Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кароткая постсінадальная рэфлексія ад Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча

Сінод 2014: сям’я — крызіс ці надзея?

1. 5–19 кастрычніка 2014 г. у Ватыкане адбыўся трэці пазачарговы Сінод Біскупаў на тэму «Пастырскія выклікі сям’і ў аспекце евангелізацыі».

Сінод выклікаў небывалы інтарэс ужо задоўга да яго распачацця. І гэта зразумела, бо сучасная сям’я сапраўды знаходзіцца ў небывалым крызысе і ўсё далей адыходзіць ад Божага плану, што яна — гэта Богам створаны, адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны, мэтай якога ёсць іх сумеснае жыццё і дапамога, а таксама працяг чалавечага роду і выхаванне патомства.

2. Гэта вядома ўсім католікам, але практыка жыцця зусім іншая. У сучасным свеце ўсё больш разводаў і паўторных шлюбаў без касцёльнага благаслаўлення, што не дае права на прыняццё святой Камуніі. Усё больш маладых параў, якія практыкуюць канкубінат, не жадаюць мець дзяржаўнай рэестрацыі і касцёльнага благаслаўлення. Ліберальнны свет усё больш прапагандуе гомасексуальныя саюзы з правам устынаўлення дзяцей. Аборты становяцца генацыдам многіх народаў, асабліва ў высокаразвітых краінах. Не згоднае з вучэннем Касцёла штучнае апладненне выкарыстоўваецца ўсё больш і больш, таксама як і сурагатнае мацярынства.

Усё гэта нагадвае пра тое, што заснаваны Богам інстытут сям’і сур’ёзна хворы і знаходзіцца ў вельмі цяжкім крызісе. Ідэалогія секулярызму навязвае яму сваё знішчальнае бачанне, якое ставіць яго з ног на галаву. Гэтая ідэалогія, як быццам бездухоўная атамная бомба, атакуе сям’ю. У выніку чаго сям’я ўяўляе сабой не што іншае, як духоўны Чарнобыль, а хваробу сям’і можна параўнаць да эпідэміі Эболы, ад якой пакуль што не знайшлі лекаў.    

3. Усведамляючы небяспечную сітуацыю, у якой знаходзіцца сям’я, Папа Францішак склікаў спецыяльны Сінод Біскупаў. Трэба адразу падкрэсліць, што Сінод не ставіў перад сабой задачы вырашыць праблемы сям’і ці прыняць канкрэтныя пастырскія праграмы адносна яе.

Заданнем Сінода было зрабіць аналіз рэальнай сітуацыі сям’і ў сучасным свеце, паставіць ёй дыягназ і пазначыць шляхі вырашэння яе праблем.

4. Падчас першага пасяджэння Сінода Папа Францішак задаў яго тон — а менавіта калегіяльнасць. Таму Сінод адбываўся паводле трох, сфармуляваных Святым Айцом, напрамкаў: гаварыць адкрыта, пакорна слухаць і быць адкрытымі на дзеянне Святога Духа. І сапраўды, удзельнікі Сінода свабодна гаварылі аб праблемах і рэальнай сітуацыі сям’і. Іх выказванні сведчылі аб рэальным жыцці сучаснай сям’і без прыхарошвання і ілюзій. Гэтаму дапамог працэс падрыхтоўкі да Сінода, калі ўсе епіскапаты свету прыслалі свае меркаванні па актуальных пытаннях сітуацыі сучаснай сям’і. Вялікае значэнне мела таксама сведчанне сямейных пар з розных кантынентаў. Акрамя прадугледжаных выступленняў, якія не маглі перавышаць чатырох хвілін, былі таксама свабодныя дыскусіі, што зрабіла Сінод больш дынамічным.

5. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, якія павінен быў перажыць Сінод, яго ўдзельнікі мелі абсалютную свабоду выказвацца і ўважліва прыслухоўваліся да меркавання іншых. Хаця мас-медыя прадстаўлялі Сінод як нейкую новую рэвалюцыю, на самой справе ён паказаў, што не яны, але Святы Дух кіруе Касцёлам.
 
Секулярнаму свету, які імкнуўся правесці сваё, далёкае ад Божага плану, бачанне сям’і, гэта не ўдалося. Хаця нельга сцвердзіць, што праблемы ўплыву секулярнага свету на сям’ю былі вырашаны. Не, яны застаюцца. Аднак Сінод паказаў, што Касцёл застаецца верны свайму вучэнню, аб чым сведчыць яго фінальны дакумент, які называецца Рэляцыяй Сінода. Пры гэтым Сінод падкрэсліў, што Касцёл шукае новых шляхоў пастырства сям’і, каб вывесці яе з існуючага крызісу.

6. Сінод, заглыбіўшыся ў праблемы сям’і, адначасова паказаў тое, што сям’ю нельга абмежаваць толькі сацыяльным фактарам, бо сям’я — гэта пакліканне і супольны — мужчыны і жанчыны — шлях да святасці ва ўстаноўленным Хрыстом сакрамэнце сужэнства. У той жа час Сінод падкрэсліў, што гэта нялёгкі шлях у абставінах паступаючай секулярызацыі, калі разбураюцца асновы веры і сям’і і калі сямейныя каштоўнасці падмяняюцца рознымі формамі сужыцця.

Сусветны форум біскупаў, які завяршыўся, паказаў намер Касцёла ў такіх абставінах не апускаць рукі і не паддавацца, а працаваць і шукаць новых шляхоў вырашэння праблем, прымаючы ва ўвагу канкрэтныя сітуацыі, каб вярнуць сям’і надзею.

З гэтай мэтай Сінод абмяркоўваў пастырскую стратэгію, як адказаць на найбольш актуальны крызіс сям’і, якім з’яўляецца крызіс паклікання да непарыўнага, адкрытага на прыняцце новага жыцця і вернага адно аднаму сужэнства. Гэты адказ уключае ў сябе дапамогу святарам, кансэкраваным асобам і свецкім людзям у падрыхтоўцы сужэнцаў да сямейнага жыцця і суправаджэнне іх падчас крызісу.

7. Па выніках Сінода можна зрабіць тры наступныя высновы. Першая — выклікі сям’і прысутныя ва ўсім свеце. Другая — вучэнне Касцёла аб сям’і не змяняецца. Трэцяя — сям’я патрабуе падтрымкі і суправаджэння, асабліва падчас крызісаў. Таму ўзрастае роля і адказнасць не толькі душпастыраў, але сямейных кансультацый і проста сем’яў, якія сваім прыкладам могуць і павінны дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў крызісе.

Сінод завяршыўся і Сінод працягваецца — так можна падсумаваць вынікі гэтага сусветнага форуму біскупаў. Сінод 2014 г. быў падрыхтоўчым да Сінода, які адбудзецца 4-25 кастрычніка 2015 г. на тэму «Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле ў сучасным свеце».
 
У сувязі з гэтым Рэляцыя Сінода, які завяршыўся, з’яўляецца тым дакументам, які неабходна вывучаць, каб належным чынам падрыхтавацца да новага Сінода, які павінен стаць вырашальным у падрыхоўцы пастырскіх праграм для вырашэння крызісу сям’і. Яго заданнем будзе выпрацаваць рэкамендацыі Папу з мэтай перамагчы крызіс гэтай галоўнай клеткі кожнага грамадства.

Такім чынам Сінод яшчэ раз падкрэсліў, што сям’я, як галоўная клетка грамадства і яго фундамент, уключаецца ў місію абвяшчэння Евангелля і праз гэта ў місію змены аблічча зямлі. У гэтым сэнсе сям’я можа і павінна стаць надзеяй свету.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску