў і, перш за ўсё, абмежаванне законам іх дзейнасці прывялі да таго, што практычна не было магчымасці арганізаваць у парафіях сістэматычную катэхезу ці, увогуле, душпастырскую працу з дзецьмі і моладдзю.

Нярэдка адзіным элементам рэлігійнага выхавання была падрыхтоўка дзіцяці да Першай святой Камуніі. Яна адбывалася, як правіла, амаль у канспірацыйных умовах, праводзілася часцей за ўсё свецкімі асобамі, якія не мелі адпаведнай тэалагічнай падрыхтоўкі, і абмяжоўвалася да навучання дзіцяці асноўным малітвам, а таксама да знаёмства яго з галоўнымі праўдамі веры і ведамі з катэхізіса на неабходным для прыняцця сакрамэнтаў пакаяння і Эўхарыстыі ўзроўні. Вельмі часта, на жаль, на гэтым рэлігійнае выхаванне маладога пакалення заканчвалася.

Да гэтага трэба дадаць, што ў іх родных дамах часта не хапала рэлігійнай атмасферы. Нярэдка здаралася, што з-за прыналежнасці аднаго з бацькоў да камуністычнай партыі або з-за займаемай службовай пасады вера была амаль што “тэмай табу”, а рэлігійныя практыкі выконваліся рэдка і амаль у таямніцы.

У выніку гэтых і іншых фактараў бацькі сённяшняй моладзі – пакаленне сямідзясятых-васьмідзясятых гадоў – часта маюць вельмі абмежаванае і павярхоўнае веданне праўдаў веры, недастатковую прывязанасць да Касцёла і сакрамэнтальнага жыцця, а нярэдка яны ўвогуле называюць сябе людзьмі “веруючымі, але непрактыкуючымі”.

Таму сучасныя маладыя людзі выносяць дастаткова малы духоўны багаж з сям’і, што, бясспрэчна, не аблягчае іх “старт у жыцці”.

Вяртаючыся да праблематыкі сённяшняга дня, можна заўважыць пэўны парадокс.

З аднаго боку, за гэты час сітуацыя Касцёла вельмі змянілася. Сёння Касцёл мае непараўнальна большыя магчымасці дзеяння, чым дваццаць-трыццаць гадоў таму, мае большую колькасць як святароў, так і свецкіх, уцягнутых у катэхізацыю і ўвогуле ў працу з моладдзю, выкарыстоўвае ўсё больш новыя і паспяховыя сродкі і прылады евангелізацыі, якія дазваляюць даходзіць з пасланнем Добрай Навіны да ўсё шырэйшых колаў адрасатаў.

З іншага боку, нярэдка здараецца, што евангелізацыйныя і выхаваўчыя намаганні Касцёла нібы не знаходзяць водгуку – не сустракаюцца з зацікаўленасцю і прыняццем з боку адрасатаў.

Як прыклад я магу падаць сітуацыю, з якой, на маю думку, сустрэўся кожны душпастыр. Пасля Першай святой Камуніі ў кожнай, хіба, парафіі змяншаецца колькасць дзяцей, якія ўдзельнічаюць у катэхезе. Калі святар спрабуе даведацца ў бацькоў, чаму дзіця не ходзіць на катэхезу, сярод розных тыповых адгаворак адносна недахопу часу, празмернасці заняткаў у школе, наведвання пазакласных заняткаў, факультатываў і да таго падобнага, можна пачуць і словы здзіўлення: дык дзіця ж прыступіла да Першай святой Камуніі (“было даведзена”, як часта гавораць), навошта патрэбна далейшая катэхеза?

Іншым прыкладам могуць быць прасочваемыя паўсюдна спробы бацькоў арганізаваць сваім дзецям гэтак званую “камунію на канікулах” – падрыхтоўку і “давядзенне” дзіцяці да Камуніі ў паспешным тэмпе, падчас летніх канікул, у іншай парафіі, замест таго, каб забяспечыць дзіцяці ўдзел у сістэматычнай катэхезе ў сваёй парафіяльнай супольнасці.

Гэта ілюструе, якімі моцнымі з’яўляюцца стэрэатыпы, вынесеныя бацькамі з уласнага дзяцінства, і як часта, на жаль, яны прыводзяць да недаацэнкі ці ўвогуле адкідвання выхаваўчай праграмы, прапанаванай Касцёлам.

1.2) Другім пасля сям’і выхаваўчым фактарам, што ўплывае на моладзь, з’яўляецца грамадства ў найбольш шырокім значэнні гэтага слова. “Ніхто не з’яўляецца адзінокім востравам”, як казаў Томас Мэртан, а таму кожны чалавек, у сувязі з тым, што ён жыве ў грамадстве, паддаецца яго ўплыву: як пазітыўнаму, так і негатыўнаму.

Маладосць – гэта цудоўны перыяд жыцця, але яго характарызуюць, між іншым, адсутнасць жыццёвага вопыту, абмежаваная здольнасць рэалістычнай і рацыянальнай ацэнкі рэчаіснасці, наіўнасць і легкавер’е, залішняя ўпэўненасць у сабе, лёгкае падпарадкаванне прапанаваным ідэям і прыкладам паводзін. Таму малады чалавек асабліва падатлівы на ўплыў акружэння, у тым ліку і негатыўны.

Задайма сабе пытанне: як грамадства ўплывае на сучасную моладзь?

Эпоху, у якую мы жывём, часта называюць эпохай постмадэрнізму. Не ўдаючыся ў падрабязныя адценні гэтага шматзначнага з розных пунктаў гледжання паняцця, абмяжуюся толькі ўказаннем некаторых тыповых элементаў культуры постмадэрнізму.

У першую чаргу, гэта культура, якую характарызуе крайні рэлятывізм. Цяжка ўтрымацца ад уражання, што ў сённяшні час усё, ці амаль усё, адноснае, няма нічога надзейнага, абсалютнага, уключна з каштоўнасцямі і маральнымі нормамі; падрываецца нават статус чалавечай асобы, яе годнасць і асноўныя правы. Таксама і Божае Аб’яўленне, якое абвяшчае Касцёл, у постмадэрнісцкай культуры ўспрымаецца як адна з многіх ідэалагічных прапаноў, якую можна прыняць ці адкінуць, або ўспрыняць селектыўна, выбіраючы толькі тое, што здаецца карысным.

Іншае праяўленне постмадэрнізму, цесна звязанае з рэлятывізмам, – гэта крайні індывідуалізм, які на самой справе з’яўляецца проста эгаізмам. Чалавечая асоба прызнаецца абсалютнай вартасцю, а з гэтага вынікае, што суб’ектыўныя перакананні чалавека становяцца адзіным крытэрыем дабра і зла. Такім чынам, адзінай мэтай чалавека становіцца шуканне асабістай прыемнасці, іншыя ж людзі ўспрымаюцца выключна утылітарыстычна і інструментальна, як сродкі для дасягнення мэты.

У такой ідэалогіі няма месца для такіх каштоўнасцяў, як грамадская салідарнасць, самаадданасць бліжняму, клопат аб супольнай карысці, адказнасць за іншага чалавека, вернасць, альтруізм, ахвярнасць. Чалавек, для якога характэрны эгаістычны індывідуалізм, канцэнтруецца выключна на сабе і губляе здольнасць да жыцця ў супольнасці, да кантакту з Богам, да любові, як дару самога ў сабе.

На інтэлектуальным узроўні індывідуалізм праяўляецца ў крайнім суб’ектывізме. Асабістыя погляды і перакананні абсалютызуюцца, праўдай з’яўляецца толькі тое, што дадзены чалавек лічыць правільным ці хоча такім лічыць. Так ствараецца свет, у якім усё прыватнае, усё абапіраецца толькі на пачуццях, на эгаістычным пошуку асабістай выгады і прыемнасці.

Іншым небяспечным для выхавання праяўленнем постмадэрнізму з’яўляецца геданізм – прызнанне прыемнасці асноўнай каштоўнасцю і адзіным крытэрыем паводзін. Гэта проста пераблытванне задавальнення з радасцю і шчасцем. Сэнс жыцця зводзіцца да шукання асалоды, якую можна лёгка дасягнуць, танным коштам, без намаганняў, без абязацельстваў, без маральнай ацэнкі. Чалавек не хоча працаваць, ён хоча карыстацца працай іншых. Шукае забаваў цаной сумлення, маральнасці, вернасці, сям’і, а нават здароўя і жыцця. У выніку чалавек трапляе ў залежнасць, ён робіць тое, чаго не хоча, бо да гэтага рабіў тое, што хацеў. Такім чынам, паддаючыся геданізму, чалавек аддаляецца ад радасці і шчасця – менавіта ад таго, што геданізм абяцае сваім паслядоўнікам.

З усяго гэтага вынікае, што ў культуры постмадэрнізму чалавек толькі на першы погляд знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, усё нібы варочаецца вакол яго і павінна яму служыць. Але на самой справе ўсё абсалютна не так. Маральны рэлятывізм і крайні індывідуалізм, а таксама адмаўленне рацыяналізму на карысць нерацыянальнага і абсалютна ідэалагічнага мыслення – усё гэта вядзе да антрапалагічнага рэдукцыянізму, які характарызуецца тым, што з аднаго боку пераацэньваюцца магчымасці чалавека, а з іншага – ігнаруюцца пагрозы і абмежаванні, пад якія ён падпадае. У выніку постмадэрнізм становіцца ўцёкамі ад рэчаіснасці, якая ставіць чалавеку жорсткія патрабаванні і нярэдка вядзе да стрэсу.

Магчыма, Беларусь пакуль што не мае дачынення з постмадэрнісцкай культурай у яе найбольш радыкальнай версіі, як гэта адбываецца ў краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі, але тым не менш, у выніку прагрэсіруючай глабалізацыі, усё лягчэйшага паступлення інфармацыі, а разам з тым уздзеяння дамінуючых культурных і ідэалагічных трэндаў, можна заўважыць, што ўсё часцей постмадэрнісцкія ідэі пранікаюць у свядомасць моладзі таксама і на нашых землях.

Можна адважыцца на пытанне: якія цяжкасці і перашкоды ў працэсе рэлігійнага выхавання маладога пакалення стварае ідэалогія постмадэрнізму? Я абмяжуюся да некалькіх найважнейшых, на маю думку.

Па-першае, у постмадэрнізме моцна падкрэсліваецца і, на жаль, вельмі дэфармуецца ідэя свабоды як адна з найважнейшых каштоўнасцяў у жыцці. Я назваў яе дэфармаванай таму, што гэта свабода без адказнасці, якая заключаецца ў пошуку таго, што лягчэй, замест таго, што мае большую вартасць. Можна паддацца ілюзіі пабудовы такога грамадства, у якім усе маюць амаль неабмежаваныя правы, але ніхто не мае абавязкаў. Гэта анархічная свабода, бяздумная, разбуральная, яна вядзе да безадказнасці ў асабістым і грамадскім жыцці. Такое дэфармаванае бачанне свабоды мае няшмат агульнага з сапраўднай свабодай, якая з’яўляецца плёнам намаганняў, самаадданасці, дысцыпліны, здольнасці да супрацоўніцтва, да рэалістычнага мыслення і да вернасці прынятым абавязацельствам. У перспектыве такога бачання свабоды хрысціянства ўяўляецца маладому чалавеку рэлігіяй залішніх правіл і забаронаў, якія абмяжоўваюць чалавека ў яго свабодзе і перашкаджаюць у дасягненні сапраўднага, нічым не абмежаванага шчасця.

Па-другое, у постмадэрнісцкай культуры назіраецца рэзкае звужэнне і скажэнне жаданняў маладога чалавека. Жаданне можна растлумачыць як засяроджанасць на нейкай важнай мэце, імкненне да чагосьці, што лічыцца цэнным, каштоўным. У постмадэрнізме скажаецца ўжо сам вобраз чалавека, абмяжоўваюцца яго ідэалы і памкненні. Адначасова назіраецца імкненне стварэння штучных патрэб, у першую чаргу спажывецкага характару, якія служаць інтарэсам буйных карпарацый, гандлёвых сетак і гэтак далей. У выніку гэтага маладыя людзі часта адчуваюць расчараванне, страх, ім характэрна адсутнасць памкненняў ці вялікіх планаў на будучыню.

Па-трэцяе, гэтая асаблівая аксіялагічная пустата вядзе да таго, што прыемнасць і лёгкасць ставяцца па-над маральнымі нормамі, правіламі этыкі; на задні план адыходзяць голас сумлення, паняцце адказнасці, праўды, альтруізму. Моладзь часта адчувае своеасаблівы дэфіцыт любові з боку бацькоў і іншых людзей, што ў выніку вядзе да таго, што яны самі не могуць любіць і не вераць у каханне. Такім чынам парушаецца нармальная іерархія каштоўнасцей. А маладым людзям не хапае грунтоўнага аксіялагічнага фундаменту, на якім яны змаглі б пабудаваць сваё жыццё.

Так у вельмі скарочанай форме можна прадставіць сітуацыю моладзі ў Беларусі ў сучасны перыяд.

Я ўсведамляю, што прадстаўлены тут вобраз можа быць успрыняты вамі, паважаныя слухачы, як занадта песімістычны. У рэчаіснасці ж побач са шматлікімі небяспекамі і праяўленнямі, што абуджаюць неспакой, можна ўбачыць таксама знакі радасці і надзеі. Не ўсе маладыя людзі падвяргаюцца негатыўным уплывам акружэння ці пабудаваным у рамках ідэалогіі постмадэрнізму мадэлям паводзін. У нас таксама ёсць выдатныя маладыя людзі, веруючыя і практыкуючыя, якія ўдзельнічаюць у катэхезах, парафіяльным і дыяцэзіяльным жыцці, наведваюць розныя спецыялістычныя душпастырствы, прысвячаюць сябе валанцёрству і да таго падобнае.

Але варта прыгадаць прыпавесці Езуса пра заблукалую авечку ці згубленую драхму. Прадметам асаблівага клопату Касцёла, які рэалізуе даручаную яму Хрыстом місію, заўсёды будуць слабейшыя, згубленыя, тыя, хто знаходзіцца ў найбольшай небяспецы. Таму ў сваіх разважаннях я больш канцэнтруюся на тым, што выклікае неспакой, што з’яўляецца выклікам, з чым мы можам і павінны сутыкнуцца ў нашай душпастырскай працы.

II. У другой частцы майго рэферата я хачу падзяліцца разважаннямі на тэму таго, у якім напрамку павінна накіроўвацца дзейнасць Касцёла ў хрысціянскім выхаванні маладога пакалення.

У першую чаргу трэба памятаць, што моладзь – гэта надзея грамадства і Касцёла. Ад паставаў моладзі, ад яе маральнага здароўя і вернасці Хрысту залежыць будучыня грамадства і Касцёла. Таму Касцёл ніколі не павінен успрымаць моладзь як праблему. Нават перад абліччам натуральных абмежаванняў, характэрных для падлеткавага ўзросту, і непазбежнай рызыкі, якой падвяргаецца маладое пакаленне, Касцёл не павінен глядзець на маладых з недаверам ці незадавальненнем. Ён павінен разам з моладдзю шукаць шляхі новай евангелізацыі, у духу дыялогу, даверу і пашаны.

Трэба паклапаціцца аб тым, каб маладыя людзі, якія ўжо ёсць у супольнасці Касцёла, не былі звычайнымі “атрымальнікамі”, “адрасатамі” душпастырскіх дзеянняў, але каб яны былі прапагандыстамі гэтых дзеянняў, таму ўсе душпастырскія ініцыятывы павінны рэалізавацца не столькі “для іх”, колькі “разам з імі”. Выхавацелі моладзі павінны быць перш за ўсё сведкамі веры, спадарожнікамі, жыццё і ўчынкі якіх маладыя людзі маглі б і хацелі б пераймаць.

Пэўным чынам спрашчаючы, можна сказаць, што выхаваўчая дзейнасць Касцёла адносна маладога пакалення павінна канцэнтравацца вакол трох аспектаў хрысціянскага жыцця: перажывання братэрскай супольнасці ў Касцёле; развіцця і паглыблення ўнутранага жыцця; досведу адкрыцця сябе на іншых. Гэта нібы тры пункты, у якіх маладыя людзі могуць і павінны знайсці адказы на пытанні, якія іх непакояць, і на свае экзістэнцыйныя пошукі.

2.1) Па-першае, у сваёй выхаваўчай дзейнасці Касцёл павінен браць пад увагу факт, што маладыя людзі часта пакутуюць з-за недахопу любові і прыязнасці з боку іх акружэння, адчуваюць сябе адзінокімі і не маюць магчымасці будаваць сапраўды братэрскія і сацыяльныя адносіны.

Прывілеяваным месцам, дзе моладзь павінна адчуваць сябе любімай і прынятай, дзе яна магла б наладзіць цёплыя, сяброўскія і непасрэдныя адносіны з хрысціянскай супольнасцю, з’яўляецца парафія. Кожная парафія – гэта бачны і чытаемы знак еднасці вернікаў, якія ствараюць мясцовы Касцёл.

Парафіяльную супольнасць павінен заўсёды ажыўляць дух еднасці і братэрства, што праяўляецца ў разнастайнасці пакліканняў і багацці харызмаў. Трэба паклапаціцца аб тым, каб у цэласнасці парафіяльнага душпастырства існавала пэўная прастора, у якой моладзь магла б сябе рэалізаваць такім спосабам, які б адпавядаў яе чаканням і памкненням, не губляючы пры гэтым пачуцця прыналежнасці да парафіяльнай супольнасці.

Сёння мы ўсё часцей становімся сведкамі феномену міграцыі моладзі ў вялікія гарады з мэтай паступіць на вучобу ці ўладкавацца на працу. Часта выезд з роднай парафіі азначае, на жаль, паслабленне ці нават абсалютнае разарванне сувязяў з Касцёлам і сакрамэнтальным жыццём. Я лічу, што як душпастыры, так і цэлыя парафіяльныя супольнасці ў вялікіх гарадах павінны зрабіць усё, што ў іх сілах, каб моладзь, якая прыбыла з правінцыі, магла аказацца ў новай рэчаіснасці і адчуць сябе ў сваёй “новай” парафіі, як у сябе дома.

Іншым месцам, дзе моладзь можа рэалізаваць патрэбу сяброўства, братэрства і прыняцця, дыялогу і сустрэчы, з’яўляюцца касцёльныя рухі і таварыствы, а таксама рознага тыпу спецыяльныя душпастырствы. У залежнасці ад спецыфікі, гэта можа быць душпастырская дзейнасць на ўзроўні парафіі, дэканата, дыяцэзіі ці ўвогуле ўсёй краіны. Цешыць факт, што ў нашай эклезіяльнай рэчаіснасці ініцыятывы такога тыпу прыняліся, дынамічна развіваюцца і збіраюць усё больш маладых людзей. І чым больш разнастайныя і захапляльныя прапановы мы як Касцёл здолеем прадставіць моладзі, тым большая магчымасць фармацыйнага і адукацыйнага ўздзеяння на гэтую групу вернікаў мы будзем мець.

2.2) Па-другое, у душпастырстве моладзі заўсёды трэба звяртаць увагу на духоўнае, унутранае вымярэнне. Калі гэты аспект хрысціянскага жыцця абмінаецца або недаацэньваецца, то нават самыя цікавыя і самыя захапляльныя душпастырскія ініцыятывы будуць проста размінацца з мэтай. Трэба ўмела абуджаць і падтрымліваць у моладзі жаданне глыбокай, сталай духоўнасці, памятаючы, што вельмі часта, больш чым забавы і прыязнасці, моладзь шукае менавіта сапраўднай, глыбокай сустрэчы з Богам.

Эўхарыстыя з’яўляецца вяршыняй і цэнтрам жыцця Касцёла. На святарах, выхавацелях, катэхетах і на ўсёй парафіяльнай супольнасці ляжыць абавязак сведчыць аб прыгажосці сустрэчы чалавека з Богам, што адбываецца падчас літургіі святой Імшы. Гэта таксама азначае клопат аб тым, каб моладзь таксама магла ўдзельнічаць у нядзельнай Эўхарыстыі поўнасцю, усведамляючы свой удзел у пасхальнай таямніцы Хрыста.

Сістэматычная катэхеза і сустрэча з Божым словам, якое інтэрпрэтуецца згодна з навучаннем Касцёла, з’яўляюцца абавязковымі ў выхаваўчым працэсе моладзі. Нельга замяняць катэхезу балбатнёй, супольным праглядам фільмаў, краязнаўчымі паездкамі, заняткамі спортам і да таго падобным. Такога тыпу дзейнасць можа быць дапаўненнем катэхезы, але ні ў якім разе не павінна яе замяняць.

Урэшце, хрысціянскае выхаванне моладзі павінна быць таксама школай малітвы. У нашай рэчаіснасці вельмі часта маладыя людзі не маюць, на жаль, прыкладу супольнай малітвы ў сям’і. Часта таксама для моладзі характэрны своеасаблівы інфантылізм у жыцці малітвы – гэта значыць спыненне на самых простых формах, якія запомніліся з дзяцінства, без якіх-небудзь намаганняў у напрамку развіцця малітвы, без пошуку новых форм і спосабаў, больш адпаведных для ўзросту і ўзроўню духоўнага жыцця. Таму душпастыры і выхавацелі, якія працуюць з моладдзю, павінны паказваць усё багацце і разнастайнасць форм малітвы, а таксама заахвочваць маладых людзей здабываць новыя сапраўдныя сведчанні здаровай і сталай духоўнасці. Тут можа вельмі дапамагчы духоўнае кіраўніцтва, рэкалекцыі і дні засяроджання, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, набажэнствы Божага слова і іншыя душпастырскія ініцыятывы такога тыпу.

2.3) Па-трэцяе, у выхаваўчым працэсе трэба дапамагчы моладзі адкрывацца на іншых люзей, перамагаць спакусу абыякавасці і эгаізму, навучыць маладога чалавека адкрываць у сабе патэнцыял дабрыні, выхоўваць у сабе ўсё самае найлепшае, каштоўнае, тое, чым можна падзяліцца з бліжнім.

Гэта тым больш патрэбна, што ўсе мы – не толькі моладзь – носім у сабе сумную спадчыну сістэмы, якая зусім не выхоўвала да адкрытасці, альтруізму, грамадскай салідарнасці ці дабрачыннасці. Таму важна, каб маладыя людзі вучыліся станавіцца дарам для іншых, дапамагаць, дзяліцца.

Гэта магчыма, калі моладзь удзельнічае ў розных дабрачынных, грамадскіх ініцыятывах, калі маладыя самі адчуваюць сябе прапагандыстамі, а не толькі адрасатамі душпастырскай дзейнасці. Служачы іншым, прысвячаючы сябе для іншых, чалавек духоўна ўзбагачаецца і развіваецца, а бліжні становіцца для яго дарам настолькі, наколькі ён сам зможа стаць дарам для яго.

Шаноўныя слухачы!

Я прадставіў гэтыя ідэі і думкі адносна моладзі і яе жыцця ў Касцёле ў Беларусі, спадзеючыся, што яны дапамогуць нам усім – біскупам, душпастырам, катэхетам, выхавацелям – яшчэ больш прыстасаваць нашы выхаваўчыя намаганні да патрабаванняў моладзі, яе чаканняў і ўсіх выклікаў сучаснасці.

З задавальненнем трэба сцвердзіць, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі наогул паспяхова і плённа выконвае сваю выхаваўчую місію адносна маладога пакалення. Мы ўсцешаны, што моладзь у Беларусі знаходзіць сваё месца ў Касцёле, ахвотна адкрываецца на розныя ініцыятывы, прапанаваныя душпастырамі і выхавацелямі, а неаднойчы і сама можа прапанаваць штосьці добрае.

Пры гэтым неабходна памятаць, што Касцёл атрымаў магчымасць пачаць сістэматычную працу з моладдзю толькі разам з пазітыўнымі грамадскімі і палітычнымі зменамі, якія адбыліся на прасторы былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, на пачатку дзевяностых гадоў. Можна сказаць, што мы яшчэ толькі вучымся. Але, гледзячы назад, на той шлях, які мы ўжо прайшлі, і спрабуючы ацаніць тое, чаго ўжо змаглі дасягнуць, цяжка стрымацца ад пачуцця апраўданага задавальнення.

У гэтым вялікая заслуга ўсіх тых, хто розным спосабам займаецца працай з моладдзю. Дзякуючы іх намаганням, таксама і сёння столькі маладых людзей знаходзяць у веры сэнс свайго жыцця. За гэтыя намаганні я хацеў бы скіраваць да іх словы шчырай і глыбокай удзячнасці.

Дзякуй за ўвагу.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску