Сужэнства павінна быць плодным і адкрытым на новае жыццё. Дзеці фармуюць будучыню гэтак жа, як яны самі фармуюцца ў сям’і. Без дзяцей няма будучыні. Дзеці, якія выхоўваюцца ў любові і пад належнаю апекаю бацькоў, становяцца асноваю шчаслівай будучыні. Зраненыя дзеці — знак зраненай будучыні. Сям’я — гэта калыска для ўсіх большых супольнасцяў. Сям’я — гэта хатні Касцёл, месца, дзе бацькі дапамагаюць дзецям зразумець, што Бог іх любіць і мае жыццёвы план для кожнага з іх.
Сужэнства стварае духоўны кантэкст для нашых прыродных магчымасцяў
68. Жыццё ў сужэнстве ўключае ў сябе любоў, згоду, цярплівасць і вернасць абавязкам. Але на гэтых цнотах грунтуюцца і многія іншыя годныя адносіны. Сужэнства — гэта нешта асаблівае. Гэта запавет, заснаваны на здольнасці мужчыны і жанчыны да пракрэацыі. Прырода ставіць перад намі пэўныя абмежаванні і магчымасці, а сужэнства з’яўляецца адным з варыянтаў таго, як у святасці рэалізоўваць іх.
69. Другі варыянт — жыццё ў цэлібаце — мы разгледзім у наступным раздзеле. Сёмы раздзел будзе прысвечаны праблемам, звязаным з паняццем плоднасці ў сужэнстве, выпрабаванням, якія ўзнікаюць у сувязі з кантрацэпцыяй у сужэнстве і аднаполымі адносінамі. У гэтым раздзеле нам трэба абмеркаваць, якім чынам сужэнская любоў яднае плоднасць мужчыны і жанчыны з сакрамэнтам Божага запавету.
70. Сужэнства — гэта адказ на здольнасць мужчын і жанчын працягваць род. Калі мужчына і жанчына ўступаюць у сужэнства і робяць дадатковы крок, узаемна і добраахвотна згаджаючыся захоўваць вернасць адно аднаму,61 тады ў сужэнстве пракрэацыя ўпісваецца ў кантэкст чалавечай годнасці і свабоды. Сужэнскія прысягі — гэта адпаведнік Божага запавету з Ізраэлем і Касцёлам. Вучэнне Касцёла кажа, што «сужэнскі запавет, якім мужчына і жанчына засноўваюць супольнае партнёрства на ўсё жыццё і які па самой сваёй прыродзе скіраваны на карысць сужэнцаў і на нараджэнне і выхаванне патомства, быў узнесены Хрыстом, нашым Панам, да годнасці сакрамэнту».62 Увогуле, сужэнства — гэта еднасць і жыцця, і любові.63
71. Сакрамэнт сужэнства дазваляе мужу і жонцы чэрпаць сілу вернасці з Божага запавету, а таксама прымаць удзел у Яго Трыадзінай еднасці як Айца, Сына і Святога Духа. Гэтая духоўная аснова дае новае глыбейшае абгрунтаванне біялагічнай плоднасці, бо ў адкрытасці на нараджэнне дзяцей працягвае сябе Божая шчодрасць. Такім чынам, мы бачым, як класічныя «тры каштоўнасці сужэнства» (дзеці, вернасць і сакрамэнт), пра якія казаў святы Аўгустын, укараняюцца ў Божы план.64
Духоўнае пакліканне да бацькоўства
72. Як і ў любым пытанні, якое датычыць паклікання, пытанне мець дзяцей ці не і калі іх мець, нельга вырашаць толькі зыходзячы з чыста чалавечых поглядаў на рэчы. Ёсць рэальныя і законныя «фізічныя, эканамічныя, псіхалагічныя і сацыяльныя ўмовы», у якіх жыве чалавек і якія сужэнцы павінны ўлічваць у сваім рашэнні.65 Але ў рэшце рэшт пытанне, ці станавіцца бацькамі, грунтуецца на тым жа падмурку, што і само сакрамэнтальнае сужэнства: любоў як служэнне, ахвярнасць, давер і адкрытасць Божай шчодрасці. Каталіцкае сужэнства заснавана на сакрамэнтах і на падтрымцы хрысціянскай супольнасці і таму, калі сужэнцы-католікі збіраюцца стаць бацькамі-католікамі, яны працягваюць існаваць у гэтым жа духоўным і грамадскім кантэксце.
73. Калі ў сужэнцаў нараджаецца дзіця, унутраны рух Божага стварэння і сакрамэнт сужэнства ўвасабляюцца вельмі прыгожым і асабліва ясным чынам. Калі муж і жонка ставяцца да дзяцей па ўзоры Хрыстовай любові да людзей, гэта самая любоў скіроўвае маладых бацькоў да выхавання і духоўнай фармацыі дзяцей.66 «Гэтыя дзеці — звёны ланцужка, — сказаў Папа Францішак, калі нядаўна хрысціў 32 немаўляці. — Вы, бацькі, прыносіце хрысціць маленькага сына або дачку, а праз колькі гадоў ужо яны прынясуць пахрысціць сваё дзіця, а пасля ўнука або ўнучку; і так утвараецца ланцуг веры!»67
74. Гэты ланцуг дзяцей і бацькоў ахоплівае тысячагоддзі. Два разы на дзень — і гэтак да сёння — габрэі пачынаюць маліцца са старажытнага Sh’ma, малітвы з Кнігі Другазаконня: «Слухай, Ізраэль: Пан, Бог наш, Пан адзіны. Любі Пана Бога твайго усім сэрцам тваім, усёй душою тваёю, усім розумам сваім і з усіх сіл тваіх. Няхай гэтыя словы, якія сёння я наказваю табе, будуць у сэрцы тваім; і перадавай іх дзецям тваім і кажы пра іх, седзячы ў доме тваім і ідучы дарогаю, і кладучыся і ўстаючы» (пар. Дрг 6, 4–7).68
75. Мы паўтараем: «Перадавай іх дзецям тваім». У цэнтры гэтага наказу, гэтага фундаментальнага абавязку, ляжыць штодзённае пацвярджэнне запавету паміж Богам і Ізраэлем. Бацькі павінны выхоўваць дзяцей і ўводзіць іх у адносіны з Богам праз хрысціянскую супольнасць. Кніга Другазаконня кажа: перадавай і дзялі славу Божую са сваімі дзецьмі. Тое ж самае кажа Езус сваім вучням: «Дазвольце ім прыходзіць да Мяне» (Мц 19, 14). І словы Кнігі Другазаконня, і словы Езуса звернутыя да нас. У іх паўтараецца: Пераканайцеся, што дзеці пад вашаю апекаю маюць адносіны з Богам і народам Божым. Навучыце дзяцей маліцца і сузіраць Пана. Выхоўвайце іх гэтак штодня ў вашым доме і не стварайце ў гэтым перашкодаў.
76. Гэтае пакліканне ставіць мэту каталіцкаму бацькоўству.Тая самая любоў, што злучае мужчын і жанчын, вучыць іх шляхам запавету і прыводзіць іх да сакрамэнту сужэнства, робіць сужэнцаў сям’ёй.69 Муж і жонка становяцца бацькам і маці: «Бо з хрысціянскага сужэнства ўзнікае сям’я, у якой нараджаюцца новыя члены грамадства, якія дзякуючы ласцы Духа Святога становяцца праз хрост дзецьмі Божымі, каб народ Божы трываў вякамі».70 Хрысціяне нараджаюць дзяцей не толькідля таго, каб працягваўся род і будавалася грамадства, але і для таго, каб уся сям’я фармавалася так, каб далучыцца да еднасці святых. Па словах святога Аўгустына, эратычнае каханне мужчыны і жанчыны «з’яўляецца градою расады для горада»71, і ён мае на ўвазе не толькі зямны горад ці грамадскую супольнасць, але і нябесны горад, квітнеючы Касцёл.
Жыццё ў хатнім Касцёле
77. Другі Ватыканскі Сабор назваў сям’ю «хатнім Касцёлам», Ecclesia domestica: «У гэтым як бы хатнім Касцёле бацькі словам і прыкладам павінны быць для сваіх дзяцей першымі вестунамі веры і з асаблівым клопатам развіваць духоўнае пакліканне, уласцівае кожнаму з іх».72
Пакліканне да сямейнага жыцця патрабуе ад нас жыццёвай уважлівасці. «Кожны чалавек пакліканы Богам да жыцця, каб выканаць пэўнае заданне»,73 але, як і будаванне сужэнства, распазнанне паклікання не прыходзіць само па сабе.74 Навыку распазнання можна навучыць і ўдасканальваць гэтую рысу. Менавіта маці і бацька абавязаныя быць з дзецьмі дома і ў касцёле і рэгулярна маліцца разам. Яны не навучацца гэтаму, калі іх не навучыць. Бацькі могуць звярнуцца па падтрымку дахросных, бабуль і дзядуляў, настаўнікаў, святароў, законнікаў і законніц, каб тыя дапамаглі ім выканаць свае абавязкі і каб самі яны таксама маглі ўзрастаць і вучыцца малітве. Папа Францішак, езуіт, які прайшоў доўгую фармацыю ў мастацтве распазнаваць пакліканне, апісвае, як спалучаюцца малітва і ўсведамленне паклікання: «Важна мець штодзённыя адносіны [з Богам], слухаць Яго голас у цішыні перад табэрнакулюмам і глыбока ўнутры сябе, гаварыць з Ім, каб наблізіцца да сакрамэнтаў. Мець такія блізкія адносіны з Панам — гэта як трымаць акно нашага жыцця адкрытым, каб Бог учыніў так, што мы змаглі пачуць Яго голас і зразумець, чаго Ён хоча ад нас».75
78. Каб авалодаць гэтым мастацтвам распазнання і навучыць яму ў сям’і, неабходныя цярплівасць і малітва, цвёрдае жаданне ачышчаць свае інтэнцыі, вызнаваць правіны і каяцца ў іх, цярпліва рабіць марудную працу ўзрастання ў цнотах, адкрываць сваё ўяўленне Святому Пісанню і сведчанням Касцёла, і пазнаваць свой унутраны свет. Каб самім навучыцца распазнаванню і перадаць яго дзецям, неабходная пакора, адкрытасць на канструктыўную крытыку і размовы пра тое, як Бог можа дзейнічаць у нашым жыцці. Падыход да жыцця з усведамленнем свайго паклікання прадугледжвае гатоўнасць шчыра прызнаваць свае жаданні, але, самае важнае, гатоўнасць аддаць сваё жыццё Богу, быць адкрытым прыгодам і новым планам, якія могуць з’явіцца, калі мы гаворым: «Не Мая воля, а Твая няхай станецца».76 Святая Тэрэза з Лізьё малілася, як дзіця, кажучы: «Божа, я выбіраю ўсё. Я не хачу быць святой напалову. Я не баюся пакутаваць для Цябе, баюся толькі аднаго: захаваць уласную волю. Забяры яе ў мяне, бо я выбіраю ўсё, што Ты хочаш».77
79. Бацькі сутыкаюцца з вялізнай колькасцю стрэсаў, асабліва калі ў сям’і шмат маленькіх дзяцей. Бацькоўства — патрабавальная рэч. Тым не менш, калі жыццёвая мэта хрысціянскай сям’і — штодня адкрываць вокны дома для Божай ласкі, то нават сярод стомленасці і хатняга беспарадку бацькі могуць заставацца адкрытымі Духу Святому. Ніхто не хоча дадаткова абцяжарваць бацькоў. Але «Божую любоў <...> трэба шукаць не толькі ў вялікіх справах, але перадусім і ў звычайных жыццёвых абставінах».78 У імгненні такой бездапаможнасці бацькі могуць зразумець, што святы Павел меў на ўвазе, калі казаў: «бо, калі я слабы, тады моцны» (2 Кар 12, 10).
80. Бацькоўства — гэта спосаб пазбавіцца ад ілюзій; яно дазваляе нам убачыць, што мы не самадастатковыя, што нам неабходныя дапамога і сіла ад Бога, сям’і, парафіі і сяброў. Тое, як сям’я рэагуе на няшчасці і хваробы, як збіраецца за сталом або на малітву, як прымае фінансавыя рашэнні і расстаўляе прыярытэты, якія рашэнні сям’я прымае, каб праводзіць вольны час, што яна вырашае наконт працы і кар’еры бацькоў, адукацыі дзяцей, нават тое, як сям’я рыхтуецца да сну — гэтыя і многія іншыя штодзённыя аспекты «хатняй гаспадаркі» фармуюць уяўленне і погляды дзяцей. Хатняя руціна можа быць тым «тонкім месцам», праз якое прасвечвае Дух, дзе дабрыня і хрысціянская адкрытасць становяцца закваскаю для ўсіх бакоў жыцця.
Асяроддзе, у якім мы жывем, патрабуе, каб сем’і былі здольныя да распазнавання
81. Папа Францішак прапануе ажыццявіць многія з гэтых ідэй:
«Я думаю, што мы ўсе можам стаць крыху лепшымі ў гэтым плане: уважлівей слухаць Божае слова, каб самім гаварыць менш, а ўзбагачацца Яго словамі <...> Я думаю пра бацькоў, галоўных настаўнікаў [сваіх дзяцей]: як могуць яны іх выхоўваць, калі іх свядомасць не асвятляе Божае слова? Які прыклад бацькі могуць даць сваім дзецям, калі іх думкі і дзеянні не кіруюцца Божым словам? Гэта важна, таму што потым бацькі пачынаюць скардзіцца: “От, гэтае дзіця...” Але вы самі якое сведчанне далі дзіцяці? Як вы размаўлялі з ім? Вы гаварылі з ім пра слова Божае або абмяркоўвалі тэленавіны? Бацькі павінны гаварыць пра слова Божае! Я думаю пра катэхізатараў і ўсіх тых, хто займаецца адукацыяй: калі іх сэрцы не сагрэтыя Божым словам, як могуць яны сагрэць сэрцы іншых людзей — дзяцей, моладзі, дарослых? Недастаткова проста чытаць Святое Пісанне, мы павінны слухаць Езуса, які прамаўляе да нас праз іх: сам Езус прамаўляе ў Святым Пісанні, гэта Яго словы <...> Спытайма сябе... якое месца займае Божае слова ў маім жыцці, у маёй штодзённасці? Ці прыслухоўваюся я да Бога, або да гучнага пустаслоўя, або да аднаго сябе? Менавіта гэтае пытанне кожны з нас павінен задаць самому сабе».79
82. Папа Францішак узгадаў пра тэленавіны, і яго словы можна зразумець больш агульна, датычна сродкаў масавай інфармацыі, віртуальных сацыяльных сетак і іншых формаў масавай культуры. Нельга бяздумна і неабмежавана прысвячаць час гэтым рэчам, — каб плённа выкарыстоўваць гэтыя формы культуры, таксама неабходнае распазнанне. Разважаючы пра хатні Касцёл, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла адзначае, што сёння свет «часта чужы і нават варожы да веры».80 У сучаснай культуры, якая мае мноства складнікаў і дзе сацыяльнае і медыйнае асяроддзе можа падарваць аўтарытэт бацькоў у цэлым, і ў прыватнасці гэта датычыць каталіцкага выхавання, і бацькі, і дзеці павінны задумацца пра тое, як іх сям’я мусіць жыць у свеце, каб не належаць свету.81
83. Калі нехта з нас, але асабліва дзеці, сутыкаецца з пэўнай часткай культуры, гэта ўплывае на наш светапогляд і жаданні. У значнай ступені ўсе мы, але дзеці асабліва, хаця б часткова чэрпаем свае спадзяванні на лепшае жыццё з выяваў, якія бачым, з фільмаў, музыкі і літаратуры. Таму менавіта бацькі, сваякі, хросныя, дарослыя настаўнікі і выхавацелі павінны кантраляваць гэтае ўздзеянне і сачыць, каб дзіцячае ўяўленне падтрымлівалася і сілкавалася здаровай ежай, тымі рэчамі, якія абараняюць іх нявіннасць, узбуджаюць іх апетыт да прыгодаў хрысціянскага жыцця і ствараюць падыход да жыцця як да пошуку свайго паклікання. Прыгажосць і сузіранне павінны быць часткаю звычайнага асяроддзя дзіцяці, каб дзеці маглі навучыцца ўспрымаць сакрамэнтальнае вымярэнне рэальнасці. Абавязак бацькоў, старэйшых, хросных, сваякоў, знаёмых парафіянаў, катэхетаў і настаўнікаў — сфармаваць такое стаўленне да дзяцей. У фармацыю моладзі абавязкова ўваходзіць і «кніжная навука». Быць духоўна адукаваным азначае ведаць праўды веры. Але нават больш важна навучыць дзяцей маліцца і даць узор для пераймання, прыклад дарослых, які дзеці маглі б бачыць і да якога маглі б імкнуцца.
84. Старэйшыя дзеці і падлеткі могуць стаць дастаткова самасвядомымі і правільна ўспрымаць культуру свайго асяроддзя, а таксама быць здольнымі пачаць фармаваць у сабе больш сталыя погляды на малітву і распазнанне свайго паклікання. Гэтыя важныя тэмы павінны быць часткаю падрыхтоўкі для прыняцця сакрамэнту канфірмацыі, які сам па сабе дае ласку наследаваць Хрыста ў гэтых пытаннях.82
Сям’я і парафія залежаць адна ад адной
85. Вядома, Ecclesia Domestica не можа існаваць без Ecclesia. Хатні Касцёл уплывае на нашыя адносіны з Паўсюдным Касцёлам: «Каб быць “малым Касцёлам”, сям’я павінна быць цесна звязаная з “вялікім Касцёлам”, гэта значыць, з Божай сям’ёй, для стварэння якой уцелавіўся Хрыстус».83 Рэгулярны ўдзел у нядзельнай святой Імшы разам з Паўсюдным Касцёлам — гэта абавязковая ўмова для таго, каб хатні Касцёл мог так называцца. Паўсюдны Касцёл з’яўляецца носьбітам і настаўнікам запавету Бога з Яго народам, таго самага запавету, які абумоўлівае і падтрымлівае сужэнства і сямейнае жыццё.
86. Папа Бэнэдыкт XVI называў парафію «сям’ёй сем’яў, здольнай дзяліцца адна з адною не толькі радасцю, але і непазбежнымі цяжкасцямі, якія ўзнікаюць, калі пачынаецца сямейнае жыццё».84 Вядома, што сакрамэнты і вельмі часта справы міласэрнасці для цела бліжняга можна здзейсніць у парафіі. Дзеці павінны бачыць, як іх бацькі і іншыя дарослыя спачуваюць бедным і служаць ім. Парафіі і дыяцэзіі могуць дапамагчы ў гэтым, арганізоўваючы дапамогу бедным.85 Хатні Касцёл служыць парафіі, а парафія служыць хатняму Касцёлу.
87. Парафія, дыяцэзія і іншыя каталіцкія ўстановы, такія як школы, рухі і аб’яднанні, маюць асабліва вялікае значэнне для дзяцей з няпоўных сем’яў. Дзеці могуць не мець аднаго ці абодвух бацькоў па розных прычынах, сярод якіх смерць і хваробы, развод, іміграцыя, вайна, алкаголь і наркаманія, гвалт у сям’і, жорсткае абыходжанне, палітычны пераслед і беспрацоўе або непастаянная праца, што вядзе да беднасці.86 На жаль, часам муж і жонка, маці і бацька не жывуць разам, і часта гэта выклікаюць вартыя жалю прычыны. «Эмацыйны разлад, ад якога пакутуюць дзеці разведзеных сужэнцаў, якія раптам апынуліся з адным з бацькоў або ў “новай” сям’і — гэта выклік для біскупаў, катэхетаў, настаўнікаў і ўсіх, хто нясе адказнасць за моладзь <...> Справа не ў тым, каб замяніць бацькоў, а ў тым, каб супрацоўнічаць з імі».87
88. Каб парафія на самой справе была «сям’ёю сем’яў», патрэбныя канкрэтныя праявы адкрытасці і шчодрасці. Святы Ян Павел II сказаў, што «адкрываючы дзверы свайго дома, а тым больш свайго сэрца», мы наследуем Хрыста.88 Дапамагаць і атрымліваць дапамогу — гэта вельмі асабістая рэч. Ніхто, і асабліва дзеці, бацькі, якія змагаюцца з нечаканым крызісам, безабаронныя пажылыя людзі або кожны чалавек, які пакутуе, не павінен адчуваць сябе самотна ў парафіяльнай сям’і. Нічым нельга замяніць дзейнасць звычайных парафіянаў, калі яны па-сяброўску падтрымліваюць і служаць адзін аднаму на працягу тыдня, пашыраючы Касцёл за межы нядзельнай раніцы. Стаўленне свецкіх адзін да аднаго паказвае, ці выконвае парафія сваё прызначэнне. Фармаваць і выпрацоўваць такі погляд на парафіяльнае жыццё — абавязковая задача для духавенства, асабліва ў вялікіх парафіях, дзе можа існаваць спакуса заставацца ананімным вернікам. Але, у рэшце рэшт, не толькі духавенства павінна займацца ажыўленнем парафіі. Фармаванне такога погляду на парафіяльнае жыццё патрабуе ўдзелу свецкіх людзей. У Пасланні да Галатаў святы Павел піша: «Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы» (Гал 6, 2). Атрымліваецца, што, калі мы не носім цяжары адзін аднаго, калі мы пакідаем безабаронныя сем’і і самотных людзей на волю лёсу, у адзіноце, мы падманваем і недаацэньваем саміх сябе. Калі наш лад жыцця не грунтуецца на еднасці і служэнні, мы не можам заквітнець. Мы былі створаныя адзін для аднаго і калі мы жывем так, быццам гэта няпраўда, — гэта вельмі сумна, гэта нашая параза ў выкананні жыватворнага закону Хрыста.
89. Адкрытасць да дзяцей-сірот натуральна ўздыме пытанне пра ўсынаўленне. Ян Павел II, выступаючы на сустрэчы сем’яў з прыёмнымі дзецьмі, сказаў:
«Усынавіць дзіця — гэта вялікая праца любові. Калі вы рашыліся на гэта, вы шмат аддаеце, але таксама шмат атрымліваеце. Гэта сапраўдны абмен дарамі. На жаль, у наш час у гэтай сферы існуе шмат супярэчнасцяў. Нягледзячы на тое, што вялікая колькасць дзяцей з прычыны смерці або інваліднасці бацькоў застаецца без сям’і, ёсць мноства сужэнстваў, якія вырашаюць не мець дзяцей з чыста эгаістычных меркаванняў. Іншых стрымліваюць эканамічныя, сацыяльныя ці бюракратычныя цяжкасці. Некаторыя ў жаданні мець «сваё» асабістае дзіця любой цаной выходзяць далёка за межы легальнай дапамогі, якую медыцынская навука можа прапанаваць у галіне дзетанараджэння, звяртаючыся нават да маральна ганебных метадаў. Што тычыцца гэтых тэндэнцый, трэба сказаць, што нормы маральнага закону — гэта больш, чым проста абстрактныя прынцыпы, яны бароняць сапраўднае дабро чалавека, і ў гэтым выпадку — дабро дзіцяці з шанаваннем інтарэсаў яго бацькоў».89
Ян Павел II спадзяваўся, што «хрысціянскія сем’і змогуць паказаць большую гатоўнасць усынаўляць і выхоўваць дзяцей, якія страцілі бацькоў або былі імі пакінутыя».90 Ён адважыўся выказаць гэтую надзею, бо любоў, якая ажыўляе хрысціянскае сужэнства, — гэта Божы запавет, вечна гасцінная і поўная жыцця любоў.
90. Сексуальная блізкасць мужчыны і жанчыны дае магчымасць нараджэння дзяцей. Ніякія іншыя адносіны не ствараюць гэтай фундаментальнай, жыццядайнай біялагічнай магчымасці. Сужэнства мужчыны і жанчыны ставіць гэтую патэнцыйную плоднасць у духоўны кантэкст. Бацькоўства — гэта духоўнае пакліканне, канчатковай мэтай якога з’яўляецца падрыхтоўка нашых дзяцей да святасці. Гэтыя смелыя амбіцыі цягнуць за сабою сціплыя, але важныя хатнія дзеянні, такія як малітва і духоўнае выхаванне. Гэта вымагае ад бацькоў асэнсавання і распазнання таго, як сям’я ўключаецца ў шырэйшае кола культуры. Знаёмства дзяцей з Богам азначае, што хатні Касцёл захоча аб’яднацца з парафіяй, а таксама з больш шырокім Паўсюдным Касцёлам. Гэтыя выпрабаванні сямейнага жыцця патрабуюць падтрымкі — ніводная сям’я не зможа квітнець і развівацца ў ізаляцыі. Каб квітнець, сем’ям патрэбныя іх парафіі, а парафіям патрэбныя сем’і. Трэба, каб свецкія людзі арганізоўвалі такія ініцыятывы і выконвалі такое служэнне.
Пытанні для абмеркавання
a) Чым сужэнства адрозніваецца ад іншых блізкіх сяброўскіх адносінаў? б) Ці маліліся вы калі-небудзь разам з дзецьмі? Ці чыталі вы з дзецьмі разам Біблію, ці абмяркоўвалі якія-небудзь пытанні веры? Калі ў вас няма сваіх дзяцей, ці ёсць у вашым жыцці дзеці, для якіх вы маглі б стаць сябрам або настаўнікам? в)У чым заключаецца навык распазнання паклікання? Што значыць падыход да жыцця з усведамленнем свайго паклікання? г) Што такое хатні Касцёл? Якім чынам парафія служыць сям’і, а сям’я — парафіі? Якім чынам сям’я і парафія «выконваюць закон Хрыстовы», пра які кажа Пасланне святога Апостала Паўла да Галатаў (Гал 6, 2)? Cпасылкі 61. ККП, 1056–1057. 62. ККП, 1055. 63. GS, 47. 64. Святы Аўгустын, De Bono Conjugali 32; De Genesi ad Litteram 9.7.12; De nuptiis et concupiscentia, 1.10.11, 17.19, 21.23. 65. HV, 10. 66. ККК, 1652–1653. Пар. GS 48, 50. 67. Гамілія Папы Францішка «Feast of the Baptism of the Lord» («Свята Хросту Пана»), Сікстынская капэла, 12 студзеня 2014 г.). 68. Дрг 6:4–7. 69. FC, 14. 70. Дакументы Другога Ватыканскага Сабору, Дагматычная Канстытуцыя Lumen Gentium (LG), 1964, 11. 71. Святы Аўгустын, «The City of God, Against the Pagans»(«Горад Божы, Супраць язычнікаў»), Cambridge, Cambridge University Press, 1998, стар. 667, §15.16. 72. LG, 11. Пар. ККК, 1655–1658. 73. Энцыкліка Папы Паўла VI Populorum Progressio (PP), 1967, 15. 74. Энцыкліка Папы Паўла VI Populorum Progressio (PP), 1967, 60. 75. Зварот Папы Францішка на сустрэчы «Meeting with the Young People of Umbria» («Сустрэча з моладдзю Умбрыі»), Асізі, 4 кастрычніка 2013 г. 76. Пар. Мц 6, 10; 7, 21; 12, 50; 21, 31; 26, 39. 77. Святая Тэрэза з Лізьё, «The Autobiography of Saint Thérése of Lisieux: The Story of a Soul» («Аўтабіяграфія святой Тэрэзы з Лізьё: Гісторыя душы»), Doubleday, 2001, 9. 78. GS, 38. 79. Зварот Папы Францішка на сустрэчы «Meeting with the Clergy, Consecrated People and Members of Diocesan Pastoral Councils» («Сустрэча са святарамі, кансэкраванымі асобамі і членамі Дыяцэзіяльніх пастырскіх радаў»), Асізі, 4 кастрычніка 2013 г. 80. ККК, 1656. 81. Пар. Ян 15, 19 і Рым 12, 2. 82. ККК, 1303, 1308 83. Зварот Папы Бэнэдыкта XVI «Families Teach Meaning of Life» («Сем’і вучаць сэнсу жыцця»), 4 кастрычніка 2010 г. 84. Зварот Папы Бэнэдыкта XVI «Make Parish a Family of Families» («Зрабіце парафію сям’ёю сем’яў»), 21 сакавіка 2011 г. 85. Пар. FC, 44. 86. Пар. FC, 71, 77. 87. Пантыфікальная рада па справах сям’і, «Enchiridion of the Family»(«Кіраўніцтва па справах сям’і»), 2004, 1303–1304. 88. FC, 44. 89. Зварот Папы Яна Паўла ІІ на сустрэчы «Meeting of the adoptive families organized by the Missionaries of Charity» («Сустрэча сем’яў з усыноўленымі дзецьмі, арганізаваная місіянеркамі Любові»), 5 верасня 2000. 90. FC, 41.
|