Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падрыхтоўчы катэхізіс да Сусветнай сустрэчы сем'яў. IV. Двое становяцца адным

Мы не створаныя, каб жыць у адзіноце. Людзям патрэбныя іншыя людзі, мы дапаўняем адзін аднаго. Сяброўства і жыццё ў супольнасці задавальняюць гэтае прагненне з дапамогаю повязяў, заснаваных на агульных зацікаўленасцях і любові. Сужэнства — гэта форма выключна блізкага сяброўства, якое лучыць мужчыну і жанчыну ва ўзаемнай любові па прыкладзе Божага запавету. Сужэнства — гэта сакрамэнт. Сужэнская любоў плённая і дарэшты самаахвярная. Гэтая любоў нясе ў сабe вобраз вернасці Езуса Касцёлу.

Цноты, любоў і дабрыня дапамагаюць выканаць сваё прызначэнне

54. Урывак з Першага Паслання да карынцянаў (1 Кар 13, 4–7) — папулярны біблійны ўрывак, які чытаецца на хрысціянскіх вяселлях: «Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць».

55. Гэта прыгожы тэкст. Паколькі мы створаныя па Божым вобразе, такая любоў адпавядае сапраўднай прыродзе чалавека. Але любіць так — гэта нялёгка. Гэта патрабуе пакоры і цярплівасці. Як сказаў нядаўна Папа Францішак, «вера — гэта не ўцёкі для малаадважных людзей».48 Сужэнская любоў не можа будавацца выключна на рамантычным каханні. Каханне — гэта выдатна, але само па сабе яно не можа пераадолець праблемы і выпрабаванні, з якімі непазбежна сутыкаецца кожная сужэнская пара. Каб быць тым, кім мы ёсць — любіць той любоўю, для якой мы былі створаны, — нам неабходныя пэўныя цноты. Мы павінны працаваць над імі і развіваць іх, каб выканаць сваё прызначэнне.

56. Святы Ян Павел II у «Тэалогіі цела» кажа пра пэўную «ўнутраную свабоду» і «ўменне валодаць сабой», патрэбныя сужэнцам, каб сапраўды прыносіць сябе ў дар адно аднаму.49 Чалавеку, які занадта моцна прывязаны да рамантычных спадзяванняў, не будзе хапаць гнуткасці без закваскі ўнутранай свабоды і здольнасці да самааддання. Каб ажыццяўляць сакрамэнт сужэнства і ісці шляхам запавету, мужам і жонкам неабходна ўмець перамагаць крыўду, забывацца пра свае правы і велікадушна ісці насустрач адно аднаму. Адсутнасць гэтай унутранай свабоды і моцы непазбежна выкліча сур’ёзныя праблемы, бо жыццё ставіць сужэнцаў у сітуацыі, вельмі часта далёкія ад рамантыкі.

57. Ніводнае сужэнства, заснаванае толькі на ўзаемным палавым прыцягненні, не вытрывае доўга. Палавым партнёрам, засяроджаным галоўным чынам на тым, каб валодаць адно адным, не хапае ўнутранай здольнасці адступіць назад і вызваліць месца для самакрытыкі, прымірэння і росту. Сямейнае абяцанне любіць верна так, як любіць Бог, дапамагае ствараць і аберагаць гэтую жыццёва важную прастору. Сакрамэнтальны абавязак ажыццяўляць сваю любоў нават тады, калі любіць вельмі цяжка, з’яўляецца важным складнікам Божага запавету.

Сапраўдная любоў бярэ на сябе абавязкі

58. Ніводная смяротная істота не зможа задаволіць усе нашыя прагненні. Сапраўдная сужэнская еднасць заснавана на Божым запавеце, тым запавеце, які ўхваляе эратычнае жаданне, але нашмат больш глыбока звязвае мужчыну і жанчыну адно з адным у хваробе і здароўі, у багацці і беднасці. Хрысціянскае сужэнства — гэта не рамантычныя «пробы на ролю», не часовае пагадненне «да далейшых паведамленняў».50 Так званае грамадзянскае сужэнства, гіпатэтычная спроба жыць разам, каб праверыць адносіны і працягваць іх, пакуль не знікне каханне, з’яўляецца яўнай тэрміналагічнай супярэчнасцю.51 Папа Францішак нядаўна закрануў гэтае пытанне ў сваім публічным выступе:

«Але ж вы абодва ведаеце, што сужэнства — гэта на ўсё жыццё? “Ах, мы так кахаем адно аднаго, але... мы будзем разам, пакуль доўжыцца нашае каханне. Калі яно міне, кожны з нас пойдзе сваёй дарогай”. Гэта эгаізм: калі захачу, я скасую сужэнства і забуду, што мы былі «адным целам», якое нельга раздзяліць. Жаніцца — гэта рызыкоўна, так! Менавіта падобны эгаізм пагражае сужэнству, таму што ўнутры кожнага з нас можа існаваць два чалавекі. Адзін кажа: “Я свабодны і хачу гэтага”, а іншы адказвае: “Я, мне, для мяне, са мною, дзеля мяне...” Эгаізм заўсёды вяртаецца, і эгаістычны чалавек няздольны адкрыцца іншым».52

У постмадэрнісцкім свеце з яго недахопам даверу стварэнне сям’і палохае і выклікае сум. Мы баімся, што можам звязаць сваё жыццё не з тым чалавекам. У час глабалізацыі, калі справядліва ўзнікае эканамічная нетрываласць, мы таксама можам непакоіцца, каб перш чым пачаць любіць так, як любіў Езус, вырашыць усе жыццёвыя выклікі і праблемы, звязаныя са стабільнасцю фінансавага і эканамічнага становішча.

59. Касцёл кажа, што адказ на шэраг магчымых хваляванняў і страхаў — гэта Езус, сакрамэнты і ўзаемная братэрская падтрымка вернікаў. Касцёл упэўнены, што хрысціянская любоў можа супрацьстаяць усім выпрабаванням і вытрываць, адкрываючы нам праўду пра нас саміх. Касцёл запэўнівае сваіх сыноў і дачок у сакрамэнтальнасці сужэнства і падкрэслівае, што ў сужэнскай сувязі і ў сужэнскім жыцці выяўляе сябе сапраўдная і дзейсная Божая ласка, якая падтрымлівае мужа і жонку. У адказ на нашыя страхі і трывогі Касцёл настойліва сцвярджае, што абяцаць любіць па ўзоры запавету магчыма не толькі для міфічных дасканалых святых, але што і рэальныя грэшнікі, якія толькі на шляху да святасці, могуць скласці падобны запавет. Як піша Папа Францішак: «Сакрамэнт сужэнства <...> існуе ва ўмовах простасці і крохкасці чалавечай натуры. Мы ведаем, што ў жыцці сужэнскія пары сутыкаюцца са шматлікімі выпрабаваннямі і цяжкасцямі <...> Важна падтрымліваць жывую сувязь з Богам, якая з’яўляецца падмуркам сямейных сувязяў».53

60. Такую любоў нельга адкласці на потым. Нельга сказаць, што мы паспрабуем любіць, як толькі мы цалкам вырашым пэўныя практычныя пытанні; хутчэй, да вырашэння практычных жыццёвых пытанняў можна правільна падысці толькі тады, калі мы любім такою любоўю. Любіць так — гэта не тое, што імкнуцца да ідэалу на даляглядзе, які аддаляецца ад нас тым больш, чым мы набліжаемся. Такая любоў — гэта, хутчэй, наш выбар у штодзённым жыцці, які мы робім тут і цяпер, у штодзённых клопатах. Як сказаў Папа Францішак з іншай нагоды:

«Сужэнства — гэта штодзённая праца. Я сказаў бы, што гэта майстэрства, ювелірная праца, у якой задача мужа — зрабіць сваю жонку больш жаноцкай, а задача жонкі — надаць свайму мужу больш мужчынскасці. Гэта значыць узрастаць у чалавечнасці як мужчына і як жанчына. І гэта праца абодвух людзей, якая называецца сумесным узрастаннем. Гэта не адбываецца само сабою! Пан благаслаўляе гэтую працу, але яе робяць вашыя рукі, вашае стаўленне, ваш лад жыцця, тое, як вы любіце адно аднаго. Прымушайце адно аднаго ўзрастаць! Заўжды дзейнічайце так, каб другі з вас узрастаў».54

Папа Францішак прызнае, што многія людзі могуць спалохацца такога выкліку; што людзі могуць пазбягаць сужэнства з прычыны скептыцызму і страху:

«Сёння многія людзі баяцца прымаць цвёрдыя рашэнні, якія могуць паўплываць на ўсё іх будучае жыццё, таму што гэта здаецца немагчымым <...> і такая ментальнасць прымушае многіх з тых, хто рыхтуецца да сужэнства, сказаць: “Мы будзем разам, пакуль кахаем адно аднаго”. Але што мы разумеем пад словам “каханне”? Толькі эмоцыі, псіхафізічны стан? Вядома, калі гэта толькі так, гэта не можа служыць падмуркам, каб пабудаваць што-небудзь трывалае. Але калі каханне для нас — гэта ўзаемаадносіны, яно будзе ўзрастаць, і можна параўнаць яго ўзрастанне з тым, як будуецца дом. А дом мы будуем разам, а не паасобку! <...> Вы захочаце будаваць яго не на зыбучых пясках эмоцый, а на скале сапраўднай любові — той любові, якая сыходзіць ад Бога... Мы не павінны дазволіць, каб нас заваявала “культура аднаразовага спажывання”. Гэты страх перад словам “назаўжды” лечыцца даверам, калі мы дзень за днём у жыцці давяраем сябе Пану Езусу, і гэта становіцца штодзённым духоўным шляхам агульнага ўзрастання, крок за крокам».55

Добрыя сужэнствы будуюцца на цнотах, асабліва на міласэрнасці і чыстасці

61. Людзі, якія хочуць пабудаваць сваю сям’ю на скале, будуць развіваць у сабе пэўныя цноты. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла запэўнівае, што ў сакрамэнце сужэнства Хрыстус прабывае разам з сужэнцамі, дапамагаючы ім несці свій крыж, «каб уставаць пасля падзення», дараваць адно аднаму і несці цяжар адно аднаго.56 Папа Францішак коратка пацвярджае гэтую думку, кажучы, што жыць разам — гэта «мастацтва, <...> сутнасць якога можна апісаць [некалькімі простымі] словамі: “калі ласка”, “дзякую” і “прабач”».57 Бывае цяжка навучыцца прамаўляць гэтыя словы. Але сужэнства можа аказацца вельмі балючым, вельмі нядоўгім, калі няма гэтых простых словаў.

62. Усе галоўныя цноты (разважлівасць, стрыманасць, справядлівасць, мужнасць) і боскія цноты (вера, надзея і любоў) неабходныя і незаменныя, каб сужэнства квітнела. Чыстасць, у прыватнасці, — гэта тое насенне, з якога вырастаюць трывалыя сужэнствы. Каб падрыхтаваць нашыя сэрцы да ўступлення ў сужэнства, трэба развіваць у сабе ўнутраную свабоду, разглядаць сваю сексуальнасць у кантэксце еднасці і супольнай святасці з іншым чалавекам. Чыстасць фармуе добрыя звычкі самавырачэння і самакантролю, якія з’яўляюцца перадумовамі, пры якіх у нас фармуецца міласэрнае стаўленне да іншых людзей. Фантазіі аб сужэнстве пры адсутнасці чысціні сэрца — дрэнны пачатак для доўгага шляху ў міласэрнасці.

63. Сапраўдная сужэнская еднасць таксама абапіраецца на міласэрнасць — якасць, якой мы вучымся ў Хрыста і якую бачым на працягу ўсёй гісторыі Божага запавету. Падчас Літургіі мы молімся: «Пане, змілуйся над намі». Езус адорвае нас свай міласэрнасцю, каб і мы маглі быць міласэрнымі.

64. Міласэрнасць узрастае, калі мы любім так, як паказаў нам Езус. «Ласка хрысціянскага сужэнства — гэта плён крыжа Хрыстова, крыніцы ўсяго хрысціянскага жыцця».58 Католікі вераць, што «Хрыстус сам дзейнічае» ў кожным з сямі сакрамэнтаў і што Святы Дух — гэта сакрамэнтальны агонь, які пераўтварае ў боскае жыццё ўсё, да чаго дакранаецца.59 У сакрамэнце сужэнства Божы запавет становіцца бачным, удзяляецца і перадаецца ласка запавету.60 У сакрамэнце сужэнства Божы запавет уваходзіць у нашыя дамы і становіцца падмуркам нашых сем’яў.

65. Хрысціянскае сужэнства — гэта справа ўзаемнага самааддання. Вядома, існуюць альтэрнатывы, іншыя мадэлі сужэнства, якія свабодна прапануюцца ў грамадстве. Але, успрымаючы сужэнства як ўзнагароду для сябе і партнёра толькі пасля доўгага шэрагу спробаў «жыць разам», або як кантракт, раздзяленне правоў паміж людзьмі, калі кожны абараняе ўласную незалежнасць, мы сеем зерне расчаравання і канфліктаў. Эрас будзе то расці, то памяншацца, а на каркасе з узаемавыключальных правоў, якія не могуць суіснаваць, міласэрнасці не пабудуеш.

66. На працягу стагоддзяў людзі жаніліся з незлічоных прычын, як высакародных, так і прагматычных. У сакрамэнтальным сужэнстве Касцёл прапаноўвае нам прытулак, ласку і штодзённае пазнанне прыроды Божай любові. Сакрамэнтальныя сужэнскія абяцанні пастаянна заклікаюць мужа і жонку праяўляць найлепшыя бакі сваёй натуры і звязваюць сужэнства з іншымі сакрамэнтамі, асабліва з сакрамэнтамі пакаяння і Эўхарыстыі. Гэтае сакрамэнтальнае супрацоўніцтва ставіць прымірэнне і вернасць у аснову сужэнскага жыцця і гэтым самым развівае і абараняе сапраўдную еднасць паміж мужчынам і жанчынай. Для людзей, якія жывуць у часы постмадэрнізму і не маюць упэўненасці ў тым, каму і чаму можна давяраць, сужэнства здаецца рызыкоўным пачынаннем. Але Касцёл — Маці, якая ведае чалавечае сэрца лепш, чым мы самі ведаем сябе, ведае таксама, хто такі Езус — Пан, што заслугоўвае даверу, чый спосаб любіць у рэшце рэшт з’яўляецца адзіна магчымым.

67. Езус стварае для нас новую магчымасць, дае бачанне сужэнства, заснаванага на Яго запавеце з Касцёлам, сужэнства, у аснове якога знаходзіцца трывалае пастаянства, чыстасць і міласэрнасць. Мы можам убачыць, як сакрамэнтальнае сужэнства спалучаецца з усімі бакамі хрысціянскага жыцця, бо развіваць цноты любові, унутранай свабоды, вернасці, міласэрнасці і прабачэння — гэта нашая задача на ўсё жыццё, выконваючы якую, мы выпрацоўваем у сабе рэгулярнасць малітвы, прыняцця сакрамэнтаў і вывучэння гісторыі Божага запавету. Пан ведае, што ні ў адным сужэнстве ўсе гэтыя цноты не праяўляюцца пастаянна, але ў сваёй міласэрнасці дае нам сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі, каб мы маглі ўзрастаць у здольнасці любіць так, як Езус. Скіраванне свайго жыцця ў гэты бок патрабуе ад чалавека ахвярнасці, але ў рэшце рэшт такое жыццё цудоўнае. Езус — гэта шлях праўды і радасці.

Пытанні для абмеркавання

a) У чым заключаецца духоўнасць каталіцкага сужэнства? Што могуць зрабіць сем’і, каб распаўсюджваць вучэнне аб хрысціянскім сужэнстве і каб аберагаць яго?
б) Калі сужэнства з’яўляецца сакрамэнтам, то якое значэнне мае перыяд заляцанняў? Якія якасці трэба шукаць у патэнцыйным мужу або жонцы?
в) Як сакрамэнты пакаяння і Эўхарыстыі звязаныя з сакрамэнтам сужэнства?
г) У малітве «Ойча наш» мы гаворым: «Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым». Ці лёгка гэта зрабіць? Якія цяжкасці з гэтым узнікаюць? Як здольнасць прабачаць спрыяе адносінам?

Cпасылкі

48. LF, 53.
49. Пар. ToB (16 студзеня 1980 г.).
50. ККК, 1646.
51. ККК, 2391.
52. Зварот Папы Францішка на сустрэчы «Meeting with the Young People of Umbria» («Сустрэча з моладдзю Умбрыі»), Асізі, 4 кастрычніка 2013 г.
53. Агульная аўдыенцыя Папы Францішка «Marriage, the heart of God’s loving plan for humanity» («Сужэнства, цэнтр поўнага любові Божага плану для чалавецтва»), 2 красавіка 2014 г.
54. Зварот Папы Францішка «Dialogue with Engaged Couples» («Дыялог з заручанымі парамі»), Ватыкан, 14 лютага 2014 г.
55. Зварот Папы Францішка «Dialogue with Engaged Couples» («Дыялог з заручанымі парамі»), Ватыкан, 14 лютага 2014 г.
56. ККК, 1642.
57. Зварот Папы Францішка «Dialogue with Engaged Couples» («Дыялог з заручанымі парамі»), Ватыкан, 14 лютага 2014 г.
58. ККК, 1615.
59. ККК, 1127.
60. ККК, 1617.

Адноўлена 18.09.2015 15:06
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску