Дасканалая сям’я — гэта школа любові, справядлівасці, спагады, прабачэння, узаемнай павагі, цярплівасці і пакорыў свеце, азмрочаным эгаізмам і канфліктамі. Такім чынам, сям’я вучыць, што значыць быць чалавекам. Тым не менш, узнікаюць шматлікія спакусы, якія прымушаюць нас забыцца, што мужчына і жанчына створаныя жыць у запавеце і супольнасці. Напрыклад, беднасць, залішняя раскоша, парнаграфія, кантрацэпцыя, філасофскія і іншыя інтэлектуальныя памылкі могуць стварыць асяродак, які кідае выклік, пагражае здароваму сямейнаму жыццю. Касцёл супрацьстаіць усяму гэтаму дзеля абароны сям’і.
Наступствы грэхападзення
113. Мы грэшныя істоты. Мы не заўсёды любім так, як павінны. Але калі мы прызнаемся ў сваіх грахах і вызнаем іх, то можам у іх пакаяцца.
114. Можна ўбачыць доказ уласнага падзення ў сваіх штодзённых справах: у нашых падзеленых сэрцах і ў перашкодах, з якімі мы сутыкаемся на шляху да цнотаў, што так часта здараецца ў свеце. Нашая грэшнасць выяўляецца ў адносінах паміж мужчынам і жанчынаю. Таму «сужэнскі саюз вельмі часта знаходзіцца пад пагрозай нязгоды, жадання дамінаваць у адносінах, нявернасці, рэўнасці і канфліктаў, якія могуць перарасці ў нянавісць і разрыў адносінаў. Гэты разлад можа праяўляцца больш ці менш востра, і можа ў большай ці меншай ступені авалодваць чалавекам у залежнасці ад культурнага асяродку, эпохі і індывідуальнасці, але, здаецца, ён мае ўніверсальны характар».108
115. Падрыхтоўчы дакумент для ІІІ Надзвычайнага Сінода Біскупаў у 2014 годзе на тэму «Выклікі душпастырства, звязаныя з праблемамі сям’і ў кантэксце евангелізацыі», закранае вялікую колькасць глабальных праблем:
«Сярод многіх новых сітуацый, якія патрабуюць увагі і душпастырскай працы Касцёла, дастаткова згадаць змешаныя або міжрэлігійныя сужэнствы; няпоўныя сем’і, у якіх няма аднаго з бацькоў; палігамію; шлюбы па дамоўленасці, з якой вынікае праблема пасагу, што часам трактуецца як цана жанчыны; каставую сістэму; культуру свабодных саюзаў і перакананне, што сужэнства можа быць часовым; варожыя для Касцёла формы фемінізму; міграцыю і перафармулёўку самой ідэі сям’і; рэлятывісцкі плюралізм у канцэпцыі сужэнства; уплыў мас-медыя на народную культуру ў разуменні ёю сужэнства і сямейнага жыцця; тэндэнцыі мыслення, якія на базе пэўных заканадаўчых прапановаў абясцэньваюць трываласць і вернасць сужэнскага саюзу; распаўсюджванне практыкі сурагатных маці (“маці напракат”); новыя інтэрпрэтацыі правоў чалавека».109
Эканамічныя праблемы і абставіны
116. Беднасць і эканамічныя цяжкасці знішчаюць сужэнствы і сямейнае жыццё ва ўсім свеце. Аднойчы падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы святога Пятра, паказваючы на плакат у натоўпе, Папа Францішак сказаў:
«Я чытаю, што напісана там буйнымі літарамі: “Бедныя не могуць чакаць”. Гэта прыгожыя словы! І гэта нагадвае мне пра Езуса, які нарадзіўся ў хляве, а не ў доме. Пасля Ён павінен быў уцякаць у Егіпет, каб выратаваць сваё жыццё. А пасля Ён вярнуўся ў свой дом у Назарэце. Сёння, чытаючы словы з гэтага плаката, я думаю пра многія бяздомныя сем’і, якія ніколі не мелі свайго жытла або страцілі яго па шматлікіх прычынах. Сям’я і дом — непадзельныя рэчы. Вельмі цяжка падтрымліваць сваю сям’ю, не маючы жытла… Я запрашаю ўсіх — асобных людзей, грамадскія арганізацыі, органы ўлады — зрабіць усё магчымае, каб у кожнай сям’і быў дом».110
117. У той жа час, дадзеныя сацыяльна-навуковых даследванняў паказваюць, што трывалыя сужэнствы і сем’і дапамагаюць пераадольваць беднасць, гэтак жа, як беднасць дзейнічае супраць трывалых сужэнстваў і сем’яў. Моцныя сужэнствы і сем’і ствараюць надзею, а надзея вядзе да мэты і поспеху. Гэты факт прыводзіць да думкі, што моцная хрысціянская вера акрамя духоўных наступстваў мае і матэрыяльныя. Дапамагчы сем’ям разарваць кола граху і ператварыць яго ў кола цнотаў — вось адна з прычынаў таго, чаму Касцёл звяртае ўвагу як на эканамічныя ўмовы нашага жыцця, так і на духоўныя.
118. У сваёй апошняй энцыкліцы Caritas in Veritate Папа Бэнэдыкт XVI паказвае на «моцную сувязь паміж этыкай жыцця i грамадскай этыкай».111 Папа адзначыў, што «сям’я павінна мець дом, працу і справядлівую ацэнку хатняй працы бацькоў, магчымасць школьнай адукацыі для дзяцей і асноўнае медыцынскае абслугоўванне для ўсіх».112 Езус Хрыстус клапоціцца пра чалавека ва ўсіх сэнсах; Ён сам зведаў беднасць і паходзіў з сям’і бежанцаў;113 цяпер Ён заклікае свой Касцёл праяўляць салідарнасць з сем’ямі, якія апынуліся ў аналагічных абставінах.114
119. Іншымі словамі, калі мы кажам, што клапоцімся пра сям’ю, мы мусім клапаціцца пра бедных. Калі мы будзем клапаціцца пра бедных, мы будзем служыць сем’ям.
120. Сучасная глабальная гіпер-капіталістычная эканоміка наносіць шкоду таксама сярэдняму і вышэйшаму класу. Напрыклад, масавая культура ператварае секс у тавар. Карпаратыўны маркетынг стварае неспатольную прагу атрымліваць новы досвед, атмасферу пастаяннага падарожжа з месца на месца і неспатоленых жаданняў. Жыццё ў сучасных рынкавых культурах становіцца барацьбою супраць какафоніі забаваў, шуму і няспыннага прагнення, якія парушаюць трываласць сям’і і распальваюць асабістую ўседазволенасць. Жыццё ва ўмовах гэтага вечнага рынку можа выклікаць у нас спакусу палічыць, што калі нам чагосьці хочацца, калі ніхто не супраць і мы можам сабе гэта дазволіць у фінансавым плане, тады гэта нам дазволена. Гэтае пачуццё дазволенасці — разбуральная ілюзія, яно робіць нас нявольнікамі сваіх жаданняў, памяншаючы нашую свабоду жыць у цноце. Нашая няздольнасць паставіць сабе межы, нашая ўпартая настойлівасць у задавальненні ўсіх прагненняў спрыяе ўзнікненню мноства духоўных і матэрыяльных праблемаў у сённяшнім свеце.
Чаму парнаграфія і мастурбацыя з’яўляюцца злом
121. Ператварэнне сексу ў тавар заўсёды прыводзіць да таго, што чалавек таксама робіцца таварам. Парнаграфія — часта звязаная з гандлем людзьмі і сілкаваная яго жорсткасцю — стала эпідэміяй не толькі сярод мужчын, але ўсё часцей і сярод жанчын. Гэтая прыбытковая сусветная індустрыя можа ўварвацца ў любы дом праз камп’ютэр або кабельнае тэлебачанне. Парнаграфія выпрацоўвае ў сваіх спажыўцах эгаізм, вучыць успрымаць іншых людзей як аб’екты для задавальнення сваіх прагненняў.
122. Для кожнага з нас досыць складана навучыцца цярплівасці, велікадушнасці, стрыманасці, высакароднасці і іншым аспектам любові, прыпадобненай да Хрыстовай любові на крыжы. Парнаграфія яшчэ больш ускладняе ў чалавеку здольнасць ахвяроўваць сябе іншым людзям і Божаму запавету, нават для выпадковага яе карыстальніка. Мастурбацыя з’яўляецца злом з такіх самых прычынаў. Калі чалавек «атрымлівае асалоду» ад парнаграфіі або апраўдвае яе, калі займаецца мастурбацыяй, ён ці яна пазбаўляецца здольнасці выракацца сябе, не дасягае сталага стаўлення да сексуальнасці і сапраўднай блізкасці з сужэнцам. Не дзіва, што парнаграфія ў вялікай ступені вінаватая ў распадзе многіх сучасных сужэнстваў. Парнаграфія і мастурбацыя могуць таксама вельмі шкодна ўздзейнічаць на пакліканне людзей, якія жывуць у цэлібаце, менавіта таму, што часта здаюцца вельмі асабістай справай.
Чаму кантрацэпцыя з’яўляецца злом
123. Гэтак жа і кантрацэпцыя вядзе нас да ўспрымання сексуальнага жадання як уседазволенасці. Людзі, якія карыстаюцца кантрацэпцыяй, лічаць, што жаданне палавой блізкасці апраўдвае само сябе. Аддзяляючы нараджэнне дзяцей ад палавога кантакту, кантрацэпцыя засланяе і ў рэшце рэшт знішчае асновы сужэнства.
124. Сужэнцы, якія карыстаюцца кантрацэптыўнымі сродкамі, могуць рабіць гэта і з добрымі намерамі. Многія сужэнскія пары адчуваюць і вераць, што для іх інтымнае жыццё з ужываннем кантрацэпцыі неабходнае, каб умацаваць сужэнства, або што кантрацэпцыйны секс бясшкодны і не вядзе да ахвяраў. Многія сужэнскія пары настолькі прызвычаіліся да кантрацэпцыі, што вучэнне Касцёла можа іх шакаваць.
125. Але калі сужэнцы сапраўды імкнуцца да ўнутранай свабоды, узаемнага самааддання і ахвярнай любові, да якой усіх нас заклікае Божы запавет, то цяжка ўявіць, у якім сэнсе кантрацэпцыя можа быць неабходнай і важнай для іх. Касцёл лічыць, што настойлівае апраўданне кантрацэпцыі абапіраецца на памылковыя міфы аб сужэнстве. Як патлумачыў Папа Пій XII:
«Некаторыя сцвярджаюць, што шчасце ў сужэнстве знаходзіцца ў прамой залежнасці ад узаемнага задавальнення ў інтымных адносінах. Гэта не так: на самой справе шчасце ў сужэнстве напрамую залежыць ад узаемнай павагі партнёраў, нават у іх інтымных адносінах».115
126. Іншымі словамі, успрымаць кантрацэпцыю як нешта неабходнае ці нават карыснае — значыць сыходзіць з памылковай перадумовы. У сваёй аснове шчаслівае сужэнства — тое, якое трывае ўсё жыццё — мае больш агульнага з велікадушнасцю, цярплівасцю, самаадданасцю цэлібату, чым з тым, што Папа Пій XII назваў «вытанчаным геданізмам».116 Нядаўна, падкрэсліваючы, што добраму сужэнству ўласцівыя велікадушнасць і ўнутраная свабода, Папа Францішак спасылаўся на прыклад Святой Сям’і:
«Юзаф быў чалавекам, які заўсёды слухаў голас Бога, глыбока адчуваў Яго таемную волю, быў уважлівым да вестак, якія атрымліваў з глыбіняў свайго сэрца і з нябесных вышыняў. Ён не трымаўся ўпарта сваіх планаў на жыццё, не дазваляў горычы атручваць сваю душу, ён быў гатовы адкрыцца навіне, якую атрымаў такім загадкавым незвычайным чынам. Ён быў добрым чалавекам. Не ненавідзеў і не дазваляў горычы атручваць душу <…> Дзякуючы гэтаму Юзаф атрымаў яшчэ большую свабоду і веліч. Прымаючы сябе такім, якім задумаў Бог, Юзаф цалкам знайшоў сябе, па-за сабою. Яго свабода адмовіцца нават ад таго, што належыць яму… і яго поўная ўнутраная гатоўнасць прыняць Божую волю кідаюць нам выклік і паказваюць нам шлях».117
127. Кантрацэпцыя засланяе гэтую ўнутраную свабоду і сілу. Пакуль сексуальныя жаданні разглядаюцца як дазволенасць або тыя жаданні, якія ніколі нельга адкласці на потым, — гэта паказальнік таго, што неабходна расці ва ўнутранай свабодзе. У якасці «тэхнічнага рашэння» таго, што насамрэч з’яўляецца маральнай праблемай, кантрацэпцыя «замоўчвае асноўнае пытанне, якое датычыць значэння чалавечай сексуальнасці і неабходнасці адказнага кіравання ёю, каб яна магла стаць выразам чалавечай любові».118
Перавагі натуральных метадаў распазнавання плоднасці ў сям’і
128. Вядома, «адказнае бацькоўства» ўключае ў сябе ўменне распазнаваць, калі нараджаць дзяцей. Сур’ёзныя прычыны, якія вынікаюць ад «фізічных, эканамічных, псіхалагічных і сацыяльных умоваў», могуць прывесці мужа і жонку да «рашэння адкласці нараджэнне наступнага дзіцяці на вызначаны або недакладны перыяд часу».119
129. Каталіцкім сужэнцам, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, патрэбныя настаўнікі і сябры, якія могуць навучыць іх натуральным метадам распазнавання плоднасці (НМРП) і падтрымліваць сужэнцаў у іх выкарыстанні. Парафіі і дыяцэзіі павінны зрабіць гэтую дапамогу першаснай пастырскай задачай і забяспечыць яе даступнаць. Нашмат больш верагодна, што сужэнская пара будзе сапраўды жыць паводле каталіцкага веравучэння, калі атрымлівае духоўнае кіраўніцтва, практычныя парады, а таксама падтрымку сяброў. Свецкія людзі, святары і біскупы — усе нясуць адказнасць за стварэнне такіх спрыяльных умоваў для сем’яў.
130. Калі сужэнцы з адкрытым сэрцам і пасля шчырай малітвы і разважання вырашаюць, што цяпер не той перыяд у жыцці, калі Бог заклікае іх мець больш дзяцей, тады час ад часу гэтыя метады будуць патрабаваць ад іх устрымлівацца ад інтымнай блізкасці. Такім чынам, выкарыстоўваючы НМРП, муж і жонка падпарадкоўваюць або прапаноўваюць свае кароткатэрміновыя сексуальныя жаданні іх больш шырокаму значэнню Божага паклікання ў сваім жыцці. Такая субардынацыя волі і жадання — адзін з многіх момантаў, што неперадузята і на досведзе паказваюць, як моцна адрозніваюцца НМРП і кантрацэпцыя. НМРП —асабісты і патрабавальны працэс, ён можа стаць прыгожым і глыбокім шляхам следавання за Панам у сужэнстве.
131. НМРП грунтуюцца на прыгажосці і неабходнасці сужэнскай палавой блізкасці. Паколькі яны таксама абапіраюцца на часовае інтымнае ўстрыманне дзеля стварэння перапынкаў у нараджэнні дзяцей, гэта заклікае сужэнцаў да самакантролю. Як і сама сужэнская повязь, НМРП фармуюць і дысцыплінуюць сексуальнае жаданне. Сама ідэя манагаміі азначае, што мужчыны і жанчыны з сапсаванай першародным грахом сексуальнасцю здольныя цярпліва ўтаймоўваць неўпарадкаваныя жаданні і навучыцца ставіцца да сужэнца з велікадушнасцю, захоўваць вернасць адно аднаму. Такім чынам, перыядычнае ўстрыманне, якога вымагаюць метады, спрыяюць таму, каб паглыбляць і аналізаваць выбар, ужо зроблены сужэнцамі. НМРП не гарантуюць шчаслівага сужэнства і не вызваляюць сужэнства ад усіх яго звычайных пакутаў, аднак яны з’яўляюцца спробаю будаваць сям’ю на скале, а не на пяску.
Кантрацэпцыя шырока распаўсюждвае памылковае разуменне сужэнства ў грамадстве
132. Як Касцёл прадказаў амаль 50 гадоў таму, кантрацэпцыя не толькі знішчае сужэнствы, але і аказвае іншыя шкодныя пабочныя наступствы на грамадства.120 Паўсюднае ўжыванне кантрацэпцыі азначае, што нямногія валодаюць уменнем ўстрымання і сексуальнага самакантролю. Такім чынам, кантрацэпцыя зрабіла цэлібат нашмат больш складаным для ўспрымання сучасных людзей, і тым самым сужэнства або іншыя віды рамантычнай сувязі сталі, па сутнасці, непазбежнымі. Калі так адбываецца, тады скажаецца ўсё сацыяльнае жыццё супольнасці. І ў той меры, у якой кантрацэпцыя не дазваляе нармальна ўспрымаць цэлібат, яна выклікае недахоп маладых святароў і манаскіх асобаў. Яшчэ кантрацэпцыя дазваляе ўспрымаць сексуальныя адносіны па-за сужэнствам (ці то перад ім, ці то за яго межамі) больш лёгка, так, нібы сексуальная блізкасць можа існаваць без наступстваў. І, вядома, многія з аргументаў за інтымныя адносіны, што не вядуць да нараджэння дзяцей, якімі апраўдваецца кантрацэпцыя, таксама выкарыстоўваюцца, каб выказацца за аборты, і вядуць да яшчэ больш пачварных і жорсткіх наступстваў.
133. Раздзяляючы секс і нараджэнне дзяцей, кантрацэпцыя спрыяе ўзнікненню культуры, якая дапускае стварэнне сужэнства на базе эмоцый і эратычнага партнёрства. Гэтае рэдукцыянісцкае, неўпарадкаванае бачанне з’яўляецца прычынаю многіх сённяшніх памылковых уяўленняў пра тое, чым на самой справе з’яўляецца сужэнства, што робіць развод звычайнай і распаўсюджанай з’яваю, нібы сужэнства — гэта дамова, якую можна скасаваць і перагледзець. Як нядаўна напісаў Папа Францішак:
«Сям’я перажывае глыбокі культурны крызіс, як і ўсе супольнасці і сацыяльныя сувязі <…> Сёння існуе тэндэнцыя разглядаць сужэнства як форму звычайнага эмацыянальнага задавальнення, якое можна пабудаваць любым спосабам або змяніць па жаданні. Аднак неацэнны ўклад сужэнства ў грамадства пераўзыходзіць пачуцці і імгненныя патрэбы мужа і жонкі. Як навучалі французскія біскупы, яно нараджаецца не “з пачуцця любові, недаўгавечнага па азначэнні, але з глыбіні абавязкаў, прынятых мужам і жонкай, якія згаджаюцца ўступіць у жыццё, поўнае еднасці”».121
Чаму Касцёл не падтрымлівае так званыя аднаполыя сужэнствы
134. Калі дапусціць, што сужэнства ў асноўным заключаецца дзеля эратычнага або эмацыйнага задавальнення, а гэтае дапушчэнне стала лягчэй зрабіць пасля таго, як сексуальны акт быў аддзелены ад пракрэацыі, тады ўзнікаюць аргументы ў апраўданне аднаполых сужэнстваў. У некаторых краінах цяпер праводзяцца кампаніі па змене дэфініцыі сужэнства, каб сужэнствам можна было назваць любыя адносіны, пабудаваныя на моцных эмацыйных і сексуальных сувязях па ўзаемнай згодзе паміж любымі дарослымі людзьмі. Там, дзе развод і ўжыванне кантрацэпцыі сталі нормаю і звычайнаю з’яваю і дзе ўкаранілася гэтае пераасэнсаванне сутнасці сужэнства, верагодным наступным крокам можа стаць яшчэ адна змена гэтага паняцця, каб назваць нормаю і аднаполыя сужэнствы.
135. Што датычыць ідэі аднаполых сужэнстваў, як добра вядома, Касцёл адмаўляецца благаслаўляць або дазваляць іх. Гэта ніякім чынам не азначае ачарнення або недаацэньвання глыбіні аднаполага сяброўства і любові. Гэты катэхізіс дае яснае меркаванне на гэтую тэму: Каталіцкі Касцёл лічыць, што ўсе людзі пакліканы даваць і атрымліваць любоў. Неабходна паважаць трывалае, адданае, чыстае аднаполае сяброўства. Католікі бяруць на сябе абавязак любіць, быць адкрытымі да іншых людзей, абапірацца адзін на аднаго і «насіць цяжары адзін аднаго»,122 і таму Касцёл на ўсіх узроўнях жадае развіваць і спрыяць чыстаму сяброўству, заўжды імкнучыся да салідарнасці з тымі, хто з якой-небудзь прычыны не можа ажаніцца.
136. Сапраўднае сяброўства — гэта спрадвечнае і высакароднае пакліканне. Святы Элрэд з Рыво адзначаў, што жаданне мець сябра паходзіць з глыбіні душы.123 Сапраўдныя сябры прыносяць «плён» і «слодыч», дапамагаючы адзін аднаму адклікацца Богу, натхняючы адзін аднаго жыць згодна з Евангеллем.124 «Незалежна ад таго, развіваецца сяброўства паміж людзьмі аднаго полу ці розных, яно прыносіць усім вялікую карысць. Сяброўства вядзе да духоўнай еднасці».125
137. Але, як павінна цяпер быць зразумела, сутнасць сужэнства для католікаў адрозніваецца ад іншых адносінаў, нават калі ў іх пануе вельмі моцная любоў, нават калі гэтая любоў глыбокая, ахвярная і доўжыцца працяглы час. Моцная доўгатэрміновая эмацыйная блізкасць недастатковая для ўступлення ў сужэнства. Сужэнства, як, зрэшты, яшчэ нядаўна паўсюдна лічылася на Захадзе, грунтуецца на абавязках, якія вынікаюць з тых магчымасцяў і выклікаў, якія ставіць перад мужчынам і жанчынаю іх пракрэатыўны патэнцыял.
138. Касцёл заклікае ўсіх мужчын і жанчын убачыць у сваёй сексуальнасці магчымасць паклікання. Каб стаць сталым мужчынам і сталай жанчынай, трэба задаць самім пэўныя пытанні: як Бог заклікае мяне ўключыць уласную сексуальнасць у Яго план на маё жыццё? Мы створаны па вобразе Божым, таму нашае прызначэнне — гэта заўсёды еднасць, ахвяра, служэнне і любоў. Кожны з нас павінен спытацца ў сябе, як ахвяраваць сексуальныя аспекты свайго жыцця ў сужэнстве або ў цэлібаце ў супольнасці. Ні ў адным з гэтых выпадкаў нашыя эратычныя жаданні або рамантычныя ўпадабанні не з’яўляюцца вырашальнымі або самадастатковымі; у абодвух выпадках мы непазбежна будзем пакліканыя прынесці ахвяры, якія мы не абралі б, калі б самі пісалі сцэнар уласнага жыцця.
Філасофскі, юрыдычны і палітычны кантэксты, у якіх сёння знаходзіцца сужэнства
139. Спрэчкі аб змене дэфініцыі сужэнства, у тым ліку аб праблеме аднаполых сужэнстваў, уздымаюць прававыя і палітычныя пытанні. У палітычнай тэорыі і тэалогіі каталіцкае вучэнне называе сям’ю дапалітычным інстытутам.126 Іншымі словамі, юрыдычна сям’я «папярэднічае» грамадству, супольнасці і палітычнай дзяржаве, паколькі сям’я «больш непасрэдна заснаваная на прыродзе чалавека».127 Грамадства не вынаходзіць і не засноўвае сям’ю; хутчэй, сям’я з’яўляецца асноваю грамадства: «сям’я, у якой розныя пакаленні існуюць разам і дапамагаюць адно аднаму ўзрастаць у мудрасці і дасягаць гармоніі паміж асабістымі правамі і патрабаваннямі сацыяльнага жыцця, з’яўляецца тым самым падмуркам грамадства».128 Такім чынам, дзяржаўная ўлада абавязана абараняць сям’ю і служыць ёй.
140. Да нядаўняга часу такое бачанне сям’і было шырока прынята таксама і не толькі сярод католікаў. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека ААН, прынятая ў 1948 годзе, сцвярджае, што «сям’я з’яўляецца натуральнай i асноўнай групай, з якіх складаецца грамадства, i мае права быць абароненай грамадствам i дзяржавай».129 Але паколькі ўсё часцей сужэнства пераасэнсоўваецца ў юрыдычных сферах як справа асабістых упадабанняў, якая не мае ніякай натуральнай сувязі з палавымі адрозненнямі і працягам роду, і распаўсюджваецца погляд на сужэнства, як на кантракт, згода паміж вераю і грамадствам у гэтым пытанні знікае. Сёння дзяржава ўсё больш імкнецца вынайсці новае значэнне сужэнства і змяніць яго дэфініцыю па сваім жаданні.130 Атрымліваецца так, нібы сям’я больш не з’яўляецца асноваю грамадства і дзяржавы, а хутчэй дзяржава цяпер прэтэндуе на тое, каб кантраляваць сем’і і кіраваць імі.
141. Некаторыя заканадаўцы цяпер спрабуюць замацаваць гэтую філасофскую «перастаноўку» паняццяў у новых законах аб сужэнстве. Замест таго, каб прызнаваць сужэнства прыродным інстытутам, у новай перспектыве яго разглядаюць як вельмі пластычнае ўтварэнне, падпарадкаванае і паслухмянае палітычнай волі. У Касцёла няма выбару, як толькі супрацьстаяць гэтаму рэвізіянізму — перагляду паняццяў — дзеля абароны сям’і, сужэнства і дзяцей.
142. Грамадства, што памылкова лічыць сужэнства кантрактам, які можна пераглядзець, і якое залежыць толькі ад самарэферэнтыўнай згоды чалавека — якая вызначае сама сябе — будзе па сутнасці разглядаць сужэнства як юрыдычную дамову, як добраахвотнае пагадненне паміж незалежнымі носьбітамі індывідуальных правоў асобы. Але гэты кантракт — не тое самае, што сужэнства, заснаванае на запавеце міласэрнасці. Логіка такіх дамоваў не суадносіцца з логікай святога Паўла ў пятым раздзеле Паслання да Эфесцаў, якая сцвярджае, што мужы і жонкі павінны любіць адно аднаго любоўю па прыкладзе любові на Крыжы. Аргументацыя на карысць скажонага разумення сужэнства як дамовы супярэчыць разуменню сужэнства як дару, як сакрамэнту запавету.
143. Касцёл абавязаны супрацьстаяць распаўсюджванню фальшывых тлумачэнняў паняцця сужэнства. Папа Францішак заўважыў:
«Ізноў Касцёл выступіў у якасці пасярэднікаў пошуку рашэнняў праблемаў, якія ўплываюць на супакой у свеце, гармонію у грамадстве, экалогію, абарону жыцця, грамадзянскія і чалавечыя правы і гэтак далей. І як шмат добрага зроблена каталіцкімі школамі і ўніверсітэтамі ва ўсім свеце! Гэта добра. Тым не менш, мы лічым, што цяжка прымусіць людзей зразумець, што, калі мы падымаем пытанні не надта прыемныя для грамадскага меркавання, мы робім гэта з вернасці тым самым перакананням у чалавечай годнасці і дзеля агульнага дабра».131
144. Як мы ўжо казалі ў пачатку гэтага катэхізіса, усё вучэнне Касцёла пра сужэнства, сям’ю і сексуальнасць паходзіць ад Езуса. Каталіцкая маральная тэалогія — гэта лагічнае вучэнне, якое адказвае на самыя глыбокія пытанні чалавецтва, гэта адзінае комплекснае вучэнне, у аснове якога ляжаць фундаментальныя хрысціянскія перакананні аб стварэнні свету Богам і Божым запавеце, аб грэхападзенні чалавецтва і ўцелаўленні,жыцці, укрыжаванні і ўваскрасенні Хрыста. Гэтае вучэнне кажа і пра тое, якім коштам і ахвярамі мы становімся вучнямі Хрыста, але таксама адкрывае новыя магчымасці для чалавека, каб дасягнуць прыгажосці і росквіту.
145. Калі сапраўдную прыроду сужэнства знішчаюць ці разумеюць скажона, сям’я слабее. Калі сям’я слабая, мы ўсе схіляемся да жорсткага індывідуалізму. Мы занадта лёгка страчваем у сабе Хрыстовую лагоднасць і забываемся пра вучэнне запавету. Калі сям’я моцная, калі яна стварае прастору для мужоў, жонак і іх дзяцей, даючы магчымасць развіваць у сабе мастацтва самадданасці па ўзоры Божага запавету — тады святло напаўняе азмрочаны свет. У гэтым святле можна ўбачыць сапраўдную прыроду чалавецтва. Менавіта таму Касцёл супрацьстаіць цемры, якая пагражае сям’і.
146. Мы усе грэшныя. Разлад, які існуе ў кожным чалавечым сэрцы, мае сацыяльны кантэкст і сацыяльныя наступствы. Нашыя неўпарадкаваныя жаданні, эканамічная сітуацыя, парнаграфія, кантрацэпцыя, разводы, юрыдычная і інтэлектуальная разгубленасць пагражаюць еднасці, для якой мы былі створаныя. Але любоў — гэта нашае пакліканне, і Касцёл шукае альтэрнатыву сучаснаму грамадскаму жыццю, імкнучыся да супольнасці, угрунтаванай на міласэрнасці, велікадушнасці, свабодзе і вернасці Езуса Хрыста. Многія арганізацыі і ініцыятывы Касцёла спрыяюць культуры жыцця, такія як дапамога бедным, падтрымка ўжывання натуральных метадаў распазнавання плоднасці сям’і або вызначэнне больш лагічнай філасофіі сямейнага права. Калі мы, як католікі, супрацьстаім разводам ці аднаполым «сужэнствам», ці зменам у сямейным праве, мы таксама бярэм на сябе адказнасць за развіццё супольнасцяў, заснаваных на падтрымцы і любові.
Пытанні для абмеркавання
a) Растлумачце, якая сувязь існуе паміж клопатам Касцёла пра бедных і вучэннем Касцёла пра сексуальныя адносіны і чыстасць. б) У чым розніца паміж кантрацэпцыяй і натуральнымі метадамі распазнавання плоднасці сям’і? в) Да якой агульнай высновы вядуць разводы, кантрацэпцыя і аднаполыя «сужэнствы»? г) Якія выпрабаванні для чыстасці ўзнікаюць у вашай супольнасці ідзе ў вашай парафіі можна даведацца, як ставіцца да гэтых пытанняў Касцёл? Як вашая парафія можа падтрымаць людзей, якія хочуць жыць у адпаведнасці з вучэннем Касцёла? Спасылкі 108. ККК, 1606. 109. Сінод Біскупаў, Экстраардынарная агульная асамблея, падрыхтоўчы дакумент «Pastoral Challengesto the Family in the Context of Evangelization» («Пастырскія выклікі сям’і ў аспекце евангелізацыі»), Ватыкан, 2013 г. 110. Папа Францішак, малітва Angelus, Ватыкан, 22 снежня 2013 г. 111. Энцыкліка Папы Бэнэдыкта XVI Caritas in Veritate (CV), 2009, 15. 112. Пасланне Папы Бэнэдыкта XVI «For the celebration of the world day of peace» («На святкаванне Сусветнага дня міру»), 1 студзеня 2008 г. 113. Пар. Мц 2, 13–23. 114. Папа Францішак, малітва Angelus, Ватыкан, 29 снежня 2013 г. 115. Папа Пій XII, «Allocution to Midwives» («Зварот да акушэрак»), 29 кастрычніка 1951 г. 116. Папа Пій XII, «Allocution to Midwives» («Зварот да акушэрак»), 29 кастрычніка 1951 г. 117. Папа Францішак, малітва Angelus, Ватыкан, 22 снежня 2013 г. 118. Пасланне Папы Бэнэдыкта XVI «On the occasion of the 40th anniversary of Paul VI’s encyclical Humanae Vitae» («З нагоды 40-гадовага юбілею энцыклікі Паўла VI Humanae Vitae»), 2 кастрычніка, 2008 г. 119. HV, 10. Пар. ККК, 2368. Таксама, гл. вышэй, 72. 120. Пар. HV, 17. 121. EG, 66. 122. Гл. вышэй, 88. 123. Святы Элрэд з Рыво, De Spirituali Amicitia, 1, 51. 124. Святы Элрэд з Рыво, De Spirituali Amicitia, 1, 45–46. 125. ККК, 2347. Гл. вышэй, 102. 126. КСВК, 214. 127. Энцыкліка Папы Льва XIII Rerum Novarum (RN), 1891, 13. 128. GS, 52. 129. Агульная Дэкларацыя Правоў Чалавека ААН, артыкул 16. 130. Пар. EG, 66. 131. EG, 65.
|