Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прывітальнае слова кс. Віктара Гайдукевіча SDB, рэгіянальнага настаяцеля рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага, на адкрыцці новага араторыя ў Бараўлянах

Пахвалёны Езус Хрыстус,

Глыбокапаважаны наш арцыпастыр, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, паважаны прадстаўнік Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі дон Філіпа Чампанэллі, субраты салезіяне з салезіянскіх супольнасцяў Мінска і Смаргоні, з Дзятлава, дарагія субраты салезіяне з Расіі, паважаныя прадстаўнікі свецкай улады, прысутныя святары і законныя сёстры, салезіянскія супрацоўнікі, моладзь і дзеці, усе госці нашай урачыстасці, якія прыбылі з розных куткоў Беларусі.

З вялікай радасцю і ўдзячнасцю Богу за гэты момант вітаю вас на нашай урачыстасці тут, на Бараўлянскай Горцы. Сённяшняе свята незвычайна важнае для ўсіх нас, таму што закранае важныя моманты жыцця салезіянскай сям’і ў Беларусі. Яно аб’ядноўвае ў сабе тры элементы, якія я назваў бы: фундаментам, крыніцай і матывацыяй.

Фундамент — гэта штосьці моцнае і трывалае; тое істотнае, што ляжыць у аснове, каб будаваць у будучыню. Менавіта такім асноватворчым момантам было і надалей ёсць прыбыццё рэліквій кс. Боско ў Беларусь роўна год таму. Яно дало пачатак новай салезіянскай гісторыі ў Беларусі, адгарнула новую старонку ў працы на карысць дзяцей і моладзі. Дзякуючы вялікай ласцы перэгрынацыі мы не толькі аднавілі нашу салезіянскую духоўнасць, але і зачэрпнулі той неабходнай творчай сілы для далейшай душпастырска-выхаваўчай працы ў стылі кс. Боско.

Сёння мы з удзячнасцю Богу ўспамінаем гэты момант прыбыцця нашага духоўнага Айца і жадаем, каб ён заставаўся з намі, у нашых сэрцах, як мага даўжэй. І, напэўна, так яно і ёсць, але мы жадаем, каб гэтая падзея мела бачны знак, які заўсёды будзе нам нагадваць аб ёй. Такім бачным знакам для кожнага з нас няхай будзе кс. Боско, прадстаўлены ў прыгожай мазайцы над галоўным уваходам у араторый, якую мы сёння ўрачыста яму ахвяруем: кс. Боско з распасцёртымі рукамі, якія прымаюць кожнага, якія гатовы дапамагчы таму, хто ў патрэбе; якія ўказваюць на салезіянскі шлях святасці. Няхай гэтая мазайка будзе не толькі бачным знакам, але і выразам нашай удзячнасці за прэвентыўную сістэму выхавання і знакам вернасці кс. Боско.

Крыніца — гэта пачатак, гэта тое, да чаго варта заўсёды вяртацца, каб пастаянна аднаўляць сваю вернасць! 200 гадоў таму нарадзіўся чалавек, дзякуючы якому распачала існаванне вялікая салезіянская сям’і, членамі якой тут, у Беларусі, з’яўляемся таксама і мы. Асоба кс. Боско — вось наша духоўная крыніца, да якой мы павінны не толькі часта звяртацца, але і заўсёды мець яго ў нашай працы перад вачыма. Мы жадаем наблізіць гэтую багатую духоўную крыніцу салезіянскай святасці да кожнага жадаючага, і таму сёння будзе прадстаўлены і благаслаўлёны першы збор салезіянскіх малітваў і навэн на беларускай мове. На працягу святкавання юбілейнага года мы будзем прапаноўваць для салезіянскай сям’і салезіянскі малітоўнік, затым біяграфію салезіянскіх святых, а на завяршэнне юбілейнага года — Канстытуцыі Салезіянскай Кангрэгацыі на беларускай мове.

На працягу трох гадоў мы рыхтаваліся да гэтага ўрачыстага моманту, пазнаючы асобу нашага духоўнага Настаўніка. Завяршаючым элементам падрыхтоўкі з’яўляецца гэты апошні юбілейны год, калі мы разважаем аб «місіі кс. Боско з моладдзю і для моладзі». Сёння мы жадаем урачыста распачаць святкаванне юбілейнага года разам, усёй нашай салезіянскай сям’ёй у Беларусі, утвараць еднасць не толькі ў харызме, але і стварыць бачную еднасць духа і дзейнасці і такім чынам паказаць сваю вернасць і адданасць харызмату нашага Заснавальніка. Пасля гэтай урачыстасці мы вернемся ў свае супольнасці, сем’і, месцы працы і жыхарства. Няхай кожны з нас возьме з сабою крупінку юбілейнага года, каб кс. Боско не быў толькі вобразам з абразікаў, але сапраўдным Айцом і Настаўнікам.

Матывацыя — гэта сукупнасць матываў, гэта прымушэнне да дзеяння!!! Наведванне салезіянскай Беларусі нашым духоўным Айцом, урачыстае святкаванне гадавіны нараджэння свайго Заснавальніка, паўстанне новай структуры для анімацыі салезіянскай дзейнасці ў Беларусі і, нарэшце, адкрыццё новага салезіянскага араторыя — я лічу, што падзей дастаткова, каб не толькі быць удзячнымі за іх Пану Богу, але таксама і каб у нашых сэрцах паўстала шчырая матывацыя для далейшага дзеяння і працы ў духу кс. Боско для дабра маладога пакалення ў Беларусі.

Араторый — гэта дом, які прымае: моладзь павінна адчуваць сябе свабодна, павінна адчуць, што яе любяць, адчуваць, што яе атуляюць тут цяплом і апекай; гэта парафія, якая евангелізуе: дае магчымасць духоўнага развіцця і пазнавання Хрыста, гэта школа, якая рыхтуе да жыцця — месца, дзе ёсць магчымасць набываць неабходныя веды, асабліва рэлігійныя, развіваць свае здольнасці; гэта падворак для сустрэчы з сябрамі; важнае для маладых людзей месца, дзе яны могуць забыцца на штодзённыя клопаты і заняцца рознымі гульнямі і забавамі з равеснікамі. Вось гэтую справу кс. Боско мы сёння ўрачыста благаслаўляем і адкрываем, каб згодна з дэвізам юбілейнага года мы, салезіяне, выконвалі сваю салезіянскую місію тут, у гэтым араторыі, у месцах нашай працы, з кс. Боско і тут жа разам з моладдзю, разам з імі, былі для іх знакамі Божай любові.

Яшчэ раз шчыра ўсіх вас вітаю на нашай урачыстасці і жадаю кожнаму добра правесці час найперш на супольнай малітве, узбагачаючыся духоўна, а затым на размове і супольным святкаванні нашай урачыстасці.

Адноўлена 22.09.2014 17:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску