Мінск, 28 лістапада 2015 г.
Другі Ватыканскі Сабор: матывацыі і вынікi
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Найперш дазвольце звярнуцца да вас са сваімі асабістымі ўспамінамі адносна Другога Ватыканскага Сабору. 24 снежня 1965 г. позна вечарам я, тады студэнт Ленінградскага палітэхнічнага інстытута, прыйшоў у адзіны ў тыя часы каталіцкі касцёл у горадзе на Няве, касцёл Маці Божай Лурдскай на Ковенскім завулку, на Імшу вігіліі Божага Нараджэння.
Людзей у касцёле было вельмі шмат. Нечакана для сябе ў прэзбітэрыі я ўбачыў праваслаўнага Мітрапаліта. Пасля Імшы пробашч кс. Людас Павілёніс прадставіў нам госця, якім быў Мітрапаліт Ленінградскі і Ладажскі Нікадзім, вялікі прыхільнік адзінства хрысціян і сябар Каталіцкага Касцёла. Прыкметна, што магістарскую дысертацыю ён прысвяціў благаслаўлёнаму Папу Яну XXIII. Божы Провід так распарадзіўся, што Мітрапаліт Нікадзім памёр 5 верасня 1978 г. падчас аўдыенцыі ў Папы Яна Паўла І (1).
Дык вось, ён распавёў прысутным аб сваім удзеле у Другім Ватыканскім Саборы ў якасці назіральніка ад Маскоўскага Патрыярхату. Менавіта тады, на Божае Нараджэнне 1965 г., я упершыню пачуў аб тым, што адбыўся Сабор, і пачуў гэта з вуснаў праваслаўнага Мітрапаліта. Сам сабе задаю пытанне: “А адкуль мог пачуць? Дзе мог прачытаць? У газеце “Правда” ці “Известия”, калі гаварылася, што “в “Правде” нет известий, а в “Известиях” нет правды”?
Тады я не мог ні падумаць і ні гадаць, што ў будучыні Сабор захопіць мяне настолькі, што яму прысвячу як ліцэнцыят на тэму “Ecclesia: quid dicis de teipsa? – або матывы паўстання і галоўныя аспекты вучэння пра Касцёл Дагматычнай канстытуцыі Lumen gentium”, так і дактарат на тэму “Развіццё самасвядомасці Касцёла у працах і дакументах Другога Ватыканскага Сабору”.
2. Сабор завяршыўся 8 снежня 1965 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, і ў гэтым годзе мы адзначаем 50-годдзе гэтай гістарычнай падзеі. Ён стаў новым спасланнем Святога Духа, які дапамог па-новаму паглядзець на Касцёл і яго місію ў свеце і на многія дзесяцігоддзі наперад вызначыў яго курс.
Багацце вучэння Сабору яшчэ да канца не выкарыстана і сёння. Пасля паўстагоддзя ад яго завяршэння нам неабходна вяртацца да яго духу, каб эфектыўна адказваць на выклікі часу і ўспрымаць Касцёл, як сакрамэнт паўсюднага збаўлення.
3. “La Chiesa prende coscienza de se stessa”2 – “Касцёл пазнае сам сябе”, – так называлася прамова Папы Паўла VI падчас адкрыцця другой сесіі Сабору 14 верасня 1963 г. У гэтых словах крыецца галоўная яго мэта. Тэзіс, што Касцёл павінен пазнаваць сам сябе – гэта пацвярджэнне і далейшае развіццё ўзнятай падчас першай Сесіі гэтага касцёльнага форуму Прымасам Бельгіі кардыналам Лео Сюнэнсам праблемы, што Сабор павінен адказаць на пытанне: “Ecclesia: quid dicis de teipsa?” – “Касцёл, што ты кажаш пра сябе?”3
Прадстаўлены Папам Паўлам VI тэзіс сведчыць аб разуменні Айцамі Сабору таго, што акрэсленае Папам Янам XXIII заданне гэтага сусветнага форуму біскупаў - адпаведнае патрабаванням часу аднаўленне Касцёла (aggiornamento) - можа быць паспяхова вырашана толькі дзякуючы паглыбленай эклезіялогіі і самасвядомасці Касцёла.
У той самай прамове Папа Павел VI у чатырох пунктах накрэсліў задачы Сабору. А менавіта: самасвядомасць Касцёла, яго рэформа, еднасць хрысціян і дыялог Касцёла з сучасным светам4. Усё гэта азначае, што Сабор усвядоміў, што побач з “aggiоrnamento”, гэта азначае аднаўленне згодна з патрабаваннямі часу, яшчэ павінна быць і “approfondimento”5, ці паглыбленне яго вучэння аб сабе самім. Папа таксама прыгадаў, што ў вялікай колькасці пытанняў, якія стаялі перад Саборам, неабходна паглыбіцца ў галоўнае. А менавіта вывучыць і абвясціць адноўленае вучэнне пра Касцёл, яго прыроду і місію6.
4. На першы погляд здаецца, што веруючыя шмат ведаюць пра Касцёл. Найперш са штодзённых малітваў, катэхізіса, з касцёльнай паслугі і ўдзелу ў набажэнствах. Аднак, калі мы стараемся глыбей пазнаць Касцёл, то становіцца ясным, што на самой справе гэта вялікая таямніца, якой нельга зразумець без святла веры; што гэта складаная рэчаіснасць; што гэта не толькі вонкавая інстытуцыя, якая накладае абавязкі і абяцае ўзнагароду за іх выконванне, але і ўнутраная.
Касцёл мае духоўны пачатак, бо ён прадугледжаны Богам Айцом, Хрыстом устаноўлены і кіраваны Святым Духам. У Святым Пісанні ён прадстаўляецца як Божае Валадарства7, Містычнае цела Хрыста8, авечы двор9, статак10, Божае поле11, Божая будоўля12, Божы дом13, святыня Святога Духа14, наша Маці15, нявеста Хрыста16, Божы народ17 і іншыя.
Касцёл святы і адначасова складаецца з грэшнікаў: “Ecclesia sancta et simul peccata”. Яго члены – гэта ахрышчаныя, якія жывуць на зямлі, церпячыя ў чысцы і прабываючыя ў нябеснай славе. У ім ёсць сакрамэнты – Хрыстом устаноўленыя знакі, дзякуючы якім мы атрымліваем Божую ласку. Ён мае бачную іерархічную структуру, інстытуцыі і г.д.
5. Разам з вывучэннем Касцёла з’яўляюцца і іншыя пытанні. Напрыклад: якая дэфініцыя Касцёла? Якая яго прырода? Якімі тэалагічнымі тэрмінамі выказаць тоеснасць паміж Хрыстом і Касцёлам? Як Хрыстус праз Касцёл выконвае сваю місію збаўлення? Хто належыць да Касцёла? Якая яго структура? Якія адносіны з іншымі хрысціянскімі супольнасцямі і нехрысціянамі? Якая роля кансэкраваных асобаў і свецкіх у Касцёле? Ці складаюць паасобныя біскупы разам з Папам Калегію біскупаў і якія яе функцыі ў кіраванні Касцёлам? Ці паходзіць прымат Папы і Калегіі біскупаў з Божага ўстанаўлення? Якая роля літургіі ў жыцці Касцёла? Як дзейнічаюць сакрамэнты? Як Касцёл успрымае свет і яго справы? І многія іншыя.
6. Гэтыя і падобныя пытанні цягам часу вырашаліся ў вучэнні Айцоў Касцёла, Сабораў, Папаў, тэолагаў, бо Касцёл рознымі спосабамі выконвае давераную яму Хрыстом місію. Адзін з іх – гэта паўсюдны Сабор, на якім Калегія біскупаў, галавой якой ёсць Папа, урачыста выкарыстоўвае сваю ўладу18.
Саборы, хаця і не былі прама ўстаноўлены Хрыстом, аднак з першых стагоддзяў хрысціянства адбываліся, каб вырашаць касцёльныя праблемы, і таму яны вельмі добра адпавядаюць прыродзе Касцёла. Звычайна на Саборах вырашаліся рэлігійна-дактрынальныя пытанні і прымаліся дысцыплінарныя пастанаўленні. У гэтым сэнсе Другі Ватыканскі Сабор адрозніваецца ад іншых. Ён, хаця не прыняў ніводнага дагмату і нікога не экскамунікаваў, тым не менш паказаў Касцёл у новым святле і паглыбіў яго самапазнанне.
7. Пачынаючы ад Першага Ватыканскага Сабору (1869-1870), Касцёл шмат увагі прысвячаў праблеме свайго самапазнання. Прынятая 18 ліпеня 1870 г. канстытуцыя “Pastor bonus” абвясціла дагмат аб непамылковасці Папы ў справах веры і маральнасці. А ў праекце другой канстытуцыі пра Касцёл на Першым Ватыканскім Саборы было прадстаўлена вучэнне пра Містычнае цела Хрыста19. Папа Леў XIII у сваім вучэнні шырока выкарыстаў думкі Першага Ватыканскага Сабору. У абвешчанай 29 чэрвеня 1896 г. энцыкліцы “Satis cognitum” ён паглыбіў навуку пра Касцёл і яго еднасць20. У апублікаванай 15 мая 1890 г. энцыкліцы “Rerum novarum” ён упершыню прадставіў сацыяльнае вучэнне Касцёла пра чалавечую працу21.
У тыя часы ў цэнтры тэалагічных даследаванняў усё часцей знаходзяцца пытанні пра прыроду Касцёла, яго самасвядомасць і місію. Фундаментальнай у гэтым сэнсе з’яўляецца апублікаваная 29 чэрвеня 1943 г. энцыкліка Папы Пія XII “Mistici Corporis” – пра Касцёл як Містычнае цела Хрыста. Яна прадстаўляе адноўленае вучэнне пра Касцёл22. Перад Другім Ватыканскім Саборам гэта найбольш значнае вучэнне пра Касцёл. Гэта сапраўдны трактат, які паказвае адраджэнне эклезіялогіі і падкрэслівае тоеснасць тэрмінаў “Каталіцкі Касцёл” і “Містычнае цела Хрыста”.
Асаблівай увагі патрабуюць абвешчаныя тым жа Папам тры наступныя энцыклікі: 30 верасня 1943 г. “Divino afflane Spiritu” пра Святое Пісанне23, 20 лістапада 1947 г. – “Mediator Dei”24 пра літургіку і 20 лістапада 1950 г. – “Humani generis” пра памылкі, якія пагражаюць касцёльнаму вучэнню. У апошняй між іншым Папа падкрэслівае, што вучэнне пра Касцёл як Містычнае цела Хрыста з’яўляецца абавязковым25. У вучэнні Пія XII вялікая ўвага звяртаецца на значэнне Святога Пісання ў тэалагічных даследаваннях і літургіі ў жыцці Касцёла.
У той жа час у вучэнні пра Касцёл відавочны быў недахоп біблійных ідэй, якія раскрываюць яго прыроду і характар, напрыклад, Божае Валадарства26, Божы народ27 і іншыя. Да недахопаў трэба аднесці і дамінаванне іерархіі ў вучэнні пра Касцёл і адсутнасць вучэння пра ролю свецкіх у жыцці і місіі Касцёла. Слаба было прадстаўлена вучэнне пра таямніцу Касцёла, яго эсхаталагічны характар, пра біскупаў і іх адносіны з Папам, пра свецкіх і кансэкраваных асобаў, пра ролю Марыі ў жыцці Касцёла і іншае28.
Акрамя гэтага, трэба было ўлічваць і тое, што ў свеце існуюць іншыя хрысціянскія канфесіі і нехрысціянския рэлігіі, а таксама няверуючыя, і з усімі імі патрэбны дыялог і супрацоўніцтва. Нельга таксама забывацца і пра заклік Езуса Хрыста аб еднасці хрысціян29.
Такім чынам відавочна, што эклезіялогія перад Другім Ватыканскім Саборам хаця і развівалася, тым не менш патрабавала грунтоўнага, іншага падыходу да пазнання прыроды Касцёла і яго місіі ў свеце. Гэта стала галоўным матывам таго, што благаслаўлёны Папа Ян XXIII праз тры месяцы пасля абрання на Катэдру св. Пятра, 25 студзеня 1959 г., падчас набажэнства завяршэння тыдня малітвы аб еднасці хрысціян у базыліцы св. Паўла ў жэсце пакорнай адвагі аб’явіў аб тым, што склікае Сабор. Пры гэтым ён сказаў, што кіруецца клопатам аб духоўнай карысці вернікаў і жадае, каб новы пантыфікат змог ясным і канкрэтным чынам падыйсці да духоўных патрэб нашага часу30.
У Саборы прымала ўдзел каля 3000 біскупаў з усяго свету, сярод якіх быў таксама і беларускі іерарх грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч (1914-1981), які працаваў над падрыхтоўкай Дэкрэтаў пра Усходнія Каталіцкія Касцёлы і пра аднаўленне манаскага жыцця.
8. Другі Ватыканскі Сабор стаў адной з найбольш важных падзей у гісторыі Касцёла і яго жыцці. Хаця ён і не прыняў ніводнага дагмату, тым не менш яго вучэнне пра Касцёл настолькі важнае, што без яго немагчыма было б уявіць сабе Касцёла нашага часу.
8.1. Чатыры гады працы Сабору - гэта гады пошуку новага твару Касцёла ў двух аспектах: “Касцёл знутры” і “Касцёл звонку” – “Ecclesia ad intra” i „Ecclesia ad extra”, якія адпавядаюць спадзяванням самога Касцёла і свету.
8.2. Сабор не даў дэфініцыі Касцёла, бо такая дэфініцыя ўнесла б шмат абмежаванняў. Але гэта дало магчымасць паказаць Касцёл, які мае боска-чалавечую прыроду, у шматвектарным аспекце існавання, супольнасці і служэння.
8.3. Разам з інстытуцыянальна-іерархічным характарам, у якім асаблівым чынам падкрэслена калегіяльнасць епіскапату31, Сабор, выкарыстоўваючы Святое Пісанне, прадставіў Касцёл як пілігрымуючы Божы народ, які складаецца з розных народаў32, заклікаў да большага выкарыстання Божага слова, каб свет паверыў навіне збаўлення і дзякуючы веры меў надзею і любоў33. Ён таксама развіў тэму ролі свецкіх у Касцёле34.
8.4. Асаблівае значэнне мае саборнае аднаўленні і развіццё літургіі, у якой Хрыстус заўжды прысутнічае ў сваім Касцёле і дзякуючы якой Бог атрымлівае дасканалае праслаўленне, а людзі – асвячэнне35.
8.5. Касцёл выйшаў з эры контррэфармацыі і ўвайшоў у эпоху міжхрысціянскага і міжрэлігійнага дыялогу36.
8.6. Вялікае значэнне мае саборнае вучэнне пра Усходнія Каталіцкія Касцёлы, якія з’яўляюцца непадзельнай спадчынай усяго Касцёла37.
8.7. Вучачы, што Хрыстовы Касцёл існуе (subsistit)38 у Каталіцкім Касцёл, Сабор знайшоў іншыя Касцёлы і хрысціянскія супольнасці, у якіх дзейнічае Святы Дух39.
8.8. Бог дзейнічае таксама і ў нехрысціянскіх рэлігіях з якімі неабходна весці дыялог40.
8.9. Сабор прадставіў сацыяльнае вучэнне Касцёла і прызнаў неабходнасць дыялогу са светам, бо Касцёл без адносін са светам азначае свет без Касцёла41.
8.10. Дыялог Касцёла з хрысціянскімі канфесіямі – гэты дыялог аб Хрысце і Яго прысутнасці ў свеце. Дыялог з нехрысціянскімі рэлігіямі – гэта пошук супольных каштоўнасцяў. Межканфесійны і межрэлігійны дыялог разам з дыялогам з няверуючымі і са светам дазваляе Касцёлу заняць пазіцыю слугі.
8.11. Такім чынам Касцёл у Хрысце з’яўляецца як бы сакрамэнтам, знакам і прыладай унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва (пар. LG 1)42 і “паўсюднай прыладай збаўлення”43.
8.12. Касцёл Другога Ватыканскага Сабору – гэта Касцёл жывы, дынамічны, адкрыты да дыялогу з мэтай супольнага пошуку праўды. Што яшчэ раз пацвярджае прынцып “Ecclesia semper reformanda” – “Касцёл заўсёды рэфармуецца”. Сабор стаў Божым дарам Касцёлу, паваротным пунктам у яго гісторыі і праграмай на будучыню.
9. Другі Ватыканскі Сабор, будучы актам любові да Бога, Касцёла і чалавецтва, стаўся галоўнай касцёльнай падзеяй ХХ стагоддзя, якая ўчыніла актуальнымі надзею і аптымізм Евангелля. Ён па-новаму паглядзеў на самога сябе і паглыбіў сваю самасвядомасць. Паводле думкі вядомага французскага тэолага М.Д. Шэню, саборная тэалогія базуецца на наступных чатырох вуглавых камянях: прыярытэт сакрамэнту над касцёльнай арганізацыяй, прызнанне неаспрэчнай каштоўнасці чалавека як суб’екта ў структуры і дынаміцы збаўлення, разуменне Касцёлам свайго месца ў гісторыі і прызнанне каштоўнасці зямных рэалій44.
Благаслаўлёны Павел VI назваў Сабор вялікім катэхізісам новага часу45.
Святы Ян Павел II кажа, што Другі Ватыканскі Сабор стаў для Касцёла дарам Святога Духа. Таму ён застаецца фундаментальнай падзеяй не толькі для разумення гісторыі Касцёла, але ў першую чаргу для вывучэння сталай прысутнасці ўваскрослага Хрыста ў свеце. Памылкай было б лічыць саборныя дакументы чымсьці мінулым, бо рэальна яны з’яўляюцца часткай традыцыі касцёльнай веры46. Сабор стаў компасам, які ўказае шлях Касцёла на пачатку новага тысячыгоддзя47.
Паводле Папы Бэнэдыкта XVI, Сабор стаў прыгожай фрэскай, намаляванай пад кіраўніцтвам Духа Святога, і яго вучэнне з’яўляецца моцным заклікам да новага адкрыцця прыгажосці веры і яе глыбокага пазнання48.
Святы Айцец Францішак кажа, што Другі Ватыканскі Сабор пачаў новую старонку гісторыі зразумелым спосабам гаварыць пра Бога да людзей іх часу. Дзякуючы яму Касцёл пачаў час абвяшчэння Евангелля новым спосабам і пачуў адказнасць быць у свеце жывым знакам любові Айца49.
Сабор завяршыўся, але ён працягваецца, бо эклезіялогія не стаіць на месцы, а развіваецца. Аб гэтым сведчаць паслясаборная гісторыя Касцёла, Сіноды Біскупаў, Кодэкс Кананічнага Права, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, вучэнні Папаў - Паўла VI, Яна Паўла II, Бэнэдыкта XVI, Францішка - і шматлікія касцёльныя дакументы. Усе яны карыстаюцца вучэннем Сабору і далей яго развіваюць.
Касцёл ідзе наперад дарогай, пазначанай яму Богам. Пачаты Другім Ватыканскім Саборам шлях яго самапазнання ажыццяўляецца ў новых абставінах, каб у іх ён мог паспяхова выконваць сваю функцыю і быць “паўсюднай прыладай збаўлення”50.
Дзякую за ўвагу. ____________________________ Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen gentium” (LG). 2. II Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes” (GS). 3. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне “Dei Verbum” (DV). 4. II Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую Літургію “Sacrosanctum Concilium” (SC). 5. II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра апoстольства свецкіх “Apostolicam actuositatem” (AA). 6. II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра Усходнія Касцёлы “Orientale Ecclesiarum” (OE). 7. II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра экуменізм “Unitatis redintegratio” (UR). 8. II Ватыканскі Сабор. Дэкларацыя пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій “Nostrae aetate” (NA). 9. Documenti. Il Concilio Vaticano II. Edizioni Dehoniane 1966 (Documenti-CVat II). 10. Codex Iuris Canonici – Kodeks Prawa Kanonicznego, Poznań 1983 (CIC). 11. Францішак. Була, якая абвяшчае Год Міласэрнасці, “Misericordiae vultus” (MV). 12. H. Denzinger-A. Schönmetzer, Enchiridon symbolorum definitionum et declarationum de rebus fidei et morum (36), Barcelona 1966 (D). 13. Breviarium fidei. Wybór doktrynalnch wypowiedzi Kościoła. Kśięgarnia św. Wojciecha, Poznań 1988 (BF). 14. V. Balčiunas ir kt. (red.), II Vatikano Susirinkimo dokumentai, III. Popiežiu kalbos ir raštai, Boston 1969 (Susirinkimo dokumentai, III). 15. V. Balčiunas ir kt. (red.), II Vatikano Susirinkimo dokumentai, III. Popiežiu kalbos ir raštai, Boston 1969 (Susirinkimo dokumentai, III). 16. История II Ватиканского Собора, I. Библейско–богословский институт св. Андрея Апостола. Москва 2003 (История II ВС, I). 17. История II Ватиканского Собора, I. Библейско–богословский институт св. Андрея Апостола. Москва 2009 (История II ВС, V). 18. Analecta Cracoviensia, Kraków 1969 ss. (AnCr). 19. Acta Synodalia, TPV 1971 (AS). 20. W. Granat, Chrystus Odkupiciel i Kościół – Jego Mistryczne Ciało (Granat. ChOiK-JMC). 21. пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/en/speeches/2000/jan-mar/documents/hf_jp-ii_spe_20000227_vatican-council-ii.html. 22. http://dzieje.pl/aktualnosci/50-lat-temu-papiez-jan-xxiii-otworzyl-obrady-soboru-watykanskiego-ii. 23. https://ru.wikipedia.org/wiki.
- пар. https://ru.wikipedia.org/wiki.
- Documenti-CVat II, c. 336.
- AnCr, X, c. 215 (AS, Vat I, pars IV, p. 222-223)
- пар. Documenti-CVat II, c. 337-340; Ench Vat I, c. 82-119.
- пар. Documenti-CVat II, c. …; Ench Vat I, c. 103.
- пар. Documenti-CVat II, c. 345; Ench Vat I, c. 142-163.
- пар. Мк 1, 15; Мц 4, 17; Лк 11, 20 …
- пар. 1 Кар 12, 13; Рым 12, 5; Эф 1, 22-23 …
- пар Ян 10, 1-10.
- пар. Іс 40, 11; Эз 34, 11..
- пар. 1 Кар 3, 9.
- пар. там жа.
- пар. Цім 3, 15.
- пар. Эф 2, 19-22.
- пар. Гал 4, 26.
- пар. Ап 19, 7. 21, 2. 22, 17 …
- пар. 1 П 2, 9-10.
- CIC, Кан. 336-337.
- пар. D 3000-3045. 3050-3075; BF, c. 91-114.
- пар. D 3300-3010.
- пар. BF 53.
- пар. D 3800-3822.
- пар. D 3825-3831.
- пар. D 3840-3855.
- пар. D 3875-3899.
- пар. Мц 4, 17; Мк 1, 15.
- пар. 1 П 2, 9-10; Мц 16, 18.
- пар. Granat. ChOiK-JMC, c. 253-350.
- пар. Ян 17, 21.
- пар. История II ВС, I, c. 1-2.
- пар. LG 18-29.
- пар. LG 9-17.
- пар. DV 1-26.
- пар. LG 30-38; AA 1-33.
- пар. SC. 1-130.
- пар. UR 1-24; NA 1-5.
- пар. OE 1-30.
- пар. LG 8.
- пар. UR 3.
- пар. NA 1-5.
- пар. GS 1-93.
- пар. LG 1.
- пар. LG 48.
- пар. История II ВС, V.
- пар. http://dzieje.pl/aktualnosci/50-lat-temu-papiez-jan-xxiii-otworzyl-obrady-soboru-watykanskiego-ii.
- пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/en/speeches/2000/jan-mar/documents/hf_jp-ii_spe_20000227_vatican-council-ii.html.
- пар. http://www.stefczyk.info/wiadomosci/swiat/benedykt-xvi-o-soborze-watykanskim-ii, 5604560549#ixzz3sUWkEPuW.
- там жа.
- пар. MV 4.
- LG 48.
|