Прывітальнае слова біскупа Пінскага Антоні Дзям’янка на ўрачыстай святой Імшы з нагоды апекуна пінскай семінарыі св. Тамаша Аквінскага |
Эксцэленцыя, паважаны кс. прэлат Марынко Антолавіч, часовы павераны Апостальскага Пасаду ў Беларусі, айцец Юрый — супрацоўнік Нунцыятуры, Эксцэленцыя ксёндз біскуп Аляксандр, старшыня камісіі у справах семінарыі пры ККББ, кс. Віктар з салезіянскай супольнасці, магніфіцэнцыя кс. Андрэй, рэктар Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі, віцэ-рэктар кс. Уладзімір, духоўны айцец а. Аркадзь, кс. прэфект Дзмітрый, кс. пракуратар Павел, святары і свецкія выкладчыкі, дыяканы, клерыкі, браты і сёстры, сабраныя на св. Імшы, вітаю ўсіх сардэчна з нагоды ўспаміну апекуна семінарыі Св. Тамаша Аквінскага. У семінарыйнай супольнасці молімся сёння да Хрыста нашага Пана і Збаўцы, праз заступніцтва апекуна семінарыі святога Тамаша Аквінскага, за супольнасць пакліканых да святарства, тут прысутных дыяканаў і клерыкаў, якія згодна з прадпісаннямі Касцёла праходзяць падрыхтоўку ў сценах гэтага шматвекавога будынка да святарскага служэння ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзіях. Молімся за фарматараў і выкладчыкаў, якія вызначаны Касцёлам дапамагаць пакліканым клерыкам і ў дарозе да святарства здабываць патрэбныя ўласцівасці Добрага Пастыра, адміністратара святых сакрамэнтаў. Фармацыя семінарыстаў распачыналася яшчэ ў дзіцячым і юнацкім узросце, калі пакліканне крышталізавалася. Касцёл вядзе душпастырства прызванняў, праз якое імкнецца дапамагчы людзям распазнаць сваё пакліканне і пайсці за ім. Падрыхтоўка да святарства паўсюдна адбываецца ў духоўных семінарыях. У семінарыях кандыдаты да прэзбітэрскага пасвячэння праходзяць фармацыю чалавечую, духоўную, інтэлектуальную і пастаральную. Праз чалавечую фармацыю яны вучацца быць уважлівымі на патрэбы тых, да каго будуць пасланыя. Інтэлектуальную фармацыю атрымоўваюць праз здабыццё філасофскіх і тэалагічных ведаў. Наша сустрэча адбываецца ў дзень успаміну св. Тамаша Аквінскага — святара і доктара Касцёла, які з’яўляецца апекуном семінарыі. Гэта вялікі святы Сярэднявечча. Нарадзіўся ў Неапалі ў сучаснай паўднёвай Італіі, вучыўся і праходзіў фармацыю ў вядомым бэнэдыктынскім кляштары Монтэ Касіна, вучыўся ва ўніверсітэтах у Неапалі, Кёльне, дзе слухаў лекцыі слаўнага вучонага св. Альберта Вялікага. У выніку для далейшай працы выбраў дамініканскую супольнасць. Быў прафесарам на Сарбоне ў Парыжы, у Неапалі ва ўніверсітэце, дарадчыкам Папы ў Рыме. Памёр па дарозе на Ліёнскі сабор 7.03.1274 года ў кляштары Фосануова. Выпрацаваў навуковую філасофскую і тэалагічную сістэму тамізму, якая выкладаецца ў каталіцкіх навучальных установах. Быў пакорным чалавекам, і хоць з’яўляецца творцам філасофска-тэалагічнай новай сістэмы, пісаў каментарыі да кніг Бібліі, збору тэалагічных і філасофскіх трактатаў, святы Тамаш сведчыў, што большасць ведаў ён здабыў на адарацыі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам на каленях, чым у бібліятэках. Яго аўтарству належыць тэкст малітвы перад Велічным Сакрамэнтам і «Хвалі Сіён Збаўцу». Вусны святара павінны сцерагчы навуку — няхай апякун сённяшняга дня, той, якога вызначылі патронам семінарыі 90 гадоў таму, дапамагае семінарыстам, якія здабываюць фармацыю тут, набыць тыя якасці, якія дапамогуць будучаму душпастыру самому імкнуцца да святасці і дапамагаць у гэтай дарозе да неба іншым, да каго будзе пасланы. Бо як павучаў св. Ян Віянэй, пробашч з Арс: «Добры святар — гэта вялікі скарб для супольнасці вернікаў». |
Адноўлена 28.01.2016 14:07 |