Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падрыхтоўчы катэхізіс да Сусветнай сустрэчы сем'яў. II. Пакліканне да любові

Бог дзейнічае праз нас. У нас ёсць пакліканне. Мы жывём у свеце з пэўнай мэтай — самім атрымаць Божую любоў і паказаць яе іншым. Бог імкнецца выправіць сапсаванае. Ён просіць нас быць Яго сведкамі і памочнікамі ў гэтай працы.

Святое Пісанне напаўняе паняцце любові зместам і сэнсам

21. Гісторыя пачынаецца з мужчыны і жанчыны, створаных па Божым вобразе і падабенстве. На працягу гісторыі Бог склікае і фармуе свой народ. Ён заключае з намі запавет, спачатку праз Ізраэля, а пасля праз Хрыста і Касцёл. У гэтых адносінах Бог вучыць нас любіць так, як любіць Ён.

22. Іншымі словамі, створаныя жыць у еднасці, мы распазнаём сваё пакліканне, якім ёсць любоў. Перадусім мы атрымліваем дар жыцця, і гэты дар абумоўлівае нашыя ўчынкі і лад жыцця. Карацей кажучы, «Божая любоў вызначае меру чалавечай любові».17

23. Каб жыць так, неабходная пакора. Трэба, каб мы ўсім сэрцам звярнуліся да Бога і ўбачылі свет Яго вачыма. Божы шлях — найлепшы шлях, але не заўсёды самы лёгкі.

24. У Бібліі ёсць мноства вобразаў Божай любові. Бог — гэта бацька, які выходзіць з дому насустрач марнатраўнаму сыну і ладзіць для яго свята (гл. Лк 15, 11–32). Бог — гэта пастыр, які шукае сваю згубленую авечку (гл. Лк 15, 3–7). Бог— гэта маці, якая суцяшае сваіх дзяцей (гл. Іс 66, 13). Бог — гэта сябар, які аддае сваё жыццё за іншых і плача, калі яго сябры пакутуюць (гл. Ян 11, 35). Бог — гэта настаўнік, які вучыць нас любіць і служыць адзін аднаму як сваім бліжнім (гл. Мц 22, 39). Бог — гэта садоўнік, які ўзрошчвае нас, каб мы прынеслі багаты плён (гл. Ян 15, 1). Бог — гэта кароль, які запрашае нас на вясельную гасціну свайго сына(гл. Мц 22, 1–14). Бог чуе крык сляпога і спыняецца, каб спытаць: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» (гл. Мк 10, 46–52). Бог спачувае свайму народу, які церпіць голад, і дае яму ежу (гл. Мц 14, 13–21),18 а таксама ахвяруе сябе самога (гл. Мц 26, 26).

Сужэнства — важны біблійны вобраз Божай любові

25. Усе гэтыя і многія іншыя вобразы дапамагаюць нам убачыць глыбіню Божай любові. Яны падкрэсліваюць, пра якую любоў мы пакліканыя сведчыць ва ўласным жыцці. Але, як заўважыў Папа Бэнэдыкт XVI, адзін ключавы вобраз дае нам кантэкст для ўсіх астатніх:

«Бог любіць свой народ». Сапраўды, Божае аб’яўленне — гэта перадусім гісторыя любові, гісторыя Божага запавету з чалавецтвам, вобраз саюза жыцця і любові мужчыны і жанчыны ў запавеце сужэнства, выкарыстаны Богам як сімвал гісторыі збаўлення».19

26. Вобраз сужэнства з’яўляецца цэнтральным у апісанні запавету Бога з Ізраэлем, а пазней — Яго запавету з Касцёлам. Як вучыў Папа Бэнэдыкт XVI, «сям’я, заснаваная на выключнай і канчатковай любові, становіцца вобразам адносінаў Бога з Яго народам і наадварот».20 Божы запавет — цэнтральная тэма Святога Пісання, а сужэнства —метафара, якая найчасцей ужываецца ў Бібліі для апісання адносінаў Бога з чалавецтвам. Будучы яшчэ арцыбіскупам Мюнхенскім, Папа Бэнэдыкт XVI так растлумачыў гэта:

«Можна сказаць, што Бог стварыў Сусвет, каб распачаць гісторыю любові з чалавецтвам. Ён стварыў свет так, каб у ім магла існаваць любоў. За гэтым стаяць словы Ізраэля, якія скіроўваюць нас непасрэдна да Новага Запавету <...> Бог стварыў Сусвет, каб стаць чалавекам і даць нам сваю любоў, і каб паклікаць нас таксама любіць Яго».21

27. Вобраз сужэнства бярэ пачатак у СтарымЗапавеце. З яго мы даведваемся, што Бог моцна, пяшчотна і горача любіць нас. «У першую чаргу прарокі Осія і Эзэхіэль апісвалі гэтую гарачую любоў Бога да свайго народа, смела выкарыстоўваючы вобразы любові».22 У кнізе прарока Осіі Бог «заваблівае» сваю абранніцу — Ізраэль, прамаўляючы «да сэрца яе», пакуль яна не адкажа, «як у дні маладосці сваёй», і не будзе зваць Яго «муж мой» (гл. Ос 2, 14–16). У кнізе прарока Эзэхіэля Бог прамаўляе да Ізраэля, выкарыстоўваючы пачуццёвыя вобразы: «Я распасцёр шаты свае над табою і прыкрыў тваю галечу. Я пакляўся табе і заключыў з табой запавет, — кажа Пан Бог, — і ты стала Маёю. Я абмыў цябе вадою <…> і намасціў цябе алеем. <…> Ты стала надзвычай прыгожай і дасягнула каралеўскай велічы»23 (Эзх 16, 8–13). Мы знаходзім падобныя вобразы ў прарокаў Ісаі24 і Ераміі,25 а таксама ў Кнізе Псальмаў.26 Песня Песняў Саламона таксама на працягу стагоддзяў станавілася тэмаю прамоваў і казанняў, у якіх вобраз сужэнства выкарыстоўваўся, каб паказаць моц любові Бога да свайго народу.

Біблійныя вобразы сужэнскай любові пазбаўленыя сентыментальнасці

28. Сужэнскія адносіны паміж Богам і Яго народам могуць быць вострымі. «Адносіны Бога да Ізраэля прадстаўлены метафарамі заручынаў і сужэнства», таму, калі Божыя людзі чыняць грахі, нашая непаслухмянасць становіцца свайго роду «чужалоствам і прастытуцыяй».27 У кнізе прарока Осіі Божая любоў да Ізраэля ставіцьяго ў становішча мужа, якому здрадзіла няверная выбранніца. Бог кажа Осіі: «Ідзі яшчэ і пакахай жанчыну, каханую мужам, але здрадніцу, падобна таму, як любіць Пан Бог сыноў Ізраілевых, а яны паварочваюцца да іншых багоў» (пар. Ос 3, 1).

29. Калі народ Божы забывае Яго запаведзі, не клапоціцца пра бедных у сваім асяроддзі, шукае бяспекі ў чужародных моцаў і звяртаецца да ілжывых багоў, тады «чужалоства» і «прастытуцыя» — дакладныя словы, каб апісаць яго нявернасць.28

30. Аднак Бог нязменна захоўвае вернасць. Нядаўна, разважаючы над 16 раздзелам кнігі прарока Эзэхіэля, Папа Францішак заўважыў, што Бог прызнаецца Ізраэлю ў любові, нават калі Ізраэль здраджвае Яму.29 Ізраэль грашыць. Ізраэль забывае. Ізраэль прадае сябе як распусніца, пакланяючыся ілжывым багам. Але Бог не пакідае народ свайго запавету. Заўжды можна пакаяцца і атрымаць прабачэнне. Бог міласэрны, і гэта значыць, што Ён хоча дабра для Ізраэля, нават калі Ізраэль адварочваецца і бяжыць ад Яго. «Бо як жонку пакінутую і засмучаную духам, кліча цябе Пан. І як да жонкі, адрынутай у маладосці, звяртаецца да цябе твой Бог: На малы час Я пакінуў цябе, але з вялікай міласцю прыму цябе <...> у вечнай міласэрнасці злітуюся над табою» (Іс 54, 6–8). Бог не перастае любіць свой народ, нават калі мы падаем, нават тады, калі мы настойліва спрабуем жыць без Яго.

31. Таму хрысціянская любоў — гэта значна больш, чым эмоцыі. Яна ўключае ў сябе эратычны і пачуццёвы аспект, але гэта таксама і выбар. Любоў — гэта пакліканне, якое мы атрымліваем, прадвызначэнне, якое мы прымаем, заклік, якому мы падпарадкоўваемся. Мы адкрываем велічыню і пазнаем разнастайныя аспекты такой любові, калі згаджаемся прыняць яе. Такая любоў шукае Бога і следуе за Ім, бо Яго вернасць запавету вучыць нас, што такое любоў. Бог ніколі не адкідае Ізраэль дзеля больш прывабнага партнёра. Яго не пужае, калі Ізраэль адмаўляецца ад Яго. Бог заўжды застаецца верным. Ён жадае для свайго народа толькі найлепшага, сапраўднага і найбольшага дабра. Яго любоў да Ізраэля палкая і поўная жарсці — чытаючы прарокаў, немагчыма гэтага не заўважыць, — але гэты «эратычны» аспект Боскай любові заўсёды ўзрастае на заквасцы ахвярнай вернасці Бога.30 «Эратычнасць» Божай любові заўсёды спалучаная з міласэрнасцю і пастаянствам.

Сужэнства, любоў і ахвяра Хрыста на Крыжы


32. Святы Апостал Павел выразна апісаў Божую любоў у 5 раздзеле Паслання да Эфесцаў, правёўшы аналогію сужэнства і адносінаў Хрыста і Касцёла.31 Павел заклікае і мужоў, і жонак «падпарадкоўвацца адзін аднаму ў боязі Хрыстовай» (Эф 5, 21). Такім чынам, хрысціянскае сужэнства — гэта не кантрактныя адносіны са сваімі правамі і абавязкамі, а хутчэй узаемнае самаадданне. Гэта больш радыкальная рэч, чым проста раўнапраўе. Павел падкрэслівае, што «муж — галава жонкі, як і Хрыстус — Галава Касцёла» (Эф 5, 23). Але што гэта азначае ў канкрэтных жыццёвых абставінах, на практыцы?

Павел заклікае мужоў да ахвярнай любові па прыкладзе ахвяры Хрыста на Крыжы. Разбураючы прынцып мужчынскага першынства і эксплуатацыі жанчын, што было звычайнай справай у старажытным свеце, Павел вучыць, што любоў павінна быць дзейсная, па Божым прыкладзе: «Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за Яго» (Эф 5, 25). Абапіраючыся на словы 5 раздзела Паслання да Эфесцаў, Касцёл называе сужэнства сакрамэнтам і заклікае сямейныя пары да такіх самаахвярных адносінаў, якія паказаў Езус на Крыжы.

33. Дзякуючы Езусу, хрысціяне могуць упэўнена гаварыць пра Божую любоў. Ён аб’яўляе Божы запавет усім людзям, ператвараючы прыватную гісторыю Ізраэля ў сусветную гісторыю збаўлення. Езус увасабляе жыццядайную любоў, літаральна з’яўляючыся тым Божым Словам, якое сталася целам. Ён любіць Касцёл як сваю Нявесту, і гэтая бескарыслівая любоў — выпрабаваная крывёю на Крыжы — становіцца ўзорам для ўзаемнай любові і служэння, неабходных у кожным хрысціянскім сужэнстве і сям’і.

34. Як вучыў Папа Бэнэдыкт XVI: «Сузіраючы прабіты бок Хрыста, мы заўважаем, што <…> Бог ёсць любоў. Менавіта там можна зразумець гэту праўду. Зыходзячы з гэтага можна вызначыць, чым ёсць любоў. Пачынаючы з такога падыходу, хрысціянін знаходзіць дарогу свайго жыцця і сваёй любові».32

35. Cёння для многіх людзей «любоў» — гэта крыху больш, чым цёплая прыязнасць і фізічная прыцягальнасць. Гэтыя пачуцці таксама маюць сваё месца, але сапраўдная любоў — тая, якая доўжыцца заўжды, паглыбляецца і цешыць чалавечае сэрца на працягу ўсяго жыцця, — вырастае з таго, што мы даем іншым, а не з таго, што мы бярэм для сябе. Пан Езус Хрыстус памёр на крыжы дзеля нашага збаўлення. Такая радыкальная, вызваляючая здольнасць адмовіцца ад сваіх правоў і аддаць сябе іншым чырвонай ніткай праходзіць праз усё каталіцкае вучэнне пра сужэнства і сям’ю. Сапраўднае каталіцкае вучэнне пра сужэнства і сям’ю адрознівае сапраўдную любоў ад усіх падробак.

36. У Святым Пісанні ёсць шмат дадатковых выразных спосабаў і параўнанняў, каб апісаць Божую любоў, але найчасцей сярод іх сустракаецца вобраз сужэнства. Запавет паміж Богам і Яго народам — спачатку з Ізраэлем, а пасля з Касцёлам — нагадвае сужэнства. Адносіны ў гэтым сужэнстве не заўсёды простыя, але чалавечы грэх ніколі не перамагае ў ім. Божая вернасць паказвае, што такое сапраўдная любоў і вернасць. Езус Хрыстус, запрашаючы ўсіх нас стаць членамі Божай сям’і, адкрывае нам новае і нечаканае азначэнне любові і дае новыя жыццёвыя магчымасці.

Пытанні для абмеркавання

a) Чаму Божая любоў падобная да сужэнства?
б) Чым Божая любоў адрозніваецца ад чалавечай любові?
в) Што такое сапраўдная любоў і як нам распазнаць яе? Што агульнага і якія адрозненні існуюць паміж паняццем рамантычнай любові ў вашай культуры і запаветам Божай любові?
г) Ці можаце вы ўзгадаць выпадкі, калі Божая любоў дапамагла вам любіць больш сумленна і моцна?

Спасылкі

17. Энцыкліка Папы Бэнэдыкта XVI Deus Caritas Est (DCE), 2005, 11.
18. Пар. таксама Мц 15, 32–39, Мк 6, 31–44 і 8, 1–9, Лк 9, 10–17, Ян 6, 5–15.
19. Папа Бэнэдыкт XVI, «Address<...> to participants in the forum of family associations» («Зварот <...>да ўдзельнікаў форума сямейных асацыяцый», Рым, 16 мая 2008 г.
20. DCE, 11.
21. Ёзэф Ратцынгер, «In the Beginning: a Catholic understanding of the story of creation and fall»(«На пачатку: Каталіцкае разуменне гісторыі стварэння і падзення»), Grі Rapids, MI: Wm. B. Eerdmans Publishing Co.,1995, 30.
22. DCE, 9.
23. Пар. Эзх 23.
24. Пар. Іс 50, 1; 54, 5; 61, 10; 62, 5.
25. Пар. Ер 2,2; 3, 1; 3, 6–12; 31, 32.
26. Пс 45.
27. DCE, 9.
28. Пар. Зых 34, 16;Суд 2, 17;Ліч15, 39;іДрг 31, 16.
29. Гамілія Папы Францішка «The Pope’s Mass at Santa Marta — When a love fails» («Святая Імша з удзелам Папы ў доме святой Марты — Калі любоў знікае»), L’Osservatore Romano, 28 лютага 2014.
30. DCE, 5.
31. Эф 5, 21–33.
32. DCE, 12. Пар. Ян 19, 37 і 1 Ян 4, 8.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску