Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Уступнае слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас адкрыцця сімпозіума, прысвечанага Слузе Божаму біскупу Баляславу Слоскансу

Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены, 18 красавіка 2015 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі і асабліва Мінска-Магілёўская архідыяцэзія аддае пашану вялікаму сыну латышскага народа і адначасова пастыру беларускіх вернікаў, Апостальскаму адміністратару Мінска і Магілёва – Слузе Божаму Баляславу Слоскансу.

Як ардынарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і яго наступнік, з вялікай радасцю вітаю прысутных гасцей і ўдзельнікаў прысвечанага гэтаму гераічнаму біскупу сімпозіума. Гэта вялікі гонар, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўжо ў другі раз праводзіць прысвечанае біскупу Баляславу Слоскансу мерапрыемства. Тры гады таму ў Магілёве прайшлі Дні біскупа Баляслава Слосканса. Такім чынам Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўносіць свой магчымы ўклад у працэс яго беатыфікацыі.

Для мяне гэта таксама асабістая радасць, бо Слуга Божы біскуп Баляслаў Слосканс з’яўляецца маім папярэднікам на Мінскай і Магілёўскай катэдрах і да яго ў малітвах звяртаюся з просьбай аб дапамозе ў маім пастырскім служэнні па яго прыкладу.

Дзякую ўсім арганізатарам і ўдзельнікам сімпозіума. Біскуп Баляслаў Слосканс – гэта супольная гісторыя Латвіі і Беларусі, гісторыя нашых Касцёлаў, якія перажылі часы ганенняў і цяпер адраджаюцца да новага жыцця. Мы павінны памятаць аб нашай гісторыі, бо яна маці-настаўніца і без яе няма будучыні.

У вобразе біскупа Баляслава Слосканса, як у кроплі вады, адлюстроўваюцца лёсы Касцёла на гэтых тэрыторыях. Найперш, ён перажыў час зневажання святынь і бальшавіцкі крывавы тэрор. Далей лёс яму падрыхтаваў новае выпрабаванне з 1926 г. быць біскупам Мінска і Магілёва ў атэізаванай Беларусі ў тыя нялёгкія часы.

Выконваючы сваю біскупскую паслугу, ён павінен быў часта цэлебраваць сакрамэнт канфірмацыі. У яго быў звычай пытаць прымаючых яго, ці жадаюць яны быць канфірмаванымі. Так, – заўсёды гучаў упэўнены адказ. Ці гатовы аддаць жыццё за веру? – пытаўся далей біскуп. Так! Усё гэта рабіла моцнае ўражанне як на канфірмаваных, так і на прысутных вернікаў і аберагала ад розных спакусаў да такой ступені, што аднойчы адзін малады чалавек сказаў: “Цяпер нельга грашыць, бо засталося мала святароў, каб паспавядацца”. Гэты эпізод нагадвае аб тым, якім руплівым пастырам быў біскуп Баляслаў Слосканс і як выкарыстоўваў цэлебрацыю сакрамэнтаў для катэхізацыі.

У 1927 г. ён перажыў першы арышт, у выніку якога атрымаў тры гады зняволення ў Салаўках. У 1930 г. выйшаў на свабоду і накіраваўся ў Магілёў, каб далей выконваць сваю місію біскупа. Аднак праз дзесяць дзён ізноў быў арыштаваны і высланы ў Сібір, дзе ў розных месцах прабыў да 1933 г., калі яго абмянялі па савецкага шпіёна і ён змог вярнуцца ў Латвію. Прабываючы ў зняволенні, ён працягваў выконваць свае абавязкі пастыра, з чаго скарысталіся многія сябры па няшчасці.

Лёс не літаваўся над ім і далей. Падчас нямецкай акупацыі Латвіі ён прасіўся паехаць у Беларусь, аднак не атрымаў дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў і ў 1944 г. павінен быў эвакуавацца ў Германію. Потым перабраўся на сталае месца жыхарства ў Бельгію. У 1952 г. быў прызначаны Апостальскім візітатарам для беларускіх католікоў лацінскага і ўсходняга абраду ў Заходняй Еўропе. Бог паклікаў свайго вернага слугу да сябе ў 1981 г. ва ўзросце 89 гадоў, а ў 1993 г. яго парэшткі былі ўрачыста перавезены ў Латышскі Нацыянальны Марыйны санктуарый у Аглоне. У 2000 г. распачаўся працэс яго беатыфікацыі.

Так ужо распарадзіўся Усявышні, што ў год смерці біскупа Баляслава Слосканса, менавіта ў тым самым 1981 г., я атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне, каб праз 8 гадоў, у 1989 г., стаць наступнікам легендарнага біскупа. Потым, служачы ў Расіі ў 1991-2007 гадах, я шмат разоў бываў у месцах, звязаных з яго іменем, і з удзячнасцю яму і Богу ўспамінаў яго. Бо калі б не было біскупа Баляслава Слосканса і падобных да яго, то і не было б нас і не было б адраджэння веры.

Ён мужна перанёс усе нягоды атэістычнага рэжыму, падчас якога прайшоў праз сямнаццаць савецкіх вязніцаў, і часу, калі не мог наведаць сваіх асірацелых вернікаў, калі не мог наведаць і сваю радзіму. Гэта быў час, калі ажыццявіліся словы арцыбіскупа Мішэля д’Эрбіні, якія ён падчас тайнага біскупскага пасвячэння ў касцёле св. Людовіка ў Маскве яму сказаў: “Мы цябе пасвячаем на мучаніцтва і на разважлівасць”.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі ўдзячны жывому мучаніку біскупу Баляславу Слоскансу за яго нялёгкае служэнне, за прыклад мужнасці, веры і разважлівасці, і спадзяецца на хуткую яго беатыфікацыю, каб мець яшчэ аднаго заступніка ў небе, чаму няхай паспрыяе гэты сімпозіум, які аб’яўляю адкрытым.

Дзякую за ўвагу.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску