Мінскі архікатэдральны касцёл, 27 чэрвеня 2015 г.
Радуйся, Касцёл у Беларусi, радуйся i дзякуй Богу, бо яшчэ адзiн наступнiк апосталаў прыходзiць на тваё жнiво. Iм з'яўляецца Яго Эксцэленцыя бiскуп Аляксандр Яшэўскi SDB, духоўны сын св. Яна Боско, які прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і якому Святы Айцец Францішак даверыў пастырскую апеку вернікаў-католікаў у Магілёўскай вобласці.
Як Старшыня Канферэнцыi Каталiцкіх Бiскупаў у Беларусi i як Мiнска-Магiлёўскi Мiтрапалiт шчыра вiншую цябе, біскуп Аляксандр. Ты становiшся членам Канферэнцыi Бiскупаў i маiм, разам з бiскупам Юрыем Касабуцкiм, найблiжэйшым супрацоўнiкам у Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii.
Кожнаму, хто знаёмы з гiсторыяй Каталiцкага Касцёла на нашай геапалiтычнай прасторы, вядомая роля Магiлёва i славутай Магiлёўскай Мiтраполii, якая сваiм абсягам абдымала тэрыторыi ад Балтыйскага мора па Далёкi Усход. Яе значэнне ў станаўленнi i развiццi Касцёла на гэтых тэрыторыях немагчыма пераацанiць.
Пасля рэвалюцыі 1917 г. Магілёўская Мітраполія адчула на сабе вынікі ганенняў на веру. Паўсюдна зачыняліся і разбураліся касцёлы і кляштары, арыштоўваліся святары. Мітрапаліт Эдуард Ропп у 1919 г. быў арыштаваны і высланы ў Польшчу. Пасля яго Мітраполію ўзначаліў арцыбіскуп Ян Цепляк, які, аднак, у 1923 г. быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і асуджаны на смяротнае пакаранне, якое ў 1924 г. было заменена высылкай за мяжу.
У такіх умовах Папа Пій XI у 1926 г. раздзяліў Магілёўскую Мітраполію на пяць Апостальскіх адміністратур: у Магілёве, Маскве, Ленінградзе, Харкаве і Казані, Самары і Сімбірску. Апостальскім адмiнiстратарам Магiлёва быў прызначаны бiскуп Баляслаў Слосканс. На яго долю выпала нямала выпрабаванняў. Ён стаў вязнем 17 савецкіх турмаў. Атэістычнай уладай быў змушаны выехаць за межы Беларусi, аднак аж да сваёй смерцi ў Бельгii ў 1981 г. фармальна заставаўся пастырам Магiлёва, хаця de facto не мог там выконваць сваіх біскупскіх функцый.
І толькі ў 1989 г. святы Ян Павел II прызначыў біскупа для католікаў Беларусі. З гэтага часу таксама пачалася непасрэдная пастырская апека вернікаў у Магілёве і Магілёўскай вобласці. Для яе інтэнсіфікацыі з мінулага года біскуп Юрый Касабуцкі, як дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адначасова быў адказны за пастырскую дзейнасць у Магілёўскай вобласці.
Пастырская сітуацыя, аднак, патрабуе пастаяннай прысутнасці біскупа ў Магілёве. Менавіта таму Святы Айцец Францішак прызначыў яшчэ аднаго дапаможнага біскупа для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з рэзідэнцыяй у Магілёве. З яго прызначэннем зямля з багатай і адначасова трагічнай гісторыяй каталіцызму атрымлівае біскупа, які непасрэдна будзе адказны за пастырскую дзейнасць на ёй.
Бiскуп Аляксандр, Святы Айцец Францiшак даверыў табе вялiкую i адказную мiсiю - адраджэнне былой славы Каталiцкага Касцёла на скажонай як фізічным, так і духоўным Чарнобылем зямлі i яго далейшае развiццё. Упэўнены, што твой пастырскi досвед, арганiзатарскiя здольнасцi, духоўны i iнтэлектуальны патэнцыял, а таксама б'ючая ключом энергiя дапамогуць у выкананнi гэтай мiсii, каб рэалізавалiся словы дэвізу твайго бiскупскага служэння: “Cui Deus est, omnia sunt” – “У кiм ёсць Бог, у таго ёсць усё”.
Няхай табе ў гэтым праз заступніцтва Марыi - Успамогi хрысцiян - благаславiць Бог “аd multos et faecundos annos” – “на многiя i плённыя гады”.
|