Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на прымеркаваным да Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці І Кангрэсе сямейных рухаў у Беларусі “Прабачэнне і прымірэнне ў сям’і”

Баранавічы, 13-15 мая 2016 г.

Прабачэнне і прымірэнне – шлях да захавання сям’і

Вашы Эксцэленцыі, браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, выпускнікі “Школ сямейнага жыцця” ў Мінску і Гродне, браты і сёстры!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас на І Кангрэсе сямейных рухаў у Беларусі. Дзякую Радзе па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за арганізацыю гэтай так патрэбнай і актуальнай канферэнцыі.

Антрапалагічна-культурныя змены нашага часу маюць вельмі вялікі ўплыў на грамадскае жыццё і таксама на сітуацыю сям’і, якая перажывае вялікі крызіс. Прычым гэты крызіс з’яўляецца зацяжным. Гэта ўжо не што іншае, як хранічная хвароба сучаснага свету і таксама нашага беларускага грамадства, аб чым найлепей сведчыць той факт, што палова сем’яў разведзеныя. Гэта не толькі трагедыя ўжо былых мужа і жонкі, але і нічога і нікому не вінаватых дзяцей, якія пры жывых бацьках у абставінах міру з’яўляюцца як быццам сіротамі.

2. Аднойчы ў ЗША, у Лос-Анджэлесе, я назіраў наступную сцэну. Пасля нядзельнага набажэнства пробашч запрасіў мяне і майго сябра на абед у рэстаран, як гэта звычайна робіцца ў Амерыцы. У пэўны час за столік, які знаходзіўся побач нашага, сеў мужчына з дзвюма дзяўчынкамі гадоў прыкладна па восем-дзесяць. Ён замовіў абед і даў дзецям падарункі.

Мужчына еў і пераглядаў прэсу, часамі заахвочваючы дзяцей есці. Яны найперш разглядалі падарункі, неахвотна елі і ціха размаўлялі паміж сабой. У той жа час не было ніякай размовы паміж мужчынам і дзецьмі. Ва ўсім адчувалася нейкая напружанасць, як быццам яны былі змушаны быць разам.
 
Пробашч, заўважыўшы нашу занепакоеную зацікаўленасць сітуацыяй, сказаў, што мужчына – бацька гэтых дзяўчынак. Ён разведзены і паводле рашэння суда мае права час ад часу сустракацца з імі. Сцэна, якую мы бачым, - гэта прыклад сустрэчы разведзеных бацькоў са сваімі дзецьмі ў ЗША.

У мяне зашчаміла сэрца. У дзяцей ёсць бацька, але яго выхаваўчыя функцыі абмяжоўваюцца да рэдкіх сустрэч з імі, і то не дома, а ў рэстаране. Яны абмяжоўваюцца добрым абедам і падарункамі.

Нямала падобных сітуацый ёсць і ў нас. Акрамя іх, існуюць і многія іншыя сітуацыі паталагічных сем’яў.

3. Чаму так адбываецца? У чым прычына таго, што крызіс сям’і ў сучасным свеце расце, як снежны ком? Ці можна знайсці антыдотум на такую паталагічную з’яву сучаснага свету? Такія і падобныя пытанні мы задаём сёння.

Касцёл звяртае вялікую ўвагу на стан сям’і, развівае вучэнне пра яе і імкнецца адказаць на праблемы, з якімі яна спатыкаецца. Так, II Ватыканскі Сабор вучыць, што сям’я з’яўляецца падмуркам і галоўнай, жыццёва неабходнай клеткай кожнага грамадства1. Усім вядома, што для таго, каб будынак быў моцным і доўга стаяў, неабходны трывалы фундамент. Тое ж самае адносіцца і да грамадства. Каб яно было здаровым, неабходна, каб яно складалася з моцных, маральна здаровых сем’яў.

Сабор таксама вучыць, што сям’я – гэта “супольнасць сужэнскага жыцця і любові”2, якая, “звязваючы ў адно боскае і чалавечае, вядзе сужэнцаў да добраахвотнага і ўзаемнага аддання адно аднаму, якое выражаецца ў чулых пачуццях і актах, а таксама пранікае ўсё іх жыццё”3.

Святы Ян Павел II у Апостальскай адгартацыі “Familiaris consortio” аб заданнях хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце вучыць, што ў сямейных узаемаадносінах усе яе члены павінны кіравацца правам бескарыснасці, якая вядзе да ўзаемнага адкрыцця, сустрэчы і дыялогу. Такім чынам сям’я становіцца першай і незаменнай школай грамадскага жыцця, крыніцай і інструментам гуманізацыі і персаналізацыі грамадства4.

Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы “Deus caritas est” (“Бог ёсць любоў”), падымаючы пытанне любові паміж мужчынам і жанчынай, падкрэслівае, што сужэнства, якое засноўваецца на выключнай і безумоўнай любові сужэнцаў, становіцца вобразам адносін Бога і Яго народа5.

Праблемамі сучаснай сям’і займаўся апошні Сінод Біскупаў, які праходзіў у дзве фазы ў 2014 і 2015 гг. Між іншым Сінод падкрэсліў тое, што адной з прычын крызісу сям’і з’яўляецца слабая падрыхтоўка маладых людзей да сакрамэнту сужэнства, няведанне яго мэтаў, адсутнасць духу ўзаемнай пашаны і ахвярнай любові, якая ўсё прабачае, – як кажа святы апостал Павел у сваім гімне пра любоў6.

Вельмі часта маладыя людзі ўступаюць у сужэнскі саюз, аслепленыя эратычным каханнем і добра не пазнаўшы адно аднаго, без пачуцця адказнасці за сябе і будучае патомства.

У наш час грэчаскае слова эрос, якое выкарыстоўваецца для апісання любові, прыняло значэнне сексу і становіцца таварам, рэччу, якую можна купіць і прадаць, – як заўважае Папа Бэнэдыкт XVI7. У той жа час хрысціянства, піша Папа, прапануе нам прынцыпова новае паняцце ўкаранёнай у веры і ёю ачышчанай любові, якое выражаецца іншым грэчаскім словам - агапэ, што азначае ахвярную любоў8. Менавіта такой любові не хапае ў сучасным свеце і сем’ях.

Сучасная сям’я таксама выстаўлена на небяспеку індывідуалізму, які вядзе да таго, што паасобныя члены той самай сям’і трактуюцца як самотная выспа, што вядзе да неталерантнасці і агрэсіі, а таксама да ўцёку ад адказнасці, замыкання ў выгодзе, пагардлівасці.

На крызіс сям’і таксама негатыўна ўплывае аслабленне веры і рэлігійных практык, што робіць іх больш самотнымі перад абліччам адчувальных цяжкасцяў.

4. Па выніках Сіноду Святы Айцец Францішак падрыхтаваў Апостальскую адгартацыю “Amoris Letitiae” (“Радасць любові”), якая набірае асаблівы сэнс у кантэксце Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці. Яна з’яўляецца прапановай хрысціянскім сем’ям ацаніць належным чынам дар сужэнства і сям’і а таксама падтрымаць у іх любоў, поўную такіх каштоўнасцяў, як велікадушнасць, захапленне, вернасць і цярплівасць. Яна таксама заклікае ўсіх вернікаў, асабліва сужэнцаў, быць знакам міласэрнасці і блізкасці там, дзе сямейнае жыццё не ажыццяўляецца дасканалым чынам або не праходзіць у духу супакою і радасці9.

Прадстаўляючы горкую рэчаіснасць сям’і як дарогу цярпення10, Папа адначасова падкрэслівае, што Божае слова спадарожнічае перажываючым крызіс сем’ям і ўказвае ім мэту іх жыццёвага шляху, дзе Бог сатрэ кожную слязінку з іх вачэй і дзе не будзе ні смерці, ні плачу, ні енку11.

З мэтай дасягнуць гэта Хрыстус уводзіць права любові і дару з сябе самога для іншых12. Плёнам жа такой любові з’яўляецца міласэрнасць, прабачэнне і чуласць, аб якой сучасны свет забываецца13.

У выніку гэтага сям’я можа стаць прахадным дваром ці інтэрнатам, куды мы ідзём тады, калі нам выгодна або калі маем намер шукаць праўды ў той час, калі сувязі паміж сужэнцамі з-за капрызаў парушаны, у выніку чаго нішчыцца ідэал сям’і14. Нярэдка да крызісаў сям’і падыходзяць павярхоўна, без цярпення, спраўджвання, узаемнага прабачэння, паяднання і ахвярнасці15.

5. Засяроджваючыся на праблеме крызісу сям’і, неабходна задацца пытаннем, якое значэнне ў яго вырашэнні маюць прабачэнне і паяднанне, чаму і прысвечаны гэты кангрэс. Цяжка знайсці сям’ю, у якой няма ўнутранай напружанасці, канфліктаў ці сварак, што вельмі небяспечна, бо яны разбіваюць сям’ю знутры і могуць прывесці да трагічных наступстваў. Найбольш балюча іх адчуваюць дзеці.

Адна мама часта дакарала сваю дачку: “Ты такая няўдзячная. Толькі дзеля цябе я цярплю твайго тату і стараюся захаваць сям’ю, хаця жыццё з ім – гэта сапраўднае пекла”. У адказ дзяўчынка спыталася: “Мама, ці ты лічыш, што пекла – гэта годнае месца для дзіцяці?” Сапраўды, ісціна гаворыць вуснамі дзяцей, бо як можна іх выхоўваць у пекле!

Зразумела, што найлепей было б, калі б падобных праблем не існавала  зусім. Аднак лёгка сказаць, але цяжка выканаць. Мы ўсе слабыя і грэшныя. Ніхто ў мінулым не хацеў праблем, аднак яны здараліся. Ніхто не можа даць гарантыі, што іх не будзе ў будучыні.

6. Што рабіць, калі яны здарыліся? Адказ здаецца простым – перапрасіць адзін аднаго, прабачыць і паяднацца. Паяднанне прадугледжвае прабачэнне. Прабачыць азначае забыцца пра былыя крыўды і несправядлівасці.

Вядома, што прабачэнне не прыходзіць лёгка. У памяці і ў сэрцы жывуць словы, якія ранілі і прыніжалі. Баляць спазнаныя знявагі. Прабуджаецца гнеў і нават імкненне помсты.

Мы часта схільныя шукаць усё больш віны і злых інтэнцый, што вядзе да нарастання і ўкаранення крыўдаў. Кожная памылка ці падзенне мужа ці жонкі можа знішчыць сувязь любові і сямейную стабільнасць. Супярэчнасцю гэтаму павінна быць прабачэнне, якое базуецца на пазітывізме і імкнецца зразумець слабасць іншых, стараючыся шукаць апраўдання для іншай асобы, падобна таму, як гэта чыніў Езус, калі казаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”16, – як вучыць Папа Францішак17.

У выніку гэтага мы замыкаемся самі ў сабе і акунаемся ў маўчанне. Такая сітуацыя нярэдка перараджаецца ў пекла. Звычайна мы мяркуем, што гэта не мы, а хтосьці іншы вінаваты. А гэты іншы думае тое ж самае пра нас. І так утвараецца замкнёнае кола і сітуацыя без выйсця. Ніхто не хоча, а можа, не мае адвагі адгукнуцца першым і пераламаць маўчанне. У той жа час Езус вучыць: “Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана”18.

Добра, калі ў такой сітуацыі знойдзецца пасрэднік, які спрабуе давесці справу да ўзаемнага перапрашэння і паяднання. Часам хопіць аднаго, адпаведна падабранага і ў час сказанага слова. Яно, як ключ, можа адкрыць людзей адзін на аднаго і давесці да паяднання. Хрыстус кажа, што благаслаўлёныя міратворцы19.

А што рабіць, калі няма такога пасрэдніка? Ратункам можа быць думка, якая пераможа пачуцці незычлівасці, абразы, гневу, помсты; думка, якая паволі будзе шукаць матываў да перамогі над самім сабой і свайго супраціву; думка, якая будзе шукаць шляху да паяднання.

Каб такая думка прыйшла, неабходна выйсці з ізаляцыі маўчання, духоўна суцішыцца і супакоіцца. Найлепей гэта ўчыніць на малітве ці духоўных практыкаваннях.

Нельга спалучыць малітву з трываннем у гневе, асабліва адносна такой блізкай асобы, якой з’яўляецца жонка або муж. Адносіны чалавека з Богам уплываюць на яго адносіны з людзьмі. Нельга размаўляць з Богам і прабываць у маўчанні з бліжнімі. Нельга прасіць Бога: “Адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым”20, калі не хочам прабачыць тым, хто правініўся перад намі.

Жыццёвая практыка паказвае, што напружанасці, канфлікты, сваркі не маюць вялікіх шансаў, калі так можна выказацца, у сем’ях, дзе практыкуецца супольная малітва. Такія сем’і блізкія па духу Святой Сям’і, дзе панаваў дух малітвы і ўзаемапавагі.

7. Якім павінна быць прабачэнне, у выніку якога магло б наступіць паяднанне? Яно павінна быць падобным да прабачэння міласэрнага Бога. Мы ведаем, што чалавек не здольны прабачыць так, як прабачае Бог. Аднак ён павінен імкнуцца да гэтага.

Бог не памятае нашага граху, які нам быў прабачаны ў сакрамэнце пакаяння. Святар ад імя Езуса Хрыста і Касцёла кажа грэшніку: “Я адпускаю твае грахі. Ідзі ў супакоі і больш не грашы”. Што гэта азначае на самой справе? Тое, што Бог перамяняе чалавека, які Яго абразіў. Ён яго ўваскрашае з духоўнай смерці, чыніць духоўна новым.

Дзякуючы гэтаму чалавек, які зграшыў і парушыў Божае права, пасля навяртання і атрымання прабачэння грахоў становіцца нанова тым, які сваім жыццём павінен гэтае права абвяшчаць. Таму мы павінны маліцца разам з псальмістам: “Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае. Абмый цалкам мяне ад правінаў маіх і ачысці мяне ад граху майго. … Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і знішчы ўсе мае правіны”21, каб, атрымаўшы адпушчэнне грахоў, дадаць: “Навучы няправых шляхам Тваім, і бязбожнікі да Цябе вернуцца”22.

Святы Айцец Францішак у буле “Misericordiae Vultus” (“Аблічча міласэрнасці”), якой абвясціў Надзвычайны Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, заклікае, каб слова прабачэння дайшло да ўсіх, а заклік адкрыцца на міласэрнасць не пакінуў нікога абыякавым23. Ён таксама падкрэслівае, што словы Езуса “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”24 маюць вялікае значэнне ў гэтым кантэксце.

Але каб гэта сталася магчымым, каб мы маглі прабачыць іншым, неабходна зразумець тое, што найперш мы павінны прабачыць сабе самім. Нашы памылкі і крытыка іншых вядуць да страты любові да сябе саміх, што вядзе да таго, што мы асцерагаемся іншых, звяртаемся да пачуццяў, напаўняемся баязлівасцю ў міжасабовых адносінах. У выніку гэтага абвінавачванне іншых становіцца фальшывай палёгкай. Таму неабходна прабачыць сабе самому, каб магчы ўчыніць тое самае адносна іншых25.

8. Многім людзям цяжка зразумець Евангелле прабачэння. “Сучасны менталітэт… супраціўляецца Богу міласэрнасці, а таксама імкнецца спіхнуць саму ідэю міласэрнасці на перыферыю жыцця і выкінуць яе з чалавечага сэрца”, – вучыць св. Ян Павел II у энцыкліцы „Dives in misericordia” (“Вялікі ў міласэрнасці Бог”)26. У ёй ён таксама абгрунтаваў пільную неабходнасць абвяшчэння міласэрнасці і сведчання пра яе ў сучасным свеце любоўю да чалавека і да ўсяго, што чалавечае і што знаходзіцца ў вялікай небяспецы27.

Можа, нам бракуе ўсведамлення перамены, якую чыніць Бог, калі прабачае нашы грахі. Аднак прабачэнне з’яўляецца дарогай да паяднання.  Яно – інструмент да пераадольвання напружанасцяў, канфліктаў і сварак. Яно, хаця не прыходзіць лёгка і патрабуе ахвяры, аднак нясе ў сабе радасць і мір тым, хто ўзаемна прабачыў адзін аднаму і паяднаўся. Гэта як быццам нанова распачатае сужэнскае жыццё.

Апостал Пётр пытаецца ў Езуса: “Пане, калі мой брат зграшыць  супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачыць яму? Ці аж сем разоў?” Езус адказаў яму: “Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў”28. Гэта азначае, што мы заўсёды павінны ўзаемна прабачаць. Неабходна памятаць, што заўсёды знойдзецца выйсце са складанай сітуацыі, патрэбна толькі добрая воля, і з Божай дапамогай сям’я ізноў можна распачаць новае жыццё.

Нездарма Святы Айцец Францішак кажа, што прабачэнне – гэта тая моц, якая абуджае да новага жыцця і памнажае адвагу, каб з надзеяй глядзець у будучыню29. Калі “Бог заўсёды гатовы прабачыць і ніколі не стамляецца, і робіць гэта заўсёды новым і нечаканым чынам”30, то чаму мы не можам рабіць гэтак жа? Спазнаўшы прабачэнне і дзень за днём спазнаючы спачуванне Бога, мы таксама можам быць спагадлівымі да іншых31. Такім чынам мы можам стаць носьбітамі бязмежнай Божай міласэрнасці, якая лечыць раны, у тым ліку раны сям’і.

Сужэнцы, якія любяць адно аднаго, не павінны асуджаць адно аднаго. Наадварот, яны павінны сведчыць адзін аб адным толькі добра, памятаючы аб тым, што мы ўсе ўтвараем як быццам помесь дабра са злом, святла з цемрай. Іншы чалавек – гэта не толькі той, хто мяне раздражняе; ён з’яўляецца чымсьці значна большым. Таму, каб яго належным чынам ацаніць, нельга патрабаваць, каб яго любоў была ідэальнай. Любоў суіснуе з недасканаласцю, прабачэннем і здольнасцю замаўчаць перад абліччам абмежаванняў любімага чалавека32.

Калі верым у тое, што Божая любоў бязмежная і безумоўная, то тады можам любіць іншых, асабліва членаў сям’і, па-над усё і прабачаць ім, нават калі яны несправядлівыя адносна нас. Толькі тады сямейнае жыццё будзе месцам не напружанасці і ўзаемнага прыгнёту, а месцам узаемнай любові, разумення і падтрымкі, бо, як кажа Папа Францішак, прабачэнне з’яўляецца неабходным элементам сямейнага жыцця33.

Дзякую за ўвагу.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл. “Gaudium et spes” (GS).
2. II Ватыканскі Сабор. Дэкрэт пра апостальства свецкіх “Apostolicam actuositatem” (АА).
3. Ян Павел II. Энцыкліка “Dives in misericordiae” (DM).
4. Ян Павел II. Апостальская адгартацыя “Familiaris consortio” (FC).
5. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка “Deus caritas est” (DCE).
6. Францішак. Була “Misericordiae Vultus” (MV).
7. Францішак. Апостальская адгартацыя “Amoris Letitiae” (AL).

  1. пар. АА 11.
  2. GS 48.
  3. GS 49.
  4. пар. FC 43.
  5. пар. DCE 11.
  6. пар. 1 Кар 13, 7.
  7. пар. DCE 5.
  8. пар. DCE 7.
  9. пар. AL 5.
  10. пар. AL 19-20.
  11. пар. AL 22.
  12. пар. Мц 22, 39; Ян 13, 34.
  13. пар. AL 27-28.
  14. пар. AL 34.
  15. пар. AL 41.
  16. Лк 232, 34.
  17. пар. MV 105.
  18. Лк 6, 37-38.
  19. Мц 5, 9.
  20. Мц 6, 12.
  21. Пс 50 (51), 3-4.11.
  22. Пс 50 (51), 15.
  23. пар. MV 19.
  24. Мц 9, 13.
  25. пар. MV 107.
  26. DM 2.
  27. пар. Там жа.
  28. Мц 18, 21-22.
  29. пар. MV 10.
  30. MV 22.
  31. пар. MV 14.
  32. пар. MV 113.
  33. пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/pl/audiences/2015/documents/papa-francesco_20151104_udienza-generale.html.

 

Адноўлена 13.05.2016 22:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску