Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падрыхтоўчы катэхізіс да Сусветнай сустрэчы сем'яў. ІІІ. Значэнне чалавечай сексуальнасці

Матэрыяльны, зямны, цялесны свет — гэта больш, чым нежывая матэрыя, больш, чым гліна, з якой чалавек можа ляпіць усё, што хоча. Усё створанае — святое. Яно мае сакрамэнтальнае значэнне і адлюстроўвае Божую славу. Гэта датычыць і нашых целаў. Чалавечая сексуальнасць робіць нас здольнымі даваць жыццё, ствараць, у ёй выяўляецца нашая годнасць быць стварэннямі па Божым падабенстве. І мы павінны жыць адпаведна — гэта значыць годна і праведна.

Прыродны матэрыяльны свет напоўнены духоўнаю дабрынёю

37. Каталіцкая вера заўсёды была вельмі «матэрыяльнай» рэлігіяй. Біблія пачынаецца з апісання саду і заканчваецца апісаннем святочнай гасціны.33 Бог стварыў свет, назваў яго добрым і сам увайшоў у гісторыю створанага свету. Езус Хрыстус, Сын Божы, уцелавіўся і стаў адным з нас. У сакрамэнтах матэрыяльныя рэчы асвячаюцца і становяцца бачнымі знакамі ласкі. Звычайныя хлеб і віно, вада, алей і дотык чалавечых рук — усё гэта матэрыяльныя шляхі, якімі Бог дзейсна і актыўна праяўляе сябе ў свеце.

38. Мы верым ва ўчынкі міласэрнасці для цела. Калі мы кормім галодных, поім сасмяглых, апранаем голых, даем прытулак бяздомным, наведваем хворых і вязняў,хаваем памерлых, мы на самой справе служым Езусу (гл. Мц 25, 25–40). Мы верым у тое, што створаны Богам свет — добры (гл. Быц 1, 4–31). Упэўненасць у гэтым прасякае ўвесь каталіцкі светапогляд. Яна выяўляецца ў нашым мастацтве і архітэктуры, у зменах літургічнага календара з урачыстасцямі і постам, у народнай пабожнасці і сакрамэнталіях.

Мужчынская і жаночая сексуальнасць — частка нашага духоўнага прызначэння

39. Створаны матэрыяльны свет мае духоўны аспект, які ўплывае на лад жыцця людзей: мужчын і жанчын. Нашая сексуальнасць мае сваё значэнне. Нашыя целы — не проста абалонкі для душы ці сэнсарныя апараты пад кіраваннем мозгу. Яны таксама не з’яўляюцца цялеснай сыравінай, якою можна свабодна распараджацца, злоўжываць ёю або якую можна перапраграмаваць. Хрысціяне лічаць, што цела і душа глыбока звязаныя. Кожны чалавек — гэта адзінства душы і цела. Святая Хільдэгарда Бінгенская пісала: «Цела насамрэч з’яўляецца святыняю душы, яно дзейнічае ў згодзе з душой з дапамогаю пачуццяў, — так, як колы вадзянога млына круцяцца вадою».34 Цела мае прыроджаную годнасць, з’яўляючыся часткаю Божага стварэння. Гэта неаддзельная частка нашай тоеснасці і нашага адвечнага прызначэння. Прыналежнасць да двух полаў літаральна ўвасабляе Божую задуму чалавечай узаемазалежнасці, лучнасці і адкрытасці на новае жыццё. Мы не можам зневажаць цела або ставіцца да яго жорстка, не шкодзячы пры гэтым душы.

40. Вядома, мы не заўсёды любім так, як павінны. Секс — надзвычай магутны фактар у чалавечых адносінах, і можа паслужыць і для дабра, і для зла. І таму няправільна выкарыстаная або неўпарадкаваная сексуальнасць заўсёды была асноўнай прычынай упадку і граху. Можа быць няпроста кіраваць сваім сексуальным жаданнем і разумець сябе самога. Нашая тоеснасць аб’яўляецца ў Езусе і ў Божых планах на нашае жыццё, а не ў саманадзейнасці, выкліканай грэхападзеннем.

41. Сужэнства існуе таму, што плоднасць і еднасць, біялагічныя фактары і Божы запавет, натуральнае і звышнатуральнае разам з’яўляюцца падмуркам нашай «чалавечнасці». Сужэнства існуе таму, што мы, хутчэй, распазнаем і прымаем, а не прыдумваем або перарабляем сваё пакліканне да самаадданасці, адвеку ўласцівае нам — створаным мужчынамі і жанчынамі паводле Божага запавету. Сужэнства — справа Божая, таму што мы — Божыя стварэнні і таму што Бог стварыўмужчыну і жанчыну, каб паяднаць іх з сабою паводле свайго Запавету.

42. Нашая прыналежнасць да двух розных і ўзаемадапаўняльных палоў і нашае пакліканне да любові, еднасці і жыцця — гэта дзве часткі аднаго цэлага.35 Па словах Папы Францішка, «Гэта гісторыя любові. Гэта гісторыя вяршыні стварэння».36

43. Пакліканне да любові, еднасці і жыцця датычыць абодвух бакоў тоеснасці мужчыны і жанчыны: і цела, і душы. Чалавек адначасова з’яўляецца і цялеснай, і духоўнай істотай.37 У нейкай ступені цела паказвае асобу.38 У выніку, чалавечая сексуальнасць ніколі не выконвае чыста ўтылітарную функцыю. Палавыя цялесныя адрозненні непасрэдна ўплываюць на прадвызначэнне асобы ў сужэнстве і на здольнасць любіць.39 У цэнтры гэтага паклікання да любові знаходзіцца Божы заклік «пладзіцца і размнажацца» (Быц 1, 28). Таму сужэнская цялесная еднасць па самой сваёй прыродзе з’яўляецца таксама пакліканнем да бацькоўства.40

44. Зразумела, чаму мы чуем захапленне ў словах Адама, калі ён упершыню бачыць Еву: «Гэта косць ад касцей маіх і цела ад майго цела» (Быц 2, 23). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла адзначае, што з самага пачатку «мужчына бачыць у жанчыне сваё другое “я”, якое падзяляе яго чалавечнасць».41 Мужчына і жанчына маюць аднолькавую годнасць, нададзеную ім Богам Створцам. Паводле Божага плану падабенства і адрозненні мужчыны і жанчыны сумяшчаюцца ў іх палавой узаемадапаўняльнасці мужчынскага і жаноцкага. Створаныя разам (Быц 1, 26–27), мужчына і жанчына прызначаныя адно для аднаго.42 Палавыя адрозненні ў першую чаргу павінны нагадваць, што мы створаныя, каб аддаваць сябе іншым, кіруючыся цнотамі і Божай любоўю.

45. Святы Ян Павел II часта казаў пра «сужэнскае значэнне цела».43 Ён паўтараў словы вучэння Другога Ватыканскага Сабору: «саюз мужчыны і жанчыны з’яўляецца першаю формаю еднасці між людзьмі».44 Але палавыя адрозненні ўплываюць на ўсе нашыя адносіны, нават па-за шлюбам, бо кожны з нас уваходзіць у жыццё як сын або дачка. Мы пакліканыя быць братамі і сёстрамі не толькі для членаў нашай сям’і, але і для ўсіх, каму гэта патрэбна ў нашым атачэнні, нашых супольнасцях і парафіях. Нашая мужчынскасць і жаноцкасць ляжаць у аснове паклікання да бацькоўства або мацярынства, натуральнага або духоўнага. Такім чынам, палавыя адрозненні маюць усеагульнае значэнне.

46. Паколькі сексуальнасць з’яўляецца цэнтральным складнікам нашай тоеснасці, яе нельга аддзяліць ад таго, што значыць быць чалавекам. Секс ніколі не бывае проста фізічным або эмацыянальным імпульсам, сюды ўключаныя і іншыя рэчы. Сексуальнае жаданне паказвае, што нам не дастаткова сябе саміх. Нам неабходная блізкасць з іншым чалавекам. Палавы акт, незалежна ад таго, наколькі ён «выпадковы», ніколі не з’яўляецца проста біялагічным актам. На самой справе, палавая блізкасць заўсёды ў пэўным сэнсе мае сужэнскі характар, таму што стварае сувязь паміж людзьмі, незалежна ад таго, ці самі людзі гэтага жадаюць. Пры правільным стаўленні палавы акт ніколі не бывае проста скіраваным унутр, незалежным актам. Нашая сексуальнасць — асабістая і інтымная рэч, але яна заўсёды мае грамадскае вымярэнне і наступствы. Сакрамэнтальнае сужэнства — гэта не прыватная ўласнасць, яно выяўляе сябе ў шырэйшых адносінах у тым, што датычыць Божага запавету.

У нас ёсць палавая этыка, таму што секс мае духоўнае значэнне

47. Паводле Божага плану два розныя пакліканні маюць роўнае права на існаванне ў нашым прызначэнні быць мужчынамі і жанчынамі: сужэнства і цэлібат. Абодва гэтыя паняцці сыходзяцца пры агульнай зыходнай умове: сексуальная блізкасць паміж мужчынам і жанчынаю з’яўляецца часткаю запавету і квітнее ў кантэксце запавету. З дапамогаю цэлібату нежанатыя людзі пацвярджаюць праўдзівасць і прыгажосць сужэнства. І жыццё ў чыстасці, і сужэнства стрымліваюць чалавека ад тых палавых сувязяў, якія выкарыстоўваюць іншага чалавека, ставячы пэўныя ўмовы і з’яўляючыся часовымі адносінамі. Сапраўднае ўстрыманне і жыццё ў чыстасці, безумоўна, паказвае не пагарду да сексу, а пашану да яго, настойліва сцвярджаючы, што сексуальная блізкасць служыць запавету і кіруецца ім. Жывучы ў святле запавету, сужэнцы і тыя мужчыны і жанчыны, якія жывуць у цэлібаце, аднолькава скіроўваюць сваю сексуальнасць на карысць супольнасці, на будаванне грамадства, якое не грунтуецца на пажадлівасці і эксплуатацыі іншага чалавека.

48. У наступных трох раздзелах мы больш падрабязна пагаворым пра сужэнства (раздзелы 4 і 5) і цэлібат (раздзел 6). Але і адзін, і другі лад жыцця заснаваныя на Божым закліку ажыццяўляць сваю мужчынскасць і жаноцкасць, шчодра ахвяруючы сябе іншым. І адзін, і другі лад жыцця абапіраюцца на Божызапавет і даюць усведамленне таго, што Бог стварыў людзей мужчынамі і жанчынамі для радасці. Вучэнне, паводле якога мы фармуем сваю любоў — вучэнне запавету — часам адчуваецца як цяжар. Але менавіта гэтае вучэнне шануе і адкрывае сапраўднае значэнне любові, створанай па Божым вобразе.

49. Тое, што мы створаныя мужчынамі і жанчынамі па вобразе Бога, заклікае нас захоўваць цноту чыстасці. Чыстасць выяўляецца па-рознаму, у залежнасці ад таго, жывем мы ў сужэнстве ці не. Але для ўсіх чыстасць азначае адмаўленне выкарыстоўваць сваё або чужое цела са спажывальніцкаю мэтаю. Чыстасць — гэта звычка перажываць сваю сексуальнасць з годнасцю і высакароднасцю ў святле Божых запаведзяў незалежна ад нашага сямейнага стану. Пажадлівасць — антонім чыстасці. Пажадлівасць бачыць іншых людзей як аб’екты, якія можна выкарыстаць, быццам чужое цела існуе толькі для задавальнення жаданняў. Сапраўдная чыстасць «не пагарджае целам», а разглядае яго ў поўным вымярэнні індывідуальнасці чалавека.45 Чыстасць — гэта наша вялікая згода з праўдзівым фактам таго, што чалавек створаны па вобразе Бога і пакліканы жыць у запавеце.

50. Калі гэтак разумець чыстасць, атрымліваецца, што кожны чалавек пакліканы да яе. «Усе ахрышчаныя пакліканыя жыць у чыстасці. <...> Сужэнцы пакліканыя жыць у сужэнскай чыстасці; іншыя практыкуюць чыстасць ва ўстрыманні».46 Чыстае сужэнскае каханне змяшчае эрас у кантэкст любові, узаемнага клопату, вернасці і адкрытасці на дзяцей. Чыстае жыццё ў цэлібаце сваім устрыманнем згаджаецца, што сексуальная блізкасць можа мець месца толькі ў кантэксце любові, узаемнага клопату і вернасці.

51. Карані гэтага хрысціянскага вучэння бяруць свой пачатак у старажытнасці. Як пісаў святы Амброзій у IV стагоддзі, «ёсць тры віды цноты чыстасці: першы — чыстасць сужэнцаў, другі — чыстасць удоваў, і трэці — чыстасць дзявоцтва. Мы ўсе іх аднолькава ўхваляем. <...> У гэтым багацце вучэння Касцёла».47

52. Як на практыцы жыць згодна з гэтым вучэннем у сужэнстве ці ў цэлібаце ў сённяшніх, часам цяжкіх, умовах — гэтаму пытанню прысвечана апошняя частка гэтага катэхізіса.

53. Бог стварыў увесь матэрыяльны свет з любові да нас. Усё, што мы можам убачыць і да чаго можам дакрануцца, у тым ліку нашыя целы — целы мужчын і жанчын, — было створана на карысць Божага запавету. Мы не заўсёды любім так, як павінны, але ўзор Божай любові абараняе нас і заклікае вярнуцца да нашай сапраўднай прыроды. Сужэнства і цэлібат — вось два шляхі жыць разам як мужчына і жанчына ў святле Божага запавету, таму і сужэнства, і цэлібат лічацца чыстым ладам жыцця.


Пытанні для абмеркавання

a) Чаму католікі так любяць і шануюць матэрыяльны свет? Падумайце пра што-небудзь прыгожае, напрыклад, пра прыроду, чалавечыя целы, ежу або мастацтва — чаму гэтыя рэчы маюць такое значэнне ў каталіцкай традыцыі?
б) У чым мэта існавання стварэння? Ці з’яўляецца матэрыяльны свет чыстым аркушам, на якім мы вольныя напісаць, што хочам, і які можам выкарыстоўваць па ўласным жаданні?
в) Такія рэчы, як адпачынак, ежа, прыемнасці і прыгажосць, з’яўляюцца прывабнымі. Але часам мы моцна адчуваем шкодныя для нас жаданні і патрэбы.Як нам зразумець, калі жаданне з’яўляецца праведным і добрым? Як можна выяўляць клопат і цешыцца стварэнню і сваім целам у штодзённым жыцці?
г) Чаму, на вашу думку, каталіцкая практыка традыцыйна ўключае ў сябе і ўрачыстасці, і пост, і сужэнства, і цэлібат?

Спасылкі

33. Пар. ККК, 1602. Пар. Ап 19, 7. 9 і Быц 1, 26–27.
34. Святая Хільдэгарда Бінгенская, Ехplanatio Symboli Sancti Athanasii in PatrologiaLatina 197, 1073. Пар. 1 Кар 6, 19.
35. ККК, 2331, і FC, 11.
36. Гамілія Папы Францішка «The Pope’s Mass at Santa Marta — When a love fails» («Святая Імша з удзелам Папы ў доме святой Марты — Калі любоў знікае»), L’Osservatore Romano, 28 лютага 2014.
37. ККК, 362.
38. Аўдыенцыі па серадах Папы Яна Паўла II, Theology of the Body (Тэалогія Цела) (ToB), 9 студзеня 1980.
39. Ліст Кангрэгацыі Веравучэння «On the Collaborationof Men і Women» («Пра супрацоўніцтва мужчын і жанчын»), 2004, 8.
40. Энцыкліка Папы Паўла VI Humanae Vitae (HV), 1968, 12.
41. ККК, 371.
42. ККК, 371.
43. Пар. ToB (2 студзеня, 1980 г.).
44. GS, 12.
45. Караль Вайтыла, «Love і Responsibility» («Любоў і адказнасць»), Ignatius Press, 1993, 171.
46. ККК, 2348–2349. Пар. св. Амброзій, De viduis 4, 23.
47. ККК, 2349.

Адноўлена 17.09.2015 17:16
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску