Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова біскупа Антонія Дзям’янкі на інаўгурацыі новага навучальнага года ў Катэхетычным каледжы імя З. Лазінскага ў Баранавічах

11 кастрычніка 2014 г.

Сардэчна вітаю ўсіх сабраных з нагоды пачатку новага навучальнага года. Год незвычайны таму, што Пінскі Касцёл адзначае 100-годдзе нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, які меў непасрэднае дачыненне да адкрыцця гэтай фармацыйнай навучальнай установы калі быў Апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Установа дзейнічае ўжо 20 гадоў, калі лічыць ад пачатку яе арганізацыі ў якасці катэхетычных курсаў, і 5 гадоў ад атрымання дзяржаўнай рэгістрацыі як навучальнай установы. З яе выйшлі, атрымаўшы неабходныя катэхетычныя веды, дзясяткі выпускнікоў з усіх рэгіёнаў Беларусі, многія з якіх рэалізуюць сябе ў выкладанні навукі Касцёла пры парафіях. Але таксама многія выкарысталі час навучання для паглыблення асабістых ведаў, якія выкарыстоўваюць, выконваючы розныя паслугі ў сям’і і грамадстве.

Сінод дыяцэзій у Беларусі, які быў скліканы кардыналам Свёнткам ў 1990-я гады, рупліва працаваў над пашырэннем катэхезы ў парафіях нашай дыяцэзіі. У пасінадальным выданні вельмі падрабязна былі апісаны групы, якія належыць катэхізаваць. А гэта і сямейная катэхеза, катэхеза дашкольнікаў, вучняў пачатковых школ, школьнай моладзі, навучэнцаў прафесійных навучальных устаноў, студэнцкай моладзі, пазашкольнай і працоўнай моладзі, дзяцей і моладзі, спецыяльнай апекі, дарослых.

Пададзеныя ў апрацаванні Сіноду тэмы катэхез — аб сакрамэнтах, сакрамэнце святога хросту, канфірмацыі, Эўхарыстыі, Першай святой Камуніі, сакрамэнце паяднання, перад першай споведдзю, аб сакрамэнце намашчэння хворых, аб сакрамэнце святарства, аб сакрамэнце сужэнства. Гэта сведчыць аб глыбіні разумення кардыналам патрэбы катэхезы. Бо, як гаворыць народная прымаўка, з пустога і Саламон не налье. Гэта значыць, што, каб катэхізаваць — катэхізаваць тэматычна, ахопліваючы як мага большае кола слухачоў, — неабходна грунтоўныя веды, веды тэалагічнага характару, але і педагагічныя веды для данясення іх да вышэйпералічаных груп вернікаў. І, хоць там няма ўспаміну аб такой навучальнай установе, як катэхетычны каледж, але сваім дзеяннем кардынал, калі заснаваў яго, прыклаў намаганні, каб былі адпаведныя выкладчыкі, адпаведнае і годнае памяшканне для ўстановы, фінансавае забеспячэнне — усё пералічанае сведчыць аб клопаце кардынала пра катэхетычную фармацыйную ўстанову ў дыяцэзіі.

Таксама кардынал Казімір Свёнтэк пасылаў на вучобу святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў у каталіцкія ўніверсітэты, забяспечваючы іх стыпендыямі. Такім чынам іерарх забяспечыў выкладчыцкі склад катэхетычнага каледжа.

У Рыме, як вядома ўсім нам, праходзіць у гэты час Сінод Біскупаў, прысвечаны, як пажадаў Папа Францішак, справам сужэнства і сям’і. Аналізуючы даклады Айцоў Сііноду ў першыя дні працы, мы заўважаем, што многія з іх бачаць праблемы сучаснай сям’і ў слабай катэхетычнай агульнай падрыхтоўцы, падрыхтоўцы да шлюбу, няведанні спосабаў уздзеяння сект, слабым веданні Бібліі, адсутнасці альбо недастатковым рэлігійным выхаванні ў сям’і, няздольнасці своечасова выкрыць і супрацьдзейнічаць згубным нехрысціянскім плыням у сучасным свеце, нізкім узроўні альбо адсутнасці веры ў Бога і слабой лучнасці з Касцёлам.

Дарагія, я вельмі ўдзячны Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі, які прыбыў сёння на сустрэчу ў катэхетычны каледж, за яго паслугу нам. Яго прысутнасць сведчыць аб важнасці такой установы ў Касцёле. Дзякую выкладчыкам, якія ахвотна перадаюць веды студэнтам каледжа — па катэхезе, тэалогіі, Бібліі, псіхалогіі  і іншых прадметах. Здабываючы веды, вы, дарагія студэнты, будзеце лепш падрыхтаваны да выканання заданняў у сённяшнім свеце як хрысціяне, каб не ўзнікалі ў многіх праблемы, аб якіх гаварылі шматлікія Айцы Сіноду. Гэта заданне нас, хрысціян. Бо, як гаворым, хрысціянін не мае праблем — ён мае заданні.

Вы не толькі будзеце здабываць веды ў сценах гэтай навучальнай установы. Будынак, які прадастаўляюць нам айцы вярбісты — і вельмі шчыра дзякуем ім за гэта, — змяшчае таксама і капліцы, дзе праводзіцца Эўхарыстыя, малітоўныя сустрэчы. Арганізатарамі працэсу фармацыі прадугледжана і магчымасць удзелу ў днях засяроджання і рэкалекцыях.

Дзякую за выкладчыцкую і фармацыйную працу дырэктару каледжа кс. Андрэю Рылку, усім выкладчыкам, святарам, за тое, што ёсць рэгулярныя выклады і цэлебрацыя сакрамэнтаў. І таму гэта не толькі навучальная пляцоўка, але і фармацыйная. І, можа, не ўсе стануць у будучыні выкладчыкамі катэхезы ў школе, пры касцёле — некаторыя, атрымаўшы веды, маю надзею, выкарыстаюць іх для духоўнай карысці для сябе, у сям’і, даючы парады блізкім, сваякам, знаёмым. Каб Касцёл у сучасным свеце быў для жыхароў зямлі лямпай, якая сваім святлом указвае на Хрыста, адзінага Збаўцу свету.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску