Многія людзі, асабліва сёння, аказваюцца ў балючай сітуацыі ў выніку нястачы, калецтва, хваробы і розных залежнасцяў, беспрацоўя і адзіноты пажылога веку. Але разводы і папулярызацыя гомасексуальнасці ўплываюць на жыццё сям’і асабліва глыбока. Хрысціянскія сем’і і супольнасці павінны быць крыніцаю міласэрнасці, бяспекі, сяброўства і падтрымкі для тых, хто змагаецца з гэтымі праблемамі.
Пачуўшы суровыя словы Езуса
147. Вітаючы Святую Сям’ю ў святыні, Сімяон абвяшчае, што немаўля Езус з’явіўся «на знак, якому супраціўляцца будуць» (Лк 2, 34). Евангеллі даказваюць праўдзівасць гэтых словаў, паказваючы, як сучаснікі Езуса рэагавалі на Яго дзейнасць. На Езуса крыўдзяцца нават многія Яго паслядоўнікі.132 Адна з прычынаў гэтага — «суровыя словы» Хрыста.
148. Некаторыя з самых суровых выказванняў Хрыста звязаныя з сужэнствам, сексуальным жаданнем і сям’ёй. Вучэнне Езуса аб непарыўнасці сужэнства стала шокам не толькі для фарысеяў, але нават для Яго паслядоўнікаў: «Калі гэта так <...> то лепш не жаніцца», — наракаюць вучні (Мц 19, 10). У Нагорным казанні Езус не толькі паглыбляе вучэнне Дэкалогу, але, як новы Майсей, заклікае сваіх паслядоўнікаў цалкам перамяніць свае сэрцы: «Вы чулі, што сказана: Не чужалож. А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім» (Мц 5, 27–28).
149. Вучні Пана ўтвараюць новую сям’ю Месіі, якая па сваёй сутнасці і значэнні пераўзыходзіць традыцыйныя сямейныя адносіны.133 Для паслядоўнікаў Езуса вада хросту гусцейшая за кроў сваяцтва. Запавет Пана надае новы кантэкст разуменню нашай цялеснасці і нашых узаемаадносінаў.
150. Касцёл працягвае місію Езуса ў свеце. «Хто слухае вас, Мяне слухае» (Лк 10, 16), — кажа Езус вучням, якіх пасылае у свет ад свайго Імя. Біскупы ў лучнасці са Святым Айцом становяцца спадкаемцамі апосталаў у іх служэнні.134 Такім чынам, не трэба здзіўляцца, што часам вучэнне Касцёла таксама ўспрымаецца як «суровыя словы», якія не стасуюцца з сучаснай культурай, асабліва ў пытаннях сужэнства, праяваў сексуальнасці і сям’і.
Касцёл — гэта палявы шпіталь
151. Каб правільна зразумець вучэнне Касцёла, трэба таксама разгледзець яго пастырскую сутнасць. Папа Францішак аднойчы выдатна параўнаў Касцёл з «палявым шпіталем пасля бою». Ён сказаў: «Няма сэнсу пытацца ў сур’ёзна параненага чалавека, наколькі высокі ўзровень халестэрыну або цукру ў яго крыві! Вы павінны загаіць яго раны. Тады можна будзе гаварыць пра ўсё астатняе. Лячыце раны, лячыце раны <...> І вы павінны пачынаць з нуля».135
152. Надзвычай лёгка атрымаць раны ў сферы сексуальнасці. Мужчыны, жанчыны і дзеці могуць быць зраненыя неразборлівымі сексуальнымі паводзінамі (і ўласнымі, і іншых людзей), парнаграфіяй і іншымі формамі аб’ектывацыі, гвалтам, прастытуцыяй, гандлем людзьмі, разводамі і страхам браць на сябе абавязкі, які выклікае пашырэнне культуры анты-сужэнства.136 Паколькі ў сям’і адбываецца глыбокая фармацыя чалавека — укладаецца «генеалогія асобы», яе біялагічны і сацыяльны бакі, а таксама сваяцкія адносіны — парушаныя стасункі ўнутры сям’і пакідаюць у чалавеку вельмі балючыя раны.137
153. Папа Францішак дапамагае нам успрымаць «суровыя словы» Касцёла як неабходныя лекі. Але мы павінны расстаўляць прыярытэты, загойваючы спачатку самыя цяжкія раны.
154. У Евангеллях шмат прыкладаў таго, як аздараўляў Езус. У сваіх працах святы Аўгустын часта выкарыстоўвае вобраз Хрыста-лекара. У велікоднай гаміліі ён піша: «Пан [як] дасведчаны лекар лепш ведаў, што адбываецца з хворым, чым сам хворы чалавек. Лекары лечаць хворыя целы, а Пан гэтак жа можа аздаравіць і хворыя душы».138 Разважаючы аб прыпавесці пра міласэрнага самараніна, Аўгустын разглядае Касцёл як гасцініцу, куды змяшчаюць параненага вандроўніка, каб той вылечыўся: «Давайце ж мы, параненыя, будзем маліць лекара, няхай нас занясуць у гасцініцу, каб там мы лячыліся <...> таму, браты, у наш час Касцёл таксама з’яўляецца гасцініцай для вандроўніка, дзе аздараўляецца паранены чалавек».139
155. Першасная задача Касцёла — прывесці людзей да сустрэчы з Боскім Лекарам. Кожная сустрэча з Хрыстом прыносіць аздараўленне грэшнаму чалавецтву, і заўсёды можна запрасіць у свае сэрцы Святога Духа, каб мы маглі пакаяцца і навярнуцца. Папа Францішак добра сказаў: «Я запрашаю ўсіх хрысціянаў, паўсюль, у гэтае самае імгненне, нанова асабіста сустрэцца з Езусам Хрыстом або прынамсі адкрыцца, каб дазволіць Яму сустрэцца з вамі; я прашу ўсіх вас рабіць гэта нястомна кожны дзень. Ніхто не павінен думаць, што гэтае запрашэнне не для яго ці не для яе, бо «нікога не абміне радасць, якую прыносіць Пан».140
156. Падкрэсліваючы асаблівае значэнне асабістай сустрэчы з Езусам, Папа Францішак пацвердзіў тое, што казалі яго папярэднікі. Папа Бэнэдыкт XVI сказаў: «Імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак».141 А Папа Ян Павел II падкрэсліў, што «Бог у жаданні даць людзям магчымасць сустрэцца з Хрыстом даў ім свой Касцёл», які сапраўды «хоча служыць адзінай мэце — каб кожны чалавек мог знайсці Хрыста і каб Хрыстус мог з кожным чалавекам ісці шляхам яго жыцця».142
157. Новую евангелізацыю можна параўнаць з тым, як параненых выносяць з поля бою, якое ўвасабляе свет, каб яны сустрэліся з Боскім Лекарам і атрымалі аздараўленне, якое Ён прапануе ў супольнасці Касцёла. Папа Францішак бачыць у гэтай задачы выклік, у адказ на які мы павінны стаць «місіянерскім Касцёлам», «Касцёлам, які рухаецца наперад».143
Цярплівасць і прабачэнне Касцёла дапамагаюць нам аздараўляцца і ўзрастаць
158. У Касцёле гаючую сілу Божай ласкі перадае Святы Дух. Святы Дух робіць Езуса прысутным у Літургіі Касцёла, у пабожным чытанні Святога Пісання ў святле Святой Традыцыі і ў Настаўніцкім Інстытуце Касцёла, які служыць Божаму слову.144 Хрыстус, лекар душы і цела, асаблівым чынам выяўляе сябе ў сакрамэнтах пакаяння і намашчэння хворых, двух сакрамэнтах аздараўлення.145
159. Удзел у сакрамэнтальным жыцці, развіццё малітоўнага жыцця, дабрачыннасць, духоўныя практыкі, адказнасць і падтрымка веруючых сяброў — усе гэта дае шлях да навяртання зраненаму хрысціяніну, які прагне аздараўлення. Але навяртанне не адбываецца ў адно імгненне. Яно з’яўляецца няспынным заклікам для ўсіх членаў Касцёла: «Заклік Хрыста да навяртання пастаянна гучыць у жыцці ахрышчаных. Гэтае другое навяртанне ўяўляе сабою непарушнае заданне для ўсяго Касцёла, “які абхоплівае ў сваім улонні грэшнікаў, ёсць святым, але ў той жа час заўсёды патрабуе ачышчэння і пастаянна ідзе шляхам пакаяння і аднаўлення”».146
160. Па сваё прыродзе працэс навяртання пастаянна знаходзіцца ў руху, фармуючы нашую здольнасць разумець і жыць вучэннем Касцёла. Кажучы пра маральнае развіццё хрысціянаў у сужэнстве, святы Ян Павел II адрозніваў «закон паслядоўнасці» ад «паслядоўнасці закону».147 «Закон паслядоўнасці» звязаны з прагрэсіўным характарам навяртання. Па меры аздараўлення ад ранаў граху, хрысціяне ўзрастаюць у святасці ў кожнай сферы свайго жыцця, уключаючы сферу сексуальнасці. Калі яны церпяць няўдачы, то ім трэба звярнуцца да Божай ласкі, даступнай у сакрамэнтах Касцёла.
161. З іншага боку, «паслядоўнасць закону» уводзіць у зман, сцвярджаючы, што «ў Божым законе існуюць розныя ступені або формы прадпісанняў для розных людзей і сітуацый».148 Напрыклад, некаторыя памылкова сцвярджаюць, што сужэнскім парам, якія лічаць каталіцкае вучэнне пра адказнае бацькоўства занадта складаным, варта настойліва прытрымлівацца свайго сумлення ў выбары кантрацэпцыі. Гэта фальшывая форма паслядоўнасці. Яна фактычна прыкідваецца свайго роду патэрналізмам*, адмаўляючы здольнасць некаторых членаў Касцёла адказаць на паўнату Божай любові, і накіраваная на «зніжэнне планкі» хрысціянскага маральнага вучэння для іх.
*Маецца на ўвазе нібыта садзейнічанне дабру чалавеку, але пры гэтым пазбаўленне яго асабістай адказнасці (заўвага рэдактара).
162. У духу сапраўднай паслядоўнасці Папа Францішак нядаўна пахваліў мужнасць свайго папярэдніка ПаўлаVI у яго энцыкліцы Humanae Vitae. У святле супраціўлення ўсё большаму сацыяльнаму ціску, накіраванаму на кантроль нараджальнасці, Папа Францішак сказаў: «Геніяльнасць Папы Паўла VI была прарочаю, ён меў мужнасць выступіць супраць большасці, абараняць маральную дысцыпліну, затармазіць гэтую культуру, супрацьстаяць неамальтузіанству —сучаснаму і будучаму».149
163. Але ў той жа час Папа Францішак адзначыў, што Павел VI наказаў спаведнікам інтэрпрэтаваць яго энцыкліку з «вялікай міласэрнасцю [і] ўвагай да канкрэтных сітуацый <...> Пытанне не ў тым, каб змяніць дактрыну, але каб пайсці глыбей і пераканацца, што пастырскі клопат улічвае сітуацыі, якія адбываюцца, і магчымасці кожнага асобнага чалавека».150 Таму Касцёл заклікае сваіх членаў да паўнаты праўды і натхняе іх карыстацца Божаю ласкаю па меры таго, як расце іх здольнасць жыць паводле яе.
Каталіцкае вучэнне залежыць ад каталіцкай супольнасці
164. Многае ў маральным вучэнні Хрыста і, адпаведна, у каталіцкай этыцы —патрабавальнае да чалавека. Але паводле іх мяркуецца, што ў хрысціянаў мусіць быць дух апостальства, малітоўнае жыццё і гатоўнасць даваць сацыяльнае і эканамічнае хрысціянскае сведчанне. Перадусім яны патрабуюць, каб чалавек вёў жыццё ў хрысціянскай супольнасці — гэта значыць у сям’і іншых мужчын і жанчын, якія сустрэлі Езуса, якія разам вызнаюць, што Ён ёсць Панам, які жадае, каб Яго ласка фармавала іх жыццё, і дапамагае ўсім адказваць Яму.
165. Каталіцкае вучэнне адносна гомасексуалізму трэба разумець у гэтым святле. Тое самае вучэнне, якое заклікае людзей з гомасексуальнымі схільнасцямі жыць у чыстасці, у палавым устрыманні,заклікае ўсіх католікаў адмовіцца ад сваіх страхаў, пазбягаць несправядлівай дыскрымінацыі і быць адкрытымі для сваіх гомасексуальных братоў і сясцёр, прымаючы іх у супольнасць любові і праўды ў Касцёле151. Усе хрысціяне пакліканыя супрацьстаяць сваім неўпарадкаваным сексуальным схільнасцям і ўзрастаць у чыстасці (гэты заклік датычыць кожнага чалавека) і такім чынам — у здольнасці даваць і атрымліваць любоў адпаведна з іх жыццёвым станам.152 Мы павінны няспынна адказваць на гэты заклік да навяртання, гэта абавязковая праца і рух наперад для нас — грэшнікаў, якія знаходзяцца ў працэсе аздараўлення і з якіх складаецца Касцёл. Ключ да вырашэння праблемы — у тым, каб стварыць унутры сям’і, парафіі і шырэйшай хрысціянскай супольнасці асяродак узаемнай падтрымкі, дзе можа адбывацца маральны рост і змены.
166. Настойлівыя спробы зацвердзіць або надаць прававы статус сумеснаму жыццю асобаў аднаго полу і супрацьлеглых палоў, якія адбываюцца сёння, вынікае са зразумелага страху адзіноты. Усё больш і больш у масавай секулярнай культуры лічыцца неабходным мець палавога партнёра, і людзі лічаць вучэнне Касцёла жорсткім, таму што яно асуджае мужчын і жанчын на жыццё ў адзіноце.
167. Але калі б звычайныя парафіяне разумелі, што цэлібат лагічна грунтуецца на жыцці ў супольнасці, і калі б больш хатніх Касцёлаў ставілася да адкрытасці больш сур’ёзна, тады спрадвечнае каталіцкае вучэнне аб чыстасці і палавым устрыманні па-за шлюбам нашмат лепш успрымалася б сучаснымі людзьмі. Іншымі словамі, калі б нашыя парафіі сапраўды былі месцамі, дзе «адзін» не азначае «адзінокі», дзе шырокія сеткі сяброў і сем’яў сапраўды дзеляць адно з адным радасці і нягоды, то, магчыма, хаця б у некаторых рэчах свет не змог бы аспрэчваць вучэнне Каталіцкага Касцёла. Католікі могуць прыняць своеасаблівае апостальства гасціннасці — адкрытасць да іншых, незалежна ад таго, як варожа або абыякава ставіцца да іх атачэнне. Ніхто не абмяжоўвае свецкіх або кансэкраваных католікаў у сяброўстве, якое мы можам прапанаваць тым, хто вядзе барацьбу.
168. У сваёй пастырскай апецы над тымі, хто развёўся і мае паўторнае сужэнства, Касцёл імкнецца сумясціць вернасць вучэнню Езуса пра непарыўнасць сужэнства (што збянтэжыла Яго вучняў) з міласэрнасцю ў сэрцы ў служэнні. Разгледзім, напрыклад, што піша Бэнэдыкт XVI пра пастырскую апеку над разведзенымі мужчынамі і жанчынамі:
«Я бачу ў гэтым вялікую задачу для парафіі, каталіцкай супольнасці — зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы ім адчуваць, што іх любяць і прымаюць, адчуваць, што яны не “адкінутыя”. <...> Вельмі важна, каб яны бачылі, што іх суправаджаюць і вядуць <...> Яны павінны разумець, што гэтая пакута — не толькі іх фізічны або псіхалагічны боль, але і тое, што можна перажываць унутры супольнасці Касцёла дзеля вялікіх каштоўнасцяў нашай веры. Я перакананы, што іх пакуты, калі іх шчыра прыняць з глыбіні істоты, з’яўляюцца дарам для Касцёла. Яны павінны ведаць пра гэта, каб зразумець, што гэта іх спосаб служыць Касцёлу; што яны знаходзяцца ў самым сэрцы Касцёла».153
169. Іншымі словамі, Папа Бэнэдыкт пацвярджае праўду, якой вучыў Хрыстус, але пры гэтым ён не адкідвае тых, хто развёўся і мае паўторнае сужэнства, кажучы ім сціснуць зубы і пакутаваць у адзіноце. Гэта не той шлях, якім ідзе Касцёл, і кожнаму католіку, які дзейнічае, нібы так і павінна быць, варта памятаць, што адно са злачынстваў фарысеяў заключалася ў тым, што яны, абцяжарваючы іншых людзей законамі, не хацелі «і пальцам крануць», каб дапамагчы людзям іх несці (Мц 23, 4). Папа Бэнэдыкт паўтарае словы Катэхізіса Каталіцкага Касцёла пра тое, што «святары і ўся супольнасць павінны праяўляць старанны клопат» пра разведзеных католікаў, каб тыя не адчувалі сябе аддзеленымі ад Касцёла.154
170. Сяброўскія сувязі дапамагаюць зносіць вымаганні, якія стаяць перад вучнямі Хрыста. «Насіць цяжары адзін аднаго»155 ўнутры хрысціянскай супольнасці дазваляе яе членам ісці шляхам аздараўлення і навяртання. Братэрская любоў і міласэрнасць даюць магчымасць захоўваць вернасць, а таксама — сведчанне і падтрымку Паўсюднаму Касцёлу. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла мае нешта падобнае на ўвазе, кажучы, што сужэнцы, якія захоўваюць складаны саюз, «заслугоўваюць падзякі і падтрымкі касцёльнай супольнасці».156 Тое самае трэба сказаць усім, хто знаходзіцца ў складаных сямейных абставінах.
171. У культуры, якая вагаецца паміж ананімнасцю з аднаго боку і напоўненаю вуайерызмам цікаўнасцю «да падрабязнасцяў жыцця іншых людзей» з іншага боку, Папа Францішак заклікае нас падтрымліваць адно аднаго ў працы духоўнага росту.157 Ён кажа: «Той, хто ўмее быць добрай падтрымкай, не паддаецца расчараванням і страхам. Ён або яна заклікае іншых дазволіць быць аздароўленымі, заклікае ўзяць свае насілкі, прыняць крыж, пакінуць усё за сабою і зноў рухацца наперад, каб абвяшчаць Евангелле».158 Такім чынам тыя, хто атрымлівае аздараўленне, павінны заклікаць іншых атрымаць аздараўленне.
172. Хрысціянская вера і збаўленне, якое яна перадае, не індывідуальныя; яны глыбока супольныя: «Вера з неабходнасці мае эклезіяльную форму, вызнаецца знутры цела Хрыста як канкрэтная камунія веруючых. Менавіта з гэтай касцёльнай прасторы адкрывае яна кожнага хрысціяніна на ўсіх людзей. Пачутае слова Хрыста моцаю свайго дынамізму перамяняецца ў хрысціяніне ў адказ i становіцца ў сваю чаргу словам сказаным, вызнаннем веры».159
173. Многае з вучэння Езуса датычна сексуальных адносінаў і сужэнства цяжка было выконваць у старажытныя часы і цяжка выконваць сёння. Але мы не адзінокія, калі сутыкаемся з гэтымі цяжкасцямі. Жыць у целе Хрыста значыць быць яго ўзаемазалежнымі членамі, якія будуюць адно аднаго ўлюбові.160 Вучэнне Касцёла, сакрамэнтыі супольнасць — усё гэта існуе, каб дапамагчы нам на нашым шляху. З цярплівасцю, прабачэннем і даверам у целе Хрыста ўсе разам мы можам аздараўляцца і жыць так, як было б немагчыма жыць у іншых абставінах.
Пытанні для абмеркавання
a) Касцёл — гэта палявы шпіталь. Як Касцёл дапамагае параненым людзям? Як мы можам палепшыць сітуацыю? б) Чаму католікі не з’яўляюцца індывідуалістамі ў плане маралі? Чаму мы падкрэсліваем важнасць падтрымкі супольнасці? Як вы адчувалі Божую ласку, што дзейнічае праз супольнасць? в) Якія існуюць перашкоды для стварэння цеснага духоўнага сяброўства ў вашай культуры? Што можа зрабіць вашая парафія або дыяцэзія, каб падтрымліваць каталіцкае сяброўства? г) Што робіць ваша парафія або дыяцэзія, каб дапамагчы людзям узрастаць у чыстасці? Ці існуюць у вас групы падтрымкі або магчымасці атрымліваць веды ў гэтай сферы? Як часта ўдзяляецца сакрамэнт пакаяння, ці ёсць магчымасці атрымліваць духоўнае кіраўніцтва? Спасылкі 132. Пар. Ян 6, 60–66. 133. Пар. Мк 3, 13–35 іЛк 8, 19–21. 134. Пар. ККК, 77, 85. Пар. Dei Verbum (DV), 7. 135. Інтэрв’ю Папы Францішка«A Big Heart Open to God» («Вялікае сэрца адкрытае Богу»), America, 30 верасня 2013 г. 136. Пар. ККК, 2351–2356, і FC, 24. 137. Пар. Ліст да сем’яў Папы Яна Паўла ІІ Gratissimam Sane (GrS), 1994, 9. 138. Святы Аўгустын, «Sermons»(«Казанні»), 2290, The Works of St. Augustine: A Translationfor the 21st Century. Sermons III/6 (184–229Z), trans. Edmund Hill, O.P., ed. John Rotelle, O.S.A. (New York, 1993), 323. Для іншых выпадкаў, калі Аўгустын апісвае збаўленне з дапамогаю медыцынскіх тэрмінаў гл. Serm. 229E (ibid., p. 283); Confessions VII, xx, 26; X, xxx, 42; De doctrina christiana 1, 27; 4, 95; Enchiridion 3.11; 22.81; 23. 92; 32.121; De nuptiis, Bk. 2, 9. III; 38. XXIII. 139. Святы Аўгустын, «Tractates on the Gospel of John» («Трактаты на тэму Евангелля паводле Яна»), 41.13.2. Saint Augustine, Tractates on the Gospel of John 28-54, trans. John W. Rettig (Washington:CUA Press, 1993), 148–49. 140. EG, 3. 141. DCE, 1. 142. Энцыкліка Папы Яна Паўла ІІ Veritatis Splendor (VS), 1993, 7. 143. EG, 19-24. 144. DV, 10. 145. ККК, 1421. 146. ККК, 1428. Пар. LG, 8. 147. FC, 34. 148. FC, 34. 149. Фрэнсіс Кс. Рокка, «Pope, in interview, suggests...»(«Інтэрв’ю з Папам»), Каталіцкая служба навінаў, 5 сакавіка 2014 г. 150. Фрэнсіс Кс. Рокка, «Pope, in interview, suggests...»(«Інтэрв’ю з Папам»), Каталіцкая служба навінаў, 5 сакавіка 2014 г. 151. Пар. ККК, 2358–2359. 152. Пар. ККК, 2337, 2348. 153. Зварот Папы Бэнэдыкта XVI «Evening of Witness» («Вечар сведчання»), Мілан, 2 чэрвеня 2012 г. 154. ККК, 1651. 155. Гал6, 2. гл. вышэй, 88. 156. ККК, 1648. 157. EG, 169–73. 158. EG, 172. 159. LF, 22.
|