Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад кс. Кірыла Бардонава на сімпозіуме, прысвечаным 50-годдзю заканчэння Другога Ватыканскага Сабору

28 лістапада 2015 г., Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены

Пакліканне чалавечай асобы да веры і любові ў навучанні Другога Ватыканскага Cабору

Уступ

25 студзеня 1959 года, праз тры месяцы пасля свайго абрання на Святы Пасад, Папа Ян XXIII аб'явіў пра намер сабраць Сусветны Сабор. 29 чэрвеня 1959 года Папа выпусціў энцыкліку «Ad Petri Cathedram», у якой коратка вызначыў мэты будучага Сабору: «развіццё каталіцкай веры, абнаўленне хрысціянскага жыцця, прыстасаванне касцёльнай дысцыпліны да патрэбаў і звычаяў нашага часу»1. Мэтай Сабору было aggiornamento, гэта значыць аднова Касцёла, спроба наблізіць яго да сучаснасці.

Другі Ватыканскі Сабор з’яўляецца самай важнай падзеяй для Касцёла ў ХХ ст. Асноўнае новаўвядзенне гэтага Сабору заключалася ў тым, што ў адрозненне ад папярэдніх, асабліва самых першых, ён не канцэнтраваўся на дагматах аб Хрысце і Найсвяцейшай Тройцы, але быў арыентаваны на душпастырства, на ўнутраную аднову ўсяго Касцёла. Гэта было першае такое глыбокае разважанне Касцёла аб самім сабе.

Пакліканне да веры

Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл “Lumen Gentium” з’яўляецца самым важным дакументам Другога Ватыканскага Сабору, з якім звязаны ўсе іншыя. Яна была прынята 18 лістапада 1964 года. Чатыры пункты (39-42) “Lumen Gentium” уваходзяць у пяты раздзел канстытуцыі і прадстаўляюць сабранае разам навучанне Сабору аб паўсюдным пакліканні людзей да святасці, аднак і іншыя пункты гэтага дакумента закранаюць тэму святасці і звязаную з ёй тэму паклікання да веры.

Да святасці пакліканы імкнуцца той, хто верыць. Паколькі чалавек з’яўляецца сацыяльнай істотай, то і вера з’яўляцца не толькі індывідуальным актам, але і актам, які праяўляецца ў супольнасці. Гэтая праўда выразна і ўзнёсла запісана ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла: „ніхто не можа верыць паасобку, як ніхто не можа паасобку жыць. Ніхто не даў веры самому сабе, як ніхто не даў самому сабе жыцця. Той, хто верыць, атрымаў веру ад іншых, таму ён павінен перадаваць яе іншым” (KKK 166). У “Lumen Gentium” мы чытаем: “Богу спадабалася асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключыўшы ўсякую ўзаемасувязь паміж імі, а ўтварыць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і свята служыў Яму” (LG 9).

Такой супольнасцю веруючых, Божым народам, з’яўляецца Каталіцкі Касцёл. Гэта Бог веруючых у Хрыста вырашыў сабраць у святым Касцёле (LG 2).

Роберт Белармін (+1620) за некалькі стагоддзяў да Другога Ватыканскага Сабору стварыў славутую дэфініцыю Касцёла: “Касцёл – гэта сход веруючых, якія з’яднаны паміж сабою вызнаваннем аднолькавай веры і ўдзелам у аднолькавых сакрамэнтах, застаюцца пад кіраваннем законных пастыраў, а асабліва адзінага намесніка Хрыста на зямлі – рымскага біскупа”. У гэтай яснай дэфініцыі нічога не сказана пра боскі элемент у Касцёле. Другі Ватыканскі Сабор адмовіўся ствараць новае азначэнне Касцёла. Аднак у “Lumen Gentium” названы прыкметы Касцёла. Ён апісваецца як знак і інструмент “унутранага яднання з Богам і еднасці ўсяго чалавецтва” (LG 1), а таксама як “народ, з’яднаны еднасцю Айца і Сына, і Духа Святога” (LG 4) і як “супольнасць веры, надзеі і любові” (LG 8). Сабор перайшоў ад інстытуцыянальнага разумення Касцёла, якое стала традыцыйным, як “дасканалай супольнасці”, да падкрэслівання сувязі чалавечага і Божага элементаў у Касцёле: “містычнае цела Хрыста, бачны сход і духоўная супольнасць, зямны Касцёл і Касцёл, надзелены нябеснымі дарамі, не могуць разумецца як дзве асобныя рэчы; наадварот, яны ўтвараюць адну складаную рэчаіснасць, якая вырастае з боскага і чалавечага элементаў” (LG 8).

Сабор падрэсліў неабходнасць для збаўлення веры, хросту і Касцёла (LG 14).  “Гэты Касцёл, заснаваны і ўладкаваны на гэтым свеце як супольнасць, трывае (subsistit) у каталіцкім Касцёле, якім кіруе наступнік Пятра і біскупы, якія застаюцца з ім у супольнасці (communio), хоць па-за яго складам знаходзіцца шмат элементаў асвячэння і праўды” (LG 8). Тыя, хто цалкам уключаны ў Касцёл, звязаныя паміж сабой “сувязямі вызнання веры” (LG 14). Аднак “Касцёл прызнае сваю сувязь з тымі, хто з’яўляецца ахрышчаным і носіць прыгожае імя хрысціян, але не вызнае веры ва ўсёй яе паўнаце або не захоўвае еднасць з супольнасцю (communio) на чале з наступнікам Пятра” (LG 15) і не перастае маліцца і рабіць іншыя крокі для таго, каб “у спакоі ўсе аб’ядналіся ў адну аўчарню на чале з адным Пастырам” (LG 15).

Касцёл верна захоўвае наказ Хрыста абвяшчаць Евангелле. Там, дзе людзі яшчэ не чулі Добрай Навіны, Касцёл яе прапаведуе і “заклікае слухачоў верыць і вызнаваць веру” (LG 17), “ратуе з няволі памылак і далучае да Хрыста” (LG 17).

“Хрыстус Пан, Найвышэйшы Святар, узяты з людзей (пар. Гбр 5, 1-5), новы народ «учыніў… валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго» (Ап 1, 6; пар. 5, 9-10)” (LG 10). Кожны вернік праз хрост становіцца ўдзельнікам агульнага святарства і павінен быць верным малітве, разам з іншымі праслаўляць Бога і прыносіць сябе ў ахвяру (LG 10). Такім чынам вернікі выконваюць сваё агульнае святарства “праз прыняцце сакрамэнтаў, малітву і падзяку, сведчанне святога жыцця, праз самаахвярнасць і дзейсную любоў” (LG 11). Заданні верніка адносна веры, “якую [яны] атрымалі ад Бога праз пасрэдніцтва Касцёла” (LG 11), такія: вызнаваць яе перад людзьмі, пашыраць яе словам і справай, абараняць яе (LG 11). У рэалізацыі гэтых заданняў вернікаў умацоўвае ласка сакрамэнту канфірмацыі (LG 11). Увогуле, пакліканне да веры звязана з прыняццем сакрамэнтаў. “Сакрамэнты не толькі прадугледжваюць веру, але пры дапамозе слоў і рэчаў жывяць, умацоўваюць і выяўляюць яе, таму яны называюцца сакрамэнтамі веры” – чытаем мы ў Канстытуцыі аб святой Літургіі „Sacrosanctum Concilium” (SC 59).

Хоць не ўсе ў Касцёле крочаць адным і тым жа шляхам, аднак усе пакліканы да святасці і адна і тая ж вера дасталася ўсім дзякуючы справядлівасці Пана (пар. 2 П 1, 1) (LG 32). “Кожны ў залежнасці ад сваіх дароў і абавязкаў павінен без ваганняў крочыць шляхам жывой веры, якая абуджае надзею і дзейнічае праз любоў” (LG 41).

Некаторыя вернікі сваё пакліканне да святасці рэалізуюць, служачы супольнасці як дыяканы, прэзбітэры і біскупы. Аднак паміж духавенствам і іншымі вернікамі “пануе сапраўдная роўнасць” (LG 32), бо існуе толькі адзін выбраны Божы народ: «адзін Пан, адна вера, адзін хрост» (Эф 4, 5), а “ў розных відах жыцця і абавязках усе культывуюць адну святасць” (LG 41).

Важную ролю ў абвяшчэнні веры займаюць біскупы, перадаючы даручанаму народу праўды веры, тлумачачы змест веры і баронячы ад памылак у ёй (LG 25). “Хоць паасобныя біскупы не маюць прывілею беспамылковасці, аднак яны беспамылкова абвяшчаюць вучэнне Хрыста тады, калі, нават рассеяныя па свеце, захоўваюць сувязь паміж сабой і з наступнікам Пятра, аўтэнтычна навучаючы справам веры і звычаям, калі згаджаюцца ў тым, што нейкае меркаванне трэба прыняць як канчатковае” (LG 25).  

У місіі асвячэння асвячэння чалавека ўдзельнічаюць хрысціянскія сужэнцы, бо яны “падтрымліваюць адно аднаго ў супольным сужэнскім жыцці, а таксама ў нараджэнні і выхаванні патомства для дасягнення святасці і так, ва ўласцівым ім стане і парадку жыцця, маюць свой дар сярод Божага народу” (LG 11). Сабор называе сям’ю ecclesia domestica, у якой бацькі становяцца для дзяцей першымі абвяшчальнікамі веры (LG 11).

Сабор звяртае ўвагу на тое, што ўся супольнасць веруючых, сабраная ў Касцёле, не можа памыліцца ў пытаннях веры, бо мае звышнатуральнае пачуццё веры (sensus fidelium). Кіруе гэтым пачуццём Дух Святы, а само яно становіцца крыніцай еднасці веруючых (consensus fidelium) (LG 11, 13). “Дзякуючы гэтаму пачуццю веры […] Божы народ пад кіраўніцтвам святога Настаўніцкага Інстытута Касцёла прымае ўжо не чалавечае, а сапраўды Божае слова (пар. 1 Тэс 2, 13), непахісна трымаецца веры, аднойчы перададзенай святым (пар. Юд 3), глыбей спасцігае яе з дапамогай слушнай ацэнкі і паўней выкарыстоўвае яе ў жыцці” (LG 11).

Сабор падае Дзеву Марыю як узор хрысціянскай веры. Больш за тое, за святым Амброзіем Сабор называе Марыю “правобразам (typus) Касцёла ў сэнсе веры, любові і дасканалага з’яднання з Хрыстом” (LG 63). “Благаслаўлёная Дзева ішла дарогай веры і верна захавала сваю еднасць з Сынам да самага крыжа” (LG 58).
 
Пакліканне да любові

Чалавек, які жыве верай, набліжаецца да святасці. Гэтае набліжэнне звязана з пакліканнем да любові, паколькі “любоў з’яўляецца душой святасці” (KKK 826). Законам Новага Запавету стала новая запаведзь: любіць, як Хрыстус палюбіў нас (пар. Ян 13, 34).  

Выкарыстоўваючы высновы, да якіх прыйшлі прадстаўнікі хрысціянскага перасаналізму, айцы Другога Ватыканскага Сабору ў Пастырскай канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце “Gaudium et spes” падкрэслілі годнасць чалавечай асобы. Гэтая Пастырская канстытуцыя была апошнім дакументам, абнародаваным 7 снежня 1965 года, у дзень закрыцця Сабору, на яго IV сесіі.

У названым дакуменце разглядаецца цэласнасць і еднасць чалавечай асобы “з целам і душой, з сэрцам і сумленнем, з розумам і воляй” (GS 3). Бог стварыў чалавека з любові і патрымлівае яго існаванне, а адзіны целам і душой чалавек здольны рэалізавацца тады, калі “добраахвотна прызнае гэтую любоў і давяраецца свайму Стварыцелю” (GS 19). Створаны на вобраз Бога чалавек запрошаны імкнуцца да свайго Стварыцеля, які з’яўляецца яго мэтай (GS 24). Менавіта стварэнне чалавека на вобраз Божы дазваляе нам зразумець, што “любоў да Бога і бліжняга — гэта першая і найвялікшая запаведзь” (GS 24).

Найлепш зразумець, хто такі чалавек, можна толькі праз Хрыста, які  “поўнасцю паказвае чалавека самому чалавеку і адкрывае яму яго найвышэйшае пакліканне” (GS 22). Ідучы за прыкладам Хрыста, чалавек не можа знайсці самога сябе інакш, як толькі праз шчыры дар самога сябе (GS 24). Становячымся падобным да вобразу Хрыста, вучань Божага Сына “атрымлівае «пачаткі Духа» (Рым 8, 23), якія робяць яго здольным выконваць новы закон любові” (GS 22).

Гэты закон чалавек адкрывае ў сваім сумленні, ён падказвае што рабіць, а чаго пазбягаць. Выкананнем гэтага закону з’яўляецца любоў да Бога і бліжняга (GS 16).

Мы ўжо ўзгадвалі пра сацыяльную сутнасць чалавека. У “Gaudium et spes” айцы Сабору сцвярджаюць: “чалавечая асоба ёсць і павінна быць пачаткам, суб’ектам і мэтай усіх сацыяльных інстытутаў, бо па сваёй сутнасці яна мае неад’емную патрэбу ў грамадскім жыцці” (GS 25). Воляй Бога было, “каб усе людзі ўтваралі адну сям’ю і ставіліся адно да аднаго па-братэрску” (GS 24). “Святое Пісанне вучыць, што любоў да Бога неадрыўная ад любові да бліжняга. «Усе іншыя запаведзі змяшчаюцца ў адным наказе: „Любі бліжняга твайго, як самога сябе“. Любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем Закону» (Рым 13, 9-10; пар. 1 Ян 4, 20) (GS 24).

Братэрская любоў вернікаў служыць выяўленню Божай прысутнасці, калі вернікі “адзінадушна супрацоўнічаюць дзеля веры Евангелля і становяцца знакам еднасці” (GS 21). Бог запрашае нас, “каб мы шукалі гэтую любоў не толькі ў вялікіх справах, але перадусім і ў звычайных жыццёвых абставінах” (GS 38).

Вернікі сваё пакліканне да любові рэалізуюць у сужэнстве або дзявоцтве. З сужэнствам звязана дабро асобы і грамадства, але ў сучаснасці “сужэнская любоў вельмі часта прафануецца праз эгаізм, геданізм і недазволеныя метады кантрацэпцыі” (GS 47). Адносна сужэнства Сабор падкрэсліў, што “глыбокая супольнасць сужэнскага жыцця і любові, устаноўленая Стварыцелем і ўнармаваная Яго законамі, усталёўваецца праз сужэнскі саюз, гэта значыць праз незваротную асабістую згоду” (GS 48). Такім чынам Касцёл застаўся верным традыцыям, выпрацаваным у кананістыцы, якія звязаны з рымскім правам. Яшчэ ў рымскім праве сцвярджалася, што „matrimonium facit partium consensus”2 а само сужэнства называлася vitae consortium3. Сабор таксама ўжываў тэрмін запавет (foedus) для акрэслівання сужэнскай згоды і самога сужэнства, прагнучы інкарпараваць чыста юрыдычныя элементы ў духоўны кантэкст.

Сабор выразна сцвердзіў, што хоць любоў сужэнцаў – гэта яшчэ не ўсё ў іх супольнасці жыцця, аднак яна павінна знаходзіцца ў “цэнтры” сужэнства і сужэнскага жыцця (GS 49). Сужэнскую “любоў наш Пан пажадаў асаблівым дарам сваёй ласкі і любові аздаравіць, удасканаліць і ўзвысіць” (GS 49). “Такая любоў, звязваючы ў адно боскае і чалавечае, вядзе сужэнцаў да добраахвотнага і ўзаемнага аддання адно аднаму” (GS 49).

Заканчэнне


Другі Ватыканскі Сабор пачаўся ў 1962 годзе і працягваўся да 1965 года. Такім чынам мінула ўжо пяцьдзясят гадоў ад яго заканчэння. Сабор прадставіў навучанне пра пакліканне чалавечай асобы ў кантэксце персаналізму. Рэха навучання Сабору чуваць яшчэ і цяпер, калі ў энцыкліцы Папы Францішка “Lumen fidei” мы чытаем:  “Вера дазваляе зразумець архітэктуру чалавечых адносін, бо бачыць іх глыбокі фундамент і канчатковае прызначэнне ў Богу і ў Яго любові і праз гэта асвятляе майстэрства будавання і служыць агульнаму дабру. Так, вера з’яўляецца дабром для ўсіх, з’яўляецца агульным дабром, яе святло асвятляе не толькі Касцёл, і яна служыць не толькі будаванню вечнага горада ў тым свеце. Яна дапамагае нам будаваць нашыя грамадствы, каб яны імкнуліся да будучыні, якая дае надзею” (LF 51).

Падсумаванне

Другі Ватыканскі Сабор навучае, што веру мы атрымліваем ад Бога. Яна дазваляе нам імкнуцца да святасці, каб такім чынам асягнуць мэту чалавечай асобы – самога Бога. Чалавек створаны па вобразе і падабенстве Бога з любові, таму першай і галоўнай запаведдзю з’яўляецца любоў да Бога і бліжняга.

  1. Калиниченко Е. В., Пономарёв В. П., Пучкин Д. Э., Тюшагин В. В. Православная энциклопедия. Второй Ватиканский Собор, т. 7, с. 268—303.
  2. Пар. P. Bianchi. When Is Marriage Null? Guide to the Grounds of Matrimonial Nullity for Pastors, Counselors, and Lay Faithful. San Francisco 2015. s. 78
  3. Пар. A. Barczyk. Aktualność małżeństwa sakramentalnego we współczesnym świece w świetle nauki katolickiej. У: Łódzkie Studia Teologiczne №21 (2012) с. 6.  Digesta 23, 2, 1: Nuptiae sunt coniunctio maris et feminae et consortium omnis vitae, divini et humani iuris communicatio.

 

Адноўлена 01.12.2015 12:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску