Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Падрыхтоўчы катэхізіс да Сусветнай сустрэчы сем'яў. VI. Кожная любоў плённая

Не ўсе пакліканы да сужэнства. Але кожнае жыццё прызначана даваць плён. Кожнае жыццё мае моц і патрэбу сілкаваць новае жыццё — калі не ў нараджэнні і выхаванні дзяцей, то ў іншых важных формах самаадданасці, будавання і служэння жыццю. Касцёл — гэта вялікая сям’я, дзе існуюць розныя пакліканні, кожнае з якіх мае свае адрозненні, аднак кожнае патрабуе існавання іншых і само іх падтрымлівае. Святарства, манаскае жыццё, цэлібат свецкага чалавека ўзбагачаюць і адначасова ўзбагачаюцца сведчаннем сужэнскага жыцця. Розныя формы захавання чыстасці і цэлібату па-за шлюбам — гэта спосабы ахвяраваць сваё жыццё, каб служыць Богу і людзям.

Духоўны плён цэлібату

91. Два з сакрамэнтаў Касцёла ўнікальныя тым, што абодва прысвечаны «збаўленню іншых». І сакрамэнт святарства, і сакрамэнт сужэнства «ўдзяляюць спецыяльную ласку для асаблівай місіі ў Касцёле і служаць для будавання Божага народа».91

92. Іншымі словамі, не ўсе мужчыны і жанчыны павінны стаць біялагічнымі бацькамі, каб выпраменьваць Божую любоў або браць удзел у «сям’і сем’яў», якую мы ведаем як Касцёл. Пакліканне да святарства або манаскага жыцця мае сваю паўнату і веліч. Касцёлу заўсёды патрэбныя святары і законнікі, а бацькі павінны дапамагаць усім сваім сынам і дочкам распазнаваць магчымасць таго, што Бог можа паклікаць іх аддаць сваё жыццё такому служэнню.

93. Больш за тое, ёсць шмат свецкіх асобаў, якія жывуць у чыстасці і выконваюць сваю незаменную ролю ў Касцёле. Касцёл ухваляе чыстасць у розных яе праявах, але ўсе яны так ці інакш — заклік служыць Касцёлу і ўмацоўваць еднасць, гэтак жа, як і бацькоўства.

94. Сапраўдны цэлібат — ці то свецкіх людзей, ці то святароў і законнікаў — скіраваны на сацыяльнае і супольнаснае жыццё. Быць «духоўным бацькам» або «духоўнай маці» — з’яўляючыся пры гэтым святаром, законнікам або законніцаю, або, магчыма, хросным ці хроснай, прыёмным бацькам ці маці, катэхетам ці настаўнікам або проста выхавацелем і сябрам, — гэта вартае пашаны пакліканне, вельмі важнае для здаровай і квітнеючай хрысціянскай супольнасці.

95. Аднойчы святы Ян Павел II, разважаючы пра мацярынскія рысы Маці Тэрэзы і, больш агульна, пра багацце і духоўны плён цэлібату, сказаў:

«Няма нічога незвычайнага ў тым, каб называць законніцу “маці”. Але гэтае слова мела асаблівую глыбіню для Маці Тэрэзы. Матуляю называюць тую, якая здольная ахвяраваць сябе. Тое, як Маці Тэрэза паводзіла сябе, як яна ставілася да іншых, як яна жыла, дае нам зразумець, што значыла для яе быць маці, не ўспрымаючы гэта ў фізічным сэнсе слова; гэта дапамагло ёй спазнаць духоўную сутнасць мацярынства.

Зразумела, мы ведаем, у чым яе сакрэт: яна была напоўненая Хрыстом, і таму глядзела на ўсіх вачыма і сэрцам Хрыста. Яна сур’ёзна ўспрымала Яго словы: “Я быў галодны, і вы далі Мне есці...”, таму ў яе не ўзнікала праблем з тым, каб “усынавіць” сваіх бедных як уласных дзяцей.

Яе любоў была дзейснай і ініцыятыўнай: гэтая любоў штурхала яе ісці туды, куды мала хто асмельваўся пайсці, паўсюль, дзе беднасць была так вялікая, што пачынала палохаць. Не дзіва, што нашыя сучаснікі захапляліся ёю. Яна ўвасабляла тую любоў, якую Езус назваў прыкметаю сваіх вучняў: “Па гэтым пазнаюць уcе‚ што вы Мае вучні‚ калі будзеце мець любоў адзін да аднаго”».92

Прамяністае жыццё, такое, як у благаслаўлёнай Тэрэзы з Калькуты і святога Яна Паўла II, паказвае, што чыстасць у вялікай сваёй разнастайнасці можа быць надзвычай прывабным, прыгожым ладам жыцця.

Абгрунтаванне і магчымасці цэлібату

96. Раней у гэтым катэхізісе, спасылаючыся на словы святога Аўгустына, мы сцвердзілі, што мець дзяцей трэба не толькі для таго, каб працягваць род або ствараць грамадскую супольнасць, але і для таго, каб напаўняць нябесны горад радасцю новага жыцця. Гэтае адрозненне — паміж прыроднай мэтай пракрэацыі і духоўным пакліканнем падрыхтоўкі да Божага Валадарства ў поўным росквіце — дазваляе Касцёлу пайсці далей і сцвердзіць наступнае: каб выканаць сваё прызначэнне як мужчына і жанчына, усе людзі здольныя прынесці плён, але не ўсім абавязкова трэба стварыць сужэнства.

97. Касцёл прапануе людзям сужэнства як пакліканне, адну з магчымасцяў; таму гэта не можа быць абавязковай умовай або патрабаваннем, неабходным католіку, каб весці плённае жыццё.93 Адсюль вынікае, што цэлібат павінен існаваць у грамадскім жыцці Касцёла для таго, каб сужэнства было свабодным выбарам, а не прымусам. Цэлібат — альтэрнатыва сужэнству, доказ таго, што ёсць іншыя шляхі, каб кіраваць сексуальнай сферай свайго жыцця, рэалізоўваць сваю мужчынскасць і жаноцкасць, іншыя шляхі да неба. «Сямейнае жыццё — гэта пакліканне, якое Бог запісаў у прыроду мужчыны і жанчыны, але існуе яшчэ адно пакліканне, якое дапаўняе сужэнства: заклік да чыстасці і дзявоцтва дзеля Валадарства Нябеснага. Гэта пакліканне, якім жыў сам Езус».94

98. Цэлібат і сужэнства не канкурыруюць паміж сабою. Як вучыў святы Амброзій, «мы не ўхваляем нічога з іх, выключаючы ўсё іншае. <...> У гэтым багацце вучэння Касцёла».95 Цэлібат і сужэнства— пакліканні, якія дапаўняюць адно аднаго, таму што і адно, і другое сцвярджаюць, што палавая блізкасць не павінна быць выпадковаю, спробнаю.96 І нежанатыя людзі, і сужэнцы з пашанаю ставяцца да таго, з чаго складаецца любоў запавету, і пазбягаюць блізкасці, якая з’яўляецца толькі «спробай жыць разам» або магчымая толькі пры пэўных умовах.97 І цэлібат, і сужэнства адмаўляюць секс у кантэксце таго, што Папа Францішак назваў «аднаразавай культурай».98 І цэлібат, і сужэнства адмаўляюць палавыя адносіны, якія грунтуюцца выключна на задавальненні эратычнага жадання.

99. Захоўваць чыстасць або жыць у сужэнстве — два шляхі для мужчын і жанчын, каб заставацца салідарнымі адно з адным, пазбягаючы сексуальнай эксплуатацыі. Цэлібат і сужэнства — адзіныя шляхі жыцця, якія сыходзяцца на выснове, што ў сужэнстве ажыццяўляецца паўната чалавечай стваральнай дзейнасці ў святле Божага плану, які існуе ў нас і вызначае нашае жыццё. Цэлібат, які датычыць не толькі святароў і манаскіх асобаў, але і ўсіх тых, хто захоўвае чыстасць па-за сужэнствам, — гэта лад жыцця для людзей, якія не жывуць у сужэнстве, але шануюць запаведзі.

100. Усё вучэнне Касцёла кажа, што мы створаныя для радасці, што мы створаныя па вобразе Божым, што нам неабходна любіць і быць любімымі, і гэта ў роўнай ступені датычыць і людзей, якія жывуць у чыстасці, і сужэнцаў. Цэлібат можа быць свядомым і пастаянным, як у манаскім і святарскім жыцці або ў жыцці тых, хто не ў стане стварыць сям’ю з прычыны інваліднасці або жыццёвых абставінаў, ці толькі ўмоўна пастаянным, як у маладога чалавека, які яшчэ распазнае сваё пакліканне. Ва ўсіх гэтых выпадках чыстасць — гэта спосаб наследаваць Езуса, яна квітнее ў ахвяраванні сябе Богу і даверы да Яго плану, а таксама будуе жыццё, угрунтаванае на міласэрнай, цярплівай і велікадушнай любові да бліжняга і на служэнні людзям.

101. У любым грамадстве многія людзі апынуцца адкінутымі, калі сужэнства ўспрымаецца як абавязак, нібыта чалавеку неабходная «другая палавіна» для таго, каб быць паўнавартасным. Цэлібат, які існуе ў Касцёле — адказ на гэтую памылковую думку. Напрыклад, удовы часам застаюцца адкінутымі ў традыцыйных грамадствах, а адзінокія людзі ў сучасных гарадах часта сустракаюцца і праводзяць час у клубах, пабах і барах, дзе распуста з’яўляецца нормаю. Стварыць альтэрнатыўную прастору, дзе нежанатыя людзі могуць перажываць радасць і мець сваё прызначэнне, — гэта праява глыбокай адкрытасці і сардэчнасці, неабходная хрысціянам форма свабоды і шчырасці ў адносінах адзін да аднаго.

102. Некаторыя мужчыны і жанчыны па незалежных ад іх абставінах не могуць знайсці сабе жонку або мужа, хоць і хочуць стварыць сям’ю. Жыць у надзеі і чаканні не значыць выракаць сябе на пустое бясплоднае існаванне. Жывучы ў дзейснай гатоўнасці выконваць волю Божую, якая раскрываецца ў асабістай гісторыі жыцця чалавека, паўтараючы следам за Марыяй «Fiat»,99 вы атрымліваеце большую ласку. Кожны чалавек пакліканы даваць і атрымліваць любоў, а хрысціянская любоў скіраваная вонкі ў свет, і таму цэлібат — звычайная рэч. Калі мы любім адзін аднаго па-за сужэнствам, захоўваючы чыстасць, плёнам гэтых адносінаў становіцца сяброўства: «Цнота чыстасці квітнее ў сяброўстве <...> Чыстасць асабліва моцна выяўляецца ў сяброўстве з бліжнім. Незалежна ад таго, развіваецца сяброўства паміж людзьмі аднаго полу ці розных, яно прыносіць усім вялікую карысць. Сяброўства вядзе да духоўнай еднасці».100

103. Нежанатыя людзі і бясплодныя пары (бо яны ў пэўнай ступені знаходзяцца ў падобнай сітуацыі) гэтак жа атрымліваюць задавальненне ад асаблівай свабоды, прывабнай, каб ажыццяўляць пэўныя віды служэння, сябраваць і жыць у супольнасці. Нежанатыя і бяздзетныя людзі ў параўнанні з іншымі маюць мольш магчымасцяў для спробаў будаваць супольныя адносіны ў чыстасці, могуць займацца працай, якая патрабуе гатоўнасці да зменаў, маюць больш часу для малітвы і кантэмпляцыі. Нежанатыя і бяздзетныя, і нават здаровыя пажылыя людзі (якія, магчыма, маюць дарослых дзяцей) маюць дар свабоднага часу, якога, як правіла, людзі з дзецьмі не маюць. Такія людзі могуць з ахвотаю займацца катэхізацыяй або іншым служэннем у парафіі, нават місіянерскай працай і сведчаннем у небяспечных месцах, што было б немагчымым для сем’яў з дзецьмі. Нежанатыя і бяздзетныя людзі карыстаюцца большай свабодай дзеяння і творчасці ў тым, што тычыцца адкрытасці да іншых людзей і сяброўства. Калі апостал Павел раіць заставацца ў чыстасці, ён хоча прапанаваць людзям магчымасць, якая мае свае выпрабаванні, але таксама і свае перавагі і свабоду: «Калі ты і ажаніўся, то не зграшыў, і калі дзева выйшла замуж, не зграшыла. Але такія зведаюць пакуту ў целе, а я шкадую вас. <...> Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі» (1Кар 7, 28–32).

Духоўная і сацыяльная еднасць паміж цэлібатам і сужэнствам

104. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа: «Усе, наследуючы Хрыста, узор чыстасці, пакліканы жыць у чыстасці адпаведна ўласнаму жыццёваму стану. У момант хросту хрысціянін абяцае падпарадкаваць сваё эмацыйнае жыццё чыстасці».101 Таму цэлібат звязаны з сужэнствам, і ў адным, і ў другім ствараецца падобная ўнутраная прастора, у якой мы можам цалкам ахвяраваць сябе Пану. І нежанатыя людзі, і сужэнцы абяцаюць жыць паводле Божага запавету адпаведна са сваім пакліканнем. Існуюць практычныя адрозненні ў пакліканні кожнага канкрэтнага чалавека, але ўнутраны рух душы, сардэчная адданасць па сваёй суснасці застаюцца падобнымі. Мудрыя сталыя людзі, якія жывуць у чыстасці, і сужэнцы маюць шмат аднолькавых духоўных здольнасцяў.

105. У сужэнстве мужы і жонкі аддаюць сябе адно аднаму з любоўю, якая прыпадабняцца да любові Езуса, іх узаемнае самаадданне з’яўляецца часткаю працы Хрыста, далучаючыся ў тым жа духу да самааддання самога Езуса Касцёлу. Калі муж і жонка абменьваюцца прысягамі ў касцёле падчас удзялення сакрамэнту сужэнства, Хрыстус атрымлівае іх сужэнскую любоў і робіць яе часткаю свайго Эўхарыстычнага самааддання Касцёлу і Айцу, які цешыцца прынашэнню Сына і ўдзяляе сужэнцам СвятогаДуха, каб замацаваць іх саюз.102 Такім чынам сужэнская плённасць з’яўляецца перш за ўсё дарам і заданнем сакрамэнтальнага саюзу. Менавіта гэтаму прысвечаны прыгожыя словы святога Яна Паўла II пра сужэнскую повязь, дадзеную мужу і жонцы, каб радавацца і жыць, якая робіць іх «пастаянным напамінам Касцёлу пра тое, што адбылося на Крыжы; сакрамэнт робіць іх саўдзельнікамі збаўлення, і яны сведчаць пра гэта адно аднаму і сваім дзецям».103

106. Тыя ж словы датычаць і людзей, якія жывуць у цэлібаце. Любоў Хрыста цнатлівая, таму што Ён ахвяруе самога сябе цалкам, не ставячы ўмоваў іншаму: «Што дасць чалавек узамен за душу сваю?» (Мц 16, 26). Любоў Хрыста выяўляецца ў Яго жаданні радзяліць усяго сябе са сваімі вучнямі (Лк 22, 15), цалкам аддаць сябе ім, каб прывесці ўсіх да Айца, каб яны раздзялілі славу самога Бога.104 Сямейная любоў грунтуецца на запавеце і дае магчымасць працягваць род; любоў у цэлібаце грунтуецца на запавеце, ажыццяўляючы сябе ва ўсёй супольнасці.

107. Сужэнства і цэлібат — узаемадапаўняльныя пакліканні для дарослых католікаў, таму мы павінны выхоўваць маладых людзей так, каб яны разумелі, што каб быць па-чалавечы шчаслівым, мець каханка неабавязкова. Калі сужэнства само прымае форму запавету Езуса з людзьмі і калі гэты самы запавет робіць цэлібат такой жа актуальнай альтэрнатывай, то жыццё нежанатай моладзі можна лепш зразумець, не ўспрымаючы яго ў межах заляцанняў або «рамантычных спатканняў», а як час распазнання і будавання сяброўства. Уменне па-сапраўднаму сябраваць з’яўляецца асноваю для жыцця як у сужэнстве, так і ў супольнасці па-за ім. Пытанне аб пакліканні, з якім сутыкаюцца падлеткі і моладзь, сёння павінна ўключаць у сябе больш, чым выбар каханкаў. Юнакам неабходна атрымаць пэўныя ўнутраныя духоўныя навыкі незалежна ад таго, што рыхтуе для іх будучыня.

108. Таму парафіі павінны звярнуць пільную ўвагу на сацыяльнае вымярэнне чыстасці і цэлібату. Цэлібат вядзе да ўласцівых яму выпрабаванняў, і, як адзначае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, навучанне сексуальнай стрыманасці і кантролю мае культурны аспект, бо мы залежым адзін ад аднаго, і нашае сацыяльнае атачэнне альбо дапамагае нам захоўваць чыстасць, або замінае гэтаму.105 Тое, як моладзь марыць весці сваё жыццё, залежыць ад таго, якія прыклады яна бачыць і якія гісторыі чуе.

109. Цэлібат настолькі супрацьстаіць сучаснай культуры, што нават у парафіяльных асяродках існуе рызыка, што яго не да канца будуць разумець. Адзінокія людзі «заслугоўваюць асаблівай любові і дзейснай апекі Касцёла, асабліва святароў».106 Не толькі святары, але і сем’і, і самі адзінокія людзі павінны рабіць канкрэтныя крокі для таго, каб «адзінокі» ў асяродку католікаў не азначала тое ж, што і адкінуты або ізаляваны. Адзінокім патрэбны блізкія адносіны, каб дзяліцца цяжарамі і клопатамі, а таксама адказнасцю і магчымасцямі служыць. «Дзверы дамоў, “хатніх Касцёлаў” і той вялікай сям’і, якою з’яўляецца Паўсюдны Касцёл», павінны быць адчыненыя для нежанатых людзей.107

110. Такое бачанне патрабуе, каб кожны паразважаў, які ўдзел ён прымае ў стварэнні атмасферы і зместу парафіяльнага жыцця. Калі бацькі адгаворваюць дзяцей ад святарства, манаскага жыцця або іншых пакліканняў, якія патрабуць цэлібату, тады ўся супольнасць павінна зрабіць рахунак сумлення. Сапраўдны цэлібат заўжды мае багатае сацыяльнае жыццё, і калі яго разглядаюць толькі як адзіноту або адкінутасць, значыць штосьці ў дзейнасці або структуры парафіяльнага жыцця пайшло няправільна. Людзі, якія жывуць у цэлібаце, павінны ўзяць на сябе ініцыятыву служэння і заставацца дзейснымі, а сем’і павінны праяўляць гасціннасць, прымаць у сваё кола «цётак» і «дзядзькаў» і актыўна будаваць шырокае сямейнае кола або жаданую супольнасць.

111. Багатае сацыяльнае жыццё робіць усе віды чыстасці больш прымальнымі для сучаснага свету, скасоўваючы крытыку цэлібату, якая кажа, што падобнае жыццё непазбежна звязанае з адзінотаю. Каб укараніць гэтае бачанне, каб пераадолець застойныя грамадскія погляды, якія ізалююць нежанатых людзей, і ўбачыць усе магчымасці цэлібату, неабходная дзейсная зацікаўленасць і свецкіх, і кансэкраваных людзей. Езус — наш Пан, і Ён кажа: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35). Любоў павінна заўважна ажывіць парафіяльнае жыццё для кожнага.

112. Цэлібат не з’яўляецца бясплодным, а быць «аднаму» не значыць заставацца ў ізаляцыі або адзіноце. У Касцёле мы ўсе залежым адзін ад аднаго і створаныя для еднасці, створаныя даваць і атрымліваць любоў. Такое бачанне чалавечага жыцця нараджае невычэрпную колькасць розных плённых пакліканняў. Цэлібат ставіць асаблівыя вымаганні да тых, хто прымае яго, але тыя, хто жыве ў цэлібаце, таксама маюць асаблівыя прывілеі і магчымасці. Нежанатыя людзі паважаюць сексуальны біялагічны патэнцыял сужэнства і ў сваім жыцці грунтуюцца на падобнай да гэтага аснове і духоўнасці самаддання. І адзінокія, і сужэнцы маюць неабходнасць адно ў адным, каб падтрымліваць і вырошчваць «сям’ю сем’яў», якая называецца Касцёлам.

Пытанні для абмеркавання


a) Што агульнага паміж цэлібатам і сужэнскім жыццём?
б) З якімі выпрабаваннямі або цяжкасцямі сутыкаюцца нежанатыя людзі ў вашай супольнасці? Як могуць дапамагчы ў гэтым іх сябры, сем’і і парафіі? Назавіце якія-небудзь перавагі жыцця ў цэлібаце. Як нежанатыя людзі могуць служыць супольнасці?
в) Ці маюць дзеці ў вашай парафіі магчымасць сустрэць розных святароў, законнікаў, законніц і іншых кансэкраваных асобаў? Падумайце, як вы маглі б паказаць прыклады жыцця ў цэлібаце сваёй супольнасці. Ці заахвочвалі вы калі-небудзь знаёмых дзяцей стаць святарамі або законнікамі і законніцамі? Чаму так або не?
г) Якія ёсць добрыя прычыны для таго, каб выбраць сужэнства або цэлібат? Якія прычыны для гэтага не з’яўляюцца добрымі? Як чалавек павінен распазнаваць сваё пакліканне?

Спасылкі

91. Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла (КККC), 2005, 321.
92. Зварот Папы Яна Паўла ІІ на сустрэчы «Meeting of the adoptive families organized by the Missionaries of Charity» («Сустрэча сем’яў з усыноўленымі дзецьмі, арганізаваная місіянеркамі Любові»), 5 верасня, 2000.
93. Пар. 1 Кар 7, 25–40.
94. Зварот Папы Францішка на сустрэчы «Meeting with the Young People of Umbria» («Сустрэча з моладдзю Умбрыі»), Асізі, 4 кастрычніка 2013 г.
95. ККК, 2349. Пар. св. Амброзій, Deviduis, 4.23. Таксама, гл. вышэй, 51.
96. ККК, 1646. Гл. вышэй, 58.
97. ККК, 2391. Гл. вышэй, 58.
98. Гл. вышэй, 60.
99. Пар. Лк 1, 38.
100. ККК, 2347.
101. ККК, 2348.
102. ККК, 1624.
103. FC, 13.
104. Пар. Ян 1, 14; 17, 24.
105. ККК, 2344.
106. ККК, 1658.
107. ККК, 1658.

Адноўлена 18.09.2015 17:49
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску