Мінскі архікатэдральны касцёл, 12 снежня 2015 г.
“Sit finis libri, sed nin finis querendi” – “Няхай завершыцца кнiга, але нiколi не завершацца даследаваннi”, – кажа лацiнская прыказка.
Эксцэленцыя, глыбокапаважаны i наш беларускi народны Апостальскi Нунцый!
З Божай волi, якую мы павiнны бачыць у рашэннi Папы Францiшка аб Вашым новым прызначэннi ва Украiну, завяршаецца Ваша служэнне ў нашай Бацькаўшчыне. Завяршаецца служэнне дыпламата, пастыра i проста не толькi вялiкага сябра нашага народа, але, так i хочацца сказаць, грамадзянiна Беларусi і нашага земляка, нягледзячы на тое, што Вы iтальянец i ў дадатак з Вероны.
Хаця Ваша служэнне завяршаецца, аднак Ваш прыклад застаецца, i ён будзе заклiкаць нас не задавальняцца дасягнутым, але iмкнуцца наперад.
Вы пакінулi на нашай зямлi трывалы след сваёй непахiснай веры i надзеi, што з Божай дапамогай магчыма немагчымае. Вы таксама пакінулi след вялiкай любовi да нашай Бацькаўшчыны.
Шчыры Вам дзякуй за ўсё i няхай Вам будзе добра ва Украiне.
Як памяць аб Вашым служэннi ў Беларусi прымiце ад нас гэтую выяву Будслаўскага санктуарыя. Няхай Мацi Божая Будслаўская, да якой Вы пiлiгрымавалi, перад абразом якой малiлiся i з энтузiязмам абвяшчалi жывое Божае слова, апякуецца Вамi i выпрошвае ў свайго Сына Езуса Хрыста шчодрае благаслаўленне для служэння на берагах магутнага Дняпра, якi аб’ядноўвае Беларусь i Украiну.
|