13 снежня 2015 г.
Дарагія браты і сёстры!
Мы сабраліся сёння на прыступках касцёла свв. Сымона і Алены, каб у працэсіі накіравацца да мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, з той мэтай, каб урачыста адчыніць яе дзверы, якія стануць Брамай Міласэрнасці, і праз яе ўвайсці ў гэтую юбілейную святыню. Гэтым самым мы распачынаем абвешчаны Папам Францішкам Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці.
Гэты год па сваёй сутнасці нагадвае аб Трыпціху Божай міласэрнасці. Успомнім вучэнні апошніх Папаў. Святы Ян Павел II сярод сваёй вельмі багатай спадчыны пакінуў нам эныцкліку пра Божую міласэрнасць “Dives in Misericordiae” – “Бог, багаты ў міласэрнасці”, - у якой прадставіў вучэнне аб гэтай галоўнай прыкмеце Бога і яе актуальнасці перад выклікамі нашага часу. Ён кананізаваў візіянерку Езуса Міласэрнага св. Фаўстыну Кавальскую і ўстанавіў свята Божай Міласэрнасці. Яму належаць вельмі актульныя і ў наш час словы: “Божая міласэрнасць – адзіная надзея свету”. Разважаючы пра стан і праблемы, з якім сутыкнуўся сучасны свет, нават пагрозу новай вайны, застаецца толькі ўсклікнуць: “Якімі ж прарочымі былі гэтыя словы!”
Успомнім Папу Бэнэдыкта XVI і яго праграмную энцыкліку “Deus сaritas est” – „Бог ёсць любоў”. У ёй Папа далей развівае ідэю Божай міласэрнасці, у цэнтры якой ставіць вучэнне пра Бога як любоў. Апагеем яе стала крыжовая смерць Езуса, як збаўчы дар чалавецтву. Папа заклікае нас, людзей ужо XXI стагоддзя, на бязмежную любоў Бога да чалавека адказаць падобнай любоўю чалавека да Бога і бліжняга.
І нарэшце, Папа Францішак, якога можна назваць увасабленнем любові да чалавека, асабліва да патрабуючага. Ён абвяшчае Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, падчас якога нам небходна адкрыцца на гэты Божы дар, дазволіць Міласэрнаму Езусу дакрануцца да нас і духоўна аздаравіць. Юбілейны Год, які распачынаецца. павінен адзначыцца і нашым актыўным удзелам у справах міласэрнасці. Мы павінны стаць яе носьбітамі ў сучасным свеце, поўным нянавісці, гвалту, тэрарызму, нязгоды і ўзаемнага недаверу, каб ніхто не быў выключаны са сферы дзейнасці Божай міласэрнасці.
Юбілейны Год Міласэрнасці адкрывае новую эпоху ў гісторыі Касцёла – а менавіта самім спазнаць дзеянне Божай міласэрнасці, абвяшчаць яе людзям і практыкаваць у штодзённым жыцці. Дзякуючы Году Міласэрнасці і яго вельмі багатай праграме, Касцёл паказвае, што ён становіцца Касцёлам адчыненых для ўсіх дзвярэй, увайсці ў якія запрашаецца кожны.
У нашай працэсіі ідзе крыж, як знак збаўлення і надзеі, Святое Пісанне – крыніца нашай веры і вучэння пра бязмежную Божую міласэрнасць, і добра нам вядомы абраз-пілігрым Езуса Міласэрнага, які пастаянна знаходзіцца ў капліцы Нацыянальнага санктуарыя Божай міласэрнасці ў Лошыцы ў Мінску.
Міласэрны Езус, з Табой мы распачынаем пілігрымку мінска-магілёўскага Касцёла ў гэты Год ласкі і Табе яго давяраем. Паглядзі міласціва на гэты Божы люд, які сабраўся ў цэнтры Мінска. Паглядзі на люд, які ў часы ганенняў не адрокся сваёй веры, яе захаваў і перадаў новым пакаленням і які сёння перад абліччам вельмі небяспечных выклікаў нашага часу хоча жыць паводле яе. Паглядзі на нас і вядзі ў новую, поўную Божай ласкі і міласэрнасці, будучыню. Амэн.
|