Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Міжнароднай канферэнцыі «Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі» |
Так — жыццю, не — смяротнаму пакаранню Мінск, 13-14 лістапада 2014 г. 1. Глыбокапаважаныя ўдзельнікі канферэнцыі «Нясмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі». Канферэнцыя, якая пачынаецца сёння ў сталіцы Беларусі, мае вельмі вялікае значэнне для многіх краін свету і асабліва для Беларусі, дзе смяротнае пакаранне пакуль не адменена. Каталіцкі Касцёл у Беларусі не аднойчы выказваўся супраць існавання смяротнага пакарання наогул і ў тым ліку ў нашай краіне і гатовы прымаць удзел у працэсах, якія маглі б дапамагчы вырашэнню гэтай актуальнай праблемы. Касцёл недвухсэнсоўна стаіць на пазіцыі адмены смяротнага пакарання або прынамсі ўвядзення мараторыя. Таму Касцёл з радасцю ўспрымае факт правядзення гэтай канферэнцыі ў Мінску. Аднак, у той жа час, хачу падкрэсліць, што месца правядзення канферэнцыі непрымальна для Каталіцкага Касцёла. Будынак, у якім яна праводзіцца, быў пабудаваны як кляштар айцоў бернардынаў. Сёння ў гэтым намоленым будынку знаходзіцца адзін з найбольш рэспектабельных гатэляў з назвай «Манастырскі». Стварэнне гатэля і яшчэ з назвай «Манастырскі» — гэта не што іншае, як блюзнерства ў адносінах да нашых вернікаў і Касцёла. На многія нашы афіцыйныя запыты адносна гэтага будынка, які доўгі час заставаўся пустым, мы не атрымалі ніводнага адказу. Таму я, вітаючы ідэю канферэнцыі, не магу прымаць у ёй удзел. Падрыхтаваны даклад прачытае вызначаны праз мяне святар. 2. Смяротнае пакаранне, як адзін з найбольш старажытных спосабаў пакарання, было вядома яшчэ ў часы, калі права абапіралася на звычаі і правілы культуры. Напрыклад, у выпадку забойства смяротнае пакаранне выконвалася членамі сям’і загінулага. Смяротнае пакаранне вядома і ў розных рэлігіях. У Старым Запавеце яно знайшло сваё абгрунтаванне ў прынцыпе «вока за вока і зуб за зуб» (Лев 24, 20). Паводле гэтага прынцыпу, справядлівым пакараннем за смерць іншаму чалавеку з’яўляецца смяротнае пакаранне. Стары Запавет вылічвае дзеянні, якія караліся смерцю, як напр. забіццё чалавека (пар. Быц 9, 6), пабіццё бацькоў (пар. Зых 21, 15), чараўніцтва (пар. Зых 22, 18), грэх садоміі (пар. Зых 22, 19), гомасексуалізму (пар. Лев 20, 13), чужалоства (пар. Лев 20, 10) і г.д. Указанняў на яго адмену няма ні ў Новым Запавеце, ні ў касцёльнай традыцыі. Больш за тое, словы Паслання св. апостала Паўла да Рымлянаў аб тым, што начальнік нездарма трымае меч, каб пакараць за зло (пар. Рым 13, 4), успрымаюцца як пацвярджэнне смяротнаму пакаранню ў Новым Запавеце. Смяротнае пакаранне, якое выконвалася ў старажытнай Еўропе, было прынята кантынентам, дзе хрысціянства пачынала набіраць ход, з аднаго боку як працяг даўняга правадаўства, а з іншага — як ажыццяўленне біблейскага права. Каталіцкі Касцёл у мінулым не супраціўляўся смяротнаму пакаранню і з часоў Сярэднявечча падтрымліваў яго, асабліва за абвяшчэнне нязгодных з каталіцкім вучэннем поглядаў, так званых ерасяў, за практыку чараўніцтва, гомасексуалізм і г.д. Пры гэтым трэба падкрэсліць, што касцёльныя суды не мелі права асуджаць на смяротнае пакаранне. Гэтае права належала толькі свецкім судам. Такой пазіцыі Каталіцкі Касцёл прытрымліваўся да XVIII стагоддзя. Пазней пад уплывам гуманітарных тэндэнцый Касцёл, хоць і падтрымліваў смяротнае пакаранне, аднак толькі ў выпадку вельмі вялікага злачынства. Далейшыя часы прынеслі новыя рашэнні, якія кардынальна змянілі касцёльную практыку ў гэтай галіне. Евангельская ідэя міласэрнасці, аб якой так шмат гаворыць Хрыстус, сама сабой паставіла пытанне аб адмене смяротнага пакарання. Таму як Каталіцкі Касцёл, так і Праваслаўная Царква і іншыя хрысціянскія веравызнанні клапаціліся і далей клапоцяцца аб памілаванні асуджанага на смерць. Больш за тое, маральны ўплыў хрысціянства выхаваў у свядомасці людзей негатыўныя адносіны да смяротнага пакарання. Для хрысціяніна жыццё чалавека не завяршаецца смерцю, таму Касцёл таксама клапоціцца і аб духоўнай апецы асуджаных на смерць. 3. Прыхільнікі смяротнага пакарання аргументуюць, што яно не з’яўляецца актам помсты, але справядлівасці, і такім чынам сам злачынца пазбаўляе сябе права на жыццё. Іншым аргументам за смяротнае пакаранне з’яўляецца сцвярджэнне таго, што такім чынам дзяржава павінна забяспечыць грамадскі парадак, бо выкарыстанне прапарцыянальнага пакарання з’яўляецца кампенсацыяй за ўчыненае зло і аднаўленнем устаноўленага маральна-праўнага парадку. Праціўнікі смяротнага пакарання прадстаўляюць свае аргументы. Гэта тое, што жыццё чалавека святое, хоць сам чалавек такім можа і не быць. Таксама важным аргументам з’яўляецца незваротнасць самога пакарання і брак часу да навяртання і пакуты, бо жыцця не вернеш. Не без значэння застаецца і магчымасць судовай памылкі. Праціўнікі смяротнага пакарання, не баналізуючы зла, якое стаіць за кожным цяжкім злачынствам, прапануюць ліквідаваць прычыны злачынства, а не злачынцаў. Цяжка таксама пагадзіцца з аргументам прыхільнікаў смяротнага пакарання аб тым, што, ўчыняючы злачынства, чалавек страчвае сваю чалавечую годнасць і такім чынам дае дзяржаве права яго забіць. Годнасць чалавека належыць да яго сутнасці, бо чалавек створаны Богам па Яго вобразу і падабенству. Даследаванні краін, дзе існуе смяротнае пакаранне, не пацвярджаюць таго, што яна пазітыўна ўплывае на працэс выхавання чалавека. Колькасць злачынстваў не зменшылася, падобна як не павялічылася там, дзе яно адменена. 4. Таму Касцёл бароніць кожнае чалавечае жыццё ад зачацця аж да натуральнай смерці. Ён лічыць жыццё святым, непарушным і самым каштоўным дарам Творцы і заступаецца за асуджаных на смяротнае пакаранне. Асаблівымі прыхільнікамі забароны смяротнага пакарання з’яўляюцца Папы св. Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і сучасны Пантыфік Францішак. Іх голас мужна гучыць у сучасным свеце, напоўненым рознымі нябяспекамі, пагрозамі і ідэалогіямі. 5. Сваім вучэннем святы Ян Павел II змяніў падыход Касцёла да смяротнага пакарання і менталітэту католікаў у гэтай справе. Ён прытрымліваўся становішча, што жыццё кожнага чалавека, нават злачынцы, з’яўляецца святым. Калі яшчэ зусім нядаўна Касцёл пагаджаўся на смяротнае пакаранне ў асаблівых выпадках, то, дзякуючы яго вучэнню, такая пазіцыя страціла сваю абгрунтаванасць. Ян Павел II лічыў смяротнае пакаранне элементам «культуры смерці» (пар. G. Polak. NOP, с. 127). У 1995 г. ён апублікаваў энцыкліку «Evangelium vitae» — «Евангелле жыцця», у якой выразна выказаўся супраць практыкі смяротнага пакарання. Папа падкрэсліў, што свецкая ўлада не павінна адбіраць жыццё ў злачынцаў, акрамя выпадкаў абсалютных, калі няма іншага спосабу абараніць грамадства (пар. EV 56). У сувязі з такім падыходам да справы былі ўведзены змены ў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Калі ў першай яго версіі гаварылася аб законным праве і абавязку законнай улады да адпаведнага пакарання злачынца, уключаючы і смяротнае пакаранне, то цяпер Катэхізіс вучыць, што, беручы пад увагу магчымасці, якімі валодае дзяржава, каб эфектыўна пакараць злачынства і абясшкодзіць злачынцу, не адбіраючы ў яго магчымасць пакаяцца, выпадкі абсалютнай неабходнасці выкарыстання смяротнага пакарання вельмі рэдкія, а нават практычна ўжо не існуюць (пар. ККК 469). У 1998 г. Ян Павел II звярнуўся са зваротам да кіраўнікоў дзяржаў, каб у юбілейным 2000 годзе не было выканана ніводнага смяротнага пакарання (пар. http://www.niedziela.pl/wydruk/110876/nd). У 2000 годзе з нагоды вялікага юбілею хрысціянства ён заклікаў, каб на ўсім свеце дайшло да міжнароднага кансэнсусу ў справе смяротнага пакарання (пар. NOP, с. 127). У 2001 годзе ён падкрэсліў, што ў сучасных грамадствах смяротнае пакаранне не з’яўляецца абавязковым і павінна быць адменена (пар. http://www.niedziela.pl/wydruk/110876/nd). Сваім вучэннем Ян Павел II пацвердзіў традыцыйнае вучэнне Касцёла аб глыбока амаральным характары забіцця нявіннай асобы (пар. EV 57) і адначасова падверг крытыцы практыку забіцця злачынца. Такім чынам, пацвярджаючы традыцыйнае вучэнне Касцёла, Папа адначасова выступіў у абарону кожнага чалавечага жыцця як грунтоўнага прынцыпу гуманізму, які ў хрысціянстве дасягае сваёй найвышэйшай матывацыі. Усё гэта азначае, што Ян Павел II перакладае прымат фундаментальнага прынцыпу шанавання жыцця над спрэчнай тэмай аб пазітыўным уплыве смяротнага пакрання на забеспячэнне публічнага грамадскага парадку. 30 лістапада 2011 падчас малітвы «Анёл Панскі» Папа Бэнэдыкт XVI, звяртаючыся да ўдзельнікаў арганізаванай супольнасцю св. Эгідзія канферэнцыі «Для свету без смяротнага пакарання. Няма справядлівасці без жыцця», выказаў надзею, што яна заахвоціць да прыняцця палітычных і заканадаўчых ініцыятыў для выключэння смяротнага пакарання і далейшага прагрэсу на шляху дастасавання пакаральнага права як для чалавечай годнасці вязняў, так і эфектыўнага захавання публічнага парадку (пар. http://swiat.newsweek.pl/benedykt-xvi-przeciw-karze-smierci,85037,1,1.html). Папа Ратцынгер таксама сцвярджаў, што смяротнае пакаранне — гэта не толькі замах на чалавечае жыццё, але і абраза чалавечай годнасці (http://wiadomosci.gazeta.pl/wiadomosci/1,114873,3894725.html). Зусім нядаўна, 23 кастрычніка 2014 г., Папа Францішак падчас сустрэчы з дэлегацыяй міжнароднага таварыства крымінальнага права востра выступіў не толькі супраць смяротнага пакарання, але таксама супраць пажыццёвага пакарання, якое назваў закамуфляванай формай смерці (пар. http://www.rp.pl/artykul/1151627.html). Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла выразна выступае супраць смяротнага пакарання. У Кампендыі сацыялнага вучэння чытаем, што хаця традыцыйнае вучэнне Касцёла не выключае (пры ўмове, што поўнасцю ўстаноўлена асоба і адказнасць злачынцы) смяротнае пакаранне, калі гэта адзіны магчымы спосаб сапраўднай абароны чалавечага жыцця ад несправядлівага агрэсара, усё роўна лепш імкнуцца да некрывавых метадаў стрымання і пакарання злачынцаў, паколькі яны найбольш адпавядаюць канкрэтным умовам агульнага дабра і годнасці чалавечай асобы. А ўсё большае непрыняцце грамадскай думкай смяротнага пакарання і розныя меры, якія выкарыстоўваюцца для яго адмены ці спынення, з’яўляюцца выразнымі праявамі павышэння маральнай чуйнасці (пар. КСВК 405). 6. У сувязі з вышэйсказаным Каталіцкі Касцёл наогул, і ў тым ліку ў Беларусі, выступае за адмену смяротнага пакарання ці прынамсі ўвядзення мараторыя на яго. Мы не можам апраўдваць такой меры пакарання, бо гвалтоўная смерць — гэта грэх. Жыццё з’яўляецца найбольш каштоўным Божым дарам. Бог яго даў, і толькі Ён можа адабраць. Не мы адарылі чалавека дарам быцця і не нам яго пазбаўляць. Таму Касцёл непахісна стаіць на прынцыпах абароны жыцця ад нараджэння да натуральнай смерці і імкнецца фармаваць у грамадстве накіраваную на негатыўнае ўспрыняцце такога спосабу пакарання пазіцыю. Выкарыстанне ці невыкарыстанне смяротнага пакарання з’яўляецца адным з найбольш важных паказальнікаў успрыняцця грамадствам хрысціянскай маралі, гэткай лакмусавай паперкай. Беларусь — краіна з багатай хрысціянскай гісторыяй, і яна не адзін раз, нават у часы цяжкіх выпрабаванняў, гэта пацвердзіла. Малю міласэрнага Бога і выказваю надзею, што гэтая канферэнцыя будзе спрыяць адмене смяротнага пакарання або хаця б увядзенню мараторыя на яго ў нашай Бацькаўшчыне, каб Беларусь сапраўды была краінай, якая прапагандуе цывілізацыю жыцця, і краінай, якая рашуча кажа: «Так — жыццю, не — смяротнаму пакаранню». Дзякую за ўвагу Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні: 1. Ян Павел II. Энцыкліка «Evangelium vitae» (EV). 2. Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла. Мінск 2011 (КСВК). 3. G. Polak. Nieznane oblicze Pontyfikatu. Okruchy z Papieskiego stołu. Kraków 2011 (NOP). 4. http://pl.wikipedia.org/wiki/Kara_śmierci. 5. http://www.niedziela.pl/wydruk/110876/nd. 6. http://swiat.newsweek.pl/benedykt-xvi-przeciw-karze-smierci,85037,1,1.html. 7. http://wiadomosci.gazeta.pl/wiadomosci/1,114873,3894725.html. 8. http://www.newsru.com/religy/11oct2011/kirill.html. 9. http://www.interfax-religion.ru/?act=radio&div=2079. |
Адноўлена 14.11.2014 16:15 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.