22 лістапада 2015 г.
Шаноўны ксёндз пробашч! Ксяндз(ы) вікарый (і), дарагія сёстры законныя! Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
У адпаведнасці з літургічным парадкам касцёльны год заканчваецца ўрачыстасцю Езуса Хрыста Валадара Сусвету, якая ў Гродзенскай дыяцэзіі называецца семінарыйнай нядзеляй. Ксяндзы выкладчыкі і навучэнцы нашай семінарыі адправіліся сёння ў розныя куткі дыяцэзіі, каб паказаць сваю прысутнасць у яе жыцці, каб асабіста сустрэцца з вамі, падзякаваць вам за малітвы і ахвяраванні, заахвоціць маладых людзей задумацца на тэму жыццёвага паклікання, а таксама разам з вамі паглыбіцца ў сэнс сённяшняй урачыстасці.
Дарагія хрысціяне! У сённяшнім Евангеллі мы чуем пытанне Пілата: “Ці Ты Кароль юдэйскі?” Езус, які стаіць перад Пілатам як вінаваты, аб’яўляе сябе сапраўдным Каралём: “Валадарства Маё не з гэтага свету”. Езус прыйшоў з іншага свету – свету Божага, і з’яўляецца сапраўдным Валадаром, унутрана абсалютна вольным чалавекам. Тое, што Езус Хрыстус гаворыць пра сябе як чалавека, датычыць таксама кожнага з нас. Мы з’яўляемся тым каралём, каралевай, таму што мы дзеці Божыя, створаныя па вобразе Божым. На жаль, гэтая праўда пра Валадарства Божае з яго каштоўнасцямі закрыта перад Пілатам і ўсімі, хто бачыць толькі тое, што тут і цяпер.
Умілаваныя ў Хрысце! Кожны чалавек мае вялікую годнасць, якую ніхто не можа забраць. Нават калі мы прыніжаныя, абсмяяныя, асуджаныя і абмежаваныя ў нашых правах, пераследаваныя, аголеныя ці ўкрыжаваныя, заўсёды ў нас застаецца ўнутраная прастора, да якой ніхто не мае доступу; тое, ці будзем мы ўнутрана адчуваць сябе Каралём/Каралевай ці падняволеным чалавекам, залежыць у першую чаргу ад нас саміх.
Мае дарагія! У сённяшняй сцэне Езус дае шанс Пілату, каб той адкрыў вочы і пазнаў праўду. А праўда ў тым, што за зямной уладай Пілата, як і многіх іншых магутных гэтага свету, схаваны страх страціць сацыяльны статус, бяссілле ў многіх жыццёвых сітуацыях, баязлівасць. Праўда, аднак, не з’яўляецца вышэйшай каштоўнасцю ў жыцці такіх людзей і таму іх не цікавіць. Пілат думае аб уладзе, прэстыжы, аб рэалізацыі сваіх планаў, аб кар’еры любой цаной, а не аб пазнанні праўды ці аб дабрыні да іншага чалавека. Менавіта гэтыя і падобныя амбіцыі з'яўляюцца прычынай чалавечых пакут, якія вядуць яго ў свет сваёй велічы і магутнасці, але на самой справе часта робяць яго бязвольным шарыкам у руках іншых людзей, якія выкарыстоўваюць яго ў сваіх інтарэсах.
Умілаваныя! Настаўнік ставіць таксама сёння перад кожным з нас, свецкім і духоўным, дзіцём і дарослым, бедным і багатым аналагічнае пытанне: што ты, дарагі брат і дарагая сястра, выбіраеш у сваім жыцці – хлусню і насілле, як Пілат, ці жыццё ў праўдзе, службе Валадарству Божаму?
Хацелася б пажадаць усім нам, каб мы, як паслядоўнікі Хрыста, выбралі праўду і Валадарства Божае, каб мы ў сабе і ў кожным чалавеку, нягледзячы на памылкі, грахі, слабасці, знешні прыгнёт, былі ў стане бачыць каралеўскую годнасць; каб мы кожнага чалавека разглядалі па-каралеўску, памяталі аб тым, што кожны з нас мае годнасць Божага дзіцяці, якой ніхто не зможа адабраць.
Умілаваныя! Сёння чалавек моцна патрабуе радасных навінаў пра каралеўскую годнасць усіх людзей. Свет, напоўнены гвалтам, неспакоем, нянавісцю і страхам, чакае добрай навіны пра любоў і міласэрнасць, патрабуе тых, хто будзе абвяшчаць Божае Валадарства.
Таму мы просім вас, дарагія хрысціяне – у адпаведнасці з просьбай Езуса аб малітве за працаўнікоў на жніве Панскім – маліцца ў сваіх парафіяльных супольнасцях і сямейных дамах аб пакліканні да святарства і манаскага жыцця, каб не было недахопу ў тых, хто, нягледзячы на тое, што застаецца слабым і грэшным, але з верай і даверам у Божую дапамогу, пойдзе да ўсіх, хто чакае добрай навіны пра любячага Бога.
Мае дарагія! Наша гродзенская семінарыя перажывае цяжкі этап свайго існавання. Многіх з нас хвалююць паведамленні з інтэрнэту пра магчымыя змены ў яе функцыянаванні. Таму мы вельмі просім вас усіх, духоўных і свецкіх, каб маліліся за нашу гродзенскую семінарыю і за здольнасць распазнаваць волю Бога.
Умілаваныя! Як вы, напэўна, ведаеце, у гэтым годзе Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне адзначыла 25-годдзе сваёй дзейнасці. На працягу гэтага перыяду, дзякуючы вашым малітвам і матэрыяльнай падтрымцы, семінарыя падрыхтавала больш за 200 святароў, якія працуюць старанна на карысць Божага люду ў Гродзенскай дыяцэзіі, у Беларусі, у краінах былога Савецкага Саюза, а таксама на службе Апостальскай Сталіцы. З ліку выпускнікоў нашай семінарыі да годнасці біскупа былі пакліканы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Супрацоўнікі нашай семінарыі – гэта больш за 30 духоўных і свецкіх выкладчыкаў, якія атрымалі адукацыю ў розных універсітэтах Італіі, Германіі, Польшчы і Беларусі. На дадзены момант мы імкнёмся забяспечыць глыбокай чалавечай, духоўнай, дактрынальнай, пастырскай і місіянерскай фармацыяй 33 маладых людзей, якія ў сценах гродзенскай семінарыі рыхтуюцца да святарства.
Умілаваныя ў Хрысце! Сёння ад імя ўсёй нашай семінарыйнай супольнасці ў Гродне праз пасрэдніцтва гэтага ліста як рэктар я хачу падзякаваць вам за малітвы, за ўсё добрае, што робіце нам, а таксама за матэрыяльныя ахвяры, якія вы складаеце на ўтрыманне нашай семінарыі. Давайце памятаць, што малітва за работнікаў на жніве Пана, як і дапамога тым, хто жадае прысвяціць сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля, з’яўляецца нашым агульным абавязкам.
Запэўніваю вас таксама ў нашай малітве ва ўсіх вашых інтэнцыях. Святая Імша ў інтэнцыі ахвярадаўцаў і дабрадзеяў семінарыі будзе адпраўлена 8 снежня, а таксама адбываецца ў апошні дзень кожнага месяца.
Няхай благаславіць вас усіх Езус Хрыстус, Кароль Сусвету, Валадар часу і вечнасці. Амэн.
Гродна, 16 лістапада 2015 г.
Рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. д-р Раман Рачко
|