Прамова біскупа Антонія Дзям’янкі на пачатак Імшы з нагоды 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі |
Пінск, катэдральны касцёл, 28 кастрычніка 2015 г. 28 кастрычніка 1925 года Папа Пій ХІ булай “Viхdum Polonia unitas” дзеля духоўнай карысці вернікаў Палесся стварыў Пінскую дыяцэзію. Першым пастырам быў прызначаны біскуп Зыгмунт Лазінскі, які на працягу сямі гадоў кіравання дыяцэзіяй здолеў вельмі шмат зрабіць для адраджэння веры людзей на Палессі. Ён арганізаваў духоўную семінарыю, курыю, паспрыяў будаўніцтву многіх святынь у месцах кампактнага пражывання вернікаў, клапаціўся пра тое, каб кожная парафія мела свайго душпастыра. Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі памёр у Вялікую суботу 1932 года, пражыўшы толькі 62 гады. Перад смерцю ён гаварыў семінарысту, які быў пры ім: “Абудзі мяне, калі буду паміраць, бо такой прыгожай хвіліны я не хачу перажыць у непрытомным альбо сонным стане”. І яшчэ Слуга Божы казаў: “Я быў вам шчырым прыяцелям пры жыцці. Яшчэ больш буду вам дапамагаць пасля смерці”. Цяпер мы молімся аб яго хутчэйшай беатыфікацыі. |