Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ліст айца-генерала Ордэну кармэлітаў босых з нагоды 500-годдзя з дня нараджэння святой Маці Тэрэзы ад Езуса

Да ўсіх членаў Ордэну босых кармэлітаў, братоў, сясцёр, свецкіх і ўсёй пашыранай тэрэзіянскай сям'і сясцёр і законнікаў шлю сваё прывітанне з нашага Дома-Маці, Дома Тэрэзы: спакой Хрыста, Езуса Тэрэзы, няхай будзе з усімі вамі!

Пасля больш чым пяці гадоў актыўнай падрыхтоўкі, асабістай і супольнай, дажылі мы да дня 15 кастрычніка 2014 года, да такой чаканай урачыстасці святой Тэрэзы, падчас якой мы пачынаем святкаванне 500-годдзя з дня яе нараджэння. Найлепшыя пажаданні з нагоды 500-годдзя з дня нараджэння Святой Маці!

Пяцісотгоддзе з дня нараджэння Тэрэзы – гэта цудоўная нагода, каб яна і надалей прамаўляла да нас сваім сведчаннем і цярпеннем.

Тэрэза кажа пра тое, што перажыла, распавядае нам гісторыю душы, якая - пасля вялікага супраціву - у канчатковым выніку паддаецца Божай любові і адкрывае ў Ім сваю праўду, дабрыню і радыкальную прыгажосць. Тэрэза не прыўлашчыла свой вопыт, як раўніва схаваны скарб, але падаравала яго нам, каб мы таксама маглі ўвайсці ў паўнату жыцця і шчасця, чаго без яе мы б не спазналі, застаючыся вязнямі свету.

Кожны дзень становіцца больш відавочным, што наша існаванне ў свеце зводзіцца да прапорцый, дзе перамагае эканамічнагая і тэхналагічная дынаміка. Нам здаецца, што мы сталі ўсемагутнымі, у той час, калі на самой справе павольна губляем самае галоўнае ў чалавеку: яго здольнасць любіць так, як любіць Бог. Тэрэза вяртае нас да вяршыні чалавечага існавання, пункту кантакту паміж чалавекам і Богам, які з'яўляецца асобай і мае імя Езус Хрыстус, укрыжаваны і ўваскрослы.

У цэнтры пяцісотгоддзя Тэрэзы павінна быць тое, што ў цэнтры сэрца Тэрэзы, а не тое, што знаходзіцца ў цэнтры нашых глабальных планаў, нашых ініцыятыў. У цэнтры пяцісотгоддзя павінна быць тое, што не страціла актуальнасці на працягу гэтых пяці соцень гадоў – жыццё, дасведчанае Богам, жыццё, якому даручана вырашальная місія: нагадваць Касцёлу  і чалавеку ўсіх часоў, што цэнтрам чалавека з'яўляецца Бог, а цэнтрам Бога – чалавек.

Я баюся называць усё гэта "містыка", таму што гэта назва можа зрабіць з Тэрэзы "зачынены сад" або "зачыненую крыніцу", якая даступная толькі для нямногіх выбраных. Місія Тэрэзы з'яўляецца місіяй універсальнай і не з'яўляецца нічым іншым, як новай прапановай Евангелля, радасці Евангелля, яго свежасці, яго вызваляючай сілы.

Тэрэза дзялілася з кожным чалавекам, хто страціў сябе ў свеце, чые дарогі не вялі да якіх-небудзь мэтаў, тым, што знайшла сама: прыстанкам і дарогай. Гэта назвы яе асноўных прац: дарога і прыстанак. Калі добра над гэтым паразважаем, убачым, што гэта пачатковае вымярэнне, неабходнае для існавання і захавання чалавечнасці.

Адчуваем, што гэтае пачатковае вымярэнне сёння знаходзяцца пад пагрозай ладу жыцця, якое нас акружае

На гэты шлях і ў той прыстанак, дзе жыла Тэрэза, павінна прывесці нас гэта пяцісотгоддзе. Калі мы не зможам паставіць іх у цэнтры, я думаю, што Тэрэзе не спадабаюцца ўрачыстасці, якія мы арганізоўваем для яе, хоць яны могуць быць і ўрачыстымі, і захапляльнымі, і вытанчанымі. Тэрэза простая і бедная манашка, не забывайце пра гэта! Гэта манашка ў хабіце і заўсёды запыленых сандалях, з тварам, на якім бачна фізічная стомленасць, з сэрцам, якое заўсёды хвалюецца за сваіх братоў і сясцёр. Тым не менш, пад тым пластом далікатнасці і нетрываласці хаваецца жалезная сіла. Гэта сіла таго, хто нават у самай складанай сітуацыі не страціць з-пад увагі фінішнай лініі, якая з'яўляецца мэтай яго шляху.

Што мы зробім, каб зноў паставіць у цэнтры дарогу і прыстанак Тэрэзы? Яшчэ раз прачытаць яе лісты – гэта першы крок, вельмі важны. Але мы не можам спыняцца на дасягнутым. Мы павінны перайсці да практыкі. Мы пакліканы распазнаць у сабе тое, аб чым піша Тэрэза, каб знайсці сваю дарогу і свой прыстанак. Баюся, што немагчыма будзе гэта зрабіць без пэўных адрачэнняў. Я не ведаю, ці трэба было б выбраць нам часцейшае адключэнне нашых мабільных тэлефонаў, нашых камп’ютараў, графікаў нашых спраў або - што з'яўляецца больш складаным – можа, трэба навучыцца імі інакш карыстацца. У адным я глыбока перакананы, што не перажывём мы годна пяцісотгоддзе, робячы толькі нейкія справы, каб ушанаваць памяць Тэрэзы. Перажывём годна, "робячы з сябе" Тэрэзу, калі я магу выкарыстаць гэты некалькі смелы выраз.

Я думаю, што Тэрэза кажа нам тое, што Павел сказаў сваім вучням у Карынце: вы мой рэкамендацыйны ліст, «напісаны не чарніламі, але Духам Бога Жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрцаў» (2 Кар 3, 2-3). На заканчэнне, да чаго вядзе нас пяцісотгоддзеТэрэзы? Яно вядзе нас да нашых сэрцаў, дзе жыве наша праўда і праўда Бога Жывога. Каб сустрэліся яны ў імя і на сцежках Тэрэзы: гэта толькі адзінае свята, якое зможа развесяліць сэрца Маці і дазволіць ёй адчуваць плёны яе пошукаў, яе барацьбы, яе нястомнага пілігрымавання.

Дзякуй табе, Тэрэза, бо не для сябе, але на самой справе для ўсіх нас нарадзілася!

Адноўлена 16.12.2014 11:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску